15:02 25.11.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Аляксандру Казуліну споўнілася 60 гадоў
Экс-кандыдату ў прэзідэнты і былому рэктару БДУ Аляксандру Казуліну спаўняецца 60 гадоў.
Аляксандр Казулін нарадзіўся 25 лістапада 1955 года ў Мінску. Скончыў механіка-матэматычны факультэт БДУ з чырвоным дыпломам. Працаваў у БДУ выкладчыкам, дэканам факультэта. З 1988 па 1996 год працаваў у Міністэрстве адукацыі: ад начальніка аддзела да першага намесніка міністра. У 1995-м абараніў доктарскую дысертацыю па новых адукацыйных тэхналогіях.
28 жніўня 1996 Казулін стаў першым рэктарам БДУ, якога прызначыў на гэтую пасаду Лукашэнка. У 2003-м быў вызвалены ад пасады ўказам кіраўніка дзяржавы ў сувязі з крымінальнай справай, якая была заведзеная ў дачыненні да службовых асоб прадпрыемства «Унідрагмет БДУ». Спачатку праходзіў па справе ў якасці падазраванага, аднак неўзабаве абвінавачанні з былога рэктара былі знятыя.
У красавіку 2005 Аляксандр Казулін стаў старшынёй Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада», якая падтрымала яго вылучэнне на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года.
Быў затрыманы 25 сакавіка 2006 года падчас разгону шэсьця на праспэкце Дзяржынскага ў Мінску за арганізацыю акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і святкаванне Дня волі.
13 ліпеня 2006 Маскоўскі райсуд Мінска прысудзіў Казуліна да 5,5 гадоў турэмнага зняволення «за злоснае хуліганства і арганізацыю масавых беспарадкаў». У жніўні 2008 года быў памілаваны спецыяльным указам Аляксандра Лукашэнкі.
З палітыкі Казулін сышоў, чым займаецца сёння — высветліць не ўдалося. Сам Аляксандр Уладзіслававіч адмовіўся ад каментароў.
P. S. Рэдакцыя сайта прыхільнікаў БСДП сардэчна віншуе Аляксандра Ўладзіслававіча з 60-годдзем і жадае моцнага здароўся, поспехаў і новых здзяйсненняў!
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме