22:45 30.08.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Аляксандру Лукашэнка сёньня спаўняецца 60 гадоў
Шарамет: «Лукашэнка, як актор, памрэ на сцэне»
Аляксандру Лукашэнка сёньня спаўняецца 60 гадоў. Прайшоўшы шлях ад сакратара камітэта камсамола горхарчторга Магілёва да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, Лукашэнка дасягнуў пэнсійнага ўзросту. Сярэдняя пэнсія ў Беларусі сёньня складае каля двух з паловай мільёнаў рублёў, а гэта прыблізна 250 даляраў. Калі Лукашэнка сапраўды выйдзе на пэнсію?
Мечыслаў Грыб«Не, ён ніколі ня пойдзе на пенсію з гэтай пасады, — упэўнены былы старшыня Вярхоўнага Савета генэрал-лейтэнант міліцыі Мячыслаў Грыб. — Будзе трымацца да тых пор, пакуль будзе жывы і пакуль будзе магчымасьць».
Павал Шарамет
Прэзыдэнт-пэнсыянэр зусім ня рэдкая зьява ў сусьветнай палітыцы. У афіцыйна пэнсыйным узросьце кіруюць краінамі прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін (амаль два гады на пэнсыі), Казахстана — Нурсултан Назарбаеў (11 год на пэнсыі), Латвіі — Андрыс Беразіньш (4 гады). На пэнсыі пасьпеў пакіраваць ЗША 41-й прэзыдэнт Джордж Буш-старэйшы. Праўда вакол хапае і нашмат маладзейшых калегаў. Яшчэ далёка да пэнсыі новаабранаму ўкраінскаму прэзыдэнту Пятру Парашэнка. Яму ўсяго 48. 58-гадовай кіраўніцы Літвы Далі Грыбаўскайтэ да статуса пэнсыянэркі два гады, а 62-гадоваму паляку Браніславу Камароўскаму — тры. Амэрыканскаму ж прэзыдэнту Бараку Абаме ўсяго 53, і да пэнсыі яму цэлых дванаццаць год.
Па падліках , Аляксандр Лукашэнка, выйшаўшы на пэнсыю, можа атрымаць ад сямі да дзевяці мільёнаў беларускіх рублёў штомесяц. Што прыблізна ў 3 разы больш за сярэднюю. прадракае кіраўніку 23 мільёны «пэнсыйных» грошай штомесяц 75-гадовы Мячыслаў Грыб распавядае, што «ганаровыя» пэнсыянэры, канечне, жывуць лепш за звычайных, і гэтыя лічбы далёка не мяжа:
«Вельмі значна лепш. Калі звычайны можа атрымліваць два-два з паловай мільёнаў, да трох, то кіраўнік напрыклад, вобласьці, калі пайшоў на пэнсыю, можа атрымаць 20 мільёнаў. Канечне, значная розьніца»
Васіль Лявонаў, былы мінстр сельскай гаспадаркі ў першым урадзе Аляксандра Лукашэнкі, на пытаньне калі Лукашэнка стане сапраўдным пэнсыянэрам і адыйдзе ад справаў, толькі сьмяецца.
Аляксандар ФядутаНя верыць ў Лукашэнку-пэнсыянэра і адзін зь першых біёграфаў Аляксандра Лукашэнкі і колішні сябар яго каманды Аляксандр Фядута:
«Ён выйдзе на пэнсыю альбо тады, калі стоміцца і адчуе, што ён стаміўся. Альбо тады, калі зразумее, што ўтрымліваць уладу больш немагчыма. А пакуль яму нішто не перашкаджае гэта рабіць».
Ня варта чакаць ад шасьцідзесяцігадовага рубяжа кіраўніка краіны і пераменаў у жыцьці беларусаў:
«Ёсьць рыса, за якую ўжо перайшоў, і пасьля пераменаў ня будзе. Нічога тут не памяняецца», — кажа Васіль Лявонаў.
«Чалавек ужо ў такім сталым узросьці наўрадці будзе нешта мяняць у сваім жыцьці, — пацьвярдзае Мячыслаў Грыб. — Я ўпэўнены, што і з Аляксандрам Лукашэнка гэтага не адбудзецца. Не магу нават за сваё жыцьцё прывесьці прыклад, каб пасьля 60-ці гадоў чалавек зьмяняўся. Ну магчыма, калі толькі ў манахі ідзе. Але калі застаецца на той жа пасадзе, нічога ня зьменіцца. Ён ужо ня здольны гэта зрабіць».
Зусім нядаўна разьмяшчаў пастаральныя сюжэты пра збор кавуноў і дыняў у рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. Магчыма, беларускі кіраўнік можа натхніцца прыкладам рымскага імпэратарам Дыяклетыяна, які ў апошнія гады жыцьця захапіўся вырошчваньнем капусты?
«Ня будзе ён вырошчваць капусты і тым больш кавуны, — пераконвае Мячыслаў Грыб. — Калі вельмі-вельмі даглядаць, то можна, канечне, у цяпліцах. Але ў прамысловых масштабах — ну ня нашая гэта справа. Ня трэба лічыць, што нашыя дзяды і прадзеды былі дурнейшыя за нас. Нібыта яны ня ведалі, што ёсьць кавуны і дыні. Мы ня можам лічыць сябе больш хітрымі, шчасьлівымі ці адукаванымі, чым яны. Для радасьці, для сябе хай займаецца, чаму не?», — працягвае Мячыслаў Іванавіч.
Так ці інакш, але новыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца ўжо ў 2015 годзе. Пакуль няма аніякіх прыкметаў таго, што ў выбарчы сьпіс абяцае беларускім грамадзянам галоўны сюрпрыз, а прэзыдэнт-пэнсыянэр ня стане для нас такой жа прыкметай беларускай стабільнасьці.
«Нягледзячы на тое, што на фоне позьняга Пуціна Лукашэнка выглядае рэспектабельна і міралюбна, — кажа Павал Шарамет. — наступныя генэрацыі не даруюць яму, што ён скраў у беларусаў цывілізаваную будучыню і дваццаць зь лішным гадоў жыцьця цяперашняга пакаленьня».
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме