19:31 10.10.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

БЕЛАРУСЫ: ХТО МЫ, ДЗЕ МЫ?

Асноўная праблема, якую неабходна вырашыць у бліжэйшы час беларусам, каб захаваць сваю прысутнасць у свеце – вызначыцца са станам нацыянальнай ідэнтыфікацыі, лічаць эксперты. Хто такія беларусы – на сёння ў Беларусі пытанне адкрытае.

-- Рэспубліка Беларусь ужо 18 гадоў мае сваю незалежнасць, але дагэтуль не даследавалася грунтоўна, кім усведамляюць сябе сучасныя беларусы, якія сімвалы, брэнды, фрагменты гістарычнай памяці з’яўляюцца найбольш агульнымі для жыхароў краіны, -- гаворыць кіраўнік Міжнароднага грамадскага аб’яднання "Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская.
Хтосьці пачувае сябе “белым рускім”. Для іншага гісторыя нацыі пачынаецца з Францішка Багушэвіча. Адзін жыве ў каардынатах БССР. Другі ўзгадвае Паўночна-Заходні край Расійскай імперыі. Апошнім часам у інтэлектуальных колах набывае моц рух, які звязвае паходжанне беларусаў з першымі згадкамі пра Літву 1000 год таму.
Праблемы з нацыянальная ідэнтыфікацыяй, якія існуюць, кандыдат гістарычных навук Наталля Гардзіенка звязвае з тым, што сам працэс фарміравання беларускай нацыі на сёння яшчэ не завершаны. Ён меў пэўныя перапынкі і падпадаў пад занадта моцныя негатыўныя ўздзеянні.
-- Як у беларускім замежжы, так і ў беларускай метраполіі самая вялікая праблема – каб беларусы ўсвядомілі сябе беларусамі, не губляліся ў іншакультурным, іншамоўным асяроддзі, -- лічыць Наталля Гардзіенка.
Гэта залежыць шмат ад якіх фактараў: ад бацькоў, выхавання, адукацыі, якую чалавек атрымлівае, і ад самога чалавека, наколькі ён гатовы да таго, каб адрознівацца ад іншых сваёй беларускасцю, паказваць яе ўсім, прапагандаваць. На радзіме рабіць гэта бывае не менш складана, чымсьці ў замежжы.
-- Адсюль такі невялічкі адсотак свядомых беларусаў і тут, і ў дыяспары, -- адзначае гісторык. -- У замежжы гэта відаць асабліва на прыкладзе дыяспар на Захадзе, якія ўжо маюць 60-гадовую гісторыю і дзе сёння востра стаіць праблема змены пакаленняў, калі нашчадкі эмігрантаў вельмі мала цікавяцца сваім паходжаннем, грамадскай працай, беларускай культурай і амаль адзінкі разумеюць і могуць размаўляць па-беларуску.

          Беларус паміж “саўком” і еўрапейцам

-- Для мяне беларус – гэта не этнічнае паходжанне. Гэта самыідэнтыфікацыя чалавека з гэтай зямлёй, -- гаворыць адзін з ініцыятараў грамадскай кампаніі “Будзьма!” Севярын Квяткоўскі.
Падчас даследавання, прысвечанага праблеме самаідэнтыфікацыі беларусаў, праведзенага лабараторыяй “НовАК” у сакавіку бягучага года, высветлілася, што колькасць тых, хто асацыюе сябе з грамадзянінам, жыхаром Беларусі ці беларусам па нацыянальнасці, у некалькі разоў перавышае такую ідэнтыфікацыю, як савецкі чалавек. Еўрапейская арыентацыя таксама істотна ніжэйшая, чымсьці арыентацыя прабеларуская.

-- Прычым, альбо еўрапейцамі, альбо савецкімі людзьмі лічыць сябе прыкладна аднолькавая колькасць апытаных, -- падкрэслівае кіраўнік лабараторыі “НовАК”, доктар сацыялагічных навук Андрэй Вардамацкі. -- Мы можам зафіксаваць дамінанту беларускай арыентацыі. І адрыў даволі істотны: у 3,5 разы ад еўрапейскай арыентацыі, у 4 разы -- ад самаідэнтыфікацыі ў якасці савецкага чалавека.
У той жа час тры пазіцыі самаідэнтыфікацыі – жыхар Беларусі, беларус і грамадзянін Беларусі маюць прыкладна аднолькавы ўзровень – каля 50 адсоткаў.

Палітолаг Уладзімір Мацкевіч лічыць “вельмі нядрэнным”, калі палова беларускага насельніцтва дакладна ідэнтыфікуе сябе з гэтай зямлёй.
-- Гэтая тэндэнцыя прасочвалася і ўжо некалькі гадоў таму падчас нацыянальнага апытання, якое праводзіў Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук, але гэта ніяк не паўплывала на змены ў культурнай і грамадскай палітыцы, -- адзначае Уладзімір Мацкевіч.
Эксперт “Заўтра тваёй краіны” лічыць, што многія грамадскія рэформы прамаруджваюцца менавіта з-за таго, што беларусаў па старой звычыцы лічаць “саўкамі”.
-- Несавецкі менталітэт беларусаў відавочны. Гэта патрабуе падтрымкі і ўвагі. А таксама зменаў ва ўсіх сферах жыцця беларускага грамадства, асабліва ў адукацыі і палітыцы, -- адзначае Уладзімір Мацкевіч.

Амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан упэўнены, што беларусы – нацыя такая ж, як і ўсе еўрапейскія. Уласнай культурай, гісторыяй і, натуральна, мовай яны здольныя ўзбагаціць еўрапейцаў. Але перш-наперш трэба адчуць сябе беларусамі.
-- Потым можна ісці да еўрапейскасці, лічыць сябе грамадзянінам свету, а для пачатку ўсё ж такі чалавек павінен мець прыналежнасць да якой-небудзь нацыі. Гэта, канешне, вельмі істотна, -- адзначае спадар Эрыксан.

          Якія ў беларусаў асацыяцыі з незалежнасцю

У той жа час найбольш значнымі для сябе падзеямі беларусы лічаць не даты далёкай беларускай гісторыі, а святы, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной.
-- Менавіта дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а не дзень заснавання Беларускай народнай рэспублікі ці БССР, дзіўным чынам зліўся ў масавай свядомасці з уяўленнем аб незалежнасці Беларусі, -- гаворыць доктар сацыялогіі Андрэй Вардамацкі, падкрэсліваючы, што і да вайны і пасля яе Беларусь была і засталася савецкай.
І хоць 3 ліпеня 1944 года краіна не змяніла свайго статуса, як, да прыкладу, 27 ліпеня 1990 года, калі была абвешчаная Дэкларацыя аб суверэнітэце, менавіта канкрэтная вайсковая аперацыя чамусьці асацыюецца ў беларусаў з незалежнасцю.
Такі парадокс ніколькі не здзіўляе кіраўніка праекта “CORPO” піяр-кансультанта Андрэя Эзэрына. На ягоную думку, сёння лёс краіны вызначаюць дзеці пасляваеннага пакалення, калі ў падручніках гісторыя пачыналася з перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, усе чыталі кнігі і глядзелі фільмы пра вайну.
-- Менталітэт беларусаў мяняецца вельмі марудна, -- канстатуе піяр-кансультант. – Ваенная тэматыка і сёння дамінуе і шмат што вызначае ў жыцці беларусаў. Пакуль яна адыйдзе ў нябыт, зменіцца шмат пакаленняў, бо на тутэйшай зямлі існуе пэўны культ вайны.

          Што нас аб’ядноўвае і робіць унікальнымі

-- Прынамсі, мова (нават калі вы ў штодзеннасці яе не ўжываеце, але ставіецеся да яе пазітыўна, з павагай)—гэта мінімум тое, што можа яднаць розных беларусаў. Мова і павага да зямлі, на якой жывеш, -- гаворыць Севярын Квяткоўскі.
Між тым, толькі 4,4% апытаных у сакавіку лабараторыяй “НовАК” лічаць беларусам найперш таго, хто гаворыць па-беларуску.

-- Гэта сведчыць пра тое, што мова не з’яўляецца галоўным крытэрыем беларускасці, істотным індыкатарам прыналежнасці да беларускай нацыі, -- канстатуе Андрэй Вардамацкі.
Кіраўнік "Бацькаўшчыны" Алена Макоўская называе пытанні мовы і культуры самымі праблемнымі ў звязку з нацыянальнай ідэнтыфікацыяй беларусаў. Наталля Гардзіенка ўпэўненая, што фарміраванне нацыі немагчымае без прапаганды беларускай культуры на дзяржаўным узроўні.
-- І беларуская мова павінна стаць адзінай дзяржаўнай, бо сённяшяне дзвюхмоўе ў Беларусі – гэта рэч намінальная. Сёння пануе руская мова, -- канстатуе гісторык.

Але, на думку Алены Макоўскай, сказаць, што тыя людзі якія не ведаюць мову, не з’яўляюцца патрыётамі Беларусі, таксама немагчыма. “Не хацелася б дзяліць нашу Беларусь на беларускамоўную і рускамоўную”, -- падкрэслівае кіраўнік “Бацькаўшчыны”.
Сёння ў Беларусі сітуацыя застаецца досыць складанай. Усё, што звязана з беларускім, яшчэ з часоў СССР асацыюецца з чымсьці адсталым, вясковым. Калі ўзгадаць 1990-я гады, была пэўная варожасць да беларускай мовы, супрацьстаянне грамадства на моўнай глебе.

-- На сёння мы можам сказаць, што большасць людзей пазітыўна ставіцца да беларускай мовы, але не бачыць за ёй будучыні і перспектывы, -- гаворыць Алена Макоўская. – Мова для беларусаў -- музейная каштоўнасць, якую трэба захоўваць. І на маю думку, гэта няправільная пазіцыя, таму што сёння інтэлектуальная Беларусь развіваецца якраз у беларускамоўнай сферы.
Там, дзе беларусы аб’ядноўваюцца вакол якой-небудзь ідэі – узнікаюць і магчымасці для прасоўвання нацыянальных культурных прадуктаў, поглядаў, каштоўнасцяў. Усебеларуская кампанія “Будзьма!” гэта пацвярджае.

-- Калі прыязджае Зміцер Вайцюшкевіч у Лоеўскі раён Гомельскай вобласці, куды мала што даходзіць апроч двух каналаў не самай якаснай культурнай, не самай шчырай палітычнай і сацыяльнай інфармацыі, збіраецца поўная зала цётачак. Адны з іх галасуюць за ўладу цяперашнюю. Другіх суседзі называюць апазіцыянеркамі. І ўсе разам яны атрымліваюць задавальненне ад выступу на беларускай мове сучаснага па-еўрапейску якаснага выканаўцы. Зміцер сваёй сучаснасцю, якаснасцю і беларускасцю аб’ядноўвае самых розных людзей, -- распавядае Севярын Квяткоўскі.

Менавіта правядзенне кампаніі “Будзьма беларусамі!” прадэманстравала высокую запатрабаванасць беларускай культуры сярод насельніцтва краіны і прывяло да высновы пра неабходнасць больш грунтоўнага вывучэння стану нацыянальнай ідэнтыфікацыі.
-- Прыспеў час вызначыцца з тым, хто такія мы, беларусы, і дзе мы знаходзімся, што створана за гады незалежнасці, -- гаворыць Алена Макоўская.

У супрацоўніцтве з грамадскай кампаніяй, лабараторыя аксіяметрычных даследаванняў “НовАК” і “Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў” (Літва) правялі даследаванне сучаснага стану і тэндэнцый развіцця этнічнай ідэнтычнасці беларусаў, уплыву, які аказвае гэтае развіццё на дынаміку палітычных і грамадскіх працэсаў у краіне. Вынікі гэтага даследавання будуць прэзентаваныя 12 кастрычніка.
-- У даследаванні шмат нечаканасцяў, -- прызнаецца спадарыня Макоўская. – Але менавіта веданне рэальнай сітуацыі дазваляе рухацца далей.

Севярын Квяткоўскі адзначае, што акрамя павагі да мовы, гісторыі і культуры, беларусаў яднае агульнае бачанне будучыні краіны.
-- Маіх аднадумцаў яднае погляд на Беларусь як на еўрапейскую краіну, -- адзначае Севярын Квяткоўскі. -- Але я не думаю, што мы можам ахапіць гэтай ідэяй 7 мільёнаў дарослага насельніцтва. Прынамсі, сёння.

Перспектывы фарміравання беларускай нацыі эксперты “Заўтра тваёй краіны” звязваюць з прадстаўнікамі сучаснай моладзі,
-- Якія размаўляюць па-беларуску і не хаваюць гэтага, якія паўсюль гавораць, што яны беларусы і не саромеюцца гэтага, -- гаворыць Наталля Гардзіенка. На думку гісторыка, такіх становіцца ўсё болей.

Марына ЗАГОРСКАЯ 10.10.2009  

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме