17:16 27.10.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
БНБ – КАПІТУЛЯЦЫЯ ПЕРАД ЛУКАШЭНКАМ ЦІ КАПІТАЛЬНЫ РАМОНТ АПАЗІЦЫІ? (ПЕРШЫЯ ВОДГУКІ)
27 кастрычніка было заяўлена пра стварэнне Беларускага незалежніцкага блоку. Яго аснову складуць рух “За свабоду”, Партыя БНФ і БХД. Даважкам ідуць арганізацыі “Малады фронт», "Маладая Беларусь", "Правы альянс", рух "Разам", МХСС "Маладыя дэмакраты".
Кааліцыя адкрытая да ўзбуйнення. Найбольш верагодна, што ў яе могуць увайсці БСДГ Станіслава Шушкевіча і ПСП Уладзіміра Навасяда, які нібы быў гатовы падпісаць Дэкларацыю аб стварэнні БНБ, але ў апошні момант узяў час на роздум.
Агучваліся запрашэнні далучацца КХП-БНФ і АГП, але там .
Шмат хто ўспрымае БНБ як перафарматаваную альтэрнатыву АДС. Цікавай будзе іхняе завочная барацьба на мясцовых выбарах. Ідэйнасць БНБ падаецца больш выразнай, канцэптуальнай і пазітыўнай – беларускасць і еўрапейскасць. Асноўны пасыл стракатай АДС – далоў Лукашэнку! Што да рэсурснага патэнцыялу, то тут мясцовыя выбары стануць сапраўдным выпрабаваннем для абедзвюх кааліцый.
Пры гэтым варта адзначыць, што АДС патрапілі ў пэўную пастку з тае прычыны, што кампанія па выбарах у мясцовыя Саветы прыпадае на іхнія праймерыз.
Найбольш рэзка негатыўнае стаўленне да Беларускага незалежніцкага блоку выказаў былы старшыня Партыя БНФ, што ўвайшла ў туды, Лявон Баршчэўскі. Некалі пры ім праводзіліся чысткі шэрагаў ад тых фронтаўцаў, што дазвалялі сабе крытыку кіраўніцта і супрацоўнічалі з іншым палітычнымі суб’ектамі – тым самым рухам “За свабоду”.
Маўляў, парушаецца партыйная дысцыпліна. Цяпер сам Баршчэўскі, які збіраецца браць удзел у праймерыз АДС, хаця партыя ад іх устрымліваецца, стаўся такім парушальнікам.
Лявон Баршчэўскі называе ўтварэнне Беларускага незалежніцкага блоку “маніфэстам калабаранства”.
"Той праект дакумэнтаў, які мне ўчора трапіў у рукі, сьведчыць, што гэта “трэцясэктарны” праект, гэта не палітычны праект. У палітычным сэнсе гэта капітулянцкі праект, там няма ані слова пра змаганьне з рэжымам, ані слова пра тое, што гэты рэжым трэба мяняць.
Там ёсьць тактыка малых справаў, якія я двума рукамі падтрымліваю, але гэта з палітыкай ня мае нічога агульнага. У дакумэнце гаворыцца, што трэба прыкласьці вялізарныя намаганьні да асуджэньня фашызму і камунізму (што я падтрымліваю), але ня слова няма пра лукашызм. То бок гэты дакумэнт – гэта маніфэст калябаранцтва, супрацоўніцтва з рэжымам у “малых справах”, - заявіў палітык у інтэрв'ю радыё "Свабода".
У інтэрв’ю “МЫ” гэтыя заявы пракаментаваў адзін з сустаршыняў і кандыдат у прэзідэнты ад БХД Віталь Рымашэўскі:
“Не чакаў такіх неінтэлігентных выказванняў Лявона Пятровіча. А сведчаць яны, неабгрунтаваныя і абразлівыя, пра адсутнасць аргументаў. Для нас, БХД, гэта не новая стратэгія. З гэтым мы звярталіся ў свой час і да Лявона Баршчэўскага – тагачаснае кіраўніцтва Фронту такія ініцыятывы вітала, але далей словаў справа не пайшла”.
Па словах Рымашэўскага, БНБ – "ужо маленькая перамога, першая прыступка для рэалізацыі перафарматавання апазіцыйных сіл дзеля павышэння іх уплывовасці і плённасці. Я ўпэўнены, што нашыя супольныя дзеянні будуць паспяховыя”.
Гэткімі ў мінімальным пакеце палітык бачыць падтрымку беларускай мовы і культуры, вылучэнне адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад незалежніцкіх сілаў і каардынацыю дзеянняў на мясцовых выбарах.
Што да закідаў Баршчэўскага наконт капітулянства і калабарацыянізму, Рымашэўскі раіць яму ўважліва чытаць Дэкрарацыю БНБ, дзе асноўнымі кірункамі абвешчаныя:
"- стварэнне ўмоваў для правядзеньня ў Рэспубліцы Беларусь свабодных і справядлівых выбараў;
- ініцыяванне рынкавых рэформаў у беларускай эканоміцы дзеля забеспячэння дабрабыту грамадзян Беларусі з прыярытэтнай падтрымкай беларускага малога і сярэдняга бізнэсу;
- абарону правоў грамадзян Беларусі на свабоду слова, свабоду сумлення, свабоду асацыяцый і сходаў;
- падтрымку палітвязняў і правядзенне працы, накіраванай на спыненне палітычных рэпрэсій у краіне;
- спрыянне беларусізацыі навучальных устаноў, сродкаў масавай інфармацыі, іншых дзяржаўных і грамадзкіх арганізацый Беларусі;
- наладжванне стратэгічнага супрацоўніцтва з краінамі “Усходняга партнёрства” і Еўразвязу;
- асуджэнне таталітарных ідэалогіяў камунізму і фашызму як антыгуманных, злачынных і амаральных, якія супярэчыць агульнапрынятым прынцыпам і каштоўнасцям чалавечага грамадства".
“Усё проста: мы за дэмакратычныя каштоўнасці, рэжым – супраць. Хто б ні быў адзіным кандыдатам у прэзідэнты ад незалежніцкіх сілаў, ён будзе выступаць супраць дыктатуры. Калі казаць пра БХД як суб’ект БНБ, то нам не даюць памяшкання для з’езду, пачаўся прэвентыўны ціск на нашых актывістаў і ў сувязі з яго правядзеннем, і з разлікам на мясцовыя выбары. БТ палівае брудам. Пры гэтым Лявона Баршчэўскага і Зянона Пазьняка, які таксама рэзка крытычна выказваецца наконт сілаў, што з’ядналіся ў Беларускім незалежніцкім блоку, не чапаюць. Ціснуць на тых, хто небяспечны. А гаварыць пра барацьбу з рэжымам можна колькі заўгодна...", - рэзюмуе Віталь Рымашэўскі.
Алег МЫЦІК27-10, 14:31
* * *
Баршчэўскі: БНБ – гэта капітулянцкі праект, гэта здрада
Былы старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі называе ўтварэньне “Беларускага незалежніцкага блёку” “маніфэстам калябаранства”
Баршчэўскі: Той праект дакумэнтаў, які мне ўчора трапіў у рукі, сьведчыць, што гэта “трэцясэктарны” праект, гэта не палітычны праект. У палітычным сэнсе гэта капітулянцкі праект, там няма ані слова пра змаганьне з рэжымам, ані слова пра тое, што гэты рэжым трэба мяняць.
Там ёсьць тактыка малых справаў, якія я двума рукамі падтрымліваю, але гэта з палітыкай ня мае нічога агульнага. У дакумэнце гаворыцца, што трэба прыкласьці вялізарныя намаганьні да асуджэньня фашызму і камунізму (што я падтрымліваю), але ня слова няма пра лукашызм. То бок гэты дакумэнт – гэта маніфэст калябаранцтва, супрацоўніцтва з рэжымам у “малых справах”.
Цыганкоў: На думку аналітыкаў, гэты блёк ствараецца для падтрымкі ўдзелу Аляксандра Мілінкевіча ў прэзыдэнцкіх выбарах. Вось вам і важная палітычная справа.
Баршчэўскі: Калі вы ствараеце палітычны блёк, вы павінны ставіць палітычныя мэты. Вы іх не паставілі. Таму гэты блёк стварыўся як “групоўка па інтарэсах”. Як можна заўважыць, у БНБ палітычных суб’ектаў у поўным сэнсе, акрамя партыі БНФ, няма. Усё гэта альбо недзяржаўныя арганізацыі альбо ініцыятыўныя групы. Таму палітычнага блёку няма.
Цыганкоў: Калі вы былі кіраўніком БНФ, то некаторыя сябры парты, якія крытыкавалі кіраўніцтва, былі выключаны з БНФ. Наколькі адпавядае Статуту партыі ваша сёньняшняя крытыка дзеяньняў цяперашняга кіраўніцтва БНФ?
Баршчэўскі: У нас не забаранялася крытыкаваць дакумэнты і высновы, забаранялася публічна крытыкаваць асобаў, акрамя ўнутрыпартыйных мерапрыемстваў. Я асобаў не крытыкую, я крытыкую падыход. Гэта капітулянскі падыход, гэта здрада па вялікім рахунку – і наступствы гэтага будуць вельмі адмоўнымі.
Віталь Цыганкоў
* * *
Вазьняк: Разбурэньне АДС – на карысьць рэжыму
Сакратар Беларускай партыі аб’яднаных левых “Справядлівы сьвет” (былой Партыі камуністаў Беларускай) Сяргей Вазьняк адзначае, што ініцыятары стварэньня “Беларускага незалежніцкага блёку” сьвядома ідуць на разбурэньне АДС.
“Калі мы стваралі кааліцыю Аб’яднаных дэмакратычных сілаў (АДС), то дамаўляліся, што ёсьць розныя падыходы да стратэгіі разьвіцьця краіны. Але мы дамовіліся аб еднасьці дзеяньняў у дэмакратызацыі Беларусі. Усё іншае павінна было заставацца за дужкамі.
Само па сябе стварэньне новай кааліцыі – гэта нармальна, гэта права суб’ектаў апазыцыі правага накірунку. Але калі новае фармаваньне ідзе на разбурэньне АДС, то, на мой погляд, гэта гуляе на руку існуючаму рэжыму. Гэта дрэнна.
Калі ПКБ выступала з ініцыятывай стварэньне саюзу левых партыяў у рамках АДС, гэта не было накіравана на разбурэньне АДС. А тут зусім іншая ідэалёгія – супраць АДС. Гэта кепска, гэта на карысьць Лукашэнкі і ягонага рэжыму."
Віталь Цыганкоў
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме