11:45 17.07.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Апазіцыя і “парадокс вязня”
Напярэдадні выбараў-2010 перад беларускай апазіцыяй зноў паўстае старая праблема - варта дамовіцца аб адзіным кандыдаце. Аднак міжасабовыя і міжструктуравыя стасункі ў дэмакратычных колах такія, што выхад на падобны аптымальны сцэнарый падаецца малаверагодным. Адзіны кандыдат, як “Мы” лічым, ад апазіцыі магчымы толькі пры адной умове: калі неабходныя 100 тысяч подпісаў грамадзян здолее сабраць нехта адзін з нізкі апазіцыянераў, што хочуць стаць ДПРБ – Другім Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Але ж патэнцыял апазіцыі яшчэ не такі мізэрны…
"Адзіны кандыдат - абсалютна абавязковая ўмова, калі ставіць на мэце перамогу. Спадзявацца, што плойма апазіцыйных кандыдатаў “заваліць” моцнага, харызматычнага лідэра, а самае галоўнае - змабілізуе грамадскую падтрымку для пераадолення дзеяння, скажам так, адміністрацыйнага рэсурсу проста не выпадае”, - сказаў у інтэрв’ю “Мы” палітолаг Юрый Дракахруст.
"Але нават калі ставіць больш сціплыя мэты: дэманстрацыі на выбарах моцы апазіцыі, знаходжанне для яе твару, то і ў гэтым выпадку “адзіны” - больш карысны варыянт. Цалкам магчыма, што плойма апазіцыйных кандыдатаў набярэ разам менш галасоў, чым набраў бы адзін “адзіны”, - кажа эксперт.
Іншая справа - хто будзе ацэньваць гэтую карысць?
Яно карысна для апазіцыі ў цэлым, для грамадства, але наўрад ці карысна для кожнага асобнага апазіцыйнага лідэра, асабліва калі гэтым самым адзіным кандыдатам, а пасля выбараў – адзіным лідэрам апазіцыі, будзе не ён, заўважае Юрый Дракахруст.
“У тэорыі гульняў гэта называецца “парадоксам вязня”. Ёсць сцэнар, пры якім могуць выйграць усе, але калі астатнія ўдзельнічаюць у ім, а я яго парушаю, то магу выйграць яшчэ болей. Аднак калі ўсе, разумеючы сітуацыю, парушаюць сцэнар, то ўсе і прайграюць”, - сказаў “Мы” палітолаг.
У 2001 і 2006 гадах, па ягоных словах, існавалі фактары, якія дзеянне “парадоксу вязня” блакавалі: “Гэта ўсё ж такі пэўная вера ў поспех, навеяная досведам сербскай рэвалюцыі 2000 году і ўкраінскай 2004-га. Шмат хто разважаў проста - атрымалася там, атрымаецца і ў нас. Другі фактар - гэта, скажам так, добрыя парады замежных партнёраў беларускай апазіцыі, якія гэтак жа былі натхнёныя досведам названых рэвалюцый. Зараз няма, так здаецца, першага чынніку - веры ў магчымасць поспеху. Не выключана, што і другі чыннік таксама калі і будзе дзейнічаць, то ў больш слабай форме. Для Еўропы зараз афіцыйны Мінск – “усходні партнёр” і ладзіць яму change regime неяк не зусім адпаведна самай ідэі партнёрства. Новае кіраўніцтва ЗША таксама менш, чым адміністрацыя Джорджа Буша, схільнае рабіць вялікія стаўкі на стратэгію change regime”.
У выніку кандыдатаў будзе шмат, прагназуе Юрый Дракахруст: “Але селектарам тут на першым этапе выбарчай кампаніі стане здольнасць камандаў набраць належную колькасць подпісаў. Прыгадаем, што на этапе рэгістрацыі ініцыятыўных груп у 2006 годзе панавала квітнеючая разнастайнасць, іх было, здаецца, сем. Ну а потым вельмі просты механізм пакінуў чатырох. Не выключаю, што і на наступных выбарах будзе нешта падобнае”.
“Адзіны кандыдат – ідэальная схема, каб стварыць чорна-белую сітуацыю на электаральным полі”, - кажа іншы палітолаг Алесь Лагвінец.
Але, на ягоную думку, ёсць два фактары якія, хутчэй за ўсё, не дазволяць ажыццявіць гэтую схему. Першы: грамадства, на думку эксперта, стракатае, а не падзеленае на дзве часткі – яўна пралукашэнкаўскую і прыхільнікаў апазіцыі. Другі фактар: падзеленасць апазіцыі: “І няма такога лідэра, які б меў легітымнасць, параўнальную з мілінкевічавай у 2005-2006 гадах”. У інтэрв’ю “Мы” Алесь Лагвінец выказаў меркаванне, што гэтая падзеленасць ёсць датычна нават глабальных пытанняў - шляхах развіцця краіны. Эксперт мае на ўвазе, што незалежнасць за найвышэйшую каштоўнасць прызнаюць усе, але няма пэўнасці што да ступені, так бы мовіць, уздзеяння на суверэнітэт інтэграцый з Расіяй ці Еўропай.
Якім у цяперашніх варунках можа быць максімальны вынік на выбарах для апазіцыі?
“Любая выбарчая кампанія ўздымае сацыяльна-палітычны градус. Да ўсяго сёння шмат няпэўнасцяў. Напрыклад, ці здолее ўлада гарантаваць надалей дабрабыт насельніцтву?” – даводзіць эксперт.
Ад гэтага ў сваю чаргу шмат залежыць і тое, наколькі маштабнай атрымаецца мабілізацыя грамадства апазіцыяй і эфектыўным медыйнае дамінаванне кіраўніка дзяржавы.
“Але калі б выбары былі справядлівымі, то другі тур быў бы непазбежным”, - лічыць Алесь Лагвінец.
Ігнат ЧАКАЦКІ 16-07, 23:39
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме