11:30 29.06.2021 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

БАЛОНСКІ ПРАЦЭС – АСНОВА ДЛЯ ІНТЭГРАЦЫІ Ў ЕЎРАПЕЙСКУЮ АДУКАЦЫЙНУЮ ПРАСТОРУ

Балонскі працэс – працэс збліжэння і гарманізацыі сістэм адукацыі краін Еўропы з мэтай стварэння адзінай еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.


Афіцыйнай датай пачатку працэсу прынята лічыць 19 чэрвеня 1999 г., калі міністрамі адукацыі 29 еўрапейскіх дзяржаў была падпісана Балонская дэкларацыя. Працэс пачаўся з краін Еўрапейскага Саюзу і пашырыўся на іншыя еўрапейскія краіны, а таксама Казахстан.


Прыярытэтнымі задачамі Балонскага працэсу з’яўляюцца стварэнне еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, закліканай стымуляваць канкурэнтаздольнасць сістэмы вышэйшай адукацыі Еўропы і яе прывабнасць, а таксама ствараць магчымасці для мабільнасці студэнтаў і іх далейшага працаўладкавання.


Мэтамі Балонскага працэсу з’яўляюцца:

– пабудова еўрапейскай зоны вышэйшай адукацыі як ключавога напрамку развіцця мабільнасці грамадзян з магчымасцю працаўладкавання;

– фармаванне і ўзмацненне інтэлектуальнага, культурнага, сацыяльнага і навукова-тэхнічнага патэнцыялу Еўропы;

– павышэнне прэстыжнасці еўрапейскай вышэйшай школы ў свеце;

– забеспячэнне канкурэнтаздольнасці еўрапейскіх ВНУ;

– дасягненне большай сумяшчальнасці і параўнальнасці нацыянальных сістэм вышэйшай адукацыі;

– павышэнне якасці адукацыі;

– павышэнне цэнтральнай ролі ўніверсітэтаў у развіцці еўрапейскіх культурных каштоўнасцяў, калі ўніверсітэты разглядаюцца як носьбіты еўрапейскага светапогляду.


Балонская дэкларацыя, а таксама шэраг іншых міжнародных дакументаў, якія прынятыя ў развіццё дэкларацыі, усталёўваюць прынцыпы фармавання агульнаеўрапейскай адукацыйнай прасторы:


– увядзене агульназразумелых, параўнальных кваліфікацый у галіне вышэйшай адукацыі;

– пераход на шматпрыступкавую сістэму вышэйшай адукацыі (без канкрэтнай прывязкі да мадэлі бакалаўрыят-магістратура);

– увядзенне адзнакі працаёмкасці (курсаў, праграм, нагрузкі) у тэрміналогіі заліковых адзінак (крэдытаў) і адлюстраванне навучальнай праграмы ў дадатку да дыплому, узор якога распрацаваны ЮНЕСКА;

– павышэнне акадэмічнай мабільнасці студэнтаў, выкладчыкаў і адміністрацыйна-кіруючага персаналу;

– забеспячэнне неабходнай якасці вышэйшай адукацыі, узаемнае прызнанне кваліфікацый і адпаведных дакументаў у галіне вышэйшай адукацыі;

– забеспячэнне рэгулюемай аўтаномнасці ВНУ;

– увядзенне аспірантуры і дактарантуры ў агульную сістэму вышэйшай адукацыі (у якасці трэцяй ступені вышэйшай адукацыі);

– прыданне «еўрапейскага вымярэння» вышэйшай адукацыі (яго арыентацыя на агульнаеўрапейскія каштоўнасці) і павышэнне прывабнасці, канкурэнтаздольнасці еўрапейскай адукацыі;

– рэалізацыя сацыяльнай ролі вышэйшай адукацыі, яго даступнасць, развіццё сістэмы дадатковай адукацыі (так званая «адукацыя цягам усяго жыцця»);

– пераход да агульнаеўрапейскай адукацыйнай і даследчыцкай прасторы.


Мэты Балонскага працэсу яскрава акрэсліваюць стратэгічны напрамак яго развіцця. Але менавіта прынцыпы фармавання агульнаеўрапейскай адукацыйнай прасторы павінны быць ключавымі да рэалізацыі ў Беларусі.


29 лістапада 2011 г. Міністэрства адукацыі Беларусі ўпершыню накіравала ў Балонскі сакратарыят пакет заявачных дакументаў. 12 снежня беларуская заяўка разглядалася Балонскай працоўнай групай, якая рыхтавала сваё заключэнне і рэкамендацыі для саміту міністраў адукацыі краін, якія ўдзельнічаюць у Балонскім працэсе. На саміце, які адбыўся 26–27 красавіка 2012 г. у Бухарэсце, было прынята рашэнне адмовіць Беларусі ў далучэнні да Балонскага працэса і да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (ЕПВА) да наступнага саміта. Такое рашэнне было прынятае з прычыны заклапочанасці сяброў ЕПВА ў адсутнасці прагрэсу ў сферы сацыяльнага вымярэння і ўкаранення акадэмічных каштоўнасцяў, што адлюстравана якраз у прынцыпах фармавання агульнаеўрапейскай адукацыйнай прасторы.


Аднак Рэспубліка Беларусь усё ж стала 48-м членам Балонскага працэсу. Адпаведнае рашэнне было прынятае рашэннем міністраў адукацыі краін агульнаеўрапейскай прасторы на чарговым саміце 14–15 мая 2015 г. у Ерэване. Разам з сяброўствам у Балонскім працэсе Беларусь пагадзілася выконваць патрабаванні “Дарожнай карты рэфармавання вышэйшай адукацыі Беларусі”. Упершыню ў гісторыі Балонскага працэсу краіне-кандыдату прад’яўлены дастаткова жорсткія ўмовы для ўступлення і сяброўства, на рэалізацыю якіх адводзіцца тры гады. Прадугледжвалася таксама ажыццяўленне міжнароднага кантролю над выкананнем прынятых абавязацельстваў.


Нягледзячы на розныя меркаванні адносна ролі Балонскага працэсу і ЕПВА у развіцці вышэйшай адукацыі ў кантэксце сусветных тэндэнцыі, інтэграцыя Беларусі ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі адназначна адкрыла б новыя вымярэнні развіцця вышэйшай школы і магла б стаць унікальным шанцам для рэфармавання нацыянальнай сістэмы адукацыі, яе інтэрнацыяналізацыі і лібералізацыі. Але па меркаванні спецыялістаў дарожная карта, якая была прымеркавана да базавых зрухаў у межах інтэграцыйных працэсаў і разлічаная да восені 2017 г. па стане на 2020 г. не рэалізаваная нават напалову.


Так, па стане на кастрычнік 2017 г. (фактычна пад канец тэрміну рэалізацыі дарожнай карты) Грамадскі Балонскі камітэт і камісія Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства падрыхтавалі сумесную шостую маніторынгавую справаздачу “Імплементацыя дарожнай карты рэфармавання вышэйшай адукацыі Беларусі”. У дакуменце адзначаецца, што не назіралася значнага прагрэсу ў стварэнні і заканадаўчым замацаванні Нацыянальнай рамкі кваліфікацый, адсутнасці заканадаўча аформленага пераходу да Балонскай архітэктуры трох цыклаў. У частцы развіцця акадэмічнай мабільнасці і інтэрнацыяналізацыі не выкананы абавязак па ўнясенню зменаў у сістэму выдачы дазволаў на паездкі з мэтай працягу тэрмінаў знаходжання выкладчыкаў і студэнтаў у краінах ЕВПА без неабходнасці атрымання дазволу Міністэрства адукацыі. Ніводнае з абавязацельстваў, датычных сацыяльнага вымярэння вышэйшай адукацыі і ўкаранення фундаментальных акадэмічных каштоўнасцяў, не выконваецца. Нягледзячы на грамадскі запыт на перагляд сістэмы размеркавання выпускнікоў, рэалізацыя гэтага абавязацельства, нажаль, блакуецца ўладамі. Ігнаруюцца таксама абавязацельствы па рэалізацыі рэкамендацый і заканадаўчых мер, накіраваных на забеспячэнне правоў студэнтаў і выкладчыкаў на свабоднае стварэнне арганізацый і іх рэгістрацыю. Унесены на разгляд у лютым 2017 г. праект новай рэдакцыі Кодэксу аб адукацыі ўтрымліваў шэраг пазіцый у межах выканання абавязацельстваў па дарожнай карце, аднак, шмат палажэнняў так і не знайшлі сабе месца ў тэксце праекту. Перспектывы разгляду новай рэдакцыі Кодэксу ў Нацыянальным сходзе яшчэ ўвосень 2017 г. былі адсунутыя на нявызначаны тэрмін. Па стане на кастрычнік 2020 г. прынятага Кодэксу хаця б з некаторымі палажэннямі дарожнай карты няма, а тэрміны яго прыняцца і канчатковы змест застаюцца даволі цьмянымі. На жаль, не абмяркоўваюцца і не ўносяцца змяненні і дапаўненні ў іншыя заканадаўчыя акты, якія б маглі забяспечыць рэалізацыю абавязацельстваў Дарожнай карты.

Шмат якія вынікі міжнароднай экспертызы беларускай адукацыйнай палітыкі і заканадаўства, якія праводзіліся ў межах ЕПВА, не публікуюцца і застаюцца невядомымі грамадскасці. Гэты факт яшчэ больш пагаршае атмасферу інфармацыйнай закрытасці, якая характэрна для беларуская сістэмы вышэйшай адукацыі.


Пры супярэчнасці ў ацэнках эфектыўнасці Балонскага працэсу трэба адзначыць бадай самае галоўнае: ролю студэнтаў у агульнаеўрапейскай адукацыйнай прасторы. У прыватнасці трэба адзначыць студэнта-арыентаванае навучанне (САН).


САН – гэта працэс якаснай трансфармацыі для студэнтаў і іншых навучэнцаў, накіраваны на ўзмацненне іх аўтаноміі і крытычных здольнасцяў за кошт выкарыстання падыхода, які заснаваны на выніках. Канцэпцыя можа быць коратка ахарактэрызавана наступным чынам: заснавана на актыўным, а не пасіўным навучанні; акцэнтуе аналітычнае навучанне і разуменне; прадугледжвае рост адказнасці і падсправаздачнасці студэнта; прадугледжвае рэфлексію адносна працэсу навучання і выкладання, як з боку выкладчыка, так і студэнта.

Нельга не пагадзіцца, што адзначаныя пазіцыі даюць пляцоўку для росту студэнтаў як самастойных, незалежных, з крытычным мысленнем і адказных за сябе.

Нягледзячы на складанасці на шляху да эфектыўнай інтэграцыі беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі ў Еўрапейскую прастору і Балонскі працэс, варта адзначыць неабходнасць такога кроку. Беларуская адукацыя, якая мае свае нацыянальныя асаблівасці, павінна імкнуцца да фундаментальных каштоўнасцяў і прынцыпаў еўрапейскага акадэмічнага жыцця, што зробіць яе больш канкурэнтназдольнай на абшарах кантынента.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме