23:00 16.03.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Апазыцыя гуляе ў гульню «Не дапусьцім адзінага кандыдата», — Быкоўскі
Ці азначаюць апошнія палітычныя падзеі, што з боку апазыцыі нарэшце пачалі вымалёўвацца нейкія патэнцыйныя абрысы прэзыдэнцкай кампаніі? Ці рэальна, што дэмакратычныя сілы прыйдуць да нейкага агульнага сцэнару? Якія шанцы ў прыхільнікаў байкоту і чаму большасьць апазыцыйных лідэраў адхіляе ідэю Плошчы?
На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Праскі акцэнт» адказваюць палітоляг Юры Чавусаў, кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі, палітычны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі.
Прапануем вам тэкст перадачы ў скароце.
Цыганкоў: На гэтым тыдні адбылося некалькі інфармацыйных нагодаў, якія даюць падставы казаць, што падрыхтоўка апазыцыі да ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі зрушылася зь нейкага мёртвага пункту.
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч , што агульны кандыдат у прэзыдэнты ад кампаніі «Народны рэфэрэндум» павінен быць вылучаны ў сярэдзіне красавіка. У сваю чаргу старшыня АГП Анатоль Лябедзька заявіў, што «АГП стамілася чакаць, калі ўжо зьявіцца кандыдат ад „Народнага рэфэрэндуму“», і пацьвердзіў, што будзе вылучацца ў прэзыдэнты. Ці азначае гэта, што ўжо вымалёўваюцца нейкія патэнцыйныя абрысы прэзыдэнцкай кампаніі — прынамсі, з боку апазыцыі?
Аляксандар КласкоўскіКласкоўскі: Перш за ўсё, можна казаць, што пацьвердзіліся прагнозы экспэртаў наконт таго, што ня будзе адзінага кандыдата. Выглядае, што будуць канкураваць паміж сабой вылучэнец «Народнага рэфэрэндуму» і Анатоль Лябедзька.
Другая выснова, якая вынікае з таго, што большасьць партыйных структураў вылучае асобаў другога эшалёну, — гэта азначае, што апазыцыя ня мае разьлікаў у гэтай кампаніі на нейкі пераможны сцэнар. Адпаведна, і пытаньне адзінага кандыдата ў пэўным сэнсе страчвае сваю актуальнасьць. Выглядае, што наступныя выбары будуць дзяжурным прахадным мерапрыемствам.
Юры ЧавусаўЧавусаў: Пакуль сытуацыя кардынальна не зьмянілася, яна тая самая, што склалася ў сьнежні мінулага году, калі некалькі арганізацыяў падпісалі дакумэнт аб мэханізьме вылучэньня адзінага кандыдата. Пакуль мы проста назіраем працяг кулюарных перамоваў, з жаданьнем прымусіць партнэраў да нейкіх дзеяньняў. Як, напрыклад, вылучэньне Кастусёва ад БНФ — гэта сродак прымусіць партнэраў па кааліцыі нарэшце вызначыцца са сваімі кандыдатамі.
Зь іншага боку, у кааліцыі «Талака» партыя «Справядлівы сьвет» пакуль не падтрымала кандыдатуру Анатоля Лябедзькі — так што яго пакуль нельга назваць кандыдатам ад гэтай кааліцыі. Адсутнасьць даверу, якая ёсьць паміж структурамі, — яна перашкаджае працы любога мэханізму, як бы ён прыгожа на паперы ні выглядаў. У нас нават па назіраньні за выбарамі таксама няма адзінства, што існуюць адпаведна дзьве кампаніі. Так што прычына ня ў тым, што людзі ня могуць сесьці і дамовіцца, а ў тым, што яны ня хочуць гэтага рабіць і адпаведна працуюць на сэпаратныя сцэнары.
Цыганкоў: Анатоль Лябедзька кажа, што «Сёньня задача нумар адзін — гэта супольны сцэнар». Якім можа быць гэты сцэнар і якім ён павінен быць, ці рэалістычна гэта?
Паўлюк БыкоўскіБыкоўскі: На сёньня няма адказу на пытаньне, навошта патрэбны адзіны кандыдат, у чым мэта яго існаваньня. Перамогу, здаецца, ніхто ўсур’ёз не абмяркоўвае. У 2006 годзе Мілінкевіч быў адзіным і вылучаўся з мэтай «палітызацыі грамадзтва» — і, адпаведна, заставаўся фармальным лідэрам апазыцыі і пасьля выбараў. Але толькі год, пакуль кіраўнікі апазыцыйных партыяў ня вырашылі падзяліць ягоныя паўнамоцтвы.
Палітыкі павінны быць каманднымі гульцамі і выпрацоўваюць супольную стратэгію. Выглядае, што апазыцыйныя лідэры цяпер гуляюць у гульню — «давайце нікога не дапусьцім стаць адзіным». Бо ён атрымае надта шмат вагі пасьля выбараў.
Чавусаў: Так, апазыцыйныя структуры баяцца, што калі яны вызначаць адзінага кандыдата, яны не дадуць яму ня толькі мандат на ўдзел у выбарчай кампаніі, але і мандат на дамінаваньне ў апазыцыйным полі і пасьля гэтай кампаніі. Гэтая перасьцярога робіцца перашкодай для дасягненьня адзінства.
Класкоўскі: Існуюць розныя канцэптуальныя падыходы. «Народны рэфэрэндум» кажа, што выбараў няма, таму кампанію трэба скарыстаць дзеля збору подпісаў за «народны рэфэрэндум». Але я ня думаю, што «Талака» кінецца зьбіраць гэтыя подпісы. А галоўнае — што, насамрэч, сапраўды няма элемэнтарнага даверу паміж лідэрамі апазыцыі. І калі так — то сьмешна чакаць, што будзе давер электарату да іх.
Цыганкоў: Як ніколі ў ранейшых кампаніях, цяпер моцныя галасы тых, хто заклікае да байкоту. Нават традыцыйна палітычна актыўная публіка не жадае браць удзел у гэтай кампаніі. Ці ня стане пытаньне байкоту галоўным у гэтай кампаніі для апазыцыі?
Чавусаў: Тэма байкоту будзе актыўна абмяркоўвацца, нават нягледзячы на тое, што ў заканадаўства ўнесеныя нормы забароны агітацыі за няўдзел у выбарах. Кожны, хто ўдзельнічаў у выбарах, ведае, што ў Беларусі сапраўды галасы ня лічаць. У выніку ў актывістаў пасьля 1–2 выбарчых кампаніяў губляецца ўсялякі імпэт. Але гэта закранае актыў, а не грамадзтва ў цэлым. Дадзеныя сацыёлягаў паказваюць, што большасьць людзей па-ранейшаму вераць, што выбары нешта вырашаюць.
Любая выбарчая кампанія прыцягвае новых актывістаў, прыхільнікаў. Нават у такіх выбарах апазыцыя здольная даводзіць мэсыджы да грамадзтва. У 2001 годзе апазыцыі ўдалося данесьці інфармацыю пра палітычныя зьнікненьні, і яны спыніліся. У 2006 годзе Мілінкевіч узьняў тэму вяртаньня ў Эўропу, і пасьля выбараў улады спынілі канфрантацыю з Эўразьвязам і нават далучыліся да «Ўсходняга партнэрства». А вось калі 10 кандыдатаў балятуецца — то такой адзінай тэмы ўзьняць не атрымліваецца. Людзі чуюць рознагалосьсі, няма адзінага пасланьня.
Што тычыцца байкоту, то ён заўсёды адыгрывае дэмабілізуючую ролю.
Цыганкоў: Як варыянт вылучэньня Міколы Статкевіча можа паўплываць на выбарчую кампанію?
Быкоўскі: Гэты варыянт разглядаецца абедзьвюма кааліцыямі як адзін з варыянтаў прыгожага няўдзелу ў выбарах. Маўляў, нашага кандыдата не зарэгістравалі, і гэтак далей.
Цалкам выступаюць за байкот звычайна тыя, хто займае радыкальную пазыцыю, і тыя, хто мае найменшую падтрымку сярод грамадзтва. Але без кансалідаванай пазыцыі грамадзтва мэты байкоту не дасяжныя. Сёньня Лукашэнка дэманструе пэўную стабільнасьць, і што гэтаму можа супрацьпаставіць апазыцыя — мне цяжка сказаць. Калі байкот не падтрымліваецца большасьцю грамадзтва, то ўсе выгоды тут атрымліваюць улады, бо прыхільнікі ўладаў на выбары прыйдуць.
Цыганкоў: З-за замежных чыньнікаў, з-за агрэсіі Расеі многія апазыцыйныя палітыкі фактычна адкінулі ідэю Плошчы як патэнцыйна шкодную і небясьпечную. Але калі ня Плошча, то — што?
Класкоўскі: Насамрэч, у апазыцыі няма такога пораху, каб зладзіць моцную Плошчу — выдатна Лукашэнка сам зь ёй справіцца, і без дапамогі Пуціна. Па-другое, колькі ні заклікай, народ масава сёньня на Плошчу ня пойдзе — і рэпрэсіяў баіцца, і з-за «сындрому Майдану», калі казаць коратка. Што можа зрушыць сытуацыю? Толькі нейкія тэктанічныя зрухі ў самой беларускай мадэлі. Але выглядае, што гэта можа быць толькі пасьля выбараў.
Чавусаў: Нагадаю, што пасьля 2010 году ніводная палітычная сіла не казала, што хоча паўтарыць сцэнар Плошчы. Трэба разумець, што Плошча — гэта частка мірнага сцэнару зьменаў у аўтарытарных дзяржавах. Іншая частка — спрыяльнае навакольнае асяродзьдзе. Беларусь у такой геапалітычнай сытуацыі, калі сфармаваць такое спрыяльнае замежнае асяродзьдзе вельмі цяжка.
У такой сытуацыі ніхто ня хоча браць на сябе адказнасьць і заклікаць выйсьці на Плошчу. Усе разумеюць, што ў выпадку ўдалай Плошчы будзе расейскае ўварваньне. Зь іншага боку, ёсьць пункт гледжаньня, што ў сытуацыі канфлікту з Захадам Расея непазьбежна будзе слабець і дасягне такога стану, калі будзе няздольная стрымаць перамены ў Беларусі. Дачакацца гэтага, падрыхтаваць грамадзкія інстытуты, — гэта сур’ёзная задача.
Быкоўскі: Я ня ўпэўнены, што трэба разглядаць чыньнік уварваньня Расеі. Бо няма адказу на пытаньне, навошта Плошча. Бо калі ня будзе падставаў казаць «скралі нашу перамогу», то і сцэнар каляровых рэвалюцыяў тут не прыкладаецца. Калі Плошча — гэта дэманстрацыя альтэрнатывы, то ў гэтым ёсьць сэнс, але гэта асобная тэма.
Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме