20:15 08.11.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
БЕЛАРУСКАЯ ДЗЯРЖАЎНАСЦЬ ПАЎСТАЛА НАСУПЕРАК, А НЕ ДЗЯКУЮЧЫ БАЛЬШАВІКАМ (Сяргею Калякіну адказвае Анатоль Сідарэвіч)
Старшыні партыі «Справядлівы свет» Сяргею Калякіну адказвае Анатоль Сідарэвіч.
Учора Сяргей Калякін ужо ня першы раз «калі б не было бальшавіцкае рэвалюцыі — не было б незалежнае Беларусі».
Тэзіс непрымальны хоць бы таму, што гісторыя як навука не любіць умоўнага ладу.
Па-другое, дапушчана лагічная памылка post hoc, ergo propter hoc (пасля гэтага, значыць з прычыны гэтага).
З адмаўлення бальшавікамі царскага самадзяржаўя у бальшавіцкай Расіі не нарадзілася дэмакратычная рэспубліка з перыядычнай зменай урадаў. З асуджэння бальшавікамі сталыпінскага дзяржаўнага тэрору у бальшавіцкай Расіі дзяржаўны тэрор не знік; наадварот… З асуджэння Уладзімірам Леніным Расіі як турмы народаў не вынікла свабода для народаў імперыі.
Апублікаваная бальшавікамі Дэкларацыя народаў Расіі была пустой абяцанкай, бо прынцып самавызначэння народаў Ленін хуценька падмяніў прынцыпам самавызначэння працоўных, рабочых і сялян (не ўсіх, а бедных). У бальшавіцкім жа разуменні рабочыя і сельскі паўпралетарыят — прыроджаныя інтэрнацыяналісты. Таму нацыяналізм (і патрыятызм) можа быць толькі буржуазны. Нельга любіць Беларусь як такую, можна любіць толькі Беларусь пралетарска-сялянскую, савецкую.
Камуністы з партыі Сяргея Калякіна, само сабой, станаўленне беларускай дзяржаўнасці датуюць 1-м студзеня 1919 г., хоць насамрэч Маніфест Часовага работніча-сялянскага савецкага ўраду Беларусі быў падпісаны 2 студзеня. І падпісаны не ў Мінску, а ў Смаленску.
І склад урада вызначаўся не ў Мінску, нават не ў Смаленску, а ў Маскве.
У Маніфесце не сказана, што Беларусь абвяшчаецца Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай. Нічога не гаворыцца пра межы, пра адносіны з іншымі дзяржавамі.
Як ні круці, але дэ-юрэ ССРБ была абвешчана толькі праз месяц — на Усебеларускім з’ездзе Саветаў у самым пачатку лютага.
Сам жа з’езд быў спектаклем у духу Франца Кафкі.
«Прадстаўнікі працоўных Беларусі» абвясцілі нашу краіну незалежнаю сацыялістычнаю савецкаю рэспублікаю, прынялі Канстытуцыю, выбралі пастаянны орган улады — Цэнтральны Выканаўчы Камітэт.
І адначасова прынялі пастановы аб знішчэнні ССРБ:
аддалі ў склад Расіі Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губерні, вырашылі аб’яднаць ССРБ з Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай Літвы. І 27 лютага 1919 г. на мапе з’явіцца ССР Літвы і Беларусі (таксама часовая).
Не трэба вінаваціць за ліквідацыю ССРБ Аляксандра Мяснікяна ці Вільгельма Кнорынга. Апынуўшыся на чале Беларусі, а не Заходняй вобласці, яны супраціўляліся пастановам Масквы аб адрыве ад Беларусі трох усходніх губерняў і аб зліцці ССРБ з ССРЛ. І тады Ленін прыслаў у Мінск — на з’езд Саветаў — сваю «правую руку», Якава Свярдлова. З’езд, які складаўся спрэс з бальшавікоў, глядзеў на яго дырыжорскую палачку.
Леніну, Маскве ССРБ была непатрэбная. Яна (чытайце пратакол Цэнтральнага Бюро кампартыі бальшавікоў Беларусі ад 31 студзеня 1919 г.)) была створана з тактычных меркаванняў — як буфер паміж бальшавіцкай Расіяй і Захадам. Паколькі тры ўсходнія беларускія губерні з Захадам не межавалі, іх было вырашана ўключыць у склад РСФСР, а рэшту аб’яднаць з мікраскапічнай ССР Літвы.
І ўсё ж, думаю, больш важны чыннік, які змусіў бальшавікоў пагуляць у беларускую дзяржаўнасць — «существование Белорусской Рады», гэта значыць Рады БНР (чытайце пратакол Цэнтральнага Бюро кампартыі бальшавікоў Беларусі ад 22 студзеня 1919 г.).
Беларуская ж Рада, Рада БНР паўстала не дзякуючы, а насуперак бальшавікам.
Бальшавіцкі пераварот справакаваў паскарэнне дзяржаватворчага працэсу ў Беларусі. Але гэта не азначае, што Беларуская Рэспубліка не магла з’явіцца без гэтага перавароту.
Разважаць так — значыць забыць азы марксізму. А марксізм нам кажа, што развіццё капіталізму спрыяе фармаванню нацый, а нацыятворчы працэс вядзе да дзяржаватворчага. Гэтак разважалі і маладыя беларускія сацыялісты, калі ў 1903 годзе ўключылі ў сваю праграму тэзіс аб незалежнай Рэспубліцы. У той дзень і пачалася наша, беларуская рэвалюцыя, рэвалюцыя ідэалагічная, якая вяла да рэвалюцыі палітычнай. Раней ці пазней Рэспубліка павінна была нарадзіцца. І яна нарадзілася. Няхай сабе кволая, яна ўсё ж змусіла бальшавікоў пачаць гульню ў савецкую беларускую дзяржаўнасць.Анатоль Сідарэвіч
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
25 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |