10:02 05.01.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Бабарыка: Сацыяльная эканоміка — прэрагатыва вельмі багатых дзяржаваў
2014-ты не пашкадаваў выпрабаваньняў для эканомік шмат якіх дзяржаваў, пасьпеўшы на самым фінішы патрапаць нэрвы і беларусам. Як зрабіць, каб у будучым непрыемных сюрпрызаў было менш, а прадказальнасьці — больш? Ці можна засьцерагчыся ад забурэньняў на фінансавых рынках ва ўмовах глябалізацыі? На якія бакі сьвету мусяць найперш арыентавацца беларускія гульцы? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды Ігару Карнею адказаў старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка.
Інтэрвію са спадаром Бабарыкам было запісана ў сярэдзіне сьнежня, да таго, як валютны рынак Беларусі балюча адрэагаваў на падзеньне расейскага рубля, а гэта, у сваю чаргу, спрычынілася да маштабных кадравых ракіровак ва ўрадзе.
«У эканоміцы павінен быць мэханізм кампэнсацыі зьнешніх рызыкаў»
— Віктар Дзьмітрыевіч, 2014-ты з поўным правам можна назваць «годам Расеі». Праўда, наўрад ці выпадае казаць пра гэта з гонарам, бо вялікая палітыка прывяла да эканамічных наступстваў такога маштабу, што расхлёбваць даводзіцца і суседзям. Дый ня дзіва: немагчыма, каб дзесьці штарміла, а ў бліжэйшых саюзьнікаў быў штыль...
— Па-першае, зыходзячы з усталяваных сувязяў і з улікам глябалізацыі, тое, што адбываецца ня толькі ў Расеі — у любой краіне з больш-менш сур’ёзнай эканомікай, уплывае ня толькі, як вы кажаце, на суседзяў — падзеі ў Расеі адбіваюцца на ўсім сьвеце! Дакладна гэтак жа, як тое, што адбываецца ў Кітаі, у Амэрыцы, ды дзе заўгодна. Іншымі словамі, цяпер настолькі цеснае перапляценьне эканамічных сувязяў, што сур’ёзнае ўзрушэньне ў асобна ўзятай краіне абавязкова будзе глябальна адбівацца па ўсім астатнім сьвеце. Таму зьмена сытуацыі ў Расеі, безумоўна, ня проста адаб’ецца — яна ўжо адбіваецца на іншых, уключна зь Беларусьсю. Усе гэта аналізуюць, робяць высновы. Я не магу сказаць, што гэта неістотна, ні ў якім разе. У прэсе, у іншых крыніцах праходзіць інфармацыя, што расейскі рубель дэвальваваўся на столькі, украінская грыўня таксама ўніз пайшла, Казахстан абясцэніў сваю валюту. І гэта сур’ёзнае пытаньне — як мы будзем адчуваць сябе ў такой сытуацыі надалей. Таму адпаведныя аналізы ёсьць, яны робяцца і мадэлююцца.
— Татальная залежнасьць ад Расеі, як паказвае досьвед, мае свае выдаткі...
— Для Беларусі прынцыпова важны момант — а на гэта ўжо зьвяртае ўвагу і Савет міністраў, і Нацбанк, — тое, што Расея па-ранейшаму застаецца адным з асноўных экспартных рынкаў. Зыходзячы з гэтага пункту гледжаньня, безумоўна, як інтэграцыйныя партнэры мы гэтаму павінны аддаваць самую пільную ўвагу. Калі вы паглядзіце, урад на гэтую тэму актыўна разважае: якім чынам падтрымліваць экспартэраў у сёньняшняй сытуацыі, што рабіць і як дзейнічаць? То бок, філязофія — гэта з аднаго боку. Зь іншага боку, трэба дакладна разумець: пры ўсім тым мы павінны будаваць уласную эканоміку і бачыць, што яна павінна мець мэханізмы кампэнсацыі зьнешніх рызыкаў. Яшчэ раз паўтару — незалежна ад таго, што і дзе адбываецца ў гэты канкрэтны момант. Мы некалі шмат абмяркоўвалі, што будзе, як эўра ўмацоўваецца, а даляр падае, ці не «адменяць» заўтра даляр увогуле. Усе падобныя перажываньні мы ўжо праходзілі. Таму пытаньне палягае ў тым, наколькі правільна і добра мы будзем гэтымі рызыкамі кіраваць і разумець, куды мы жадаем і будзем рухацца.
«Правільна дывэрсыфікаваная эканоміка — мэта таго, што трэба рабіць»
— Які, на ваш погляд, маршрут найбольш спрыяльны для нацыянальнай эканомікі Беларусі?
— З майго пункту гледжаньня, прынцыпова важны тут момант — гэта разуменьне наступнага: калі мы пачнём выбудоўваць сыстэму, якая рэагуе на кожны выклік асобнымі штуршкамі, то далей будзе досыць складана. Што я маю на ўвазе? Ну, вось сёньня праблемы з расейскім рублём. Давайце, разважаюць фінансавыя ўлады, пачынаць падтрымліваць тых, хто працуе з экспартэрамі на расейскі рынак. Заўтра будуць праблемы з эўра — ой, бяда, давайце тэрмінова пераарыентоўвацца, падтрымліваць тых, хто арыентаваны на эўрапейскі рынак. Пасьлязаўтра здарыцца нешта ў Амэрыцы — зноў жа, давайце будзем напампоўваць эканоміку далярамі. Усё марна! Мы павінны перадусім будаваць высокадывэрсыфікаваную эканоміку. Таму што балянс пры такім раскладзе будзе ўсюды. Умоўна кажучы: калі хтосьці прайграе, то нехта выйграе. То бок неабходна мадэляваць эканоміку, якая ў гэтых адносінах будзе вельмі добра збалянсаваная: калі адны рынкі «прасядаюць», у нас будзе магчымасьць умацоўвацца на іншых рынках. На маё перакананьне, правільна дывэрсыфікаваная эканоміка — гэта мэта таго, што мы павінны рабіць. Нават удакладню: мусім рабіць, рэагуючы на кароткатэрміновыя рызыкі.
— Якія іншыя важныя складнікі перадусім трэба мець на ўвазе падчас эканамічных рэформаў?
— Другі важны складнік, які я хацеў бы адзначыць, — гэта, безумоўна, вельмі моцная цяперашняя сацыяльная скіраванасьць беларускай эканомікі. І тут палягае глябальная, надзвычай сур’ёзная праблема, якую, паводле маіх назіраньняў, часьцяком проста недаацэньваюць. Сацыяльная эканоміка — гэта прэрагатыва вельмі багатых дзяржаваў. Сацыялізм — страшэнна затратная сыстэма. То бок вы павінны быць страшэнна заможнымі, каб забясьпечваць сацыяльную абароненасьць насельніцтва. Таму спачатку трэба зрабіць багатую дзяржаву, і па ходу стварэньня такога заможнага грамадзтва можна сабе дазваляць нейкія сацыяльныя жэсты. А калі адразу ставіцца задача — давайце будаваць сацыяльную дзяржаву — ну, вельмі складана гэта будзе рэалізаваць. І вось такая супярэчнасьць паміж выклікамі зьнешняга асяродзьдзя і жаданьнем пабудаваць сацыяльную эканоміку, — яна, бясспрэчна, існуе.
«Калі мы заможная краіна, то не павінны раз за разам прасіць дапамогі»
— Як кажуць у такіх выпадках, намагаемся жыць не зусім па сродках?
— Я, напрыклад, чытаю перадавіцы нашых газэтаў, і зьмест, шчыра кажучы, мяне зьдзіўляе. Разгортваю і бачу: толькі багатая краіна можа будаваць дарогі. Але не сакрэт, што толькі вельмі багатая краіна можа будаваць дарогі за дзяржаўны кошт. То бок, Беларусь — краіна, якая будуе калясальна клясныя дарогі за дзяржаўныя грошы. І тут жа, побач, артыкул пра тое, што мы дзесьці штосьці пазычаем, што ў нас не хапае на тое і на тое. Гэта ўнутраная супярэчнасьць. Бо калі мы насамрэч заможная дзяржава, то мы ня можам раз за разам прасіць дапамогі, а павінны быць донарам. Але калі мы ўсё ж толькі разьвіваемся і імкнёмся да багацьця, то, магчыма, ня варта нам будаваць тыя аб’екты, якія могуць сабе дазволіць рэальна багатыя эканомікі. Акурат у гэтым, як на маю думку, палягае вельмі вялікая супярэчнасьць. Але ў той жа самы час можна сказаць, што тэма эфэктыўнасьці — гэта тэма № 1, якая сёньня абмяркоўваецца і ва ўрадзе, і ў прэзыдэнта. Дай толькі Божа, каб гэта было не дэкляратыўна. І калі вы зараз пагледзіце на захады, якія раз-пораз агучваюцца, убачыце, што досыць шмат сацыяльных праграмаў усё ж скарачаецца. Такім чынам, разуменьне, што быць сацыяльнай дзяржавай можа дазволіць сабе толькі вельмі багатая дзяржава, — напэўна, гэта насамрэч правільнае разуменьне. Прынамсі, мне гэта ўжо падабаецца.
— Ці захоўваюцца рызыкі для беларускай эканомікі на тле цяперашніх працэсаў на расейскім фінансавым рынку? Як можна пераканацца, абвал і далейшая паніка сярод насельніцтва служаць дрэнную службу...
— Канкрэтна па расейскім рублі — куды гэта ўсё прывядзе Расею і ня толькі яе — ня ведаю, таму што гэта вельмі складаны працэс. Да таго ж я не жыву ў Расеі, не валодаю дакладнай інфармацыяй. Але магу адказаць наступным чынам, што тычыцца Беларусі. Мы павінны рэагаваць не сытуацыйна, я ўвесь час гэта падкрэсьліваю. Мы не абавязаныя рэагаваць на кожную асобна ўзятую сытуацыю. Мы павінны будаваць эканоміку, якая будзе абароненая, будзе мець сваю сыстэму стрымліваньня. То бок, калі будзе збудаваная эканоміка, якая валодае дывэрсыфікаванымі зьнешнімі рынкамі, усё будзе інакш. А менавіта: калі ў нас будзе не 70% экспарту ў Расею, а, напрыклад, 30% — у Расею, 30% — у Эўропу, 30% — у Амэрыку, і астатнія 10%, магчыма, у Кітай — ці наадварот, гэта ўжо як хто вырашыць, — то тады мы зразумеем: адначасова ўвесь сьвет палаць ня будзе. І калі дзесьці ў вас здарыцца правал, то, адпаведна, дзесьці будзе і плюс. Тут, як мне падаецца, асноўныя чаканьні павінны быць такімі. І вельмі добра, што яны раз-пораз на розных узроўнях агучваюцца — найперш у тым кантэксьце, што мы павінны будаваць дывэрсыфікаваную эканоміку. З улікам таго, што, як я ўжо казаў раней, сацыяльныя праграмы дзяржавы павінны быць збалянсаваныя пад яе магчымасьці. Калі такая мадэль будзе пабудаваная і запрацуе, то мы будзем дакладна мець квітнеючую Беларусь, таму што для гэтага ў нас будзе ўсё.
«Няма розьніцы, колькі хто можа ахвяраваць — адзін даляр ці мільён»
— Віктар Дзьмітрыевіч, «Белгазпрамбанк» вядомы сваімі дабрачыннымі, мэцэнацкімі праектамі. Апошнія падзеі могуць нейкім чынам адкарэктаваць дзейнасьць, наўпрост не зьвязаную зь фінансамі?
— Ведаеце, калі мы аказваем дапамогу беднаму ці хвораму дзіцяці, то сказала дзяржава, што ён хворы і яму нешта трэба, ці не сказала, што ён хворы, — гэта ж ня мае ніякай розьніцы. Для нас галоўнае — сам аб’ект, каму менавіта мы дапамагаем. Гэта як пражэктар, у дадзеным выпадку можна нават сказаць патасна: на каго накіраваны пражэктар дабрачыннасьці? Калі ён накіраваны на мэту дабрачыннасьці, на канчатковага атрымальніка, то гэта адна гісторыя. Калі ён накіраваны на дзяржаву са спадзяваньнем атрымаць з гэтай «зьдзелкі» пэўныя дывідэнды — то гэта гісторыя ўжо зусім іншая. Таму, як мне падаецца, тут больш трэба разьбірацца якраз у такіх нюансах. Мы б хацелі — і гэта яскрава прасочваецца па дзейнасьці ў тым жа нашым фондзе дапамогі хворым дзецям «Шанец» — перадусім бачыць вынікі сваіх высілкаў. Атрымальнікі дапамогі — дзеці, ім ня будзеш расказваць пра эканамічныя праблемы і г.д. І нам збольшага бяз розьніцы, колькі і хто можа ахвяраваць — адзін даляр ці мільён, хоць, зразумела, у такой справе мільён — нашмат лепш за даляр. Але калі і даляр — гэта таксама добра, усё ў любым выпадку пойдзе на добрую справу. Так што дзейнасьць у гэтым кірунку будзе працягвацца, тут без варыянтаў.
Віктар Бабарыка нарадзіўся ў Менску 9 лістапада 1963 году. У 1988-м скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, у 1995-м — Акадэмію кіраваньня пры Савеце міністраў, яшчэ празь пяць гадоў — магістратуру Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту. Працоўную дзейнасьць пачаў у Навукова-прамысловым аб’яднаньні парашковай мэталюргіі. У банкаўскай сыстэме Беларусі — ад сярэдзіны 1990-х. Старшынём праўленьня «Белгазпрамбанку» стаў у чэрвені 2000 году. Жанаты, мае дачку і сына.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме