23:00 08.12.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
БЕЗ ЗАМАХУ НА СЦЭНАРЫЙ
Падаецца, што ў цяперашнім атачэнні Лукашэнкі нарэшце з’явіліся адэкватныя людзі, і не толькі з’явіліся, але і рэальна паўплывалі (і прынамсі пакуль што па-ранейшаму ўплываюць) на фармаванне сцэнарыю, па якім праходзіць цяперашняя выбарчая кампанія ў Беларусі.
Чацвёртая па ліку прэзідэнцкая выбарчая кампанія ў Беларусі паціху набліжаецца да свайго лагічнага канца. Пасля мінулых выходных, на якіх адбыліся тэле- і радыёдэбаты кандыдатаў (у якіх цалкам прагназавана ўзялі ўдзел толькі апазіцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты), пачаўся яе заключны этап, падчас якога большасць насельніцтва Беларусі ўжо зможа даведвацца пра погляды апазіцыйных кандыдатаў не інакш, як толькі ў інтэрпрэтацыі праўладных прапагандыстаў.
Гэтая выбарчая кампанія для Беларусі не зусім стандартная, і не толькі таму, што адбываецца ў іншай у параўнанні з ранейшымі міжнароднай сітуацыі. Галоўнае – што на дадзеных выбарах улады ўпершыню ў гісторыі перайграюць апазіцыю, абапіраючыся не толькі на сілавыя метады, але і на пісьменную з пункту гледжання стратэгіі і тактыкі пабудову выбарчай кампаніі. Падаецца, што ў цяперашнім атачэнні Лукашэнкі нарэшце з’явіліся адэкватныя людзі, і не толькі з’явіліся, але і рэальна паўплывалі (і прынамсі пакуль што па-ранейшаму ўплываюць) на фармаванне сцэнарыю, па якім праходзіць цяперашняя выбарчая кампанія ў Беларусі. Відаць, менавіта яны настаялі на тым, каб у інтарэсах прызнання выбараў на Захадзе адысці ад традыцыйных “тапорных” рэпрэсіўных схемаў і стварыць бачнасць больш дэмакратычнага правядзення кампаніі (у першую чаргу шляхам прадастаўлення большых магчымасцяў кандыдатам), не дапускаючы пры гэтым, аднак, нават патэнцыйнай “раскруткі” якой-небудзь фігуры, здольнай скласці рэальную альтэрнатыву дзейнаму прэзідэнту.
Абсалютна відавочна, што галоўнай апорай, на якой грунтуецца ўвесь сённяшні праўладны выбарчы сцэнарый, з’яўляецца адсутнасць у шэрагах апазіцыі адзінства. Захаванню такога становішча ўлада ўвесь час непрыхавана спрыяла. Сведчыць пра гэта вельмі многае: і поўная свабода пры зборы кандыдатамі подпісаў, і нечуваны лібералізм звычайна вельмі прыдзірлівага Цэнтрвыбаркама пры іх праверцы, і пазнейшае заплюшчванне вачэй тым жа Цэнтрвыбаркамам на многія рэчы, з-за якіх асобных апазіцыянераў пры жаданні можна было б спакойна “дыскваліфікаваць”, як, напрыклад, арганізацыя Віталем Рымашэўскім і Мікалаем Статкевічам несанкцыянаванай акцыі 24 лістапада, перад якой Ярмошына ды Лазавік наўпрост папярэджвалі пра магчымасць пазбаўлення непаслухмяных кандыдатаў рэгістрацыі.
Пагражаць пагражалі, але ж у выніку так нікога з дыстанцыі і не знялі. Прытым пакінулі на ёй (хоць мелі поўную магчымасць зняць) не каго-небудзь, а Мікалая Статкевіча, які пасля добра “даў дыхту” дзейнаму кіраўніку дзяржавы і падчас тэлевыступаў, і падчас тэледэбатаў. Улічваючы, што той жа Статкевіч у беларускай палітыцы не першы дзень, і што менавіта такія, а не іншыя ягоныя паводзіны падчас “камунікацыі з народам” лёгка прагназаваліся, з гэтага можна зрабіць лагічную выснову, што ўлада лічыць для сябе куды больш карысным захаванне як мага большай раздробленасці апазіцыі, чым “затыканне ратоў” асобным, хай сабе і надта ўжо “страціўшым страх” адзінкам.
Ці былі ў апазіцыі шанцы разбурыць старанна распрацаваны ўладамі сцэнарый, перахапіць у іх ініцыятыву? На маю думку, да нядаўняга часу яшчэ былі. Уяўляю, які быў бы эфект, калі б 29 лістапада апазіцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты Міхалевіч і Рымашэўскі, прадставіўшы ўласныя погляды на развіццё краіны і завяршаючы свае выступленні, у апошнія хвіліны свайго маналогу выказалі б думку, што рэалізацыя ўсіх добрых намераў магчымая адно пасля змены цяперашняй улады, змяніць жа яе можна толькі супольнымі сіламі, і дзеля таго, параіўшыся з іншымі апазіцыйнымі кандыдатамі, яны здымаюць сваю кандыдатуру на карысць кандыдата… (прозвішча можна паставіць любое) і надалей будуць працаваць у ягонай камандзе. А ў наступныя дні каб гэтак сама зрабілі і яшчэ 6 прэтэндэнтаў. Калі б у выніку гэтым адзіным кандыдатам аказаўся Уладзімір Някляеў, то атрымалася б яшчэ эфектней, бо менавіта яму паводле лёсавання выпадала завяршаць серыю тэлевыступаў, і ён мог бы гэта зрабіць ужо ў якасці адзінага кандыдата.
На другі ж дзень усе разам кандыдаты з’явіліся б на “тэледэбаты”, на якіх атрымалі б упэўненую і цалкам заканамерную, а не выпадковую маральную перамогу, бо дзейнічалі б як адзіная каманда, а не як гурт непрыязных адзін да аднаго людзей, якія толькі таму стрымліваюцца ад узаемных нападак, што іх часова яднае агульная нянавісць да двух прысутных у студыі самазадаволеных, развязных і амаральных тыпаў з дзяржаўнага тэлебачання.
Вядома, нельга казаць, што аб’яднанне апазіцыйных кандыдатаў на этапе тэлевыступаў і дэбатаў немінуча прывяло б апазіцыю да перамогі, бо адсутнасць адзінства ў яе шэрагах – толькі адна, хоць і самая балючая з усіх, праблема. Аднак у любым выпадку гэта быў бы моцны і нестандартны крок. Прынамсі кожны з грамадзян Беларусі, хто глядзеў бы хоць адно выступленне, даведаўся б, хто цяпер персанальна сімвалізуе апазіцыю і за каго трэба галасаваць, калі ты супраць дзейнай улады. Галоўнае ж – уладам давялося б спешна ўносіць сур’ёзныя змены ў так старанна папярэдне распрацаваны сцэнарый выбараў, дапускаючы пры гэтым непазбежныя памылкі, з якіх можна было б скарыстацца, каб развіць дасягнуты поспех.
Але пра гэта можна ўжо казаць толькі ў прошлым часе. Цяпер маем тое, што маем. Па-ранейшаму менш чым за два тыдні да выбараў у нас застаюцца дзевяць кандыдатаў ад апазіцыі, ніводзін з якіх уласнымі амбіцыямі, як выглядае, ахвяраваць дзеля агульнай мэты пакуль не гатовы. Ды і заклікаць іх да гэтага ўжо, як падаецца, няма асаблівага сэнсу, бо відавочна, што найбольш зручныя магчымасці для рэальнага, а не фармальнага аб’яднання ўжо страчаныя, і ў любым выпадку яно ўжо не будзе мець ранейшага эфекту.
Сімптаматычна, што, нягледзячы на няўдалыя для яе тэледэбаты, улада аніякай нервовасці пакуль што не праяўляе, пра што сведчыць хоць бы амаль бесперашкоднае прывядзенне 6 снежня ў цэнтры Мінска даволі шматлюднага (па сучасных беларускіх мерках) перадвыбарнага мерапрыемства Уладзіміра Някляева, як і іншых падобных акцый. Бо прайграла ўлада (і тое дзякуючы выключна прафнепрыдатнасці сваіх тэлелёкаеў) толькі адну бітву, але ж за вынік усёй вайны ёй пакуль што перажываць не даводзіцца, бо ў цэлым усё па-ранейшаму ідзе паводле загадзя распісанага сцэнарыю. “Падзяляй і ўладар” – які яшчэ прынцып можа лепш забеспечыць вечнае кіраванне тым грамадствам, для эліты якога асабістыя амбіцыі значаць куды больш, чым інтарэсы агульнай справы?
Нам жа ў такіх умовах застаецца толькі чакаць вечара 19 снежня і, нягледзячы ні на што, выходзіць на Плошчу. Пакуль абсалютна незразумела, будзе яна адна ці некалькі і ці будзе ўвогуле, што на ёй (іх) давядзецца абараняць, чыё прозвішча (ці мо адразу дзевяць?) скандаваць, да заклікаў каго з лідараў прыслухоўвацца як да “прабеларускіх”, а чые прынцыпова ігнараваць як “прарасійскія”. Амаль што няма сумневаў толькі ў адным – рашэнне прыняць удзел у сёлетняй Плошчы для многіх, як і пяць ды дзесяць гадоў таму, зноў будзе дыктавацца адно толькі імкненнем захаваць самапавагу, але не надзеяй штосьці змяніць. Як бы нам не хацелася, кажучы словамі аднаго з сёлетніх кандыдатаў, каб ужо сёння “збылося ўсё, пра што мы марылі”.
Алесь ЮркавецИсточник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
25 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |