15:16 22.06.2012 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

БУДЗЕМ ЖЫЦЬ ПРЫ ФЭАДАЛІЗЬМЕ

Міністар юстыцыі Беларусі Алег Сьліжэўскі заявіў: «У Беларусі на сёньняшні момант зарэгістравана 15 палітычных партыяў. Я не магу сказаць, што ў нас існуе разьвітая партыйная сыстэма. Колькасны склад бальшыні партыяў, якія дзейнічаюць у рэспубліцы, нязначна перавышае мінімальна вызначаную заканадаўствам колькасьць у адну тысячу чалавек. Пра што гэта кажа? Якой-колечы сур’ёзнай падтрымкі з боку насельніцтва палітычныя партыі ня маюць».

Сп. Сьліжэўскі мае рацыю. Але што з гэтага вынікае? Вось Лукашэнка шмат разоў казаў, што ў Беларусі дэмакратыя нічым ня горшая, чым у Эўропе, а можа яшчэ і лепшая. А вось міністар фактычна прызнае, што ў Беларусі палітычная сыстэма неразьвітая. У краіне няма ня толькі ўплывовых партый. Тут няма парлямэнту, мясцовых органаў самакіраваньня, прафсаюзаў, грамадзянскай супольнасьці, незалежных судоў, незалежнага радыё і тэлебачаньня, выбараў і інш. Па сутнасьці, мы маем мадэль фэадальнай сярэднявечнай дзяржавы (прычым пэрыяду раньняга фэадалізму), у якой існуе толькі адзін палітычны інстытут — усеўладны валадар.

Міністар не тлумачыць, чаму ў цэнтры Эўропы, у ХХІ стагодзьдзі існуе такая архаічная палітычная сыстэма. Дзяржаўныя прапагандысты даводзяць, што ў сваім цяперашнім гаротным становішчы вінаватыя самі партыі, а іх слабасьць тлумачыцца галоўным чынам уласнымі пралікамі ў дзейнасьці. Такія думкі часам зьяўляюцца і ў незалежных мэдыях. Маўляў, калі б партыі паводзілі сябе па-іншаму, не ленаваліся ісьці «ў народ», то і іх роля ў грамадзтве адразу ж узрасла б.

Насамрэч прычына ня ў партыях, а ў палітычнай сыстэме. Бо ў Беларусі няма публічнай палітыкі, г. зн. барацьбы розных грамадзкіх сіл за ўплыў на прыняцьце палітычных рашэньняў. Гістарычны працэс узьнікненьня палітычных партыяў быў пакліканы да жыцьця нараджэньнем двух грамадзкіх інстытутаў: парлямэнту і выбараў. Толькі ў рамках існаваньня прадстаўнічых органаў улады і дэмакратычных выбараў партыі могуць нармальна функцыянаваць і выконваць адведзеную ім ролю ў грамадзтве. Пры адсутнасьці гэтых умоў партыі перастаюць граць ролю інструмэнта палітычнага прадстаўніцтва і ўплыву на прыняцьце ўладных рашэньняў, апынаюцца на пэрыфэрыі грамадзкага жыцьця, ператвараюцца ў маргінальныя структуры, палітычныя клюбы. Менавіта ў такім становішчы апынуліся беларускія партыі, паколькі ў Беларусі няма ні рэальных прадстаўнічых інстытутаў, ні выбараў. Ёсьць толькі іх сурагаты.

Прычым, на што важна зьвярнуць увагу, у такім становішчы апынуліся як апазыцыйныя партыі, так і праўладныя. Калі апазыцыя яшчэ шавеліцца, то партыі, якія падтрымліваюць уладу, увогуле мёртвыя. Улады заблякавалі асноўныя каналы камунікацыі паміж партыйнымі арганізацыямі і насельніцтвам. Апазыцыйныя структуры загнаныя ў своеасаблівыя гета, у якіх яны вымушаныя варыцца ва ўласным соку. Таму ў сучасных беларускіх умовах хутчэй трэба дзівіцца ня слабасьці партый, а таму, што партыі ўвогуле існуюць. Бо ў цяперашняй палітычнай сыстэме ім няма месца, яны сталі лішнім зьвяном. І выжываюць толькі дзякуючы энтузіязму партыйных актывістаў.

Выступаючы ў Нацыянальным сходзе з пасланьнем 8 траўня, Лукашэнка ў катэгарычнай форме адмовіўся ад пераходу да прапарцыйнай выбарчай сыстэмы, у рамках якой галасаваньне адбываецца за партыйныя сьпісы. Такая сыстэма дзейнічае ва ўсіх суседніх краінах. У выніку там роля палітычных партыяў рэзка ўзрасла. І лёгка зразумець, чаму Лукашэнка супраць.

Бо, па-першае, у выпадку такога пераходу давядзецца ламаць цяперашнюю выбарчую сыстэму, якая ўжо адбудаваная, добра працуе з гледзішча ўладаў, дае патрэбны вынік. І навошта, дзеля чаго?

Па-другое, пры дзейнай мажарытарнай выбарчай сыстэме палітычная барацьба пераносіцца на рэгіянальны ўзровень, у цэнтры ўвагі апынаюцца мясцовыя праблемы: дарогі, жыльлё, гандаль і інш. І пры такой канкурэнцыі дырэктар заводу і чыноўнік заўсёды будзе мець перавагу перад апазыцыянэрам, які не займае ніякіх высокіх пасад.

А калі б выбары праводзіліся паводле прапарцыйнай сыстэмы, то перадвыбарчая дыскусія вялася б вакол агульнанацыянальных праектаў, якія прапануюць партыі. А гэта замах на сыстэму.

Па-трэцяе, пры прапарцыйнай выбарчай сыстэме давялося б пусьціць на агульнанацыянальныя тэлеканалы лідэраў партый. А як вядома, Лукашэнку ванітуе ад таго, што апазыцыйныя лідэры выступаюць па тэлевізіі.

Таму будзем жыць пры фэадалізьме.
Валер Карбалевіч   

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме