13:01 29.09.2016 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Анатоль Сідарэвіч: Штрыхі да біяграфіі Аркадзя Смоліча
ЧЭРВЕНЬ 1930 – КРАСАВІК 1931
Штрыхі да біяграфіі Аркадзя Смоліча
Пяць гадоў таму артыкулу да 120-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Смоліча я даў загаловак “Маштаб асобы”. З таго часу мне давялося нямала прачытаць і перачытаць, каб яшчэ пераканацца, што за чалавека мела Беларусь ў асобе гэтага сацыял-дэмакрата, навукоўца і дзяржаўнага дзеяча.
Старшыня нелегальнай Мінскай гарадской арганізацыі Беларускай Сацыялістычнай Грамады, сябар Максіма Багдановіча, ініцыятар правядзення З’езду беларускіх арганізацый 25–26 сакавіка 1917 г., аўтар праграмы БСГ 1917 г., намеснік старшыні, а потым і фактычны кіраўнік партыі, аўтар даклада на гістарычным пасяджэнні Рады БНР 24–25 сакавіка 1918 г., народны сакратар асветы ў першым урадзе БНР, віцэ-прэм’ер у кабінеце Антона Луцкевіча, аўтар папулярнага выкладу праграмы Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, першы старшыня Таварыства беларускай школы ў Заходняй Беларусі, першы беларускі прафесар геаграфіі ў БДУ, намеснік старшыні Інстытута беларускай культуры (ІБК) і рэдактар яго шматлікіх выданняў, заснавальнік краязнаўчага руху ў БССР і першы кіраўнік Цэнтральнага Бюро краязнаўства, чалавек, які (разам з Язэпам Дылам) паспяхова распрацаваў праект адміністрацыйнага падзелу БССР, ініцыятар выдання часопісаў “Плуг” і “Наш Край”, арганізатар першай глебазнаўчай канферэнцыі ў БССР, ініцыятар стварэння Беларускага навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі (прапаноўваў стварыць таксама Інстытут прамысловасці, але ідэя не атрымала падтрымку кіраўнікоў рэспублікі), адзін з распрацоўшчыкаў праекту статута Беларускай акадэміі навук…
І разам з тым аўтар класічнай “Геаграфіі Беларусі” (1919, 1922, 1923, 1993) ды яе “рэінкарнацыі” – не менш ёмістага “Кароткага курсу геаграфіі Беларусі” (1925), кніг, якія ў рэшце рэшт былі забаронены ў чатырох краінах: у Латвіі, Літве, Польшчы і Савецкім Саюзе. І аўтар прац у галіне ландшафтазнаўства, картаграфіі, эканамічнай геаграфіі, эканомікі ды арганізацыі сельскай гаспадаркі. Паказальны факт: у 2001 г. акадэмік Пётр Нікіценка і гісторык эканамічнай думкі Беларусі Віталь Бусько выдалі кніжку пра першых акадэмікаў-эканамістаў нашай краіны. І хоць Смоліч не быў уганараваны званнем правадзейнага члена БАН, аўтары палічылі патрэбным змясціць у кніжцы асобны артыкул пра яго: заслужыў і як навуковец, і як арганізатар навукі.
У 1930-м настаў Смолічаў зорны час. 9 мая яго працы “Размяшчэнне насельніцтва на тэрыторыі БССР” і “Сельскагаспадарчыя раёны Беларускае Савецкае Сацыялістычнае Рэспублікі” былі адзначаны Малым залатым медалём Дзяржаўнага рускага геаграфічнага таварыства. У 1930-м пачынаецца ўзыходжанне Смоліча на галгофу. Ліст старшыні Геаграфічнага таварыства Юлія Шакальскага з паведамленнем пра ўзнагароду прыйшоў у БДУ 24 чэрвеня, а 27 чэрвеня прафесара Смоліча арыштавалі.
ПРАДВЫРАШАНАСЦЬ
Аркадзь Смолічбыў надта прыкметнаю постаццю ў беларускім руху, каб не трапіць “на заметку” дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (ДПУ). Выдадзены ў 1923 г. акт аб амністыі дзеячаў БНР быў разлічаны на наіўных і даверлівых людзей. Мэтаю гэтага акту было завабіць у СССР як мага больш тых дзеячаў вызвольнага руху, каб потым, калі праб’е “час ікс”, учыніць з імі расправу. На такую думку наводзіць хоць бы “Спіс удзельнікаў беларускага нацыяналістычнага руху (1917–1924 гг.)”. У гэты спіс, складзены ў самы разгар “беларусізацыі”, унесена больш за 800 імёнаў – дэлегатаў ІІІ з’езду БСГ, Усебеларускага З’езду, сябраў Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады, Рады БНР, іншых нацыянальных беларускіх інстытуцыяў. У спіс трапілі і тыя, хто стаў на бок савецкай улады ды заняў даволі значныя пасады ў яе органах і ў бальшавіцкай партыі. Гэта і яшчэ жывыя Зміцер Жылуновіч, Аляксандр Чарвякоў, Усевалад Ігнатоўскі ды іншыя, і ўжо нябожчыкі Язэп Лагун, Алесь Бурбіс ды Сцяпан Булат. Быў у гэтым расстрэльным спісе і без пяці хвілін камуніст Браніслаў Тарашкевіч, які ўзначаліць Сялянска-Работніцкую Грамаду ў Заходняй Беларусі.
Тут трэба зрабіць агаворку. Смоліч пераехаў з Вільні ў Менск яшчэ да амністыі – у 1922 г. Гэты сюжэт (прычыны і абставіны пераезду) яшчэ патрабуе вывучэння, а тут варта адзначыць, што Смоліч зрабіў у БССР дастаткова паспяховую кар’еру.
Некалі я спрабаваў адказаць на пытанне: чаму ж Смоліч – намеснік Ігнатоўскага ў ІБК – нестаў акадэмікам? І тлумачыў гэта не зусім прыязным стаўленнем да яго Ігнатоўскага. Цяпер можна ўпэўнена сказаць, што такая на тое меліся і палітыка-ідэалагічныя прычыны. Пад Смоліча пачалі “капаць” за 2 гады да арышту. Калі крытыку яго “Кароткага курсу геаграфіі Беларусі” першым сакратаром ЦК КП(б)Б Аляксандрам Крыніцкім можна лічыць эпізодам, дык крытыка ягонай працы “Арганізацыя сялянскай гаспадаркі ў раёнах Цэнтральнай Беларусі” (1926) была ўчэпістая. У 5-м нумары часопіса “Бальшавік Беларусі” за 1928 г. з’явілася ананімная разгромная рэцэнзія. На рэцэнзію А. Смоліч адказаў лістом у рэдакцыю. Публікуючы яго ў 8-м нумары, рэдактары “Бальшавіка Беларусі” змясцілі ў тым самым нумары артыкул “Яшчэ раз аб тэарэтычнай і метадалагічнай блытаніне А. Смоліча”, падпісаны крыптанімам N.
Хто аўтары рэцэнзіі і артыкула, высветлілася ў 1930 г., калі ў свет выйшла кніга Сцяпана Маргелава “Супроць беларускае кандрацьеўшчыны”. У гэтай кніжцы змешчаны і рэцэнзія (пад загалоўкам “Беларускі неанароднік”), і артыкулаб тэарэтычнай і метадалагічнай блытаніне А. Смоліча.
Як бачым, у 1928-м, перад пераўтварэннем ІБК у Акадэмію навук, Смолічу было выстаўленыя сур’ёзныя абвінавачанні ў неанародніцтве і кандрацьеўшчыне. Гэта цяпер тэарэтык новай эканамічнай палітыкі (нэпа) Мікалай Кандрацьеў шануецца ў Расіі і Беларусі як аўтар тэорыі вялікіх цыклаў, а тады – у канцы 1920-х – быць аднадумцам ці паслядоўнікам Кандрацьева стала небяспечна, бо ў красавіку 1928 г. гэты навуковец быў зняты з пасады дырэктара Кан’юнктурнага інстытута пры народным камісарыяце фінансаў СССР. Сталінцы паступова і напорыста праводзілі палітыку згортвання нэпа і пераходу да калектывізацыі і паскоранай індустрыялізацыі. Лёс Смоліча як аднаго з тэрарэтыкаў новай эканамічнай палітыкі ў БССР быў прадвырашаны.
“ЁН ВЕЛЬМІ КЕПСКА ЗАРЭКАМЕНДАВАЎ СЯБЕ”, або ГАВАРКІ ІВАН КРАСКОЎСКІ
Доўгі час я шукаў адказ на пытанне: чаму бальшавікі дазволілі Івану Краскоўскаму выехаць да дачкі ў Чэхаславакію? Краскоўскі, ветэран беларускага і ўкраінскага руху, намеснік Валадзіміра Віннічэнкі ў міністэрстве ўнутраных, а потым Дмытра Дарашэнкі ў міністэрстве замежных спраў Украіны, пасол Украіны ў Грузіі, дырэктар Дзвінскай беларускай гімназіі, член прэзідыума Дзяржаўнай планавай камісіі (Дзяржплана) БССР, дацэнт БДУ, таксама быў арыштаваны ў 1930-м. У Маскве, куды ён быў пераведзены на працу ў Дзяржплане СССР. Праўда, даведнікі кажуць, што арыштавалі яго ў канцы 1930-га, а паказанні ён пачаў даваць у ліпені.
Наагул, у біяграфіі Краскоўскага шмат што патрабуе тлумачэнняў. Чаму ён, не вельмі лаяльны да БНР актыўны ўдзельнік украінскага дзяржаўнага будаўніцтва, пераехаў у Вільню і зноў далучыўся да беларускага руху? Чаму такія ўплывовыя людзі, як Пятлюра, Віннічэнка ці Дарашэнка не прыгрэлі яго ва украінскіх эмігранцкіх структурах?
Нехта яшчэ дасць адказы на гэтыя пытанні, а пакуль што мы канстатуем наступныя факты. Калі арыштаванаму Смолічу, як ён пісаў ва ўласнаручных паказаннях, пра існаванне антысавецкай нацыянал-дэмакратычнай арганізацыі стала вядома ад следчага ДПУ, дык былы сябар Цэнтральнага Бюро БСГ Краскоўскі 11 ліпеня 1930 г. паведамляў следчаму, што арганізацыя называлася “Саюз вызвалення Беларусі” (СВБ), што ў склад кіруючага цэнтру ўваходзіў, акрамя яго, шэраг вядомых нацдэмакратаў, што арганізацыя ахоплівала некалькі соцень чалавек. Паводле Краскоўскага, філіялы арганізацыі меліся ў Віцебску, Горках, Магілёве, Гомелі ды іншых гарадах. У арганізацыі, сцвярджаў Краскоўскі, назіраліся паланафільскія настроі.
Пазней Краскоўскі канкрэтызаваў свае паказанні і паведамляў, што ў склад кіруючага цэнтру СВБ уваходзілі ён сам, Вацлаў Ластоўскі, Сцяпан Некрашэвіч, Аркадзь Смоліч, Язэп Лёсік, Аляксандар Цвікевіч і доктар Павел Трамповіч. Ластоўскі ведаў агульнапалітычнымі пытаннямі і працай сярод сябраў СВБ, якія знаходзіліся ў БАН. Некрашэвіч вёў працу і ў БАН, і ў БДУ, і ў навуковых установах, і сярод краязнаўцаў. (У працы з краязнаўцамі яму дапамагаў сакратар рэдакцыі часопіса “Наш Край” Мікалай Каспяровіч.) СамКраскоўскі разам з былым настаўнікам Віленскай беларускай гімназіі, тэатральным дзеячам Мікалаем Красінскім працаваў сярод работнікаў мастацтваў. Сярод медыкаў і чамусьці грамадазнаўцаў ды гісторыкаў працу вёў Трамповіч. За ідэалагічную ж працу, паводле Краскоўскага, у СВБ адказвалі Лёсік (стварэнне літаратуры нацыянал-дэмакратычнага накірунку) і Цвікевіч (распрацоўка нацдэмаўскай ідэалогіі і платформы).
У яшчэ адным пратаколе Краскоўскі расказваў пра перадгісторыю СВБ. З яго паказанняў вынікала, што “прыкладна ў 1922 годзе” быў створаны “Саюз адраджэння Беларусі” (САБ), які ахопліваў беларускія арганізацыі і беларускіх дзеячаў Літвы, Латвіі, Польшчы (Заходняй Беларусі) і Чэхаславакіі. Агульнае кіраўніцтва САБ было ў руках старшыні Рады БНР Пётры Крачэўскага, а ў склад замежнага цэнтру САБ уваходзілі, акрамя Крачэўскага, Антон Луцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч (“капаюць” бальшавікі пад таварыша па партыі), Вацлаў Ластоўскі, Аляксандр Цвікевіч, Канстанцін Езавітаў і ён, Краскоўскі.
Я апускаю тут падрабязнасці наконт структуры САБ, але звяртаю на тое, што ў “цэнтры” гэтай выдуманай арганізацыі спалучана неспалучальнае. Ніяк не магу ўявіць Ластоўскага ў адной кампаніі з Крачэўскім і Луцкевічам. На такія камбінацыі былі здольныя толькі сталінскія “органы”, якія, напрыклад, пасадзілі на адну лаву падсудных калектывізатара-сталінца Якава Якаўлева і праціўніка сталінскай калектывізацыі Мікалая Бухарына.
Відавочна, што Краскоўскі, пайшоўшы на супрацоўніцтва са следствам, даваў патрэбныя яму паказанні, а потым тыя паказанні прад’яўляліся іншым падследным, у тым ліку Смолічу. На такую думку мяне наводзяць словы “ён вельмі кепска зарэкамендаваў сябе”, якія аб Краскоўскім напісаў ягоны вучань і фігурант справы СВБ гісторык Мікалай Улашчык. Шкада, што я не ведаў пра паказанні Краскоўскага на пачатку 1980-х, калі мог размаўляць з Мікалаем Мікалаевічам. Я б пра многае распытаў яго. Гэта ў паказаннях Краскоўскага Улашчык названы адказным за працу СВБ сярод моладзі, перш-наперш студэнцтва. Улашчык нібыта прадстаўляў у СВБ кіруючы цэнтр моладзі, якая ўваходзіла ў гэтую арганізацыю.
ПРАПАНОВЫ КРАСКОЎСКАГА
Гэта толькі гіпотэза, падазрэнне, але пэўныя эпізоды з біяграфіі Краскоўскага наводзяць мяне на думку, што для “органаў” ён быў сваім чалавекам.
Трапіўшы за краты, Смоліч даведаўся, што ён з’яўляецца не толькі сябрам, але і адным з кіраўнікоў СВБ. Трэба думаць, што гэтую навіну прафесару паведамілі са спасылкай на дацэнта Краскоўскага, а магчыма і пасля вочнай стаўкі з ім. І Смоліч прызнаецца следству: “Прапанову “ствараць арганізацыю” я чуў разы тры ад І. І. Краскоўскага”.
Краскоўскі пераехаў з Прагі ў Менск у першай палавіне ліпеня 1925 г. У сталіцу БССР ён адправіўся ў якасці разведчыка. Ад таго, як яго прымуць, пэўна, залежала, ці самараспусціцца ўрад БНР і ці пераедуць сябры кабінета ў Менск. Краскоўскага прынялі хораша. Яго жонка неўзабаве напісала ліст дачцэ, якая засталася ў Чэхаславакіі. Ліст той, як сведчыў Уладзімір Жылка, быў “вельмі ружовы”. І вось рээмігрант Краскоўскі прапануе Смолічу “ствараць арганізацыю”. Прапануе настойліва, не раз. Калі былі зробленыя тыя прапановы, Смоліч не ўдакладняе. Жывучы не першы год у БССР, ён добра ведае тое, пра што ў 1927-м напісаў паэт:
Ходзім мы пад месяцам высокім,
А яшчэ – пад ДПУ.
І Смоліч, які ведаў, што такое палітычныя правакацыі і правакатары, на прапановы Краскоўскага не рэагаваў. Следству ён заявіць:“Узнікла такая [арганізацыя, СВБ] ці не ўзнікла, я не бяруся сцвярджаць”. Відаць, следчага такі адказ не задавальняў, і Смоліч піша: “…можна думаць, што Краскоўскі, пасля няўдалых спробаў прыцягнуць мяне да гэтай справы (а можа і раней) знайшоў усё ж сабе аднадумцаў…” І тут жа, каб не ўзвальваць віну на Краскоўскага, робіць агаворку: “Можа быць, такую працу правёў хто-небудзь іншы…”.
Як бачым, Смоліч адмаўляе сваё сяброўства ў СВБ і не ідзе на поўнае супрацоўніцтва са следствам. У тых умовах, калі пра пра адвакатаў на допытах і цывілізаваныя юрыдычныя працэдуры нельга было і думаць, падследнаму нічога не заставалася, як лавіраваць і бараніць сябе такім чынам. Чалавек, які прайшоў праз царскую жандармерыю, Смоліч яшчэ не ведаў, што ў новых “гаспадароў” сківіцы бульдога: учапіўшыся, яны ўжо не адстануць ад чалавека, і калі не зламаюць яго псіхіку, дык давядуць да такога стану, што ён падпіша самы страшны і самы абсурдны самаагавор (знакаміты тунэль ад Бамбея да Лондана на такая ўжо і гіпербала).
ЖОРСТКІЯ АБВІНАВАЧАННІ
З паказанняў Краскоўскага вынікала, што на Смоліча ў СВБ была ўскладзена праца “па лініі сельскагаспадарчага сектару” (НДІ сельскай і лясной гаспадаркі, яго доследныя станцыі, сельгасакадэмія ў Горках ды інш. установы). Гэтую працу Смоліч, паведамляў Краскоўскі, Смоліч вёў разам з кааператарам і былым кіраўніком Беларускага нацыянальнага камісарыяту ў Адэсе Аўсеем Трафімавым.
У адпаведнасці з дырэктывамі цэнтру СВБ Смоліч у сваёй практычнай арганізацыйнай працы павінен быў захапіць ў свае рукі ўплыў у апараце народнага камісарыяту земляробства (НКЗ) БССР і праводзіць ідэі хутарской сістэмы гаспадаркі, якая ў сваю чаргу заснавана на ідэі ўмацавання гаспадарчай магутнасці моцнага сялянства.
Як вядома, стварэнне ў БССР хутароў і малых пасёлкаў было афіцыйным курсам кампартыі і ўраду ў перыяд нэпа. Вядома таксама, што партыя памыляцца не можа. Таму ў канцы 1920-х, калі “генеральная лінія” рэзка хіснулася налева, вінаватым за хутарызацыю абвясцілі наркама земляробства Дзмітрыя Прышчэпава. Аднак з часам выявілася, што ў Прышчэпава былі “натхніцелі”. “Натхніцелямі” нехта Г. Арцямкоў у часопісе “Сацыялістычнае будаўніцтва” назваў Смоліча, акадэміка Гаўрылу Гарэцкага ды прафесара Івана Кіслякова. Пра уплыў Смоліча, Гарэцкага і Кіслякова на Прышчэпава пісаў у “Бальшавіку Беларусі” і нехта Г. Бондар.
Уздзейнічаючы на Прышчэпава, Смоліч, як мы ведаем з паказанняў Краскоўскага, узначальваў адначасова сельгассектар СВБ. А ў СВБ ўваходзіла “Сялянская суполка”, якая працавала ў цеснай звязцы з сельгассектарам. Задачай суполкі было практычнае супрацьдзеянне калгаснаму руху шляхам аб’яднання антыкалгасных элементаў і падрыву калгасаў знутры. “Сялянская суполка”, казаў Краскоўскі, мела свае гурткі ў Менскай, Віцебскай, Аршанскай і Полацкай акругах.
З паказанняў Краскоўскага і артыкулаў Арцямкова і Бондара вынікала, што Смоліч быў ці не цэнтральнай постаццю ў антыкалгасным руху. Аднак гэта яшчэ не ўся яго віна перад бальшавіцкай уладай.
Калі некаторыя нашы сучасныя дзеячы любяць пакпіць з БНР, то бальшавікі ставіліся да яе з усёй сур’ёзнасцю. “Здань” БНР не давала ім спакою. І таму не выпадкова Краскоўскі ў сваіх паказаннях апавядае пра тое, што на адной з нарадаў цэнтру СВБ стаяла пытанне аб размеркаванні роляў у будучым урадзе Беларускай Народнай Рэспублікі, які прыйдзе на змену бальшавіцкаму. Луцкевічу і Ластоўскаму мерквалася аддаць кіруючыя пасады (прэзідэнта і прэм’ера), Краскоўскаму – народны сакратарыят асветы, Трамповічу – аховы здароўя, Лёсіку – унутраных спраў, а Цвікевічу – замежных спраў. Нехта выказаўся за тое, каб прыцягнуць ва ўрад у якасці кіраўніка вайсковых спраў генерала Станіслава Булак-Балаховіча, але прапанова сустрэла супраціў з боку большасці сябраў цэнтру СВБ. Смолічу ў будучым урадзе БНР быў прадугледжаны партфель народнага камісара сельскай гаспадаркі.
Гэтыя паказанні Краскоўкага старшыня Савета Народных Камісараў БССР Мікалай Галадзед агучыў у снежні 1930-га на сесіі Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта рэспублікі.
СЕТКА АНТЫСАВЕЦКІХ АРГАНІЗАЦЫЙ
Тэрор – запалохванне рэальных і патэнцыйных апанентаў бальшавіцкай улады – не спыняўся ні на адзін дзень. Нават у гады нэпа, пасля Вялікага тэрору 1918–1921 гг. У гады нэпа знізілся яго інтэнсіўнасць. З канца 1920-х гг. СССР пачалося 10-годдзе інтэнсіўнага тэрору, якое пазначана дзвюма новымі хвалямі Вялікага тэрору: 1930–1931 (калектывізацыя, ліквідацыя сялянства і стварэнне класа калгаснага сялянства) і 1937–1938 (кардынальнае знішчэнне палітычнай апазіцыі, іншадумства, у тым ліку ў бальшавіцкай партыі, генеральная ратацыя кіруючых кадраў).
У канцы 1920-х – пачатку 1930-х у СССР (паралельна са стварэннем класа калгаснікаў) адбывалася стварэнне новай, савецкай інтэлігенцыі, якая ад інтэлігенцыі папярэдняга часу адрознівалася поўнай залежнасцю і поўным паслушэнствам палітычнай ўладзе.
Мэце стварэння савецкай інтэлігенцыі былі падпарадкаваны некалькі гучных спраў. Першая з іх Акадэмічная справа, або справа Акадэміі. Галоўнымі фігурантамі гэтае справы сталі вядомыя гісторыкі Сяргей Платонаў, Яўгеній Тарле і Мацей Любаўскі (апошні плённа даследаваў гісторыю ВКЛ). Праходзіў па гэтай справе і першы рэктар БДУ акадэмік Уладзімір Пічэта. Узяўшыся за гуманітарыяў, бальшавікі не маглі не ўзяцца і за тэхнічную інтэлігенцыю. У лістападзе і снежні 1930-га адбыўся судовы працэс у справе так званай Прампартыі. На лаву падсудных трапілі інжынеры і навукоўцы, якіх бальшавікі вінавацілі ў шкодніцтве ў прамыловасці і на транспарце. Паралельна раскручвалася справа так званай Працоўнай сялянскай партыі (ПСП). Галоўнымі фігурантамі сталі вучоныя ў галіне арганізацыі і эканомікі сельскай гаспадаркі: ужо ўспомнены тут Мікалай Кандрацьеў і Аляксандр Чаянаў (настаўнік акадэміка Г. Гарэцкага). Праходзіў у гэтай справе і настаўнік Смоліча прафесар Аляксандр Чалінцаў, вядомы як заснавальнік арганізацыйна-вытворчай школы ў аграрнай навуцы, папярэднік Чаянава. У Расіі і ва Украіне пад каток тэрору трапілі сотні аграномаў, эканамістаў істатыстыкаў (бальшавікі стваралі і новую навуку статыстыкі). З Прампартыяй і ПСП, паводле ДПУ, было цесна звязаныя былыя сябры Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, у якіх нібыта мелася Саюзнае бюро меншавікоў.
Спецыфічнаю была справа выдуманага Саюзу вызвалення Украіны (СВУ), бо тут тэрор ажыццяўляўся ў дачыненні да нацыянальнай (не расійскай) інтэлігенцыі. У сетку ДПУ трапіла 474 украінскія інтэлігенты, 15-ці з іх быў вынесены смяротны прысуд. Галоўным падсудным у гэтай справе стаў акадэмік Сяргей Яфрэмаў (прозвішча Яфрэмаў за царскім часам было дадзена украінцам Ахрыменкам).
Справу так званага Саюза вызвалення Беларусі трэба разглядаць у гэтым кантэксце. Месца беларускай інтэлігенцыі павінна была заняць беларуская савецкая інтэлігенцыя, якая залежыць ад палітычнай улады і паслухмяная ёй.
СУВЯЗІ З УКРАІНАЙ, ПІЦЕРАМ І МАСКВОЮ
Натуральна, што СВБ “не мог не мець” сувязаў з дзеячамі СВУ. Не адзін раз згаданы тут Краскоўскі паведамляў, што цэнтр СВБ накіраваў ва Украіну гісторыка і краязнаўцу Аляксандра Шлюбскага, якому “было даручана разам з агульнай інфармацыяй пра нашу працу даць Яфрэмаву інфармацыю і пра арыентыровачны склад будучага ўраду [БНР]”. Арыштаванаму Шлюбскаму нічога не заставалася, як пацвердзіць: у 1928 г. Ластоўскі даў яму пакет для ўручэння акадэміку Яфрэмаву. Шлюбскі ўдакладняў: “Пры чым Ластоўскім было адзначана, што ў пакеце знаходзяцца некаторыя дакументы і ў прыватнасці праект размеркавання міністэрскіх партфеляў”. Чытаеш такое і думаеш: кепскі канспіратар гэты Ластоўскі!..
Былі ў нацдэмаў і сувязі з піцерскімі акадэмікамі. Што тычыцца акадэмікаў, то ў бальшавікоў Беларусі быў адзін даўні клопат – як расправіцца з ганаровым старшынёй Усебеларускага З’езду і ганаровым старшынёй Рады БНР Яўхімам Карскім. Дзякуючы Краскоўскаму ім амаль удалося падвесці Карскага пад суд. Краскоўскі, як заявіў Галадзед на сесіі ЦВК БССР, паведаміў следству наступнае: “Не памятаю дакладна, але ў 1925–26 годзе Некрашэвіч ездзіў у Ленінград, бачыўся там з акадэмікам Карскім і інш., у прыватнасці, здаецца, з Платонавым”. “Здаецца” – тут лішняе слова, бо далей Краскоўскі без сумненняў апавядае пра сустрэчу Некрашэвіча з Платонавым як пра адбыты факт. Некрашэвіч, паводле Краскоўскага, інфармаваў Карскага і Платонава “аб палітычным становішчы ў БССР і аб той нацыянал-дэмакратычнай працы, якая намі тады вялася…. Яны, у сваю чаргу, інфармавалі аб становішчы ў Акадэміі Навук Саюза ССР у сувязі з перавыбараміі аб той антысавецкай рабоце, якая вялася ў Акадэміі Навук. Агульны сэнс інфармацыі Некрашэвіча зводзіўся да таго, што Карскі, Платонаў ды інш. вялі работу па кансалідацыі антысавецкіх элементаў, накіраваную на стварэнне арганізацыі. У выніку яны дамовіліся аб падтрымліванні сувязі і ўзаемнай інфармацыі”.
Паказанні Краскоўскага, агучаныя Галадзедам, былі шырока растыражаваныя. Можна думаць, што ад палітычнай расправы Карскага ўратавала яго смерць 29 красавіка 1931 г.
На той самай сесіі ЦВК Галадзед паведаміў і пра сувязь нацдэмаў з Працоўнай сялянскай партыяй. Сувязі гэтыя, сказаў ён, падтрымліваліся праз Г. Гарэцкага, Смоліча ды інш. Кім жа яшчэ, як не вучнямі маскоўскіх вучоных-аграрыяў?
І ТАКТЫЧНЫ ЦЭНТР
Калі арганізоўваўся Навукова-даследчы інстытут сельскай і лясной гаспадаркі, паўстала пытанне: хто будзе дырэктарам? Смоліч прапанаваў на гэтую пасаду Г. Гарэцкага. Дарма, што той упарціўся і хацеў прадоўжыць сваю вучобу ў Маскве.
Малады дырэктар (ён нарадзіўся ў 1900 г.) узяўся за працу шчыра, з размахам. Была арганізавана праца шэрагу навукова-даследчых станцыяў – балотнай, лясной, бульбяной, буйной рагатай жывёлы, аховы раслін… За кароткі час выйшла 10 кніг рэгулярнага выдання “Сельская і лясная гаспадарка”. Але і пад Гарэцкага пачалі “капаць”. Супрацоўнік інстытута Пётр Пінчук у 1929 г. апублікаваў у маскоўскім часопісе “На аграрном фронте” адмоўныя рэцэнзіі на кнігі Івана Кісьлякова ды Сяргея Ждановіча, выдадзеныя інстытутам. Кіслякова ён назваў неанароднікам, а Ждановіча – рэакцыянерам і кандрацьеўцам. Потым да Пінчука далучыўся вучань Гарэцкага, той самы Маргелаў, які ў 1928-м “капаў” пад Смоліча.
Г. Гарэцкага арыштавалі 24 ліпеня 1930 г. у Хосце каля Сочы, куды ён прыехаў на курорт. З Прычарнамор’я па этапу яго адправілі ў Менск. У сталіцы БССР Гарэцкі доўга не затрымаўся. Ужо 24 жніўня яго пад канвоем прывезлі на Беларускі вакзал у Маскве, а з Беларускага вакзала – на Лубянку. Там ён сустрэне сваіх настаўнікаў з Пятроўскай (Ціміразеўскай) сельскагаспадарчай акадэміі. Настаўнікі і вучань сталі фігурантамі справы ПСП.
Тым часам ДПУ БССР (пэўна, з ведама Масквы) распрацоўвала версію аб існаванні ў рэспубліцы аб’яднанага антысавецкага падполля, так званага Тактычнага цэнтру, стварэнне якога пачалося ў 1929 г. і ў які нібыта ўваходзілі прадстаўнікі СВБ і беларускіх філіяў ПСП, Прампартыі і меншавікоў. Інакш Тактычны цэнтр назыывалі Цэнтрам вызвалення Беларусі. На чале ЦК гэтай структуры чэкісты паставілі Смоліча. Атрымлівалася, што пад яго кіраўніцтвам Тактычны цэнтр рыхтаваў паўстанне супраць савецкай улады, а на нарадах абмяркоўвалася пытанне пра будучы ўрад БНР і пра тое, які статус будзе мець БНР – незалежнай дзяржавы ці аўтаноміі.
У пэўных кабінетах было вырашана далучыць да новай справы і Гарэцкага – як кіраўніка беларускай філіі ПСП. Калі яго з Масквы этапавалі ў Менск і паведамілі пра існаванне Тактычнага цэнтру, Гарэцкі заявіў, што гэта выдумкі, што такога Цэнтру не было. Тады Гарэцкаму прад’явілі паказанні фігурантаў справы з прызнаннем сваёй віны. Сярод іх былі і надрукаваныя на машынцы, але падпісаныя паказанні Смоліча. Гарэцкі запатрабаваў вочную стаўку са Смолічам, аднак у гэтым яму было адмоўлена.
Чытаючы дакумент, у якім Смоліч апавядае пра нарады з прадстаўнікамі беларускіх філіяў ПСП, Прампартыі і меншавікоў, я раблю дзве высновы. З увагі на тое, што цэнтральнаю постаццю гэтых нарад да яго ад’езду ў Маскву быў Краскоўскі, можна меркаваць, што ДПУ спачатку дамаглося патрэбных паказанняў ад Краскоўскага, а потым прад’явіла іх Смолічу. Другая ж выснова: як і многія, як і большасць тых, хто праходзіў у справе СВБ і Тактычнага цэнтру, Смоліч не вытрымаў маральна-псіхалагічнага ціску, які аказваўся на яго цягам 8 месяцаў. Не выключаю, што яго выпрабоўвалі і карцэрам, у якім нельга было ні легчы, ні сесці. Ужо тады ў арсенале гэбістаў быў так званы канвеер: следчыя змянялі адзін аднаго, і допыт мог доўжыцца суткі і болей. Калі б следства правяло вочную стаўку Смоліча і Гарэцкага, многае праяснілася б.
Застаецца пытанне, чаму справа Тактычнага цэнтру не была завершана ў судовым парадку. Смоліча судзіла калегія АДПУ СССР як сябра СВБ. Прысуд быў стандартны: 5 гадоў ссылкі. Да чарговай хвалі Вялікага тэрору заставалася шэсць гадоў.
Анатоль Сідарэвіч
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме