09:34 15.07.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Аляксандр Класкоўскі: Беларуская ўлада апынулася ў замкнутым коле
Сённяшняя беларуская ўладаапынулася ў замкнутым коле. Яна разумее неабходнасць уключэння ў “Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі”, але баіцца, што гэта нясе і пагрозу для яе. У той жа час без зменаў краіна губляе канкурэнтаздольнасць і рызыкуе назаўжды адстаць нават ад сваіх суседзяў, сказаў палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі ў размове з журналістам Рыдыё Рацыя Генадзем Барбарычам.
РР: Еўразвяз прапанаваў Беларусі дыялог аб мадэрнізацыі. Як ідзе яго выкананне?
Аляксандр Класкоўскі: Брусель, не маючы дэ-факта нейкай моцнай палітыкі ў “беларускім пытанні”, рэцэптаў, як выходзіць з сённяшняга тупіку, тым не меней мусіць ставіць “птушачкі” ў сваіх планах. Што праца з гэтай апошняй дыктатурай Еўропы ўсё ж такі вядзецца. І дыялог аб мадэрнізацыі - гэта такая саломінка, за якую Брусель зараз хапаецца. Тамтэйшыя бюракраты кажуць, што ўжо пераходзяць да трэцяга этапу. Аднак, думаю, што маса беларускага насельніцтва не заўважыла ўвогуле гэтага еўрапейскага дыялогу. Хоць запатрабаванасць ёсць, таму што калі незалежныя сацыёлагі пытаюцца, ці патрэбна такая праграма для Беларусі, вельмі значная частка насельніцтва, нават мусіць і не ведаючы, што гэта такое, кажа “так” - патрэбна. Бо ёсць адчуванне, што нешта трэба мяняць у гэтай краіне. 19 гадоў адзін чалавек у тэлевізары дзяўбе адныя і тыя ж тэзы, а руху наперад няма. І мы ўжо, хоць і друкуюцца гэтыя пустыя грошы, адстаем ад суседзяў ўсё болей, а друкаванне пустых грошай пагражае чарговым абвалам. І вось мы бачым зноў, як пашыхтаваўся народ у абменнікі, нервова сочыць за тым, што курс даляра пачаў падвышацца. То бок, сваім папулізмам Лукашэнка загнаў сябе ў зачараванае кола. Ён зараз баіцца пачаць рэформы, бо гэта можа пахіснуць ягоную ўладу. Менавіта па гэтай прычыне ў еўрапейскім разуменні “Дыялог аб мадэрнізацыі” ўладзе Беларусі не патрэбны. Максімум на што яна здольная, гэта неяк “падлапіць” гэтую сённяшнюю мадэль. А на рынкавыя рэформы, тым болей на змену палітычнай мадэлі, канешне, Лукашэнка пайсці не можа. Зараз ужо з боку еўрапейскіх палітыкаў і аналітыкаў таксама, найбольш цвяроза думаючыя людзі кажуць, што трэба проста рэалістычна ацэньваць магчымасці гэтага “Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі” і спрабаваць неяк "зварыць кашу" хаця б у тых пытаннях, дзе нават улада і наменклатура разумеюць, што трэба нешта мяняць. Ну кшталту экалогіі, памежнай супрацы, энергетычнай бяспекі. Таму сёння максімум на што здольны дыялог, калі браць гэты трэк - адносіны паміж Бруселем і афіцыйным Менскам - гэта завязаць гутарку пра нейкія лакальныя, невялічкія трансфармацыі, але і тое рэальна будзе магчыма, калі вырашыцца пытанне з палітычнымі вязнямі. Колькі б не разважалі, што някепска было б дзяржаўных экспертаў, чыноўнікаў запрасіць за гэты “круглы стол”, яны не пойдуць, пакуль не будзе адмашкі персанальна ад Лукашэнкі. А Лукашэнка пакуль не дае дазволу, бо не вырашана галоўнае пытанне, тут цэлы вузел такіх супярэчнасцяў. Калі будзе развязаны гэты вузел - з палітвязнямі, з запрашэннем на саміт “Усходняга партнёрства”, то гэта будзе каталізатарам і для “Еўрапейскага дыялогу”. Хаця зноў жа падкрэслю, што яго магчымасці пры сённяшняй сістэме варта цвяроза ацэньваць.
РР: Але ж Еўропа можа весці дыялог з дэмакратычнай часткай беларускга грамадства.
Аляксандр Класкоўскі: Так, ёсць яшчэ адзін пласт гэтага дыялогу. Ён карысны яшчэ і для таго, каб нейкае паразуменне наконт будучыні Беларусі фармавалася ў асяроддзі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Бо сёння там таксама хто ў лес, хто па дровы, усё расцярушана. Вядуцца дыскусіі, прычым не прынцыповыя, а часта такім чынам прыкрываецца барацьба амбіцыяў ці барацьба за рэсурсы. Пакуль не будзе ладу, згоды, каардынацыі, элементарнага паразумення паміж апанентамі Лукашэнкі, то канешне іх патэнцыял будзе вельмі слабы. І з такімі апанентамі ўлада ніколі не сядзе за адзін стол перамоваў. Як пачыналася праграма “Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі?” На першым этапе былі сфармаваны групы экспертаў, беларускія прадстаўнікі аналітычных арганізацыяў, прадстаўнікі трэцяга сектару, апазіцыі - вельмі пярэстыя гэтыя групы. Год яны таўклі ваду ў ступе, збольшага, і не змаглі нават дамовіцца, пра што яны будуць весці гаворку, якога кшталту рэформы патрэбны Беларусі. Хаця ў выніку ўсё ж акрэслілася такая парадыгма, што трэба распрацоўваць тыя рэформы, якія можна рэалізаваць у сённяшніх умовах, у мажах існуючага рэжыму. Зараз, напэўна, справа ідзе да таго, што скончыцца гэты летні мёртвы сезон і ўжо эксперты болей мэтанакіравана пачнуць распрацоўваць пэўныя "кейсы", пэўныя пунктавыя рэформы ў тых ці іншых галінах, там, дзе можна дамовіцца з беларускімі ўладамі. Аднак, зноў жа мы бачым, што зараз заварушылася палітычная апазіцыя. Ёсць такая думка сярод палітычных лідараў, што "мы мусім замаўляць гэтыя рэформы, бо мы змагаемся за будучыню Беларусі". Але яны, ў сваю чаргу, чуюць папрокі - а дзе ж вы былі раней і чаму менавіта вы ўвасабляеце сабой будучыню Беларусі? То бок, тут узнікаюць новыя калізіі, і цяжка прэтэндаваць на важкую ролю ў гэтай ініцытыве, калі рэальна тая ж апазіцыя не мае ніякай палітычнай вагі - вось гэта вялікая праблема. Цяжка і незалежным экспертам таму, што з аднаго боку, на іх цісне тая ж апазіцыя, з іншага боку, улада таксама на іх цісне. Таму мы бачым, што зараз няма нейкай пляцоўкі, на якой можна было б спакойна, без нерваў пачаць гэты дыялог. Я думаю, што гэта будзе болей верагодна ў тым выпадку, калі пойдзе ўвогуле новая адліга ў дачыненнях з Еўропай. Тады ўлада хай сабе ў пэўнай ступені імітацыйна, але будзе старацца падтрымліваць гэты дыялог. Хаця, канешне, нельга думаць, што ўлада зробіцца белай і пухнатай, прасякнецца еўрапейскімі ідэаламі. Найхутчэй кіруючая вярхушка хоча, як разынкі з булкі, павыкалупваць тое, што карысна, каб падтрымаць рэжым не мяняючы палітычную сістэму, не аддаючы ўладу і Еўропу сюды не пускаючы.
РР: Але ў лексіконе Лукашэнкі ўсё часцей гэта слова - мадэрнізацыя, можна пачуць.
Аляксандр Класкоўскі:Так, сапраўды, Лукашэнка разумее, што іначай капец і нешта трэба мяняць. Эксперты, праўда, яго ўжо абсмяялі, што ў яго, маўляў, такое калгаснае, прымітыўнае, савецкае разуменне мадэрнізацыі: сцены пафарбаваць і навейшыя нейкія станкі паставіць. Аднак, па-першае, усё ж не варта недаацэньваць і магымасцяў аўтарытарнай мадэрнізацыі. Напрыклад, азіяцкія тыгры менавіта з гэтага пачыналі, калі не было палітычных свабод, а ладзіліся рэформы ў эканоміцы. Іншае пытанне, наколькі Лукашэнка гатовы нават у эканоміцы адпусціць шрубы. Ён інстынктына адчувае, што гэта таксама ў перспектыве нясе пагрозу ягонай уладзе. І тут усё залежыць ад таго, якая небяспека ў свядомасці Лукашэнкі пераважыць. Небяспека ад кансервацыі, калі проста рана ці позна можа выбухнуць гэты беларускі кацёл, каліі ў ім ціск пары перавысіць нейкі крытычны ўзровень, ці болей рызыкоўна ісці ў гэтае непрадказальнае плаванне з транфармацыяй эканамічнай мадэлі. Я думаю, што ён будзе старацца сядзець на двух крэслах, таму пры ягонай уладзе нейкіх рашучых рэформаў чакаць не выпадае. Так, што еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі, ягонае значэнне апрыёры не варта перавялічваць. Але як адзін з інструментаў ў кантэксце магчымага паляпшэння, новай разрадкі ў дачыненях з Еўропай ён пэўную ролю можа, канешне, згуляць.
РР: А грамадства беларускае, наколькі яно патрабуе мадэрнізацыі і наколькі яно гатовае да яе?
Аляксандр Класкоўскі: З аднаго боку, паводле звестак Нацыянальнага інстытута сацыяльна-эканамічных даследаванняў, запатрабаванасць рэформаў вялікая. Тры чвэрці насельніцтва за тое, каб у краіне адбываліся нейкія значныя перамены. Іншае пытанне, як разумее насельнісцтва гэтыя перамены, гэтыя рэформы? Апазіцыя падхапіла - вось, тры чвэрці за перамены! Нам толькі на белым кане ўзначаліць і ўехаць на Карла Маркса 38. Дык вось, так не будзе. Гэта вельмі праблематычна, таму што абывацель ёсць абывацель. Ён хоча, каб яму зрабілі ўсё добра, каб ён атрымліваў 3 тысячы долараў, як у багацейшых еўрапейскіх краінах. І разам з тым, ён не хоча прайсці праз непазбежную ломку, каб запрацавала рынкавая мадэль, трэба прайсці і праз беспрацоў'е, і праз абвастрэнне ўсялякіх сацыяльных боек. Трэба перамучыцца, перапакутваць, а на гэта звычайнае насельніцтва не гатовае пайсці. Таму, умоўна кажучы, многія хочуць, каб прыйшоў новы бацька нацыі, але ўжо нейкі болей прасунуты, але таксама, каб ён ім ўсё паднёс на "сподачку з блакітнай аблямовачкай", а гэта немагчыма. Так, што нібыта і ёсць запатрабаванасць у пераменах, аднак тут не трэба ўпадаць у эйфарыю і трэба разумець, што любая шэраговая маса дастаткова кансерватыўная.
РР: Можа быць, яшчэ трэба ўлічваць і ўсходні чыннік? Расія таксама прапануе ўступленне ў Еўразійскі звяз з усімі выцякаючымі наступствамі. Гэта ж таксама ўздзейнічае на праект мадэрнізацыі Беларусі, які прапаноўвае Еўропа.
Аляксандр Класкоўскі: Можна ўзгадаць, што Лукашэнка ўжо прасіў у Масквы грошай менавіта на мадэрнізацыю, але Масква не разгоніцца даваць, пакуль гэта пытанне падвешанае. Таму, што Масква, па-першае, за грошы выціскае максімум саступак. Мы бачым, што зараз яна патрабуе прадпрыемствы найболей прывабныя. Яна размяшчае сваю авіябазу на мяжы з краінамі НАТА і іншае. Канешне, рана ці позна Пуцін дасць грошы Лукашэнку пад выбары, бо трэба будаваць Еўразійскі звяз, трэба адрапартаваць, што гэты праект увасабляецца. Лукашэнка гэта разумее, таму, так бы мовіць, на падтрымку штаноў рэжыму грошы Масква дасць. Аднак небяспека ў тым, што гэта кансервуе цяперашнюю мадэль і вядзе да паступовай дэградацыі краіны. Павялічваецца разрыў паміж Беларуссю і перадавымі краінамі свету. Сёння, у эпоху глабалізацыі, кожны страчаны год можа стаць фатальным. Мы назаўжды можам застацца ў гэтым “трэцім свеце”, назаўжды ў такой сітуацыі празябання.
Нажаль, гэтая перспектыва вельмі небяспечная для Беларусі і пры кіраванні Лукашэнкі нябачна перспектываў, як вырвацца з гэтай небяспекі, лічыць Аляксандр Класкоўскі.
Генадзь Барбарыч, Беларускае
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме