15:46 30.03.2016 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Аляксею Пяткевічу – 85
Дарагі Аляксей Міхайлавіч,
горача віншуем Вас у з 85-мі ўгодкамі з дня Вашага нараджэння.
Сын Стаўпеччыны, слаўнага Новага Свержаня, вы практычна ўсю Вашу працоўную дзейнасць звязалі з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы. У гэтай вышэйшай навучальнай установе Вы загадвалі кафедрамі беларускай літаратуры і беларускай культуры. Вам прысвоена званне прафесара.
Вы былі ў ліку тых даследчыкаў беларускай літаратуры, якія пасля ХХ з’езда КПСС пачалі пераадольваць стэрэатыпы, выпрацаваныя ў сталінскі час. У сувязі з гэтым нельга не адзначыць Вас як аднаго з аўтараў 2-га тома “Гісторыі беларускай дакастрычнікай літаратуры” (1960) і “Гісторыі беларускай літаратуры ХІХ – пачатку ХХ ст.” (1981). Вы даследавалі таксама творчасць класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага.
Нельга не адзначыць Вашу працу ў галіне літаратурнага краязнаўства, у прыватнасці Вашых даследаванняў літаратурнай гісторыі сучаснай Гродзеншчыны, беларуска-польскага памежжа.
Меўшы асабістыя кантакты з многімі выдатнымі дзеячамі культуры, у тым ліку з Зоськай Верас і Ларысай Геніюш, Вы паклапаціліся пра захаванне іх эпісталярнай спадчыны.
Як педагог і навуковы кіраўнік, Вы выхавалі не аднаго работніка на ніве айчыннай культуры.
Асабліва мы адзначаем, што цягам гадоў Вы з’яўляецеся сябрам партыі, адным з заснавальнікам якой быў Ваш аднадумца і калега ў Гродзенскім універсітэце прафесар Міхась Ткачоў.
Пасылаючы ў гэты дзень Вам сваё віншаванне, мы, Вашы таварышы, жадаем Вам, дарагі Аляксей Міхайлавіч, добрага здароўя і бадзёрага творчага настрою .
Прэзідыум
Беларускай сацыял-дэмакратычнай
партыі (Грамады).
30 сакавіка 2016 г.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме