13:16 22.09.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Анатоль Сідарэвіч: НАТАТКІ АБЫВАТАЛЯ
1. Школьнікі як рабсіла
Друкаваць такія здымкі за саветамі было забаронена. І публікаваць нейкую славесную інфармацыю – таксама. Бо і ў законе, і ў статуце сярэдняй школы было запісана, што навучальны час прызначаецца для вучобы і ніхто не мае права адцягваць вучняў не нейкія іншыя справы. А тут “Звязда” 20 верасня як пра нейкі подзвіг паведамляе, што дзеці з трох падмінскіх вёсак выбіраюць цыбулю на палях агракамбіната “Ждановічы” – таго самага, што прадае нам гародніну ў магазінах і на базарах. Ды ілюструе гэтую інфармацыю фотаздымкам.
Я не ганю “Звязду”. Наадварот, яна зрабіла правільна, што змясціла гэты здымак. Але варт было ўдакладніць: школьнікі працуюць у вучэбны час. І яны павінны з’яўляцца на працу гэтак, як і на заняткі ў школу.
Выкарыстанне прымусовай працы падлеткаў і моладзі – не навіна. Толькі за саветамі гэты факт утойвалі ад цывілізаванага свету (саромеліся), а пры “ўсенароднаабраным” – не хаваюць (не саромеюцца).
Агракамбінат “Ждановічы” – як гэта нам падносяць – гаспадарка не бедная. Калі б належным чынам плацілі сезонным работнікам і падзёншчыкам ды яшчэ з сабою давалі “ў кош”, дык з рабочай сілай, думаю, праблем не было б. Але, здагадваюся, кіраўніцтва агракамбіната, як і іншых сельгаспрадпрыемстваў, па руках і нагах звязана рознымі інструкцыямі, і распараджацца сваімі сродкамі волі не мае. А дзе няма волі гаспадарчай дзейнасці, там выкарыстоўваецца праца паднявольных людзей – студэнтаў, школьнікаў, салдатаў і да т. п.
Нашы СМІ добра зрабілі б, калі б апублікавалі фота- і відэарэпартажы аб працы падлеткаў і студэнтаў. Няхай свет бачыць гэты запаведнік сталінізму.
...Не паспеў я напісаць гэты тэкст, як з Маладзечна прыйшла навіна: там школьнікаў на тыдзень выганяюць прыбіраць горад да “Дажынкаў”. Таксама тэма для фота- і відэарэпартажоў.
2. Навіна, якая не радуе
На мінулым тыдні “Звязда” і іншыя СМІ ледзь не зрадасцю паведамілі, што беларусы панеслі ў абменныя пункты валюту.
Чаго ж тут радавацца? Тут усё проста і банальна. Людзі трывалі, эканомілі, але не жадалі мяняць свае кроўныя па грабежніцкім афіцыйным курсе. Калі ж на мінулым тыдні афіцыйны і рынкавы курсы больш-менш зблізіліся, людзі панеслі валюту, каб памяняць яе на беларускія рублі і задаволіць самыя надзённыя патрэбы – купіць тое, што конча трэба купіць: харчы, вопратку, абутак (зіма на парозе), тыя ж лекі...
З таго, што людзі панеслі валюту ў абменныя пункты вынікае і іншае: іхніх заробкаў, пенсій, стыпендый, дапамог не хапае на задавальненне штодзённыях патрэбаў. Вось калі б беларусы дасталі з панчохаў свае запасы ды панеслі іх у банкі – была б падстава для аптымізму. А тут... Чаго ж тут радавацца?
21 верасня 2011 г.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме