18:00 12.05.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Анатоль Сідарэвіч: Не забудзем, што ў выніку Другой сусветнай Беларусь страціла
Адгрымелі аркестры, салюты, адгучалі прамовы, упаў градус казённага патрыятызму, паказнога клопату аб удзельніках вайны, збольшага развеяўся мілітарысцкі чад. Да наступнай гадавіны, да круглай даты.
«Усенароднае святкаванне» было не ўсенародным: пакуль чыноўнікі гаварылі прамовы, вайскоўцы дэманстравалі збройную моц, восем з дзесяці расійскіх грамадзян (гэта падлічана) былі занятыя іншым. Сотні тысяч беларускіх гараджан «рванулі» ў вёскі і на лецішчы араць, капаць, садзіць, сеяць, палоць, рыхліць, баранаваць. Ім не да свята. Краіна ў перманентным крызісе, а жыць больш-менш прыстойна трэба.
Тым часам беларускія, расійскія і ўкраінскія СМІ звярнулі ўвагу на заклік не дзяліць перамогу над нацысцкай Нямеччынай. Экспромт гэта ці асэнсаваны заклік – пакажа час.
Добра было б, каб падчас святкаванняў у нас заўсёды памяталі пра тое, што супраць Нямеччыны і яе нешмалікіх саюзнікаў ваявалі Аб’яднаныя Нацыі і што Беларусь была адной з гэтых нацый. Каб памяталі, што ад польскай мяжы нямецкая армія ішла да Масквы чатыры месяцы, да Сталінграда – год, а Чырвонай Арміі спатрэбілася год і чатыры месяцы, каб дайсці да польскай мяжы, і два гады з лішкам – каб увайсці ў Берлін. І яшчэ вялікае пытанне, ці змагло б савецкае войска дайсці да сталіцы Германіі ў красавіку 1945-га, калі б не дапамога саюзнікаў зброяй, аўтамабілямі, лакаматывамі, самалётамі, сродкамі сувязі, абуткам, харчамі, калі б перад савецкімі аперацыямі пад Сталінгарадам, Курскам, у Беларусі, на львоўска-сандамірскім ды яска-кішынёўскім напрамках або падчас іх саюзнікі не вялі наступальных аперацый у Паўночнай Афрыцы, Італіі, Нармандыі, на поўдні Францыі.
Добра было б, каб з часам мы адкінулі азначэнне «вялікая» пры слове «перамога». Можна было б назваць перамогу гераічнай, але пры гэтым цвёрда помніць: гераічныя высілкі патрэбныя там, дзе іншыя, «нармальныя», сродкі вядзення змагання не даюць жаданага выніку. Гэта была цяжкая, ахвярная перамога. Тое, што Чырвоная Армія паклала на адным квадратным кіламетры пакінутай або вызваленай тэрыторыі больш байцоў, чым немцы і іх саюзнікі, больш, чым іншыя арміі Аб’яднаных Нацый, не робіць гонару кіраўніцтву Савецкага Саюза і военачальнікам. Тое, што ў першыя месяцы вайны сотні тысяч чырвонаармейцаў трапілі ў нямецкі палон, тое, што мільён ці каля мільёна савецкіх грамадзян перайшлі на бок праціўніка і служылі ў мілітарных структурах Нямеччыны (гэта без дапаможнай паліцыі на акупаваных тэрыторыях), – таксама не самая светлая старонка гісторыі.
Мы нейк забываем, што ў выніку перамогі Беларусь, краіна-пераможца, якая брала ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі, панесла тэрытарыяльныя страты.
У 1939–1940 гг. Беларусь пад дыктоўку Крамля мусіла адмовіцца ад адной частку сваёй этнічнай тэрыторыі, а ў 1944-м Крэмль і саюзнікі адрэзалі ад нашай краіны другую частку. Кажуць, што гэта міжнародна прызнаная лінія Керзана. У Сталіна была магчымасць спытаць, наколькі карэктная лінія, праведзеная ў Лондане, але ён не спытаў. Не палічыў патрэбным.
Мы не павінны і не маем права рэвізаваць вынікі Другой сусветнай вайны, але памятаць аб крыўдах, нанесеных Беларусі, трэба. І ведаць сваіх крыўдзіцеляў абавязаны.
Калі мы кажам пра вялікія людскія і матэрыяльныя страты Беларусі, аб стратах духоўных каштоўнасцяў (дзе Крыж Еўфрасінні Полацкай?), мы – як патрыёты сваёй Бацькаўшчыны – не павінны забываць, хто даў магчымасць нямецкай арміі і войскам СС захапіць нашу краіну. Хто, насуперак версальскім абмежаванням, дапамагаў Райхсверу ўзбройвацца, вучыў будучых нямецкіх афіцэраў і генералаў. Хто быў інтэндантам Гітлера. Хто ў 1939 годзе адмовіўся заключыць дагавор аб калектыўнай бяспецы са Злучаным Каралеўствам і Францыяй і падпісаў пакт аб ненападзе (а фактычна аб падзеле Усходняй Еўропы) з Нямеччынай. Хто каго хацеў падмануць, перахітрыць.
Калі мы сумленна адкажам на гэтыя пытанні, мы не будзем перабольшваць ролю ў вайне і ўслаўляць імёны генеральнага сакратара бальшавіцкай партыі Іосіфа Сталіна, наркама абароны СССР Сямёна Цімашэнкі, начальніка генеральнага штаба ўзброеных сіл Савецкага Саюза Георгія Жукава і іншых савецкіх дзеячаў. Гэта ў выніку іх дзеянняў ці бяздзеяння Беларусь трапіла пад гітлераўскую акупацыю і панесла велізарныя страты.
Ці хопіць ва ўладнай групоўкі Беларусі мужнасці прызнаць гэты неаспрэчны факт?
Ці хопіць ва ўладнай групоўкі смеласці прызнаць, што Дзень Перамогі закліканы зацьміць, калі не выцерці з нашай калектыўнай памяці, 22 чэрвеня – дзень нападу гітлераўскай Германіі на Савецкі Саюз, на Беларусь. Нагадаю, што ў 1961 годзе ў Маскве адзначалася 20-я гадавіна пачатку вайны. З дакладам у генерал-лейтэнанцкім мундзіры выступаў «нястомны змагар за мір» Мікіта Хрушчоў. У 1965 годзе другі «нястомны змагар» – Леанід Брэжнеў – у піку свайму папярэдніку вырашыў з вялікай помпай адзначыць 20-я ўгодкі перамогі над Нямеччынай і прапанаваў абвясціць дзень 9 мая святочным. Гэта было першае такое святкаванне Дня Перамогі за ўвесь паваенны час. Датуль 9 мая было рабочым днём.
Мы, беларусы, павінны памятаць, што Дню Перамогі папярэднічаў дзень 22 чэрвеня. І належным чынам яго адзначаць. Гэты дзень я б назваў Днём Памяці.
Анатоль Сідарэвіч
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме