18:03 06.04.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Анатоль Сідарэвіч: “ЧЫРВОНЫЯ” ПАРТЫЗАНЫ ХОЧУЦЬ УСТАНАВІЦЬ СВАЮ МАНАПОЛІЮ НА САМО ПАНЯЦЦЕ “БЕЛАРУСКІ ПАРТЫЗАН”

Улада вырашыла знішчыць інфармацыйны рэсурс “Белорусский партизан». І зрабіць гэта рукамі «чырвоных» партызанаў.

Я глыбока сумняваюся, што ініцыятыва знішчэння інфармацыйнага рэсурсу належала Аляксандру Слабадзе (гэта, калі не памыляюся былы першы сакратар Любанскага райкама КПБ, які ў 1966 годзе атрымаў званне героя сацпрацы). Сумняваюся хоць бы таму, што не ўпэўнены ў здольнасці спадара Слабады «плаваць» у інтэрнэце.

Але тут іншае звяртае ўвагу: татальнасць мыслення, татальнасць ахопу.

Чаму гэта старыя людзі вырашылі, што яны, і толькі яны, могуць прэтэндаваць на званне беларускага партызана?

Паняцце «беларускі партызан» – родавае. Дадаючы відавыя адзнакі, можна ўтварыць такія паняцці, як «беларускія партызаны сярэднявечча», «беларускія партызаны новага часу», «беларускія партызаны» найноўшага часу», «чырвоныя партызаны», «антыбальшавіцкія партызаны».

Першая партызанка на тэрыторыі Беларусі назіралася ці не ў 1128–1132 гг., калі сын Уладзіміра Манамаха, Мсціслаў, захапіў Полацк, узяў у палон Рагвалодвічаў і адправіў іх у Візантыю. Некаторыя Рагвалодавічы ўсё ж не трапілі ў палон. Разам з вернымі людзьмі яны сышлі ў лясы і вялі барацьбу супраць кіяўлян. Кажучы сучаснымі словамі, у акупантаў зямля гарэла пад нагамі.

У час Інфлянцкай вайны з Масковіяй гетман польны літоўскі Крыштоф Радзівіл Пярун разам з Філонам Кмітам-Чарнабыльскім учыніў глыбокі рэйд у тыл ворага. Гэты рэд быў не менш важны, чым паход нашага вялікага князя і караля Стэфана Баторыя на Пскоў.

Калі ў 1654–1655 гг. большую частку Вялікага Княства Літоўскага захапіла Масковія, у Беларусі таксама назіраўся партызанскі рух. Уладзімір Караткевіч з захапленнем пісаў пра партызанскага правадыра Дзяніса Мурашку (расійскаму партызану Дзянісу Давыдаву належала пачакаць яшчэ паўтара стагоддзя, а генералу Станіславу Булаку-Балаховічу – яшчэ болей).

Праславіліся партызаны Беларусі і ў перыяд франка-расійскай вайны 1812 г.

Праз сто шэсць гадоў пасля выгнання Напалеона бальшавікі спрабавалі арганізаваць у Беларусі партызанскі рух супраць нямецкіх захопнікаў, якім  Ленін і Троцкі аддалі нашу краіну па Заходнюю Дзвіну і Дняпро. Але ў бальшавікоў не хапала сілаў і аўтарытэту, і яны вымушаныя былі ўступіць у саюз з левымі эсэрамі, сіяністамі-сацыялістамі ды анархістамі.

Шырокі партызанскі рух у Беларусі пачаўся ў канцы 1919 г.  Супраць польскіх акупантаў партызанілі і бальшавікі, але першую скрыпку ігралі беларускія сацыялісты-рэвалюцыянеры, якія былі ў той час самаю вялікай партыяй у нашай краіне. Стаўку на партызанскі рух рабіла і Беларуская камуністычная арганізацыя, якая выйшла з эсэраўскіх шэрагаў.

Пазьней, расправіўшыся з эсэрамі, беларускімі нацыянал-камуністамі ды іншымі левымі партыямі, бальшавікі ўсе заслугі ў партызанскай барацьбе 1918–1920 гг. спрабавалі прыпісаць сабе. Так з'явіўся міф пра «чырвоных» партызан. Калі верыць бальшавіцкай прапагандзе, іншых партызанаў, акрамя «чырвоных», у той час не было.

У 1918 г. пачынаецца і антыбальшавіцкая партызанка. Яна знаходзіць сваё выражэнне ў шматлікіх паўстаннях. Элементы партызанскай барацьбы мы бачым у дзеяннях слуцкіх паўстанцаў пасля таго, як бальшавікам удалося падавіць іх асноўныя сілы. Партызанскімі метадамі дзейнічалі койданаўскія паўстанцы ў 1920 г.

Заключэнне Рыжскага мірнага дагавору паміж бальшавіцкай Расіяй і Польшчай прывяло да партызанскай барацьбы ў Заходняй Беларусі. Добра вядома, што гэтая барацьба падтрымлівалася ўрадам Беларускай Народнай Рэспублікі. Галоўную ролю ў змаганні з акупантамі адыгрывалі беларускія эсэры. Цэнтральны беларускі паўстанцкі камітэт узначальваў слуцкі паўстанец, член ЦК партыі эсэраў Уладзімір Пракулевіч.

Зрэшты, пра заходнебеларускіх партызанаў някепска напісана ў 5-м томе «Гісторыі Беларус».

І ў той самы час з другога боку польска-савецкай мяжы партызанскую барацьбу з бальшавікамі вяла Беларуская сялянская партыя «Зялёны дуб».

Што тычыцца партызанкі часу нямецка-савецкай вайны 1941–1945 гг., дык найперш беларускія сяляне вымушаны былі ўзбройвацца, каб абараніцца ад гэтак званых куфэршчыкаў – савецкіх акружэнцаў, якія па начах рабавалі вёскі, у першую чаргу ачышчалі куфры. У канцы 1942-га, асабліва на пачатку 1943 г. і куфэршчыкаў, і ўзброеных сялян будуць заганяць у савецкія партызаны засланыя з «вялікай зямлі» дыверсанты-энкавэдысты. Тых, хто не хацеў прызнаваць уладу прысланых з Масквы камандзіраў, забівалі. Нярэдка расстрэлы былі групавыя.

У час вайны нямала беларусаў ўступілі ў шэрагі польскай Арміі Краёвай, якая асабліва актыўна дзейнічала ў заходняй частцы нашай краіны.

Выгнанне нямецкіх акупантаў не азначала спынення партызанкі. Да пачатку 1950-х на Палессі дзейнічалі бульбаўцы, на поўначы і паўночным захадзе Беларусі – латвійскія і літоўскія партызаны. Але для разумення сітуацыі больш важна тое, што былі ўласна беларуская антыбальшавіцкая партызанка і беларускае антыбальшавіцкае падполле. Беларусы далучаліся таксама да бульбаўцаў. Дзейнічалі яны і ў шэрагах польскіх партызанаў.

Як бачым, паняцці «беларуская партызанка», «беларускі партызан» вельмі ёмістыя. Беларускі партызан і той, які змагаўся супраць кіеўскіх (ХІІ ст.), маскоўскіх (XVII ст.) французскіх (ХІХ ст.), нямецкіх ды польскіх акупантаў, і той, хто змагаўся супраць бальшавікоў. Партызанка ў на тэрыторыі Беларусі ў ХХ ст. была «чырвоная», небальшавіцкая і антыбальшавіцкая. 

Ці не занадта размахнуліся «чырвоныя» партызаны, калі хочуць устанавіць сваю манаполію на само паняцце «беларускі партызан»? У гэтым праглядваецца бальшавіцкі інстынкт, бальшавіцкае імкненне прысвойваць усё, што трапіцца на вока.

Былыя «чырвоныя» партызаны маглі б выказваць прэтэнзіі да інфармацыйнага рэсурсу «Белорусский партизан» у тым разе, калі б ён меў назву «Беларускі чырвоны (савецкі) партызан». Аднак рэсурс не хоча быць «чырвоным» – ён хоча быць проста партызанам (на жаль, не беларуcкім, а «белорусским»).
Анатоль Сідарэвіч 

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме