09:46 21.12.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
БСДП РЫХТУЕЦЦА ДА ПАЛІТЫЧНАЙ КАМПАНІІ “ВЫБАРЫ Ў ПАЛАТУ ПРАДСТАЎНІКОЎ”
Пасяджэнне Цэнтральнага Камітэта партыі
20 снежня 2015 г. адбылося пасяджэнне Цэнтральнага Камітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады).
Пасяджэнне, у працы якога ўзялі 30 сябраў ЦК, вяла старшыня БСДП Ірына Вештард.
Аб палітычнай кампаніі
“Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”
Цэнтральны Камітэт заслухаў даклад І. Вештард “Аб падрыхтоўцы да палітычнай кампаніі “Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”.
У абмеркаванні даклада ўзялі ўдзел Алег Трусаў, Аляксандр Абрамовіч, Ганна Канюс, Ігар Барысаў, Алег Волчак, Павел Знавец, Юры Грынявецкі, Ігар Маслоўскі, Аляксандр Шыловіч, Мечаслаў Грыб, Алег Шабетнік. З заключным словам выступіла І. Вештард.
Цэнтральны Камітэт партыі прыняў пастанову аб падрыхтоўцы да палітычнай кампаніі “Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Вырашана, што БСДП, не адмаўляючыся ад ідэі кааліцыі з іншымі дэмакратычнымі партыямі, ідзе на выбары самастойна. Канчаткова фармат удзелу сацыял-дэмакратаў у палітычнай кампаніі вызначыць партыйны з’езд, які пройдзе прыблізна ў чэрвені наступнага года і на якім адбудзецца вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты.
Аб выніках канферэнцыі рабочай групы “Жанчыны БСДП”
Не менш ажыўленым было і абмеркаванне пытання аб выніках агульнапартыйнай канферэнцыі рабочай групы “Жанчыны БСДП”. Як вядома, канферэнцыя прайшла 28–29 лістапада на падставе пастановы папярэдняга пасяджэння ЦК БСДП. Канферэнцыя прыняла рэгламент рабочай групы і абрала яе каардынатарку.
З дакладам аб выніках канферэнцыі выступіла намесніца старшыні БСДП Ганна Канюс. Яна прапанавала Цэнтральнаму Камітэту зацвердзіць вынікі канферэнцыі. Абраная канферэнцыяй каардынатарка Жанна Семянтовіч паведаміла, што канферэнцыяй накіданы план працы рабочай групы “Жанчыны БСДП”, які будзе прадстаўлены Цэнтральнаму Камітэту на зацвярджэнне пазней.
У спрэчках выступілі Павел Знавец, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі БСДП Анатоль Сідарэвіч, старшыня Цэнтральнай Рэвізійнай Камісіі Марыя Рудакоўская, Ірына Вештард, Ігар Маслоўскі, Алег Трусаў, Таццяна Гаравая і Мікалай Цяцёркін.
Большасць прысутных сябраў Цэнтральнага Камітэта прыняла пастанову: “У сувязі з тым, што ў працы агульнапартыйнай канферэнцыі бралі ўдзел беспартыйныя і што іх галасы ўлічваліся пры абмеркаванні і прыняцці рэгламенту рабочай групы, што з прычыны гэтага рэгламент рабочай групы не можа лічыцца прынятым правамерна, а таксама ў сувязі з тым, што на падставе неправамерна прынятага рэгламенту ўведзена пасада каардынатаркі рабочай групы і праводзіліся яе выбары, ад зацвярджэння вынікаў агульнапартыйнай канферэнцыі рабочай групы “Жанчыны БСДП” устрымацца.
Вызначана колькасць дэлегатаў ад абласных партыйных арганізацый на з’езд БСДП
На сваім папярэднім пасяджэнні Цэнтральны Камітэт прыняў пастанову аб скліканні XVI з’езду БСДП, які мае адбыцца 13 сакавіка наступнага года. Была ўстаноўлена норма прадстаўніцтва абласных партыйных арганізацый на з’едзе: адзін дэлегат ад 25 сябраў партыі. Аднак у пастанове не было зафіксавана, колькі дэлегатаў выбірае кожная абласная партыйная арганізацыя. Мінскі гарадскі камітэт партыі даручыў намесніку старшыні гарадской арганізацыі Аляксею Сігаеву, які з’яўляецца і намеснікам старшыні БСДП, вынесці на разгляд Цэнтральнага Камітэта партыі адпаведныя прапановы.
Цэнтральны Камітэт вырашыў, што Брэсцкая абласная арганізацыя БСДП выбірае 13 дэлегатаў, Віцебская абласная арганіўацыя – 10, Гродзенская абласная арганізацыя – 3, Мінская абласная арганізацыя – 4, а Мінская гарадская арганізацыя БСДП – 6 дэлегатаў.
Вырашана таксама, што сябры БСДП, якія пражываюць у Гомельскай і Магілёўскай абласцях, дзе няма зарэгістраваных у органах юстыцыі абласных арганізацый, выбіраюць на сваіх канферэнцыях адпаведна 3-х і 7 дэлегатаў.
Пачата праца над “Этычнымі прынцыпамі БСДП”
Ажыўленым атрымалася абмеркванне даклада Аляксея Сігаева аб этычных прынцыпах БСДП. Гэтае пытанне таксама было ўключана ў парадак дня з інцыятывы Мінскай гарадской партыйнай арганізацыі. Трывогу мінскіх сацыял-дэмакратаў выклікала тое, што сябры БСДП, займаючы ў партыі выбарныя пасады, разам з тым працуюць у грамадскіх арганізацыях і інцыятывах, якія пераследуюць палітычныя мэты.
У спрэчках па дакладу Аляксея Сігаева выступілі Надзея Шомчанка, Ігар Барысаў, Алег Трусаў, Павел Знавец, Ігар Маслоўскі, Мечаслаў Грыб, Яўген Вільскі, Ірына Вештард. У прыватнасці, Ігар Маслоўскі заявіў, што ён спыняе працу ў грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду”.
Цэнтральны Камітэт прыняў пастанову, у якой гаворыцца:
“На выбарныя пасады Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) маюць права прэтэндаваць сябры партыі, якія не з’яўляюцца членамі іншых грамадскіх арганізацый і ініцыятыў, якія пераследуюць палітычныя мэты. Пералік грамадскіх арганізацый і ініцыятыў, якія ажыццяўляюць палітычную дзейнасць, вызначае ЦК БСДП.
Камісіі па асноўных каштоўнасцях распрацаваць “Этычныя прынцыпы БСДП”, у якія ўвесці вышэйуказаную норму”.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме