15:46 11.11.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Апазіцыя ў паслявыбарчы перыяд: сітуацыйныя альянсы ў падрыхтоўцы да парламенцкай кампаніі
Пасля сканчэння прэзідэнцкай кампаніі сярод экспертнай супольнасці і апазіцыі зноў абвастрылася дыскусія наконт стратэгіі паводзін дэмакратычных сіл падчас наступных палітычных кампаній. Адначасова партыйная апазіцыя распачала актыўную падрыхтоўку сваіх структураў да правядзення парламенцкіх выбараў 2016 г. Частка апазіцыйных груп, часцей за ўсё эміграваўшых з краіны або без разгалінаваных рэгіянальных структур, традыцыйна выступаюць за працяг байкотнай стратэгіі. У сваю чаргу ўлады дэманструюць мяккую рэакцыю на паслявыбарчую дзейнасць апазіцыі, якая канцэнтруецца на ўнутраных канфліктах і дэманструе супярэчлівыя падыходы да ўдзелу ў электаральных кампаніях. Хутчэй за ўсё ў бліжэйшы час паміж рознымі апазіцыйнымі структурамі будуць складвацца сітуацыйныя альянсы і спробы аб’яднання вакол агульных спісаў прэтэндэнтаў у дэпутаты парламента.
У адрозненне ад прэзідэнцкай кампаніі 2010 года па сканчэнню выбараў 2015 года апазіцыі атрымалася пазбегнуць жорсткіх рэпрэсій з боку ўладаў. З аднаго боку, гэта дазволіла захаваць без стратаў ці нават павялічыць актыў тых арганізацый, якія вылучалі свайго ці супольнага кандыдата або актыўна ўдзельнічалі ў іншых кампаніях, як напрыклад, міжпартыйная ініцыятыва па назіранню. З іншага боку, адсутнасць жорсткіх паслявыбарчых рэпрэсій звялі да мінімуму запатрабаванасць аб’яднання апазіцыйных сілаў для супрацьдзеяння ціску з боку ўладаў. Пры гэтым у паслявыбарчы перыяд сярод апазіцыйных палітыкаў узнікаюць сітуацыйныя альянсы або ініцыятывы без фармальных дамоваў і супольнага бачання напрамкаў доўгатэрміновага супрацоўніцтва. Тым не менш, асобныя апазіцыйныя арганізацыі распачалі самастойную падрыхтоўку сваіх рэгіянальных структур да наступнага палітычныга цыкла, які сканчаецца прэзідэнцкімі выбарамі 2020 г.
Фактычна разам з пачаткам прэзідэнцкай кампаніі назіраецца дэзінтэграцыя апазіцыйных кааліцый, у рамках якіх супрацоўнічала большасць палітычных партый да выбараў 2015 г. Гэтыя працэссы ў апазіцыйным асяроддзі працягваюцца і пасля сканчэнні прэзідэнцкіх выбараў, у выніку якіх сярод апазіцыі з’явіўся новы рэйтынгавы лідар – актывістка кампаніі “Гавары праўду” і сябра БСДП (Грамада) Т. Караткевіч. Экс-кандыдат Т. Караткевіч імкнецца скарыстацца назапашаным падчас электаральнай кампаніі патэнцыялам і стварыць новы апазіцыйны цэнтр, вакол якога маглі бы аб’яднацца актывісты без партыйнай прыналежнасці або прыхільнікі іншых палітычных сіл, незадаволеныя палітыкай свайго партыйнага кіраўніцтва.
Лідарства экс-кандыдата Т. Караткевіч аспрэчваюць іншыя апазіцыйныя палітыкі і аб’ядноўваюць свае высілкі ў межах разнастайных супольных ініцыятываў, з дапамогай якіх яны спрабуюць прадэманстраваць сваё адзінства. Лідары дэмакратычных арганізацый імкнуцца канчаткова не згубіць свой уплыў у апазіцыйнай палітыцы, прадухіліць манапалізацыю рэсурсаў новым рэйтынгавым апазіцыйным палітыкам Т. Караткевіч, захаваць свой партыйны актыў і ўплыў на беларуска-еўрапейскі парадак дня.
Пры гэтым нават рашучыя апаненты дзеючага кіраўніцтва ўнутры краіны змяняюць сваю жорсткую рыторыку і заклікаюць улады да дыялогу. Так, лідары А. Лябедзька ад АГП і С. Калякін ад “Справядлівага свету”, сустаршыня БХД П. Северинец, экс-кандыдаты на пасаду прэзідэнта ў 2010 годзе М. Статкевіч і У. Някляеў звярнуліся да кіраўніцтва Еўрасаюза выступіць у якасці пасярэдніка паміж уладай і апазіцыяй і распачаць ўнутрыпалітычны дыялог у краіне. Пры тым, што ўлады выразна прадэманстравалі сваё нежаданне інтэграваць нават памяркоўную апазіцыю ў існуючую палітычную сістэму. Так, афіцыйна абвешчаныя ЦВК лічбы падтрымкі Т. Караткевіч на прэзідэнцкіх выбарах (4,2%) выразна адрозніваюцца ад зафіксаванага напярэдадні незалежнымі сацыёлагамі з НІСЭПД рэйтынга адзінага апазіцыйнага кандыдата на пасаду прэзідэнта (17,9%) [1].
Варта адзначыць, што апошняя выбарчая кампанія засведчыла змяншэнне папулярнасці канцэпцыі змены ўлады ў выніку выхаду людзей на акцыі пратэсту на Плошчу ў дзень выбараў нават сярод жорсткага апазіцыйнага ядра. Пры гэтым, прапанаваная рашучымі апанентамі дзеючага кіраўніцтва наўзамен Плошчы кампанія байкоту/ігнору выбараў не прывяла да мабілізацыі актывістаў і нават, наадварот, зменшыла папулярнасць партый, колькасць удзельнікаў пратэстных акцый, як і колькасны склад рэгіянальных структур апазіцыі.
Тым не менш, сярод экспертнай супольнасці і ў апазіцыйным асяроддзі зноў разгарнуліся дыскуссіі наконт аптымальнай стратэгіі паводзінаў падчас наступнай электаральнай кампаніі. Па-ранейшаму, байкотнай стратэгіі прытрымліваюцца, галоўным чынам, апазіцыйныя группы і арганізацыі, якія эмігравалі з краіны або не маюць разгалінаваных рэгіянальных структур. Аднак адразу жа пасля сканчэння прэзідэнцкіх выбараў партыйная апазіцыя распачала падрыхтоўку да парламенцкіх выбараў, якія павіны адбыцца не пазней за верасень 2016 г.
Мінулая прэзідэнцкая кампанія стала апошнім выпрабаваннем для кааліцыйнай ініцыятывы “Народны рэферэндум”, супрацоўніцтва ў рамках якой планавалася паміж чатырма буйнымі апазіцыйнымі арганізацыямі да парламенцкай кампаніі 2016 года. Вылучэнне ад кааліцыі “Талака” двух прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта падчас мінулых выбараў таксама засведчыла адсутнасць паўнафарматнай супрацы паміж яе ўдзельнікамі і фармальнасць існавання гэтага альянсу, які быў створаны ў супрацьвагу кампаніі “Народны рэферэндум”.
Атрымаўшы дастаткова высокі крэдыт даверу з боку выбарцаў (паводле незалежных сацыёлагаў), Т. Караткевіч разам з кампаніяй “Гавары праўду” дыстанцыянаваліся ад астатніх апазіцыйных арганізацый. Гэтаму спрыяла таксама і тое, што паводле незалежных аналітыкаў экс-кандыдату Т. Караткевіч атрымалася выйсці за рамкі традыцыйнага апазіцыйнага электарата і атрымаць падтрымку сярод больш шырокіх груп насельніцтва, якое не сімпатызуе “тытульнай” апазіцыі. Варта адзначыць, што партнёры “Гавары праўду” па кампаніі “Народны рэферэндум” яшчэ падчас прэзідэнцкай кампаніі фактычна адмовіліся падтрымліваць кандыдатуру Т. Караткевіч на розных яе этапах.
У выніку кіраўніцтва “Гавары праўду” без удзелу сваіх былых саюзнікаў па кааліцыі абвесціла аб пачатку фармавання агульнага спіску “ТаК”, у які павінны ўвайсці патэнцыйныя прэтэндэнты ў дэпутаты парламенту. Фактычна гэтая асобная ад іншых палітычных арганізацый ініцыятыва па падрыхтоўцы да парламенцкай кампаніі 2016 канчаткова засведчыла завяршэнне супольнай міжпартыйнай кампаніі “Народны рэферэндум”, якая аб’ядноўвала чатыры буйныя апазіцыйныя струтуры – партыі БНФ і БСДП (Грамада), рух “За свабоду” і кампанію “Гавары праўду”.
Пры гэтым, нягледзячы на дэкларацыі аб адкрытасці спісу для ўдзелу іншых структур з улікам напружанасці адносін паміж “Гавары праўду” і астатнімі апазіцыйнымі арганізацыямі, фармаванне адзінага спісу “ТаК” на чале з экс-кандыдатам на пасаду прэзідэнта Т. Караткевіч застанецца выключнай ініцыятывай “Гавары праўду”. Аднак да агульнага спісу “ТаК” могуць далучыцца яшчэ цесна інтэграваныя з кампаніяй “Гавары Праўду” сацыял-дэмакраты з БСДП (Грамада).
Пры гэтым, як пацвердзілі прэзідэнцкія выбары 2015 года, ніводная апазіцыйная арганізацыя не ў стане самастойна правесці паўнавартасную агульнанацыянальную кампанію. Гэта падштурхоўвае да аб’яднання або каардынацыі высілкаў іншых апазіцыйных партый у падрыхтоўцы да правядзення парламенцкай кампаніі 2016 г., у тым ліку фармаванне агульнага спісу прэтэндэнтаў у кандыдаты. Найбольш блізкімі партнёрамі для супрацы падчас наступнага паўгоддзя выглядаюць арганізацыі з правацэнтрычнай ідэалогіяй, якія ўжо маюць працяглы досвед рэалізацыі супольных ініцыятыў. Так, найбольш верагодным з’яўляецца працяг супрацоўніцтва паміж рухам “За свабоду” і партыяй БНФ, а таксама ўдзел у супольных кампаніях партый АГП і БХД. Хутчэй за ўсё, будуць таксама прадпрымацца высілкі для стварэння шырокай апазіцыйнай кааліцыі паміж чатырма азначанымі палітычнымі сіламі.
Пры гэтым, у спробе працягнуць нармалізацыю адносін з Еўрасаюзам і ЗША беларускія ўлады змякчылі адносіны да сваіх апанентаў. Так, у паслявыбарчы перыяд апазіцыі атрымалася правесці некалькі несанкцыяваных уладамі мерапрыемстваў без жорсткіх наступстваў з боку спецслужбаў. Хутчэй за ўсё, беларускае кіраўніцтва не будзе значна пагаршаць умовы для дзейнасці сваіх апанентаў і ў наступныя месяцы на фоне спробаў урэгулявання адносін з заходнімі сталіцамі.
Такім чынам, партыйная апазіцыя плануе ў той ці іншай форме прымаць удзел у парламенцкай кампаніі 2016 года з вылучэннем сваіх кандыдатаў. Аднак у выпадку нарастання супярэчнасцей паміж апазіцыйнымі лідарамі можа ўзнікнуць некалькі перадвыбарчых спісаў або блокаў апазіцыйных партый.
--------
[1] Сравнение электоратов: феномен Короткевич.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме