10:00 18.11.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Анатоль Сідарэвіч: палякі самі камунізавалі Браніслава Тарашкевіча
Літаратуразнавец і гісторык Анатоль Сідарэвіч, камэнтуючы перайменаваньне вуліцы і ліцэю імя Тарашкевіча ў Польшчы, назваў працяг кампаніі перайменаваньня нацыянальнаю хваробаю Польшчы.
«Гэта польскі антыкамунізм. У іх цяпер такая нацыянальная хвароба ёсьць — антыкамунізм. Палякі разабраліся са сваімі камуністамі — Берутам, Гамулкам, Герэкам, Ярузэльскім — і цяпер дабраліся да нашых камуністаў. А сваю віну ў тым, што Тарашкевіч стаў камуністам, палякі не прызнаюць. Самае ж вялікае злачынства міжваенных польскіх урадаў перад беларусамі ў тым, што яны камунізавалі заходніх беларусаў! Гэта яшчэ ў 1919 годзе адзначыў у сваім дзёньніку Антон Луцкевіч.
Браніслаў Тарашкевіч быў выхаваны ў польскай культуры зь дзяцінства. Ён свабодна валодаў польскай мовай, яшчэ ў гімназіі вучыўся з будучымі дзеячамі міжваеннай Польскай рэспублікі, сябраваў з многімі.
Палітыкам ён быў слабым — наіўным і даверлівым, доўга верыў польскім абяцанкам у дачыненьні да Беларусі: вось прызнаюць незалежнасьць, вось прызнаюць аўтаномію, дадуць шырокія культурныя правы, дазволяць сетку асьветніцкіх установаў... Калі палякі ўвялі закон аб мовах у школах у 1925 годзе, закон аб асадніцтве, іншыя — гэта ўсё прывяло Тарашкевіча ў камуністычную партыю Заходняй Беларусі. Дарэчы, ён не прасіўся, нават сам не ўступаў у партыю — яго туды запіхалі. Адам Славінскі, між іншым, паляк, дзяяч камуністычнай партыі Беларусі (імем якога названая вуліца ў Менску), паведаміў Тарашкевічу, што ён прыняты ў камуністычную партыю. А сам Тарашкевіч заяву ў партыю не пісаў. Бальшавікам было выгадна мець у партыі і Браніслава Тарашкевіча, і Пятра Мятлу, і Сымона Рака-Міхайлоўскага, і Радаслава Астроўскага, і яны самі запісалі гэтых людзей у сваю партыю. Тарашкевіч ня меў сілы волі сказаць „не“. А потым зразумеў, куды трапіў...
Так што, паўтаруся, гэта польская антыкамуністычная хвароба».
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме