18:01 07.10.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

БЕЛАРУСКІ РУБЕЛЬ ПРАЦЯГВАЕ ПАДЗЕНЬНЕ

Падчас сёньняшніх таргоў на дадатковай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы рубель абясцэніўся яшчэ на 110 пунктаў і ўшчыльную наблізіўся да адзнакі 8000 за даляр. Попыт на замежныя валюты, як і ўчора, істотна перавышаў прапанову. Нацыянальны банк вымушаны быз другі дзень запар рабіць інтэрвэнцыі, каб рубель утрымаўся хоць бы ў цяперашніх парамэтрах.

Нягледзячы на запэўніваньні Аляксандра Лукашэнкі, што крызісу ў Беларусі няма, сытуацыя з нацыянальнай валютай сьведчыць пра іншае. Пасьля спробы максымальна наблізіць камэрцыйны паказьнік да афіцыйнага курсу, які вагаецца ля адзнакі ў 6000 за даляр, рынак паказаў рублю яго рэальнае месца. Сёньня ён зафіксаваўся на ўзроўні 7920 рублёў, за два дні страціўшы адразу 320 пунктаў. У абменных пунктах даляр неадкладна умацаваўся ля псыхалягічнай мяжы ў 8000. Чаму рубель скіроўваецца зусім не ў той бок, на які разьлічвалі ўлады? Меркаваньне выказвае экспэрт Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Зьміцер Крук:

"Таму што існуюць перадумовы для зьніжэньня вартасьці беларускага рубля. У прыватнасьці, гэта высокая інфляцыя, якая ўмацоўвае так званы рэальны курс беларускага рубля. Гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да таго, што многія экспартэры страчваюць тыя перавагі, якія яны атрымалі за кошт дэвальвацыі ў папярэднія месяц".

Карэспандэнт: "Як лічыце, інтэрвэнцый з боку Нацбанку на які час хопіць?".

"Гэта цалкам залежыць ад Нацыянальнага банку. Але можна прыгадаць, што кіраўніцтва банку казала аб тым, што яны выкарыстоўваюць для інтэрвэнцый толькі тыя 100 мільёнаў даляраў, якія атрымалі ў папярэднія дні на дадатковай сэсіі. Наконт гатоўнасьці выкарыстоўваць астатнія сродкі ніякіх заяваў не было".

Карэспандэнт: "То бок, ня выключана, што курс імкнецца да той лічбы, якая была на першай сэсіі 14 верасьня?".

"Так, не выключаю такога…".

Тым часам улады намагаюцца запэўніць, што ўсе размовы на тэму крызісу  надуманыя, а курсавыя ваганьні – гэта толькі спроба намацаць "залатую сярэдзіну". Пасьля справаздачы Аляксандру Лукашэнку старшыня Нацыянальнага банку Надзея Ермакова сказала, што ня бачыць ніякай нагоды да пэсымізму:

"Сытуацыя нармальная. Так, як два тыдні ў мінулым месяцы працавала дадатковая сэсія, так яна і зараз працуе; працуе наяўны рынак. Нейкіх перашкодаў, затрымак у прынцыпе няма. Можна нават сказаць, што на пазабіржавым рынку працуе рынак. Не якісьці там адміністрацыйны ціск ці адміністрацыйнае рэгуляваньне з боку Нацыянальнага банку, а працуе рынак. Таму курс крышачку то прыпадае, то падымаецца. Але гэта натуральна: патрэбен час для таго, каб мы яшчэ больш убачылі: як гэта будзе адбывацца, колькі будзе прапановы, колькі попыту, на якім узроўні яны спыняцца. І ад гэтага тады будзе залежаць, калі нам можна будзе ўжо асноўную сэсію спыняць і вызначаць афіцыйны курс – той, які ўжо будзе плаваючы".

Дзеля стабілізацыі курсу рубля сёньня Нацбанку давялося ўкінуць на біржу 14 мільёнаў даляраў, што на мільён больш, чым учора. З такімі тэмпамі, як кажа аналітык фінансавай сфэры Андрэй Карпунін, запасаў надоўга ня хопіць. Між тым, адной рукой спрабуючы стрымаць далейшае абясцэньваньне нацыянальнай валюты, другой рукой улады ствараюць дзеля гэтага ўсе ўмовы. Як кажа экспэрт, значную частку зьнешняга запазычаньня кіраўніцтва разьлічвае пусьціць на падтрымку дзяржаўнага сэктару:

"Віцэ-прэм'ер Румас нядаўна агаварыўся – дакладней сказаць, раптам выдаў  праўду. Маўляў, з Антыкрызісным фондам ЭўрАзЭС узгодненая лічба, колькі наша дзяржава можа пусьціць у абарот, іншымі словамі -- зрабіць эмісію -- для фінансаваньня дзяржпраграмаў. І гэта лічба, аказваецца, 4% ад Валавога ўнутранага прадукту. А гэта калясальныя грошы! Наколькі я разумею, не выпускаць грошы ў эканоміку яны таксама ня могуць, інакш эканоміка спыніцца. І гэта аб'ектыўны фактар. Але зь іншага боку, калі яны ўзгаднілі 4% ад ВУП, то бяром пералічваем наш новы ВУП, які ў нас лічыцца ў беларускіх рублях, і з жахам ўяўляем сабе вось гэтую грашовую масу. А яны не адмовяцца, нашы ўлады, ад таго, каб столькі грошай пусьціць. Дэкляраваная ж сацыяльная палітыка дзяржавы…".   

Тэндэнцыю на далейшае зьмяншэньне вартасьці рубля прадчуваюць і суб'екты гаспадараньня. Пра гэта сьведчыць і статыстыка сёньняшніх таргоў на дадатковай сэсіі. Калі попыт на даляры склаў амаль 40 мільёнаў, то прапановаў зафіксавана ўдвая меней  – усяго 19 мільёнаў. Іншымі словамі, дзелавы сэктар імкнецца тэрмінова канвэртаваць беларускія грошы па яшчэ адносна выгадным курсе.
  

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме