12:30 13.01.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Анастасія Войтава: Тыя, хто здаюцца, хутка сыходзяць

У жыхаркі Магілёва Анастасіі Войтавай пятнаццаць гадоў таму выявілі рак грудзей. Жанчына перажыла чатыры анкалягічныя апэрацыі. Прайшла два курсы апраменьваньня і столькі ж хіміятэрапіі. Сёлета яна адзначыла 50-годзьдзе. У яе трое дарослых дзяцей і ўнук. Яна дапамагае іншым і гэта дапамагае ёй. Анастасія не «змагацца за жыцьцё», а радуецца яму. У гэтым сакрэт яе стойкасьці перад хваробай.

З Анастасіяй гутару ў офісе адной з дабрачынных арганізацыяў Магілёва, якая апякуецца дзецьмі-інвалідамі. У ёй яна валянтэрка. Пакуль у сядзібе не сабралася дзятва, у цішы, Анастасія апавядае пра сваё жыцьцё, захапленьні, дзяцей, хваробу, шлях выздараўленьня. Часам на вачах жанчыны праступаюць сьлёзы, але яна стрымліваецца ад плачу.

«Я была ў даволі маладым актыўным узросьце. Мне было 35 гадоў. У мяне было трое дзяцей. Скончыла юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту завочна. Атрымала другую вышэйшую адукацыю. Год выкладала ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі прававыя дысцыпліны. Я, можна сказаць, была ў стане дужа высокага палёту і натхненьня. У мяне ўсё было — і дзеці, і кватэра, і сям’я, і пэрспэктывы адкрываліся вялікія. Спачатку я не паверыла ўрачам. Падумала, што гэта была мэдычная памылка. Пасьля быў шок, быў стрэс. Перадусім было шкада дзяцей. Малодшаму было толькі шэсьць гадоў. Прайшла я ўсё. Апэрацыі, хіміятэрапію, апраменьваньне. Чатыры месяцы я была шпіталізаваная. І мне далі адразу другую групу інваліднасьці».

Пра нерэалізаваную празь хваробу кар’еру выкладчыка-юрыста, Анастасія кажа са шкадаваньнем, аднак бяз расчараваньня. Згадвае, як пісала кандыдацкую і атрымала запрашэньне на працу ў Менск. Хвароба, аднак перайначыла жыцьцёвыя пляны.

«Мне трымалі месца ва ўнівэрсытэце доўга, але я не змагла прыехаць. Запрашалі выкладаць адміністрацыйнае права. Я тады з каляіны выбілася. Мама ў мяне таксама памерла ад анкалёгіі ў мяне на руках. Яна таксама была дужа актыўнай жанчынай. Вось яна казала: „Калі б ты не захварэла, то была б чальцом ураду“. Летась у мяне была такая гульня — я ледзьве ня стала дэпутатам парлямэнту».

Чатыры доўгія месяцы лячэньня ў Бараўлянах і працяглая рэабілітацыя з боязьзю рэцыдываў. А яны ў Анастасіі былі. Яна не сумнявалася, што адолее хваробу, бо ёй было дзеля каго жыць. Клопат пра дзяцей, не завершаныя справы ратавалі ад змрочных думак.

«Чамусьці я старалася не чакаць падтрымкі, а дапамагаць іншым людзям. Я тады думала пра тое, што я патрэбная дзецям. Бацькам я была патрэбная здаровай. Я ведала, што трэба рэалізаваць сябе ў жыцьці, што ў мяне дзьве вышэйшыя адукацыі і што ў мяне ўсё яшчэ наперадзе. Я доўга ляжала. Мне галоўны лекар казаў: „Анастасія, ну, выбачай, няма ў нас у штатным раскладзе прафэсіі юрыста“. Я хадзіла па ўсім аддзяленьні, у рэанімацыю. Дапамагала хворым пасьля апэрацыі, бо я гэта перажыла. Я ведала як баліць, што баліць. Ні санітарка, ні мэдсястра гэтага не праходзілі і не адчувалі. Ня грэбавала даглядаць. Была як сястра міласэрнасьці. То бок я не сядзела, не глядзела ў столь, не „грузіла“ сябе нічым кепскім. Я была занятая справай».

У тым цяжкім часе застаўся боль, — крыху памаўчаўшы, кажа Анастасія. Пасьля яшчэ адной паўзы дадае, што ўнікнуць яго не атрымліваецца дагэтуль:

«Быў больш фізычны. Быў боль пасьля апэрацыі. Дрэнны стан пасьля хіміятэрапіі. Боль людзей, што былі навокал мяне. Трэба было ім неяк падымаць настрой. Да мяне цягнуліся людзі. Асабліва тыя, якія зноў толькі паступалі. Я ведала, што ім скажуць гэты дыягназ і трэба было побач, каб іх падтрымаць. Дужа балюча было, калі праз гады я тэлефанавала сваім сяброўкам, а яны былі ўжо не жывыя. Такія былі актыўныя, пазытыўныя жанчыны, якія дасягнулі нечага ў жыцьці і ўсё б было для іх добра, калі б ня гэтая хвароба. Гэта было дужа балюча. Мяне суправаджае гэты боль. Хварэюць жа дзеці. Яны ж анёлы. І гэтыя маленькія дзеткі, лысенькія, у інвалідных вазках. Вось гэта сапраўднае гора. А іншым разам і немаўляты хварэюць. Яны ж паскардзіцца ня могуць».

А ці анкалёгія толькі забірае, мо яна нешта і дае чалавеку? Ці такога пытаньня ня можа быць? — пытаю ў Анастасіі:

«У прынцыпе ўсё ў нашых руках. Так, я не абараніла дысэртацыю. Я вучылася ў асьпірантуры, але скончыла асьпірантуру Акадэміі навук мая старэйшая дачка. То бок нашы дзеці працягваюць нашы справы. Я ганаруся сваімі таленавітымі дзецьмі. Зразумела, што было больш перажываньняў, адказнасьці за дзяцей. Усё гэта атрымалася больш абвострана. Калі ведаеш цану гэтаму жыцьцю, калі бачыў людзей, якія паміралі побач, то абсалютна іншае ягонае ўспрыняцьцё. Жыцьцё таго каштуе. Ніхто не сказаў, што будзе лёгка. Я не ўспрымаю слова „барацьба“, „барацьба за жыцьцё“... я лічу, што радасьць жыцьцю нашмат лепей гучыць».


У тым, што жыцьцёвы шлях заступіла анкалёгія, Анастасія вінаваціць чарнобыль. Калі адбылася аварыя на ЧаЭС жыла яна ў Гомелі. Хадзіла на першамайскую дэманстрацыю ў 1986 годзе.

«Прайшла ўдарная хваля. Прайшоў радыяактыўны дождж. Я потым з прастудай зьлягла. Тэмпэратура высокая. Я падала пад радыяактыўнае апраменьваньне. Тады мы памятаем, што тады быў моцны ўздым анкалёгіі пайшоў. Прычына № 1 — гэта Чарнобыль. У мяне мама была ліквідатар Чарнобыльскай АЭС і яна ж памерла ад анкалёгіі. Яна была мэдсястрой. Яна езьдзіла брала аналізы, мэдагляды рабіла. Яна здала пасьведчаньне ліквідатара. Ёй было крыўдна, што ёй трэба было зноў шукаць загады, каб пацьвердзіць, што яна там была. Ляжала ў Бараўлянах жанчына. Яны саджалі бульбу пасьля выкіду радыяцыі. Казала, што басанож хадзілі па траве. Каб хаця папярэдзілі, то магчыма можна было пазьбегчы такіх глябальных крытычных наступстваў, у прыватнасьці здароўю людзей».

З анкалёгіяй людзі ўжо звыкліся ў Беларусі. Іх безумоўна палохае, што колькасьць анкапацыэнтаў расьце, але, што яны могуць зрабіць — разважае Анастасія.

«Мне дужа шкада, што анкалёгія распаўсюджваецца. Такія вялікія цяпер у яе маштабы. Кожны цяпер жыве ў сваёй шкарлупіне, у сваім соцыюме. А калі пайсьці ў гэтыя анкалягічныя дыспансэры, асабліва ў Менску, у Бараўлянах, там такі паток ідзе. І на каталках, і на вазках, і па кутах сядзяць. Ад мяне ніхто не адварочваўся. Я засталася пазытыўнай, аптымістычнай. Сакрэт у тым, што трэба любіць жыцьцё. Часам, мо й нагульваю. Стараюся пажартаваць. Пафліртаваць. Няхай людзі, якія навокал, лепей сьмяюцца, чым мяне шкадуюць».



Анастасія Войтава — сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада, Яна балятавалася ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, удзельнічала ў акцыях пратэсту. Пытаюся, ці гэта для яе —самасьцьвярджэньне, працяг няспраўджаных праз хваробу чаканьняў ад жыцьця?

«Два гады назад я яшчэ працавала на чыгунцы. Былі ў мяне пагоны капітана. Сінія форма. Я ў гэтай жа форме хадзіла на маўклівыя акцыі пратэсту. Гэта быў выклік хутчэй. Кар’ера для жанчыны ня ёсьць галоўным. Галоўнае — унутраны стан. Слова „патрыятызм“ для мяне ня проста патас. Гэта мой унутраны стан. Я так выхаваная. Я дзецям прывіла не абыякавасьць. Будучыня нашай краіны, будучыня дзяцей — дужа важныя словы. Мы адказныя за гэта кожны. На сустрэчах з выбарцамі я пастаянна казала пра неабходнасьць кансалідацыі грамадзтва, пра ўзаемную падтрымку адзін аднаго».

Калі ўжо гутарка скончылася, і Анастасія па-жаноцку прыдзірліва разглядала фотаздымкі ў фотакамэры. Я запытаўся, што трэба чалавеку, каб не згубіць сябе ў немачы?

«Трэба быць цярпімым. Не трымаць ні на каго зла. Хвароба — гэта не пакараньне. Трэба верыць у свае сілы, што ты ачуняеш, што табе стане лепей. Што ты павінен жыць. Жыць, дзеля дзяцей і тых, каму ты патрэбны. Тыя людзі, якія здаюцца, тыя хутка сыходзяць з жыцьця».

Год таму Анастасія «адпусьціла» мужа. Яна перакананая, што калі пачуцьці астылі, то няма чаго мучыць адзін аднаго. Разьвітаўшыся з мужам, яна не засталася адна. Як і раней клапоціцца пра сваіх ужо дарослых дзяцей, дапамагае чужым. Жыцьцё пасьля раку працягваецца...

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме