21:30 18.03.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Апазыцыя думае: абвясьціць байкот зараз ці пачакаць?
У Беларусі да 25 сакавіка будзе доўжыцца рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Зараз выбарчыя камісіі пераправяраюць дакладнасьць подпісаў, сабраных прэтэндэнтамі, а таксама фінансавых дэклярацыяў ды іншых дакумэнтаў.
Тым часам апазыцыйныя структуры вызначаюць, ці не настаў час спыніць удзел у выбарчай кампаніі. Сытуацыю ў рэгіёнах высьвятлялі карэспандэнты «Свабоды».
МЕНШЧЫНА
Сябра АГП пакінуў выбары яшчэ да рашэньня зьезду партыі
Сёньня ў Жодзіне партыйны кандыдат Аб’яднанай грамадзянскай партыі Юры Лобан зьняў сваю кандыдатуру на месца дэпутата гарсавету. Яшчэ адзін вылучэнец АГП Віталь Пятроў заявіў, што адмовіцца ад удзелу ў выбарчай кампаніі, калі адпаведнае рашэньне прыме зьезд АГП, прызначаны на 21 сакавіка.
Сытуацыю тлумачыць сябра Палітрады АГП Аляксандар Ваўчанін:
«Напярэдадні прайшло паседжаньне Палітрады АГП, на якім адбылася дыскусія: прымаць удзел у гэтай выбарчай кампаніі ці адмовіцца? І зараз на месцах вывучаюцца наконт гэтага меркаваньні сябраў партыі».
Аляксандар Ваўчанін дадае, што ён асабіста й ягоны аднапартыец Андрэй Квашэўскі працягнуць кампанію, бо на гэта ёсьць важкія аргумэнты:
«Вельмі вялікую працу мы выканалі — хадзілі зьбіралі подпісы ў мікрараёнах Жодзіна. І таму мусім ісьці да апошняга ў гэтых выбарах. Але гэта будуць нашы апошнія выбары. На такія выбары мы ў наступны раз больш ня пойдзем».
ГАРАДЗЕНШЧЫНА
Некаторыя чальцы ўчастковых камісіяў ня могуць патлумачыць, хто і якім чынам іх вылучаў
У дзяржаўных СМІ пасьля працяглай паўзы зьявіліся сьпісы выбарчых камісій. На маю просьбу адзін з слонімскіх актывістаў прааналізаваў іх склад. Ён цяпер мае адказ на пытаньне, чаму ніводзін з 33 дэмакратычных вылучэнцаў не адпавядаў неабходным крытэрам.
Высьветлілася, што ў камісіі ўключаны некаторыя людзі, якія побач зь ім працуюць, але ніколі нават не казалі, што зьбіраюць подпісы, каб стаць сябрамі выбарчай камісіі.
Спадар: «Я размаўляў у школе з тымі, з кім побач працую, і пытаўся — як вы патрапілі ў камісіі? Адзін мне кажа, што наагул не хацеў, але нібыта прасіў начальнік. Тут нават невядома — ці зьбіралі наагул подпісы за гэтых людзей, проста спраўдзіць гэта немагчыма. У другой калегі пытаўся — хто за вас зьбіраў подпісы? Яна кажа: ня ведаю».
На Гарадзеншчыне «пустыя» для апазыцыі — 9 раёнаў з 17-ці
У Гарадзенскай вобласьці ў 9 раёнах з 17 прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі наагул не бяруць удзелу ў выбарах: у Ашмянскім, Ваўкавыскім, Воранаўскім, Дзятлаўскім, Зэльвенскім, Івейскім, Карэліцкім, Наваградзкім і Шчучынскім.
У Ваўкавыскім раёне традыцыйна былі моцныя суполкі БНФ і АГП. Я вырашыў пацікавіцца ў мясцовых актывістаў — як адбываецца выбарчы працэс там, дзе ў ім ня бяруць удзелу дэмакратычныя прадстаўнікі.
Спадар: «Не гавораць пра выбары ўжо даўно. Простаму чалавеку ўсё ўстыла, яму вось гэта запіхваюць, а яму гэта нецікава. Нікога ніхто не выбірае — іх прызначаюць, нават сходаў ніякіх не праводзяць. 99%, хто прыходзіць галасаваць — ня ведае, за каго галасуе. Вось сказалі, ну і пайшоў».
У сельскай мясцовасьці настроі таксама пэсымістычныя. Дэмакратычны вылучэнец у Луньне Мастоўскага раёну Лявон Карповіч кажа, што людзі на вёсцы не праяўляюць ніякай цікавасьці да выбараў.
Карповіч: «І што яны кажуць? Яны кажуць: нам усё роўна, нічога яны нам ніколі не дапамагалі і не дапамогуць. А подпіс мы вам свой паставім. Нам ужо абы дажыць. Вось асноўныя такія матывы».
ВІЦЕБШЧЫНА
«Можам зьняць свае кандыдатуры ў самы апошні момант»
Валянціна Кудлацкая, старшыня Верхнядзьвінскай раённай суполкі БСДП (Грамада), распавяла, што ня мае спадзеву трапіць у дэпутаты. Такой пэрспэктывы яна ня бачыць і для астатніх пяці актывістаў, якія вырашылі балятавацца ў рэгіёне:
«Ведаючы кандыдатуры тых, хто ідзе на выбары, я магу ўжо сёньня сказаць, хто будзе абраны ў райсавет. Яны ўсе будуць як сіямскія блізьняты на сэсіях райсавету, і ніхто, я пэўная, ня скажа слова супраць! Гэта мы маглі б зрабіць, але там трэба, каб усё было ціха. І так будзе — „знаёмыя ўсё твары!“ Кажуць, што ўжо нават вядома, хто стане старшынёй райсавету... Так што мы пакуль будзем працягваць працу па выбарах, але ня выключана й такое, што мы здымем свае кандыдатуры ў самы апошні момант».
Леанід Гаравы патрабуе адмяніць выбары
Актывіст руху «За свабоду» з Гарадка Леанід Гаравы лічыць, што на большай частцы тэрыторыі Віцебшчыны выбары будуць нелегітымнымі, а таму патрабуе адмяніць іх.
Гэтую прапанову актывіст Леанід Гаравы выклаў у чарговым лісьце да Віцебскай абласной выбарчай камісіі.
Ён піша, што ягоныя заўвагі што да памылак у «нарэзцы» выбарчых акругаў ігнаруюцца нават пасьля таго, як іх прызнаў Цэнтравыбаркам.
Леанід Гаравы паведаміў, што ў 12-ці раёнах Віцебскай вобласьці акругі сфармаваныя такім чынам, што колькасьць выбарцаў у іх адрозьніваецца не на 10%, як прадугледжана выбарчым заканадаўствам, а на ўсе 100%. Да прыкладу, у Гарадоцкім раёне ёсьць акруга, да якой «прыпісаны» 420 выбарцаў, і ёсьць акруга, дзе выбарцаў 842. Празьмерныя адхіленьні ў колькасьці выбарцаў Леанід Гаравы заўважыў у 18-ці з 31-й акругі на Гарадоччыне. Падобныя парушэньні зафіксаваныя ім таксама ў Верхнядзьвінскім, Сеньненскім, Докшыцкім, Расонскім, Шаркоўшчынскім, Браслаўскім, Шумілінскім, Лёзьненскім, Талачынскім і Мёрскім раёнах.
Цэнтравыбаркам памылкі прызнаў, але на месцах іх дасюль ня выправілі.
Таму будучыя выбары Леанід Гаравы лічыць нелегітымнымі:
«Таму што ня будзе легітымнага волевыяўленьня, калі ў адной частцы раёну 840 выбарцаў абіраюць аднаго дэпутата, а ў другой частцы 840 выбарцаў абіраюць двух дэпутатаў. Так парушаюцца канстытуцыйныя правы грамадзянаў, і нелегітымным будзе Савет Рэспублікі, які будуць потым выбіраць дэпутаты мясцовага ўзроўню».
Актывіст патрабуе адмяніць прызначаныя на 25 красавіка выбары ў тыя райсаветы, дзе ня здолеюць выправіць дапушчаныя парушэньні Выбарчага кодэксу РБ, а канкрэтна — часткі 6 артыкула 15.
18.03.2010 16:38
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме