11:30 23.06.2017 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Анатоль Сідарэвіч: 22 чэрвеня — дзень, які нельга забыць
Быццам і не бамбілі ў гэты дзень Беласток, Берасце, Горадзен…
Быццам не рушылі нямецкія войскі на Менск, каб узяць у абцугі, у тое, што будзе названа Беластоцкім (Беластоцка-Менскім) катлом, вялікую групоўку Чырвонай Арміі…
У гэты дзень усім сучасным бонзам агульнадзяржаўнага, рэгіянальнага ды лакальнага ўзроўняў належала б прыйсці на магілы воінаў.
У гэты дзень сучасным бонзам належала б прыйсці да магіл палонных чырвонаармейцаў.
У гэты дзень сучасным бонзам належала б прыйсці ў Трасцянец, Калдычэва, Азарычы, іншыя лагеры смерці, прыйсці да Ямы ў Менску, да магілаў знішчаных нацыстамі нашых суайчыннікаў-габрэяў.
У гэты дзень сучасным бонзам належала б ушанаваць памяць загінулых у шматлікіх хатынях.
Я не спадзяюся, што выраслыя з бальшавіцка-энкавэдэшнага шыняля сучасныя бонзы ўшануюць памяць вязняў савецкіх турмаў, якіх савецкія ж карнікі расстрэльвалі ў першыя дні вайны.
Я не спадзяюся, што выраслыя з бальшавіцка-энкавэдэшнага шыняля сучасныя бонзы патлумачаць народу і загадаюць запісаць для вечнага памятавання ў падручнікі, хто вінаваты ў тым, што Нямеччына захапіла ўсю Беларусь. Вінаваты ў тым, што савецкі Чырвоны Крыж не прыйшоў да дапамогу мільёнам сваіх суайчыннікаў, якія трапілі ў палон.
Я не спадзяюся, што выраслыя з бальшавіцка-энкавэдэшнага шыняля сучасныя бонзы патлумачаць народу і загадаюць запісаць для вечнага памятавання ў падручнікі, як у Савецкім Саюзе кавалі меч для Вермахта, як бальшавікі спраўна пастаўлялі Нямеччыне патрэбнае для аднаўлення яе мілітарнага патэнцыялу.
Я не спадзяюся, што выраслыя з бальшавіцка-энкавэдэшнага шыняля сучасныя бонзы патлумачаць народу і загадаюць запісаць для вечнага памятавання ў падручнікі, як нашых мабілізаваных у 1944-м і на пачатку 1945-га суайчыннікаў кідалі ў мясарэзкі ў Прусіі і Брандэнбургу.
Быў у савецкай гісторыі адзін момант, калі кіраўніцтва СССР згадала пра дзень 22 чэрвеня.
Напярэдадні гэтай даты ў 1961-м у Маскве адбылося пасяджэнне. Гэта было спецыфічна савецкае, спецыфічна бальшавіцкае мерапрыемства. Мікіта Хрушчоў ды іншыя дзеячы, якія ў час вайны служылі ў арміі, з’явіліся перад публікай у новенькіх мундзірах. Ні дакладчык (маршал Радзівон Маліноўскі), ні Хрушчоў у сваёй прамове так і не сказалі народу і свету, колькі ж людзей страціў Савецкі Саюз у той вайне. Хлусіць пра 9 мільёнаў, як гэта зрабіў Сталін, было ўжо няёмка, назваць сапраўдную лічбу – страшна. Затое на тым пасяджэнні быў агучаны дзікунскі і, не пабаюся гэтага слова, людаедскі аргумент на карысць вырашальнай ролі СССР у разгроме нацысцкай Нямеччыны. Гучаў той аргумент так: Злучаныя Штаты страцілі 300 тысяч чалавек, Англія – каля 250 тысяч, а вось на савецкім фронце «такімі лічбамі лічыліся страты ў асобных бітвах (сражениях)».
Хто мог падумаць, што чалавек, які на пасяджэнні 21 чэрвеня 1961 г. сядзеў у прэзідыуме ў мундзіры генерал-маёра, праз няпоўныя пяць гадоў абвесціць святочным днём 9 мая? Сталін, які ведаў аб сапраўдных стратах, аб сапраўднай цане перамогі, не адважваўся на такое. Яго выхаванцы – адважыліся. І іх аргументацыя з часоў Мікіты Хрушчова не памянялася. Мала таго, дзень 9 мая стаў не проста Днём Перамогі, а Днём Вялікай Перамогі. Пісаць інакш цяпер нельга.
Цынізм сучасных бонзаў зашкальвае.
Як быццам не загінулі ў той вайне 15 760 тысяч мірных жыхароў. Як быццам не страцілі ў той вайне 8 850 тысяч чырвонаармейцаў забітымі Як быццам не было паранена 15 685 тысяч байцоў.
Цынізм зашкальвае.
Вялікая Перамога, а ўдзельнікі вайны і яе ахвяры (практычна ўсе жыхары Беларусі, якія нарадзіліся да ліпеня 1944-га) і дагэтуль жывуць у драўляных (дый у мураваных) дамах без вадаправода, без лазняў, гарачай вады і каналізацыі.
Вялікая Перамога, а ў калодзежах у многіх вёсках вада і дагэтуль не адпавядае санітарным нормам.
Вялікая Перамога, а паміж многімі населенымі пунктамі і дагэтуль няма нармальных дарог.
Вялікая Перамога, а якасць жыцця… Не будзем пра якасць жыцця.
…Яны не прыйдуць 22 чэрвеня на магілы байцоў і палонных, бо для гэтага патрабуецца іншы менталітэт, іншая шкала каштоўнасцяў, патрабуецца ўсведамленне таго, што мерай усіх рэчаў ёсць чалавек.
Скруха агортвае яшчэ і таму, што і дэмакратычная супольнасць як быццам забыла пра гэты дзень. Дзень, пра які нельга забываць. Дзень, вінаватымі за які з’яўляюцца тыя, што паставілі сабе за мэту павялічыць колькасць савецкіх рэспублік.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме