16:00 08.06.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
БСДП просіць МЗС разгледзець пытанне аб прызнанні Заходняй Сахары
БСДП просіць МЗС разгледзець пытанне аб прызнанні Заходняй Сахары
(Ніжэй прыводзім тэкст звароту, які быў высланы ад імя Прэзідыума).
Паважаны спадар міністр замежных спраў,
як Вам вядома, у свеце існуюць так званыя часткова прызнаныя дзяржавы, г. зн. дзяржавы, якія не прызнаны Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый, але прызнаныя дзяржавамі – членамі ААН.
Да ліку такіх дзяржаў належыць былая іспанская калонія Заходняя Сахара, якая ў адпаведнасці з дэкларацыяй Генеральнай Асамблеі ААН 1514(XV) атрымала права на самавызначэнне. Права Заходняй Сахары на самастойнасць прызнаў і Міжнародны Суд у Гаазе. Акрамя таго, права гэтай тэрыторыі на самавызначэнне прызнавалася і законам аб дэкаланізацыі Заходняй Сахары, які быў ратыфікаваны іспанскім парламентам 18 лістапада 1975 года.
І ўсё ж франкісцкі ўрад Іспаніі не прызнаў незалежнасць Заходняй Сахары, дзе Народны фронт за вызваленне Сегіет-эль-Хамра і Рыа-дэ-Ора (Фронт POLISARIO) вёў барацьбу за самастойнасць сваёй краіны. Перш чым іспанскі парламент ратыфікаваў закон аб дэкаланізацыі Заходняй Сахары, прадстаўнікі ўрадаў Іспаніі, Марока і Маўрытаніі 14 лістапада 1975 года падпісалі так званы Мадрыцкі пакт. У адпаведнасці з гэтым дакументам тэрыторыя Заходняй Сахары была аддадзена пад кантроль Марока і Маўрытаніі.
У адказ на гэты несправядлівы акт Фронт POLISARIO актывізаваў збройную барацьбу за вызваленне сваёй радзімы. 27 лютага 1976 года была абвешчана Сахарская Арабская Дэмакратычная Рэспубліка (САДР).
Важным вынікам барацьбы Фронту POLISARIO стала тое, што Маўрытанія ў 1979 годзе спыніла ваенныя дзеянні, а ў 1984 г. прызнала САДР.
Тэрыторыю, якую пакінула Маўрытанія, захапіла Марока. Збройная барацьба паміж САДР і Марока прывяла да таго, што мараканскі ўрад у 1989 г. вымушаны быў пачаць перамовы з Фронтам POLISARIO. У адпаведнасці з умовамі заключанага пры пасярэдніцтве ААН перамір’я (1991) урад Каралеўства Марока абавязаўся правесці ў Заходняй Сахары рэферэндум аб незалежнасці. Аднак з розных прычын Рабат адмаўляецца выконваць узятае на сябе абавязацельства і вядзе тым часам каланізацыю падкантрольнай яму часткі Заходняй Сахары. З другога боку, Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, якая патрабуе рэфрэндуму ў Заходняй Сахары і не мае адпаведных інструментаў, каб прымусіць мараканскі ўрад прытрымлівацца умоваў замірэння, дагэтуль не прыняла САДР у свае шэрагі.
Сёння Сахарская Арабская Дэмакратычная Рэспубліка належыць да ліку часткова прызнаных дзяржаў. Яна кантралюе толькі частку тэрыторыі, на якую мае права прэтэндаваць. Паколькі САДР не ўваходзіць у ААН, з 1979 г. у якасці легітымнага прадстаўніка народа Заходняй Сахары гэтая арганізацыя прызнала Фронт POLISARIO. Фронт POLISARIO прыняла ў свае шэрагі найстарэйшая няўрадавая міжнародная арганізацыя – Сацыялістычны Інтэрнацыянал. У 1984 г. заходнесахарскую дзяржаву прынялі ў Арганізацыю афрыканскага адзінства (з 2002 г. Афрыканскі Саюз), пасля чаго з яе выйшла Марока. Незалежнасць САДР прызналі 60 дзяржаў – членаў ААН.
Сярод краін, якія дагэтуль не прызналі Сахарскую Арабскую Дэмакратычную Рэспубліку ў якасці незалежнай дзяржавы, значыцца, на жаль, і Беларусь.
Не хочацца верыць, што наша краіна не прызнае дэкларацыю Генеральнай Асамблеі ААН 1514(XV) і пэўным чынам ухваляе так званы Мадрыцкі пакт і захопніцкую, каланізатарскую палітыку Марока ў Заходняй Сахары.
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) звяртаецца да Вас, спадар Міністр замежных спраў, з прапановай выступіць перад кіраўніцтвам нашай краіны з ініцыятывай прызнаць Сахарскую Арабскую Дэмакратычную Рэспубліку.
Прызнанне нашай краінай САДР у якасці незалежнай дзяржавы пацвердзіла б вернасць тым прынцыпам, за якія Беларусь галасавала ў 1960 годзе, калі прымалася дэкларацыя Генеральнай Асамблеі ААН 1514 (XV) аб прадастаўленні незалежнасці каланіяльным краінам і народам.
Прызнанне нашай краінай САДР у якасці незалежнай дзяржавы было б актам нязгоды з захопніцкай, каланізатарскай палітыкай, якую дазваляюць сабе дужэйшыя ў дачыненні да слабейшых, актам справядлівасці і салідарнасці з барацьбой за вызваленне ад чужземнага прыгнёту.
Фота з сайту EURORADIO.FM
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме