15:15 13.11.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
БАЛАГАН
Кандыдатам распісалі ролі ў тэатры абсурду
Воўк у лесе здох! Кіроўная вярхоўка сігналізуе, што гатова зарэгістраваць рэкордную колькасць кандыдатаў на прэзідэнта — аж 10. У некаторых апазіцыйных штабах пануе эйфарыя: вось як спрытна трапілі мы ў дзясятку! Няўжо не разумеюць, што насамрэч трапілі на вуду ўлады?
Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік яшчэ да афіцыйнага падвядзення вынікаў праверкі падпісных аркушаў паспяшаўся абвясціць: у 10 з 11 прэтэндэнтаў набіраецца досыць якасных подпісаў. Прычым Лазавік прызнаўся, што правяралі не надта прыдзірліва, іначай “у многіх узніклі б непрыемнасці”.
Такім чынам, калі на выбарах 2001 і 2006 гадоў рэгістравалі па чатыры чалавекі, то зараз у бюлетэні можа быць беспрэцэдэнтная для Беларусі колькасць кандыдатаў — да дзесяці.
Разгул лібералізму! Пры гэтым адзін з фаварытаў апазіцыйнай абоймы Уладзімір Някляеў мяркуе, што жалезна сабралі болей за сто тысяч сапраўдных подпісаў хіба што тры каманды — ягоная, Андрэя Саннікава ды Яраслава Раманчука. Ну, можа яшчэ групы Рыгора Кастусёва ды Мікалая Статкевіча. У астатніх, заявіў Някляеў interfax.by, не было дастатковых рэсурсаў. Сярод тых, каго улады, як абяцалі, цягнуць за вушы, магчыма, ёсць адзін-два падабраныя наверсе “тэхнічныя кандыдаты”, мяркуе лідар руху “Гавары праўду!”.
Карацей, на якасць падпісных аркушаў наверсе паглядзелі скрозь пальцы. Чаму? Улада навучылася гуляць болей тонка. Усе прывыклі, што перад выбарамі яна зачышчае палітычнае поле, узмацняе рэпрэсіі, косіць прэтэндэнтаў на корані. Але гэтым разам рэжым, наадварот, аслабіў лейцы на бяспечнай для сябе стадыі — і выкарыстаў класічны метад давядзення да абсурду. Бо калі аўтарытарнаму кіраўніку супрацьстаіць адзіны альтэрнатыўны кандыдат — гэта сапраўднае змаганне. Гэта выразны, адназначны адказ на культавае для беларуса пытанне: калі не Лукашэнка, дык хто?
Пры дзесяці ж кандыдатах выбарчая кампанія ператвараецца ў балаган. Пярэстая плойма рознакаліберных канкурэнтаў размывае ідэю альтэрнатывы, збівае з панталыку і дэмаралізуе дэмакратычны электарат, затое выгадна падкрэслівае фігуру дзейнага кіраўніка, каторы, як дзяўбе прапаганда, не штурхаецца локцямі, а займаецца справай.
Таму грош цана эйфарыі некаторых прэтэндэнтаў, што на дурніцу праскокваюць на новы ўзровень гэтай камп’ютарнай гульні. Бо вынік яе запраграмаваны. 19 снежня ўсе, акрамя аднаго, пралятаюць як фанера над Парыжам. І нічога надта падтасоўваць не трэба: канкурэнты раздзяруць электарат, кожны набярэ лічаныя працэнты. За што народу ісці на плошчу?
Улада гуляе з плоймай апазіцыйных прэтэндэнтаў як кот з мышанятамі — і пры гэтым забівае двух зайцоў. Па-першае, выбары канчаткова ператвараюцца ў цырк на дроце. Па-другое, Еўропа можа пляскаць у ладкі: шалёны разгул плюралізму і дэмакратыі!
Дарэчы, бабуля Еўропа ў заяве Рады ЕС ад 25 кастрычніка ўжо дала зразумець, што не мае намеру надта прыдзірацца да вынікаў гэтай кампаніі. Абы толькі быў нейкі дэмакратычны прагрэс, хай сабе і дэкаратыўны. Еўропе, калі разабрацца, надта і няма куды падзецца: вяртацца да палітыкі ізаляцыі “апошняй дыктатуры” — гэта значыць капітальна сесці ў лужыну. І зараз эмісары Брусэля ледзь ці не ўпрошваюць беларускае начальства: дайце нейкую станоўчую дынаміку, дайце нам магчымасць выратаваць твар і паставіць вам залік, каб доўжыць дыялог!
Між тым ідэя адзінага кандыдата пахавана. І нават на выпрацоўку супольнай стратэгіі апазіцыі на фінішным этапе кампаніі надзей амаль што няма. Зараз праграма-максімум для апазіцыйных прэтэндэнтаў — заключыць “пакт аб ненападзе”. Як некалі Сталін з Гітлерам. Дажыліся!
Пры гэтым у партыях цешаць сябе надзеямі, што па выніках выбараў калі не перамогуць, дык пашыраць плацдарм у грамадстве. Але можа стацца акурат наадварот. Дэмакратычная частка грамадства зведвае зараз велізарнае расчараванне: зноў лідары не дамовіліся, зноў хто ў лес, а хто па дровы! У выніку многія, магчыма, не пойдуць ні на выбары, ні на плошчу. А вось цвёрды электарат Лукашэнкі заўжды галасуе дружна.
Так што партыі рызыкуюць страціць рэшткі аўтарытэту. Захад ужо і так махнуў рукой на старую апазіцыйную гвардыю з яе шлейфам паразаў. З іншага боку, Лукашэнка цвердзіць заходнікам, што ён не супраць апазіцыі, але не цяперашняй, а болей канструктыўнай, і нават бачыць у перспектыве дзве-тры “моцныя партыі”. У выніку між Еўропай і рэжымам можа быць дасягнута негалосная згода наконт таго, каб проста “зліць” цяперашнюю партыйную апазіцыю. А на яе месца прыйдуць структуры і дзеячы, гатовыя гуляць па сцэнарыі “кіраванай дэмакратыі”. Зрэшты, прыгледзьцеся да цяперашняга параду прэтэндэнтаў: ці праглядваюць ужо абрысы такой гульні?
Яшчэ ёсць мізэрны шанец на кансалідацыю. Але бесталковая прэс-канферэнцыя шэрагу апазіцыйных лідараў 8 лістапада засведчыла, што сапраўднага жадання дамаўляцца няма.
І нават калі Плошча, насуперак прагнозам, станецца дастаткова шматлюднай, дык гэта адбудзецца, бадай, не дзякуючы, а насуперак сумбурным ды разрозненым дзеянням апазіцыйных лідараў. Пакуль што на ўсіх этапах кампаніі яны абіраюць найгоршы варыянт. Калі мець на ўвазе не самападманную мітусню, а канчатковы вынік.
Вялікія ж беларускія начальнікі задаволеныя як сланы, бо ўсё ідзе па іх імітацыйнай схеме.Аляксандр КЛАСКОЎСКI, пятнiца 12 лістапада 2010 г.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
26 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |