22:15 15.03.2012 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Асадка, якой падпісвалі першую Канстытуцыю, знікла
А чарнавы варыянт асноўнага закона забараняў Лукашэнку балатавацца ў прэзідэнты.
“Праца пачалася з 1991 года. Праз год пасля абрання нашага Вярхоўнага савета. Пытанне аб Канстытуцыі было разгледжана на паседжанні. Прынялі станоўчае рашэнне, а для яго выканання стварылі камісіі па распрацоўцы Канстытуцыі”, — расказвае Еўрарадыё Мечыслаў Грыб, які ў сакавіку 1994 году быў старшынёй Вярхоўнага Савета, кіраваў краінай і асабіста падпісаў першы варыянт Канстытуцыі незалежнай Беларусі.
Сёння Грыб жыве адзін у вялікай кватэры амаль у цэнтры горада і ў афіцыйным святкаванні Дня Канстытуцыі ўдзелу не прымае. Гаворыць, што прыняцце першай Канстытуцыі ён з сябрамі святкуе ў цесным коле. Нашая размова раз-пораз перарываецца тэлефоннымі званкамі. Гэта калегі па Вярхоўным савеце 12 склікання цікавяцца, дзе будуць адзначаць сёлета.
У 1991 годзе ў склад камісіі па распрацоўцы асноўнага закона ўвайшло каля 80 чалавек. Грыб расказвае, што яна была падзеленая на 2 групы — дэмакратычную і камуністычную. На агульных паседжаннях яны дамаўляліся па спрэчных пытаннях. Працавалі над Канстытуцыяй тры гады. А прынялі за адзін дзень. 15 сакавіка 1994 года Мечыслаў Грыб паставіў свой подпіс пад канчатковым тэкстам. А вось асадка, якой гэты подпіс ставіўся, некуды знікла.
“Пры ўрачыстых абставінах я падпісаў. Па даручэнні. Была адмысловая пастанова Вярхоўнага савета даручыць мне падпісаць Канстытуцыю. Я яе падпісаў. Асадкай чарнільнай. І гэтую асадку і ўсе пісьмовыя прыналежнасці аддаў у Музей гісторыі. Яны там захоўваліся некаторы час, а потым некуды зніклі”, — расказвае Грыб.
Магчыма, памятную асадку схавалі далей ад вачэй, а потым яна проста згубілася ў фондах. “Я пытаўся ў іх. Ніхто нічога не адказаў. А потым я перастаў шукаць”, — гаворыць другі кіраўнік незалежнай Беларусі.
Падчас абмеркавання праектаў Канстытуцыі з’яўлялася шмат спрэчных момантаў. Большасць з іх датычыла прэзідэнцкай пасады. Частка дэпутатаў была супраць яе ўвядзення. Беларусь мела шанец стаць парламенцкай рэспублікай. Аднак большасць адкінула гэтую ідэю. Тады амаль ніхто не сумняваўся, што пасаду прэзідэнта зойме кіраўнік урада Вячаслаў Кебіч. Атрымалася іначай.
Мала хто ведае, што дзейсны прэзідэнт Беларусі паводле першых варыянтаў Канстытуцыі ўвогуле не меў права балатавацца. Справа ва ўзроставым бар’еры. Хто ведае, як бы склалася наша гісторыя, каб яго тады не знізілі з 45 да 35 гадоў. Лукашэнку тады было толькі 38.
“Была прапанова 45. А потым — 40. А потым група маладых дэпутатаў – Булахаў, Ганчар, Лукашэнка, пры падтрымцы ўсёй фракцыі БНФ унеслі прапанову паменшыць узрост да 35 гадоў”.
Сёння былы старшыня Вярхоўнага Савета шкадуе не толькі аб гэтым. Мечыслаў Грыб кажа, што трэба было прапісаць у Канстытуцыі выбарнасць прэзідэнта парламентам. Хаця б на першы тэрмін. Аднак гэтая ідэя нікому ў галаву не прыйшла.
“Можна было абмеркаваць і абгаварыць, што першыя два тэрміны (альбо адзін) прэзідэнт абіраецца дэпутатамі Вярхоўнага савета. Так жа было. Было ў Літве, у Латвіі. І сёння ў Малдове. Але гэтага пытання не ўзнікала ні ў каго. Нават думкі такой не было”.
Да сучаснай Канстытуцыі Беларусі Мечыслаў Грыб ставіцца з пагардай. Гаворыць, што пад ёй ён не падпісваўся, там стаіць аўтограф Лукашэнкі. І ўвогуле, у Беларусі не выконваецца нават адрэдагаваная версія асноўнага закона, які жыве сваім самастойным жыццём.
“Але гэтая Канстытуцыя жыве сама па сабе, а людзі і краіна — самі па сабе. Указамі, пастановамі, распараджэннямі і гэтак далей. Якія адпавядаюць Канстытуцыі альбо не адпавядаюць”.
Сёння аўтар подпісу пад першым тэкстам беларускай Канстытуцыі захоўвае дома абодва варыянты асноўнага закону — са сваім подпісам і з подпісам Аляксандра Лукашэнкі. Канстытуцыю ўзору 1994 году ў выглядзе вялікага падарункавага выдання, а сучасную — у выглядзе чырвона-зялёнай брашуры. “Добрая і дрэнная”, — жартуе Мечыслаў Грыб. Дома ў яго ёсць яшчэ адзін рарытэтны варыянт выдання асноўнага закона. Гэта маленькая кішэнная Канстытуцыя, прызначаная для карыстання дэпутатамі Вярхоўнага савета.
“Пры ўрачыстых абставінах я падпісаў. Па даручэнні. Была адмысловая пастанова Вярхоўнага савета даручыць мне падпісаць Канстытуцыю. Я яе падпісаў. Асадкай чарнільнай. І гэтую асадку і ўсе пісьмовыя прыналежнасці аддаў у Музей гісторыі. Яны там захоўваліся некаторы час, а потым некуды зніклі”
http://euroradio.by
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
26 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |