15:02 05.02.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Антону Луцкевічу – 125! Гутарка з дасьледчыкам фэномэну Луцкевіча, крытыкам Анатолем Сiдарэвічам.

Сёньня выбітнаму беларусу Антону Луцкевічу спаўняецца 125 год. Стваральнік “Нашай Нівы”, Беларускай сацыялістычнай грамады, аўтар Трэцяй устаўной граматы БНР, старшыня ўраду БНР, пэдагог, крытык, мысьляр. Распавесьці пра Антона Луцкевіча я папрасіў найбуйнейшага дасьледчыка ягонай асобы й творчасьці крытыка Анатоля Сідарэвіча. На маё зьдзіўленьне, спадар Сідарэвіч прызначыў сустрэчу на… Кальварыйскіх могілках у Менску. І вось чаму…

А.Сідарэвіч: Гэта магіла пана Яна Баляслава Луцкевіча, капітана расійскіх войскаў, бацькі Івана й Антона Луцкевічаў. Калі ён памёр у 1895 годзе, яго пахавалі на Кальварыі. Побач – магіла дачкі пана Яна Баляслава Марыі, замужам яна мела прозьвішча Плявака. Вось тут яна ляжыць. У 1916 ці 1917 памерла пані Зоф’я Луцкевіч, маці Івана й Антона. Яна была пахавана на могілках касьцёла сьвятога Роха. Магіла не захавалася, бо могілкі зруйнавалі ды збудавалі на гэтым месцы Палац мастацтва… Марыя Плявака скончыла жыцьцё самагубствам. Я дакладна ня ведаю прычыны…

Спадар Анатоль, наколькі я ведаю, жонка Антона Луцкевіча таксама скончыла жыцьцё самагубствам?..

А.Сідарэвіч: Дакладна – 5 сакавіка 1929 года.

Ці вядома, што яе падштурхнула да гэтага?

А.Сідарэвіч: Яна – доктар-педыятр. Ня мае працы (ў архіве ёсьць яе заява з просьбай даць ёй месца), на руках двое дзяцей, муж сядзіць у турме. Выходзіць муж на волю – і яго 29 лютага 1929 года зноў пачалі судзіць. Антон Луцкевіч якраз знаходзіўся ў залі суда, дзе разглядалася яго справа, калі пані Зоф’я Абрамовіч (Луцкевіч у шлюбе) скончыла жыцьцё самагубствам.

Працягваючы тэму могілак і магілаў… У Вільні знаходзіцца сымбалічная магіла Антона Луцкевіча. Ідуць таксама спрэчкі пра дату ягонай сьмерці: розныя дасьледчыкі называюць тры розныя даты. Ці можаце даць пэўнасьць: дзе памёр Луцкевіч, і дзе ён пахаваны?

А.Сідарэвіч: Адна дата была для публікі. І мы шмат разоў маглі пераканацца, у прыватнасьці на прыкладзе Максіма Гарэцкага: калі ў дакумэнтах стаіць адная дата й месца сьмерці, то потым магло высьветліцца, што насамрэч ён расстраляны зусім іншага чысла ў горадзе Вязьма Смаленскай вобласьці. Пра Антона пісалася, што ён памёр у Сяміпалацінскай вобласьці ў 1946 годзе ў Казахстане. Гэта для публікі, для сваякоў, для даверлівых людзей. Але па ўсіх законах справаводзтва, калі чалавека арыштавалі ў Вільні, дык справа на яго вярталася ў Вільню, у тамтэйшы адзьдзел дзяржаўнай бясьпекі. І там жа заводзілася назіральная справа. Вось у назіральнай справе, пад грыфам”сакрэтна” ляжыць сапраўдная даведка аб сапраўдным месцы й даце сьмерці. Такая даведка захоўваецца таксама ва ўпраўленьні ГБ Саратаўскай вобласьці. І сваячка, унучатая пляменьніца Антона Луцкевіча, у адпаведнасьці з расейскімі законамі, атрымала доступ да гэтых дакумэнтаў. Таму мы веадем дакладна: Антон Луцкевіч памёр 23 сакавіка 1942 года на перасыльным пункце ў горадзе Аткарску.

Ці там жа знаходзіцца ягоная магіла?

А.Сідарэвіч: Яго пахавалі на гарадзкіх камунальных могілках. Я нават ведаю дакладна, хто закопаў – па іроніі лёсу гэта быў чалавек з прозьвішчам Чарвякоў… Ёсьць акт аб пахаваньні. Але ж гэта магіла зэка – ніхто помніка ня ставіў… Паставілі драўляны слупочак з нумарам, з часам слупочак згніў… Можа, на гэта месца зноў каго пахавалі… Па хрысьціянскіх правілах варта было б зямлю з аткарскіх могілак прывезьці на сымбалічную магілу Луцкевіча ў Вільню.

Вы, як буйны дасьледчык асобы й творчасьці Антона Луцкевіча, што новага адкрылі для сябе ў ягонай асобе?

А.Сідарэвіч: Тое, што называецца самаахвярнасьцю. Луцкевіч, як і ягоны брат, мог добра ўладкавацца ў жыцьці зь яго талентамі. Прыстасавацца да ўмоваў польскага рэжыму. Але ў 1931 годзе яго звальняюць з працы ў Віленскай беларускай гімназіі “з-за недахопу кваліфікацыі”. Недахоп кваліфікацыі заключаецца ў тым, што Антон Луцкевіч ня скончыў польскую сярэднюю школу. Яму трэба здаць іспыты па польскай мове ды літаратуры (гэта ён ведаў выдатна), а таксама па польскай гісторыі й польскай геаграфіі. І вось уявіце сабе, што Антон Луцкевіч павінен быў бы расказваць, што “Гродно і Вільно то сон място чісто польске, то сон Кресы всходне”. Антон Луцкевіч не пайшоў здаваць гэты іспыт. Ён мусіў перабрацца са сваёй кватэры на Віленскай вуліцы,33 на іншую вуліцу – Піўную.

Аднапакаёвая кватэрка, з двума сынамі… Як сьведчыць Ян Станкевіч, з 1933 па 1939 год Антон практычна галадаў. У яго былі выпадковыя літаратурныя заробкі, нешта плацілі як дырэктару Беларускага музэю…

Ці можаце вы коратка пералічыць асноўныя дасягненьні Антона Луцкевіча?

А.Сідарэвіч: Заснаваньне газэты “Наша Ніва”, безь якой не было б Беларусі ў цяперашнім разуменьні. Безь якой не было б Янкі Купалы ды Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага й Ядвігіна Ш., Вацлава Ластоўскага й Зьмітрака Бядулі… Таксама – 25 сакавіка 1918 года…

Антон Луцкевіч быў аўтарам Трэцяй устаўной граматы БНР?..

А.Сідарэвіч:Так, гэта гістарычны факт. Таксама ён стварыў Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ), якая выхавала як дзеячоў БНР, гэтак і дзеячоў БССР. Не было б ані БНР, ані БССР! Зьвярніце ўвагу, якія гэта былі таленавітыя людзі: адначасова публіцысты, пісьменьнікі, пэдагогі, а разам з тым – міністры БНР і народныя камісары БССР.

Як вы сёньня адзначыце 125-годзьдзе Луцкевіча?

А.Сідарэвіч: Мне патэлефанавалі прадстаўнікі нашай партыйнай моладзі (Анатоль Сідарэвіч зьяўляецца намесьнікам старшыні БСДП “Грамада” – аўт.) й сказалі, што яны ладзяць вечарыну на офісе БНФ. Запрасілі мяне на гэтую вечарыну. Вось так і адзначу…   

Сёньня Беларусь адзначае 125-годзьдзе свайго выбітнага сына – Антона Луцкевіча. Мы гутарылі з дасьледнікам творчасьці Луцкевіча крытыкам Анатолем Сідарэвічам.

Арцём Багданаў, Менск 29.01.2009
Фота аўтара.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме