15:04 16.01.2019 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Атачэньне Лукашэнкі падзялілася. 50% за мову і незалежнасьць, 30% за Расею
Атачэньне Лукашэнкі падзялілася. 50% за мову і незалежнасьць, 30% за Расею, — Трусаў
Госьць «Інтэрвію тыдня» — выканаўца абавязкаў рэктара ўнівэрсытэту імя Ніла Гілевіча, былы шматгадовы старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў. Ён тлумачыць, што азначаюць 2 хвіліны беларускай мовы з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі, адказвае на пытаньне, як ставіцца да расейскамоўнага беларускага патрыятызму, і заяўляе, што незалежнасьць Беларусі залежыць ад вынікаў перапісу.
Улада разьвіваць беларускую мову і культуру ня вельмі жадае, умее і хоча
— Ня так даўно Аляксандар Лукашэнка 2 хвіліны гаварыў па-беларуску, і гэта на пэўны час стала гарачай тэмай у сацыяльных сетках і незалежных СМІ. Для чаго гэта было зроблена, што гэта азначае? Ці выпадкова зьявіліся гэтыя 2 хвіліны на фоне абвастрэньня складаных адносінаў з Масквой?
— Я думаю, што нічога выпадковага ў такіх выступах не бывае. Такія выступы рыхтуе вялікая група людзей, дарадцаў, ідэолягаў. Думаю, гэты кавалак пісалі з мэтай паказаць, што мы незалежная краіна і часам можам гаварыць на роднай мове. Тым больш што ў расейскіх СМІ шырока мусіруецца пытаньне, што беларусы пазбавіліся ўсяго беларускага. І калі яны не гавораць на сваёй мове — то давайце мы іх далучым да нас, да тых, хто гаворыць на рускай мове.
Алег Трусаў
— Але тое, што ў Беларусі за апошнія 20 гадоў адбылося зьніжэньне ўжываньня беларускай мовы, скарачэньне беларускамоўных школаў — хіба гэта не «заслуга» менавіта цяперашняй улады? Калі прааналізаваць моўную палітыку цяперашняй улады за апошнія 25 гадоў — то як бы вы яе ахарактарызавалі?
— Моўная палітыка вызначаецца ня толькі Лукашэнкам — але і шырокімі коламі грамадзтва. А Лукашэнка ўмее на гэтыя рухі грамадзтва рэагаваць. Асабліва пасьля падзеяў ва Ўкраіне ў беларускім грамадзтве прыйшло разуменьне, што калі так непаважліва ставіцца да ўсяго роднага — культуры, мовы — то крымскі сцэнар будзе немінучы. І акурат пасьля 2014 году павялічылася колькасьць беларускамоўнай рэклямы, выступаў і гэтак далей. У апошнія гады ў нашым грамадзтве назіраецца паварот да беларушчыны. Нядаўна зьявілася ініцыятыва абвясьціць 2019-ы годам беларускай мовы, і яе падтрымалі дзясяткі арганізацыяў.
Чаму Лукашэнка загаварыў па-беларуску
Што да пазыцыі дзяржавы, то ўлада апошнія гады перастала актыўна перашкаджаць пашырэньню беларускай мовы. Сама яна пры гэтым фактычна нічога ня робіць. Але калі ўзяць апошні канцэрт, на якім прысутнічаў Лукашэнка, — то ён амаль увесь быў беларускамоўны, і ўсе выступы былі, у адрозьненьне ад папярэдніх гадоў, па-беларуску.
Наша грамадзтва прачнулася і стала разумець, што каля яно хоча быць незалежнай краінай — то бяз мовы і культуры гэтага немагчыма дасягнуць. Улада таксама ў нейкай ступені з гэтым пагаджаецца. Але паводле сваёй інэрцыі разьвіваць беларускую мову і культуру ня вельмі жадае, умее і хоча.
Бо калі чалавек прынцыпова не гаворыць па-беларуску, а называе сябе беларускім патрыётам — то гэта воўк у авечай скуры
— Раней у інтэрвію вы (зрэшты, як і многія іншыя назіральнікі) неаднаразова зьвязвалі русыфікатарскую палітыку кіраўніцтва Беларусі з інтэграцыяй з Расеяй. Маўляў, Лукашэнка робіць саступкі Расеі ў культурна-моўнай сфэры ў абмен на эканамічныя прэфэрэнцыі. Ці можна прагназаваць, што калі чарговыя сваркі паміж Менскам і Масквой скончацца на гэты раз пэўным аддаленьнем — то гэта паўплывае на зьмену стаўленьня цяперашняй палітычнай эліты да беларускай мовы і культуры?
— Я думаю, гэта ўжо пачало мяняцца. Тым больш што ў Расеі эканамічны крызіс — яна, можа, і хацела б даць грошы, ды іх няма. Таму зразумела, што грошай гэтых расейскіх больш ня будзе. І адсюль гэтыя заявы, што будзем нафту праз Прыбалтыку вазіць, што «пад бізуном мы ня будзем жыць» і гэтак далей.
«Незалежнасьць, годнае жыцьцё, сувэрэнітэт». Пра што Лукашэнка кажа на пачатку кожнага году
І, канечне, культурны і моўны чыньнік заўжды выступае разам з эканомікай. Калі культурны пад’ём у грамадзтве — то за ім ідзе і эканамічны. Успомніце беларускі «залаты век». Калі Скарына пачаў друкаваць свае кнігі — на іх быў попыт! Эканоміка ВКЛ тады была на ўзроўні нашмат лепшым, чым, напрыклад, у Расеі ці Турэччыне.
— У незалежным беларускім грамадзтве таксама працягваюцца дыскусіі пра мову і яе ролю ў нацыябудаўніцтве. Маўляў, «беларускі нацыяналізм гаворыць па-расейску», маўляў, беларусы як нацыя фармуюцца апошнія дзесяцігодзьдзі ў рускамоўным асяродзьдзі.
— Мне здаецца, усе гэтыя дыскусіі нам навязваюцца з Расеі. І гэта адна з хітрых варыяцыяў «русского мира». Немагчыма быць патрыётам, ня ведаючы сваёй мовы і культуры. У самы адказны момант такія «патрыёты» перабягуць у варожы лягер — я як гісторык магу прывесьці масу такіх прыкладаў.
Іншая справа, што калі чалавек адчувае сябе патрыётам — ён проста абавязаны авалодаць беларускай мовай, культурай, і перайсьці на гэтую мову ў шырокім ужытку, не забываючы іншыя мовы. Бо калі чалавек прынцыпова не гаворыць па-беларуску, а называе сабе беларускім патрыётам — то гэта воўк у авечай скуры.
— Калі наступным разам Аляксандар Лукашэнка загаворыць па-беларуску? Звычайна ён гэта робіць раз на некалькі гадоў. Што можа стаць падставай, каб мы зноў пачулі зь ягоных вуснаў беларускую мову, у якой сытуацыі гэта можа адбыцца?
— Новы момант выпрабаваньня ўсёй нацыі — гэта перапіс насельніцтва. І калі людзі гавораць па-расейску, але лічаць сябе беларускімі патрыётамі, то яны павінны запісаць, што іхняя родная мова — гэта беларуская. Ад гэтых лічбаў залежыць нават незалежнасьць краіны.
Перапіс беларускамоўнага насельніцтва — акцыя ад «Мова нанова»
Бо мінулы раз 56 працэнтаў грамадзян Беларусі напісалі, што родная мова беларуская. Гэтая лічба на 20 працэнтаў зьнізілася ў параўнаньні з ранейшым перапісам. І калі мы гэтым разам атрымаем лічбу, меншую за 50 працэнтаў, інкарпарацыя ў Расею можа адбыцца даволі хутка. Калі ж мы атрымаем хаця б 70–80 працэнтаў — Расеі давядзецца пра інкарпарацыю надоўга забыць.
Куды павернецца палітычная эліта — туды павернецца і Лукашэнка, і грамадзтва
— Вы ўсю размову кажаце, наколькі шмат залежыць ад грамадзтва. Але давайце не забываць, што Беларусь — аўтарытарная краіна, дзе ўлады не заўсёды аўтаматычна ідуць за грамадзтвам. Нават у дэмакратычных краінах палітычныя эліты ня толькі ідуць за грамадзтвам, але часам і фармуюць парадак дня і вядуць большасьць за сабой. У гэтым сэнсе ці гатовы Лукашэнка да ролі кіраўніка сапраўды незалежнай краіны з уласнай культурай і мовай, ці ён застанецца ў ролі кіраўніка дзяржавы, якая фармальна незалежная, але фактычна зьяўляецца часткай «русского мира» і жыве за кошт «русского мира»?
— Падзеі ва Ўкраіне не дазволяць яму заставацца ў цяперашняй сытуацыі, асабліва томас, які атрымала ўкраінская царква. Украінскія падзеі прыводзяць беларускае грамадзтва да дэмакратызацыі, разьвіцьця культуры, мовы, яны не дадуць спыніцца гэтым працэсам.
Пра што сьведчыць залп расейскіх фэдэральных тэлеканалаў у бок Беларусі
Зараз атачэньне Лукашэнкі падзялілася. 50 працэнтаў — за мову, культуру і незалежнасьць. Недзе 30 працэнтаў — за Расею, асабліва зь сілавых структураў. І астатнія — «хістаюцца разам зь лініяй партыі». І гэтае змаганьне ідзе ў кожным раёне. У адным раёне кіраўнікі гавораць па-беларуску, у іншым — падтрымліваюць казацкія клюбы. Сытуацыя ў рэгіёнах вельмі пярэстая. І ўсё залежыць ад кіраўніка.
Разьмежаваньне вакол Лукашэнкі пачалося пасьля Ўкраіны і набірае сілу. Лукашэнка адзін нічога не вырашае, у яго за сьпінай стаіць 300 тысяч чыноўнікаў зь сем’ямі. І ад гэтых людзей залежыць і наш з вамі лёс. Куды павернецца гэтая эліта — туды павернецца і Лукашэнка, і грамадзтва.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме