23:46 23.02.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Анатоль Сідарэвіч: ПАДСТАВЫ ДЛЯ СКЕПТЫЦЫЗМУ (ПРАГНОЗ СПРАЎДЖАВАЕЦЦА. НА ЖАЛЬ)
У другой палавіне 2008-га і цягам амаль усяго 2009-га нашы еўрааптымісты ледзь не змушалі еўраскептыкаў заторкнуцца (слова Караткевічава). З падачы сваіх еўрасюзаўскіх дабрадзеяў яны спрабавалі дурыць нам галаву пра нейкую лібералізацыю рэжыму. А нязгодных з імі вінавацілі ў дэструктыўнасці ды іншых палітычных грахох.
Прызначэнне на ключавыя пасады ў КГБ людзей без генеральскіх пагонаў, празначэнне міністрам інфармацыі Праляскоўскага, вывазы маладзёвых актывістаў за горад, ціск на настаўнікаў у Менскай вобласці з патрабаваннем выйсці з апазіцыйных партыяў, захоп Польскага дома ў Івянцы, новы наступ на неафіцыйны Саюз палякаў, абвяшчэнне Саюза беларускіх пісьменьнікаў дэструктыўнай арганізацыяй і забарона прымаць усіх, хто належыць да яго, на працу ў дзяржаўных структурах, брутальны разгон моладзі ў дзень сьвятога Валянціна, масавы хапун палякаў і беларусаў па дарозе з Івянца ў Валожын, камедыя суду ў Валожыне, расправа ў Менску з удзельнікамі акцыі салідарнасьці з палякамі, указ пра беларускі сегмент Інтэрнэту, асада ў Менску журналістаў БелСату, арышт кампутара журналісткі Марыны Коктыш...
Нішто гэтае і іншае мяне не дзівіць. Бо я не спадзяваўся на лібералізацыю рэжыму. Я заўсёды памятаў і памятаю ды іншых заклікаю памятаць словы пра гітлераўскую Нямеччыну як узор прэзідэнцкай рэспублікі, словы пра тое, што ўладу, грошы і маёмасць не аддаюць.
РЫХТУЙМАСЯ ДА ГОРШАГА
Цяпер, здаецца, і самыя тупыя зразумелі, што падчас фінансава-эканамічнага крызісу ўлада Беларусі запазычыла тактыку з казкі Аркадзя Гайдара пра мальчыша Кібальчыша. Там, калі хто помніць, ідзе бітва. І “нашы” ставяць сабе задачу “абы дзень прастаяць і ноч пратрымацца”.
Выстаяць. Выстаяць без усякіх там структурных рэформаў ды іншых прыдумак рамантыкаў рынкавай эканомікі кшталту Яраслава Раманчука
Выстаяць статакрfтыі дапамаглі і яшчэ ня раз дапамогуць ненавісная Еўропа са сваім “гнілым лібералізмам” і “жульё з МВФ”.
Еўропа ненавісная таму, што квапіцца на нашы самыя перадавыя ў свеце фабрыкі і заводы. І таму, што еўрапейскія палітыкі, якіх падціскаюць незалежнае грамадства і праваабаронцы, вымушаныя час ад часу нешта рэкнуць пра парушэнне правоў чалавека і недэмакратычнасць рэжыму.
Ненавісная Еўропа і “жульё з МВФ”, як і статакратыя, баяцца сацыяльных і палітычных забурэнняў у Беларусі. Бо дбаюць пра трубу. І таму яны з’яўляюцца саюзнікамі статакратыі. Таму і падпіраюць яе. Яшчэ і таму падпіраюць, што мараць што-колечы урваць, калі рэжыму давядзецца прадаваць для аплаты даўгоў дзяржаўную маёмасць.
Досвед пераканаў статакратыю, што дзеля трубы і аб’ектаў гаспадарання ў Беларусі ненавісная Еўропа будзе на многае глядзець скрозь пальцы, на многае заплюшчваць вочы.
Яшчэ не ператрываўшы крызіс, статакратыя вырашыла вярнуцца да старога, зноў узмацніць трохі аслаблены ціск на незалежнае грамадства.
Панове, адносная перадышка скончылася! Рыхтуймася да горшага. Чым бліжэй да прэзідэнцкіх выбараў, тым будзе горш.
ПАЗЫЧАНАЕ
Захопы і вывазы маладзёвых актывістаў за горад – гэта трэніроўкі, вучэнні. Хлопцы з групаў захопу і нейтралізацыі апанентаў рэжыму не павінны губляць “кваліфікацыі”.
Так сэнс гэтых захопаў і вывазаў патлумачыў мне Павел Знавец.
ЛІТОЎСКІ БІЗНЕС У БЕЛАРУСІ
“Літоўскія ўлады заклікаюць бізнесменаў асцярожна ставіцца да Беларусі”, “Літоўскія бізнесмены павінны з асцярогай ацэньваць перспектывы прадпрымальніцкай дзейнасці ў Беларусі”. Гэтыя словы вылучаны ў “Народнай Волі” буйным шрыфтам.
Што ўлада вырашыла дэманстрацыйна даціснуць Саюз палякаў і захапіць Польскі дома ў Івянцы, тлумачыцца жаданнем улады трымаць усё пад кантролем, яе нецярпімасцю да незалежных інстытутаў і асоб. Але пра гэтую ўладу можна сказаць і словамі Аляксея К. Талстога: у яе “глаза завидущие», а «руки загребущие».
Усё гэта добра разумеюць у літоўскім міністэрстве эканомікі і папярэджваюць сваіх бізнесменаў-аптымістаў.
УТРУЦЦА, або БЕЛАРУСКІЯ ПАЛЯКІ І ПОЛЬШЧА
Некаторыя нашы назіральнікі і каментатары перабольшваюць салідарнаць польскага грамадства з незалежнай польскай супольнасцю Беларусі.
У мяне склалася цвёрдае перакананне, што некаторыя польскія дзеячы самага высокага рангу былі б радыя, калі б Анжалікі Борыс і незалежнага Саюза палякаў не было ў прыродзе. Бо яны замінаюць гэтым палітыкам і бізнесоўцам, якія стаяць за іх спінай, рабіць бізнес, а дакладней спадзявацца на тое, што яны могуць зрабіць у Беларусі бізнес.
Нельга было не заўважыць, што міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі актывізаваўся толькі пасля сустрэчы з прэзідэнтам Лехам Качынскім. Мабыць, прэзідэнт паабяцаў мінстру непрыемнасці ў сойме і г. д.
За Радаславам Сікорскім стаіць больш буйны “рацыяналіст” – прэм’ер Дональд Туск. І віцэ-прэм’ер Вальдэмар Паўляк. Ага, той самы Вальдэмар Паўляк, які нядаўна прызджаў у Беларусь і выказваў шчырае жаданне разгарнуць польскі бізнес у Беларусі.
Зрэшты, і сам Лех Качынскі адчувае ціск “рацыяналістаў”. Пра гэта найлепш сведчыць ягоны ліст да Лукашэнкі.
Беларускі ўрад збольшага дасягнуў таго, чаго жадаў: Польскі дом у Івянцы захоплены. Ціск не незалежны Саюз палякаў да пары да часу можна аслабіць. І “рацыяналісты” ў польскіх уладных структурах утруцца, зробяць выгляд, што нічога не здарылася. А Радаслаў Сікорскі зноў будзе прапаноўваць афіцыйнаму Менску паслугі ў якасці пасрэдніка паміж статакратыяй і Еўропай.
НЯМЕЦКІ ЧЫННІК
Цікава было назіраць за паводзінамі старшыні Еўрапарламенту Ежы Бузэка. Якія гучныя словы! Словамі ўсё і скончыцца. Прыняць нейкія эфектыўныя меры ў дачыненні да менскай статакратыі не дадуць у першую чаргу немцы.
Спраўная праца трубы і магчымасць разгарнуць бізнес у Беларусі для немцаў (што для хадэкаў, што для эсдэкаў) вышэй за правы нейкіх палякаў у Беларусі, за інтарэсы дэмакратыі ў Беларусі. Калі б Ежы Бузэк прапанаваў нейкія кардынальныя меры ў дачыненні да менскага рэжыму, немцы знайшлі б сто і адно тлумачэнне, чаму гэтага не трэба рабіць.
Анатоль Сідарэвіч
* * *
ПРАГНОЗ СПРАЎДЖАВАЕЦЦА. НА ЖАЛЬ
Учора сайт arche.by апублікаваў мае нататкі пра апошнія палітычныя падзеі. Гаворка там ішла і пра ціск менскай статакрытыі на польскую супольнасць Беларусі. Апошняя частка нататак называлася “Нямецкі чыннік”.
Вось гэты фрагмент:
“Цікава было назіраць за паводзінамі старшыні Еўрапарламенту Ежы Бузэка. Якія гучныя словы! Словамі ўсё і скончыцца. Прыняць нейкія эфектыўныя меры ў дачыненні да менскай статакратыі не дадуць у першую чаргу немцы.
Спраўная праца трубы і магчымасць разгарнуць бізнес у Беларусі для немцаў (што для хадэкаў, што для эсдэкаў) вышэй за правы нейкіх палякаў у Беларусі, за інтарэсы дэмакратыі ў Беларусі. Калі б Ежы Бузэк прапанаваў нейкія кардынальныя меры ў дачыненні да менскага рэжыму, немцы знайшлі б сто і адно тлумачэнне, чаму гэтага не трэба рабіць”.
Паўтару: гэты тэкст з’явіўся на сайце ўчора. Учора ж увечары беларуская служба Радыё Свабода перадала гутарку з палітолагам Аляксандрам Рарам. Гэты мысліцель заявіў, што гаворка ідзе пра беларуска-польскі канфлікт. Ну такі, кажучы словамі Пушкіна, “спор славян между собою, домашний давний спор”. Праўда, Аляксандр Рар казаў нешта і аб правах чалавека, але сутнасць ягонага інтэрв’ю звялася да таго, што пажадана не пагаршаць сувязі паміж Еўразвязам і афіцыйным Менскам, пакінуць усё як ёсць.
Аляксандр Рар вядомы тым, што ён агучвае пазіцыю нямецкага палітычнага класу.
Якая будзе рэакцыя нямецкіх палітыкаў на апошнія падзеі ў Беларусі, прадказаць было няцяжка. Для гэтага дастаткова згадаць, якую ролю адыграла Нямеччына ў лёсе Беларусі ў 1917–1919 гг., як шкодзілі нямецкія палітыкі дэмакратычнаму працэсу ў Беларусі з канца 1990-х гг.
Анатоль Сідарэвіч
23.02.2010
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме