18:00 24.09.2020 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Анатоль Сідарэвіч: ПРА НАШУ РЭВАЛЮЦЫЮ
ПРА НАШУ РЭВАЛЮЦЫЮ
Нататкі сацыял-дэмакарата
Жыццё дабягае канца. Трэба дарабіць тое, што ніхто за мяне не зробіць. Як даследчык, я жыву цяпер у часавых рамках 1900–1919. Працую з дакументамі Беларускай
Сацыялістычнай Грамады. Вымушаны каторы раз асэнсоўваць рэвалюцыйныя падзеі пачатку ХХ стагоддзя.
Ногі ўжо “не тыя” і на дэманстрацыі я не пайшоў. А мітынгі я не люблю, бо навошта слухаць прамоўцаў, калі я і без іх ведаю, у чым і ў кім “прычына нашых краўд і бед”. І ўсё ж 15 жніўня я не стрымаўся і паехаў на развітанне з Аляксандрам Тарайкоўскім.
Мой скептыцызм, пра які я пісаў на пачатку сёлетняй выбарчай кампаніі, не прапаў.
Вярнуўшыся з мітынгу, я пагаманіў па тэлефоне з маім партыйным таварышам і ацаніў бачанае адным словам. Якім? Пра гэта будзе пазней.
На пачатку сёлетняй выбарчай кампаніі я пісаў: не бачу, за каго магу падпісацца ў час вылучэння кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Адмыслова пішу абодва словы з вялікай літары, на французскі лад, бо ў Францыі гэтае словаспалучэнне з’яўляецца ледзь не сакральным. Пасля таго, як гэты інстытут спаганены, дыскрэдытаваны, хацелася б бачыць у Беларусі сапраўды і Рэспубліку, і Прэзідэнта. Але не праглядваюцца постаці, якія б вартыя былі такога статусу. Няма Шарля дэ Голя, Жоржа Пампіду, Франсуа Мітэрана. І нават няма Жака Шырака, Нікаля Сарказі, Франсуа Алянда і Эманюэля Макрона, якія аўтарытэт гэтага інстытута абнізілі, але ўсё ж здолелі павесці за сабой большасць нацыі, большасць грамадзян. (Не забудзем, што і гэтыя паняцці народжаныя ў Францыі.)
З вуснаў і Віктара Бабарыкі, і Валерыя Цапкалы, і Святланы Ціханоўскай я не пачуў, што яны прапануюць народу (пра нацыю гаворкі няма, бо і нацыі няма). А менавіта — якую мадэль развіцця яны прапануюць. Сінгапурскую, з “дыктатурай рззвіцьця”?
Цывілізайцыйны выбар — прынцыповае пытанне. Яно фармулюецца гэтак: Еўропа ці Азіёпа? Яшчэ больш канкрэтна: вернемся мы ў Еўропу, станем мы — краіна, якая мела магдэбурскае права, не ведала людажэрчага самаўладдзя, зведала досвед Рэнесансу, Гуманізму, проста Рэфармацыі і Каталіцкай Рэфармацыі — зноў еўрапейцамі? Ці так і будзем заставацца пад рукой краіны, у якой толькі мяняюцца назвы, але сутнасць застаецца адна: агрэсіўны дэспатычны рэжым, які не дае нармальна развівацца ні свайму народу, ні народам суседніх краін?
Зрэшты, некаторыя кажуць, што такая сутнасць самога расійскага народа: не можа ён без цвёрдай рукі, без Івана Жахлівага, без галавасека Пятра, без Мікалая Крывавага (я налічыў 16 масавых расстрэлаў пры “святым” цары), без Сталіна, без Пуціна… Калі гэта так, то чым мы адрозніваемся ад усходняга суседа, 26 гадоў трываючы дыктатуру? І ці патрэбная нам Еўропа? Каму патрэбная, той можа з’ехаць, а астатнім навошта яна тут?
…Абавязковае адступленне. Я не еўрааптыміст. Мне блізкая пазіцыя французскага сацыяліста Ларана Фабіуса, які рашуча выступіў супраць ратыфікацыі складзенай у духу лібералізму Еўрапейскай канстытуцыі (і на рэферэндуме нацыя выказалася супраць ратыфікацыі). Я ведаю, як быў парушаны дэмакратычны прынцып далучэння да Еўрасаюза праз ратыфікацыю яго канстытуцыі на рэферэндумах ў паасобных краінах. І мне блізкая пазіцыя тых брытанскіх лейбарыстаў, якія выказаліся за выхад сваёй краіны з гэтага Саюзу. Мне блізкая таксама пазіцыя таварышаў з Сацыял-дэмакратычнай партыі Ісландыі, Рабочай партыі Нарвегіі і Сацыялістычнай партыі Швейцарыі, якія спрычыніліся да пабудовы Еўропы ў сваіх краінах і не спяшаюцца ў Еўрапейскі Саюз.
Як адзін з аўтараў і рэдактар праграмы Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады), у першапачатковы яе тэкст я не ўставіў пункт пра сяброўства Беларусі ў Еўрапейскім Саюзе. Ён быў устаўлены пазней і без мяне. Але свой пункт гледжання я не мяняю і кажу, што ўступленне Беларусі ў ЕС можа быць выкарыстана супраць Беларусі яе суседзямі з ЕС. Веданне гісторыі дае мне права не стамляцца і паўтараць, што па ўсім перыметры ў Беларусі няма сяброў — ёсць суседзі. Ёсць лепшыя суседзі і горшыя (наконт горшых суседзяў чытайце верш “Наша гаспадарка” Янкі Купалы). А з суседзямі трэба жыць па-суседску: вышэйшая ці ніжэйшая, шчыльнейшая ці радзейшая агароджа ды павінна быць.
…Цяпер вяртаюся да пытання пра цывілізацыйны выбар. Нават калі не ўступаць у Еўрапейскі Саюз, Беларусі, як мне думаецца, трэба мець яго як саюзніка. Саюзнік ён непаслядоўны, ненадзейны, асабліва калі мець на ўвазе немцаў з іх пуцінферштэйн і французаў з сарказі-макронаўскімі рэверансамі Крамлю. Непаслядоўныя паводзіны ЕС і ў дачыненні да лукашэнкаўскага рэжыму. Каштоўнасці дэмакратыі, клопат аб правах чалавека не заўсёды знаходзяцца на першым плане. ЕС то ўводзіць санкцыі, то здымае іх, то адклікае амбасадараў, то вяртае іх… Такая сабе школа танцаў Саламона Пляра: “две шаги налево, две шаги направо, шаг вперед и две назад”.
Паўтараю: ЕС — саюзнік ненадзейны. Але лепшага саюзніка ў Еўропе дэмакратычныя сілы Беларусі не маюць. Калі б тут былі вялікія радовішчы нафты і газу, тады, пэўна, Еўропа і ЗША інакш глядзелі б на Беларусь.
Гэта што тычыцца цывілізацыйнага выбару.
Я добра зразумеў, супраць КАГО дэманструюць дзясяткі тысячаў. А супраць ЧАГО? Супраць фальсіфікацыяў, дзікунскіх сцэнаў гвалту над безабароннымі людзьмі, судовых распраў, супраць катаванняў? Гэта выдатна. Супраць чаго яшчэ? Не чуў, што супраць прыватызацыі Беларусі, пра што добра напісаў Сямён Букчын, супраць карупцыі, супраць эксплуатацыі наёмых работнікаў... Ці мала супраць чаго яшчэ!
Пагатоў не чую і чамусьці не бачу, ЗА ШТО выходзяць людзі. Няма лозунгаў, як яны былі (і ёсць) у “старой” апазіцыі.
Тысячы людзей сабраліся каля станцыі метро Пушкінская — і ніводнага лозунгу, транспаранту. Ніводнага прамоўцы. Добра, гэта развітанне з чалавекам. Магчыма, там лозунгі і прамоўцы без патрэбы, але назаўтра выходзяць сотні тысяч і практычна ніякіх лозунгаў. Затое прапагандоны пішуць праграму за Ціханоўскую.
Я адразу выказаў скепсіс адносна новых людзей у палітыцы, якія перш-наперш кляліся, што яны — не апазіцыя.
Яны здзіўлялі сваёю наіўнасцю. Сказаў бы мацней, але не буду ўжываць тое грэцкае слова, якое ўжыў Дастаеўскі, даючы загаловак свайму раману. Было такое ўражанне, што яны не ведаюць, у якой краіне жывуць, які ў гэтай краіне рэжым. Яны быццам не чулі, не бачылі, не чыталі пра жорсткія расправы ўлады са сваімі апанентамі, пра знікненне Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара. Яны, пэўна, не чыталі, што ўладу, маёмасць і грошы не аддаюць. Яны чамусьці не ведалі, што гэтая ўлада не спыніцца ні перад чым, каб утрымаць Беларусь у сваіх руках і высмоктваць з яе сокі, асуджаючы яе на доўгія гады стагнацыі.
Між тым улада прадбачліва запраторыла за краты правадыроў вулічнага пратэсту. І з дуру, з перапуду, з прышыбееўскай сваёй натуры, мякка сказаўшы, перастарался, “переусердствовала”. У тых, хто выйшаў 9-га на вуліцы, не было правадыроў. Таму не было ніякага мітынгу, ніякай дэманстрацыі – быў натоўп, гэта значыць — стыхійная, не арганізаваная, не кіраваная гурма.
Я казаў свайму таварышу: добра было б, калі б на пратэст людзі збіраліся не ў адной мясціне – гэта стварыла б праблемы карнікам. Здаецца, так і пайшло. Але бяда ў тым, што ў розных мясцінах сталіцы, збіраліся, зноў-такі, натоўпы. Выключэнне — той момант, калі людзі пачалі будаваць барыкады. Але ўлада (ведама, не без вонкавага ўплыву) спахапілася, аслабіла ціск.
Што 15-га на развітанне з Аляксандрам Тарайкоўскім сабраўся натоўп, я ў той самы дзень сказаў свайму таварышу. Адна частка гэтага натоўпу крычала адно, другая – у той самы час – другое, і не было дружнага, адзінага голасу. Самае смешнае, што я пачуў, гэта кліч “Света, Света!”. Так і хацелся спытаць: а дзе ж тая Света?
Я прайшоў па вуліцы Прытыцкага і праспекце Пушкіна. Я ўзіраўся ў твары. Мала каму за сорак, і рэдка каму за пяцьдзясят гадоў, а такіх, як я, старых і зусім адзінкі.
Такая дэмаграфія. У сацыяльным плане гэта прэкарыят — людзі, здольныя ўтвараць часовыя асацыяцыі. Усякія прафсаюзы і партыі для іх аджылая непатрэбшчына, скоўваюць іх асабістую свабоду.
Маё пакаленне пакінула ім у спадчыну вернутыя з нябыту бел-чырвона-белы сцяг і Купалаў кліч “Жыве Беларусь!”. Больш, здаецца, нічога. Гэта амаль суздром абрусачнае пакаленне — пакаленне, якое вучылася ў школе Замяталіна і Радзькова. Але і гэтая школа, колькі яе ні падганялі пад стандарты ўлады, з задачай не справілася, бо, акрамя школы, гэтых людзей вучыла сеціва. Вось чым тлумачыцца вінегрэт у галаве: ідуць у палітыку, ва ўладу і заяўляюць, што яны не апазіцыя, што яны не такія, як тыя, каторыя ў БСДП, АГП, партыі БНФ… Яны думалі, што дастаткова ўкінуць бюлетэнь у скрыню — і справа зроблена. Яны абурыліся, калі іх падманулі. Такое ўражанне, быццам яны не ведалі, што ўлада трымаецца на хлусні, што іх абавязкова падмануць і што да гэтага трэба рыхтавацца загадзя.
…Пасля рэвалюцыйнага ўздыму наступае яго спад. Наступае рэакцыя. З’яўляецца Сталыпін ці пародыя на Сталыпіна. Законамі і асабліва законапрымяненнем робіцца ўсё, каб падагнаць прадстаўнічую ўладу пад патрэбы ўрада. Сістэма ўстаяла, ўмацавалася, прыціснула, загнала ў падполле ўсё, што ёй не падабаецца. У шэрагах рэвалюцыянераў з’явіліся капітулянты і ліквідатары. Многія падаліся ў прочкі. (Улада магла ў гэтыя жнівеньскія дні пераканацца, колькі людзей яна змусіла падацца за мяжу. А колькі яшчэ змусіць?) І ў той самы момант, калі сістэма дасягнула апагею, пачалася яе эрозія, распад. І супраць вярхоўнай улады паўсталі адфільтраваныя і, здавалася, надзейныя, дэпутаты, земствы і гарадское самакіраванне і нават генералітэт. Вялікую (Лютаўскую) рэвалюцыю зрабіў не пралетарыят, яна адыбалася “зверху”.
Вось так можна было б апісаць схему пасляжнівеньскага развіцця Беларусі, калі б я не ведаў, што ключ да вырашэння нашых праблем ляжыць у Маскве. І пакуль не пераможа рэвалюцыя ў Расіі, рэвалюцыя ў Беларусі не пераможа, бо маскоўская контррэвалюцыя абавязкова дапаможа контррэвалюцыі мінскай. Пра гэта я не раз казаў сваім таварышам сацыял-дэмакратам.
З расійскай рэвалюцыі 1989–1991 гг. найлепш скарысталі краіны Балтыі, рэспублікі Закаўказзя, Сярэдняй Азіі, Казахстан і нават Украіна з Малдовай, якім яшчэ доўга давядзецца адстойваць сваю тэрытарыяльную цэласнасць. У гэтым ланцугу самым слабым звяном аказался сама больш нашпігаваная савецкай ваеншчынай і агентурай Беларусь, у якой так і не склалася нацыя, а мелася насельніцтва.
Нацыі ў Беларусі няма і дасюль. Існы рэжым усе 26 гадоў робіць усё залежнае ад яго, каб нацыя і грамадзянская супольнасць не склаліся. Вось, бадай, галоўная прычына слабасці рэвалюцыйных сіл. У Беларусі задачы дэмакратычнай рэвалюцыі непазбежна супадаюць з задачамі рэвалюцыі нацыянальна-вызвольнай. (Чытайце, што пра ўзаемазалежнасць нацыянальнага і ўсякага іншага вызвалення пісаў Фрыдрых Энгельс.) Дзейныя рэжымы ў Беларусі і Маскве не дапусцяць у нас ні дэмакратычнай, ні нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі.
Становішча Беларусі можна умоўна параўнаць са становішчам Польшчы ў 1980-х гг. Маючы магутную “Салідарнасць”, маючы магутную незалежную Царкву, маючы на рымскім пасадзе Папу-паляка, Польшча не магла вызваліцца ад “камуны” і ад абдымкаў Масквы, пакуль Масква сама не разняла рукі. У нас няма ні падабенства “Салідарнасці”, ні магутнай незалежнай нацыянальнай Царквы. І таму нам давядзецца чакаць, калі Масква аслабіць свае абдымкі або калі Маскве будзе не да Беларусі. Нам трэба чакаць пачатак новай рэвалюцыі ў Расіі.
Калі дэмакратычная рэвалюцыя 1989–1991 гг. прывяла да распаду савецкага квазісаюза, то чарговая рэвалюцыя ў Расіі, на думку многіх расійскіх гісторыкаў і палітолагаў, будзе суправаджацца распадам квазіфедэрацыі. Вось тады і настане час нацыянальна-вызвольнай і дэмакратычнай рэвалюцыі ў Беларусі. І да яе трэба быць гатовымі.
Анатоль Сідарэвіч.
...
Тры абзацы ў дадатак.
Я, мусіць, не зграшу супраць ісціны, калі напішу, што праціўнікамі дэмакратычнай рэвалюцыі ў Расіі і, ergo, у Беларусі з’яўляюцца Еўропа і Штаты. Тэарэтычны распад Расіі, як і фактычны распад СССР, выклікае ў іх толькі адно пытанне: каму дастануцца атамныя бомбы? Таму для Еўропы і ЗША лепш, каб рэвалюцыі не было.
І яшчэ адно. Вы заўважылі, што я не ўжываю славаспалучэнне “беларуская ўлада” і да яго падобныя? Я не ўпэўнены, што ўлада ў нас — беларуская.
Я не разглядаю тут форс-мажорную сітуацыю. Усе мы пад Богам ходзім. І калі Бог пакліча яго на суд, то гэта не азначае, што рэжыму прыйдзе канец. На месца аднаго знойдзецца другі, які таксама будзе задавальняць Маскву. Іншая справа, калі Бог пакліча маскоўскага валадара...
20 жніўня 2020 г.
* * *
ПРАЗ МЕСЯЦ
Я пісаў тэкст “Пра нашу рэвалюцыю” яшчэ да таго, як Аляксей Навальны, каб абхаяць Расію і яе ўладу, схадзіў у аптэку, купіў “Навічок”, паехаў у Томск, падмяшаў той “Навічок” у гарбату і выпіў яе. А мо якраз і ў той самы час, бо паміж Томскам і Менскам розніца 4 гадзіны. Як бы там ні было, контррэвалюцыянеру Аляксандру Фядуту, які пісаў, што рэвалюцыя – гэта гвалт і кроў (вядома, з боку рэвалюцыянераў), я адправіў гэты тэкст ў 8 гадзін 40 хвілін 20 жніўня, а праз хвіліну – Андрэю Дынько.
Тое, што здарылася з Навальным, апісваецца ў марксісцкай літаратуры паняццем “прэвентыўная контррэвалюцыя”. Улада нейтралізуе або элімінуе патэнцыйных правадыроў народнага руху. Элімінацыя адбываецца або праз выдаленне за мяжу, або праз выдаленне з гэтага свету. Перш быў забіты Барыс Нямцоў, потым была ўчынена спроба забіць Аляксея Навальнага.
Я пісаў 20 жніўня, што патэнцыйных правадыроў вулічнага пратэсту ў Беларусі ўлада прадбачліва нейтралізавала. Новых лідэраў адразу не было, аднак з часам вырысавалася постаць Марыі Калеснікавай. Яе ўлада паспрабавала выдаліць за мяжу, а калі гэта не ўдалося — нейтралізавала.
У кіраўніцтва цяперашняга руху не было і, як відаць, няма дзвюх рэчаў: рэзерву кіраўнікоў (кажучы моваю партый, кадравага рэзерву) і палітычнага досведу, нават элементарнай начытанасці пра тое, як ладзіцца мірны супраціў. Але і тое мушу заўважыць, што рабіць рэвалюцыю ў Беларусі дакладна паводле чужых узораў нельга: у кожнае рэвалюцыі свая спецыфіка.
Таварышкі з БСДП абурыліся з прычыны Лукашэнкавай заявы, што Канстытуцыя Беларусі “не заточана” пад жанчыну. Усё ж часткова ён мае рацыю. Ужо каторы раз даведзена, што пры цяперашнім палітычным рэжыме жанчыне рызыкоўна ўступаць у барацьбу, бо яе волю могуць паралізаваць праз пагрозу здароўю і жыццю або дзяцей, або іншых родных. Святлана Ціханоўская, жонка зняволенага мужа і маці дваіх дзяцей, не магла супрацьстаяць пісхалагічнаму гвалту уладаў і мусіла пакінуць краіну. І ўсё ж адзначу, што сёлета беларускія жанчыны сталі сапраўднымі лідэрамі руху. І яшчэ адна заўвага: гэтыя жанчыны — не запісныя феміністкі, якія тусуюцца ў розных семінарах і бясконцых гаворках пра гендэрную роўнасць. Калі ў цябе ёсць лідэрскія задаткі, веды і сіла волі – ты станеш лідэрам. Як Сірамаво Бандаранаіке, Індзіра Гандзі, Гру Харлем Брунтлан, Маргрэт Тэтчэр, Ангела Меркель, Аун Сан Су Чжы, Цай Інвэнь… Як Святлана Ціханоўская, Маыя Калеснікава, Вераніка Цапкала.
На сёння папярэдні вынік руху – ён баіцца. Баіцца народа, таму і сваю інаўгурацыю правёў… Скажам так: камерна, прыхаваўшы ад народа дату і час. Ён баіцца фанатаў, таму цяпер футбольныя матчы праходзяць без заўзятараў. Ён баіцца школьнікаў, таму сёлета 31 жніўня не праводзіліся традыцыйныя лінейкі. Ён баіцца стадэнтаў, і хоць паабяцаў адправіць бунтароў у войска, насамрэч не адправіць, бо гэта вялікая рызыка. (У Партугаліі адпраўленыя ў войска студэнты-бунтары ўчынілі рэвалюцыю гваздзікоў.) Ён баіцца айцішнікаў…
Ягоная сацыяльная, электаральная база згарнулася, як шчыгрынавая скура. І нават на скалочаную ім уладную карпарацыю ён не можа цалкам пакласціся.
Дарэчы, панове публіцысты і палітолагі, асабліва паважаныя мною Валер Карбалевіч ды Аляксандр Класкоўскі, вам не здаецца, што вы, пішучы пра ўладную карпарацыю, неправамерна ўжываеце ў адносінах да яе слова “эліта”? Да яе хутчэй падыходзіць старое, амаль забытае паняцце “кліка”. Ва ўладзе стаяць не нашчадкі Сапегаў, Храптовічаў, Радзівілаў, Хадкевічаў, Тышкевічаў… І не тыя, хто прабіўся ва ўладныя структуры праз жорсткую канкурэнцыю ў час выбарчых кампаній ці конкурсаў на заняцце дзяржаўных пасад. І нават наменклатурай гэтую карпарацыю цяжка назваць. Тут хутчэй дзейнічаюць прынцыпы фаварытызму і асабістай адданасці. І галоўная мэта гэтае карпарацыі — утрыманне ўлады, маёмасці і фінансаў у сваіх руках за ўсякую цану. Чым не кліка?
І калі я пішу, што ён баіцца, то маю на ўвазе і тое, што ён больш за ўсё баіцца страціць уладу. Раней у яго не было праблемы утрымаць уладу. Цяпер у яго самая жахлівая праблема—страта ўлады. Бо ён ведае: як толькі ён застанецца без улады, яго на “споведзь” запатрабуюць Злучаныя Штаты (збітых аэранаўтаў памятаеце? а Злучаныя Штаты не забылі), яго на “споведзь” запатрабуе не адзін беларус. І яму нічога не застанецца, як шукаць умоўны Растоў. А каб знайсці той Растоў, яму давядзецца прадаваць беларускае фамільнае срэбра. Ведама, ён паспрабуе пагуляць са сваімі дабрадзеямі ў візантыйскія гу льні, але яго дабрадзеі самі ўмеюць гуляць у гэтыя гульні. Таму рыхтуймася, беларусы, да магчымага распродажу фамільнага срэбра.
Пасля “ён баіцца” можна канстатаваць і другое: адбылася ідэалагічная рэвалюцыя, рэвалюцыя ў галовах значнай часткі грамадзян. Калі згадаць напісанае Мікалаем Бухарыным, то за ідэалагічнай рэвалюцыяй павінна ісці палітычная. Пытанне: як хутка яна адбудзецца?
Мне ўспамінаецца адна гутарка з Янкам Брылём. Каментуючы чарговую масавую дэманстрацыю і яе разгон, Іван Антонавіч сказаў: калі на вуліцу выйдуць тысяч сто, сто пяцьдзясят рабочых, яго ніякі АМОН бараніць не будзе. Рабочы клас атамізаваны, незалежныя прафсаюзы ледзь трымаюцца пад прэсам, а лідэры афіцыйных на чале з М. Ордам — частка карпарацыі. 20 жніўня я пісаў, што на вуліцы выходзіць галоўным чынам прэкарыят. Пралетарыят, якога ён больш за ўсё баіцца, яшчэ сваё слова не сказаў. Не ведаю ці скажа. Па-мойму, для таго, каб сказаў, патрэбныя дзве ўмовы: 1) каб знайшоўся свой Лех Валэнса або 2) давесці рабочых да кіпення, калі ім ужо не будзе як трываць (тады і правадыры знойдуцца).
24 верасня 2020 г.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме