22:00 22.03.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Аляксандр Фядута: Калі б улада думала пра краіну, яна б пусціла апазіцыю ў парламент
82% беларусаў лічаць, што не могуць уплываць на рашэнні ўлады. Улада таксама не чуе, што адбываецца ў народзе, і лічыць яго меркаванне неабавязковым, а з апазіцыяй яна сустракаецца толькі ў судзе. Пра ўзаемаадносіны народа, улады і апазіцыі Еўрарадыё паразмаўляла з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фядутам
Еўрарадыё: Давайце пагутарым пра ўладу, апазіцыю і народ, паспрабуем намаляваць схему, па якой адбываецца камунікацыя паміж імі, якімі сродкамі, якая паміж імі сувязь… І пачнём з першага блоку, які я назаву “улада - апазіцыя”. Якая сёння наладжана паміж імі сувязь? Ці патрэбная яна ўвогуле і для чаго?
Аляксандр Фядута: Існуе тры абсалютна легальныя пляцоўкі, на якіх камунікуюць прадстаўнікі ўлады і апазіцыі. Першая – гэта органы прадстаўнічай улады. Ва ўсім свеце ў парламенце прысутнічае як улада, так і апазіцыя. І ў межах парламенту яны вымушаны кантактаваць адзін з адным. Апазіцыя крытыкуе, але разам з тым яна паказвае слабыя бакі законаў, якія прымаюцца. І гэта дазваляе ўладзе карэктаваць уласныя памылкі, якія б яна зрабіла, калі б не было апазіцыі.
Другая пляцоўка – гэта мэдыя. Кожны буйны палітык, пачынаючы з прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі, пачынае дзень з таго, што чытае пэўны набор газет. І гэта ў першую чаргу газеты, якія выражаюць альтэрнатыўны пункт гледжання. Яму трэба разумець, за што яго крытыкуюць.
І трэцяя пляцоўка – гэта нефармальныя кантакты ў кулуарах. Хочуць палітыкі таго ці не, яны ўсяго толькі людзі. Сёння ты ва ўладзе, заўтра ты гэтую ўладу губляеш. Прынцыпова важна, каб захоўвалася магчымасць дыялогу і пасля ўлады.
Як кантактуюць паміж сабой улада і апазіцыя ў Беларусі?
Напрыклад, у вярхоўным савеце 12-га склікання былі і прадстаўнікі ўладных структур, якія падтрымлівалі прэм’ер-міністра Кебіча, таксама была парламенцкая апазіцыя БНФ на чале з Зянонам Пазняком.
За выключэннем некалькіх фігур, усе цудоўна кантактавалі адзін з адным. Журналісты былі сведкамі, як улада і апазіцыя сустракаліся ў буфеце, у калідоры, абмяркоўвалі нейкае пытанне, якое трэба было прымаць нягледзячы ні на што. І далей гледачам транслявалі сесію, дзе апазіцыя казала адно, улада – іншае, але рашэнне прымалася.
Ці можна менавіта тыя часы назваць найлепшымі ў гісторыі Беларусі, што тычыцца камунікацыі паміж уладай і апазіцыяй?
Як не парадаксальна, – гэта так. І ўлада, і апазіцыя цудоўна разумелі, што пасля падзення камуністычнай сістэмы абсалютная ўлада больш не належыць нікому ў краіне. І прынцыпова важна пабудаваць новую дзяржаву так, каб будучая ўлада атрымала як мага больш улады.
Абсалютна аналагічную сітуацыю я бачыў у Літве. У дзень рэферэндуму па пытанні ўступлення Літвы ў Еўрапейскі Саюз тры прэзідэнты Літвы – два былыя, якія літаральна ненавідзелі адзін аднаго, і новы, толькі што абраны на той час прэзідэнт Раландас Паксас, за суткі да рэферэндуму пайшлі ў народ тлумачыць людзям, навошта Літва павінна быць у Еўрапейскім Саюзе.
У гэтым праяўляўся незвычайны кансенсус літоўскіх эліт. Я магу прывесці і іншыя прыклады – я шмат працаваў ва Ўкраіне, як палітычны тэхнолаг і ведаю, што людзі, якія з парламенцкай трыбуны вельмі жорстка крытыкавалі адзін аднаго, на наступны дзень спакойна сустракаліся ў кавярні і абмяркоўвалі тыя самыя праблемы, па якіх здавалася б усё ўжо вырашана. У іх была агульная задача – будаванне суверэннай Украіны.
Вы кажаце, што ў ідэале два складнікі эліт – улада і апазіцыя – павінны быць раўназначнымі… А якія могуць быць наступствы таго, што ў нас яны не раўназначныя?
Я не магу сказаць, што яны павінны быць раўназначныя, таму што зразумела, што рашэнні прымае ўлада. І адказвае за гэтыя рашэнні ўлада. Пытанне ў іншым: што дзеля захавання дзяржаўнасці павінен ісці дыялог. У адваротным выпадку, калі дзяржава раздзіраецца непераадольнымі супярэчнасцямі, умешваецца знешняя сіла.
У нашай сітуацыі стан вельмі складаны. Улада пабудавала такую сістэму, пры якой той, хто прайграў, губляе ўсё – у тым ліку пляцоўку для свабоднага выражэння меркавання.
На працягу доўгага часу свайго праўлення Аляксандр Лукашэнка знішчыў усе механізмы легальных кантактаў паміж уладай і апазіцыяй. Дайшло да таго, што парламент фактычна адмовіўся ад удзелу ў Еўранэсце толькі таму, што там павінна была быць прадстаўлена непарламенцкая апазіцыя. Але ўлада сама зрабіла так, што парламенцкай апазіцыі няма.
За Аляксандра Казуліна ці Аляксандра Мілінкевіча галасавала больш, чым за кожнага дэпутата парламента. Яны маюць некалькі большую вагу, чым любы з дэпутатаў паасобку. Адмаўляючыся гэта прымаць, улада фактычна вызначае сваё будучае становішча пасля выбараў.
У выніку эканамічнага крызісу, які будзе вельмі доўгім, можа скласціся такая сітуацыя, калі контр-эліта прыйдзе да ўлады і вызначыць для будучай апазіцыі, цяперашняй улады тое самае гета, у якім знаходзіцца сёння сама.
Сёння ж улада і апазіцыя сустракаюцца ў адзіным выпадку – у судзе, калі ўлада выносіць прыгавор прадстаўніку апазіцыйнай эліты. І гэта самае вялікае глупства, якое можа зрабіць улада, таму што ў будучыні ўсё непазбежна памяняецца месцамі.
Атрымліваецца, што ўлада сама сябе загнала ў пастку, і калі яна губляе сваю пазіцыю, то губляе ўсё? І няма шляхоў да адступлення…
Пры гэтым самая вялікая пагроза як раз не вышэйшаму эшалону ўлады, таму што ў вышэйшых эшалонах улады ва ўсе часы праўлення Лукашэнкі было некалькі чалавек, якім дазвалялася пераўтвараць свой кабінет у пляцоўку для камунікацый.
Свабоднае права камунікавання з апазіцыяй заўсёды было ва Ўрала Латыпава, калі той быў кіраўніком адміністрацыі, у Івана Антановіча, калі ён быў міністрам замежных спраў. Цяпер ва Ўладзіміра Макея. З самага пачатку кіравання Лукашэнкі і да сённяшняга дня гэта права фактычна захоўвае галоўны рэдактар прэзідэнцкай газеты Павел Якубовіч.
Ёсць яшчэ некалькі чалавек, але разам з тым гэта не ўзведзена ў сістэму. Няшчасце якога-небудзь губернатара заключаецца ў тым, што ён цудоўна разумее, што рабочыя завода, які знаходзіцца на тэрыторыі яго рэгіёна, заўтра ці паслязаўтра сапраўды могуць выйсці на плошчу. І гэта будзе небяспечна не толькі для яго асабіста, але і для саміх рабочых, і для прадпрыемства. І ўрэшце гэта часам бывае небяспечна для краіны.
Павінен быць кансенсус, павінны быць усталяваныя правілы гульні – з кім размаўляць. Ён жа не можа патэлефанаваць лідэру мясцовых незалежных прафсаюзаў ці старшыні абласной арганізацыі БНФ і сказаць: хлопцы, прыходзьце, мне трэба з вамі паразмаўляць. У прынцыпе, гэта было б нармальна, але ў нашых умовах ён не паспее гэтага зрабіць, данос будзе напісаны раней, чым закрыюцца дзверы кабінета за ягонымі суразмоўцамі.
Давайце пяройдзем да другога блоку – “улада-народ”. Як камунікуюць паміж сабой улада і народ? У якой стадыі ў нас сёння знаходзіцца гэта сувязь? Ці ідзе плынь у два бакі – альбо ўлада з народам камунікуе, а народ з уладай – не вельмі…
Ніяк улада з народам не камунікуе. Дыялог – гэта камунікацыя двух бакоў з рознымі меркаваннямі, якія чуюць адзін аднаго і рэагуюць на рэплікі адзін аднаго. Дыялог улады і народа ў нашых умовах – дыялог глухога з нямым.
Улада валодае ўсімі магчымасцямі гаварыць, але чым вышэй узровень улады, тым менш людзі, якія там знаходзяцца чуюць тое, што рэальна адбываецца ў народзе. З іншага боку, народ бачыць і разумее, што адбываецца, бо народ не быдла – гэта людзі, якія хацелі б выказацца, але не ведаюць як.
Нядаўна прайшоў цікавы эксперымент, які ініцыявала грамадзянская кампанія “Гавары праўду” пад кіраўніцтвам паэта Ўладзіміра Някляева. Была раскіданая некаторая колькасць паштовак з аплачанай маркай і адрасам адміністрацыі прэзідэнта. Калі ласка, калі хочаце, пішыце, скардзіцеся.
Многія мае знаёмыя атрымалі гэту паштоўку… А пасля стала вядома, што ўлада робіць ўсё, каб гэтыя паштоўкі не дайшлі ў адміністрацыю, нават тыя нешматлікія, якія былі запоўненыя. Гэта як раз вельмі цікава. Фармальна ўсе прызнаюць права, што людзі могуць скардзіцца, што людзі маюць законную магчымасць звяртацца наўпрост нават да кіраўніцтва. Але мясцовая ўлада ўпэўненая, што выказванне такога меркавання не з’яўляецца не тое, што легітымным, але і абавязковым.
Ва ўсім свеце чыноўнік, які перахоплівае любую паштоўку, асабліва адкрытую, асуджаны на палітычную гібель. У нас такім чынам ён працягвае сваё існаванне.
З аднаго боку, сапраўды ўлада лічыць, што меркаванне народу неабавязковае. Але з іншага боку, сам народ таксама так лічыць. І я тут хачу прывесці дадзеныя сацыялагічнага апытання, людзям задавалі пытанне “Ці лічыце вы, што можаце ўплываць на рашэнні ўлады?” 82% сказалі, што не. І што яшчэ больш цікава, 53% адказалі, што нават і не хочуць мець такой магчымасці.
У педагогіцы гэта называецца простым словам – інфантылізм. Народ, як і кожны індывідуум становіцца дарослым у той момант, калі ён вучыцца прымаць рашэнні і адказваць за свае рашэнні. Працэнт, які вы назвалі – гэта людзі, якія адмовіліся прымаць рашэнні нават па пытанні ўласнага лёсу і лёсу сваёй сям’і. Гэта паводзіны людзей затарможаных у сваім развіцці.
Улада, на жаль, карыстаецца тым, што ёй гэта зручна, але яна павінна разумець самае галоўнае, што калі ў народа адсутнічае права свабоднага выбару, і калі народ адмаўляецца рабіць гэты выбар, то калі прыйдзе “час Ч”, пытаць ён будзе з тых, хто гэтыя рашэнні прымае, то бок з улады.
Так, калі народ пераклаў усю адказнасць на ўладу…
Улада сама паклала ўсю адказнасць на сябе. І звярніце ўвагу, як квітнеюць беларускія чыноўнікі, калі сыходзяць у адстаўку. Я памятаю міністра Навумава, які хадзіў абсалютна падаўлены, разумеючы які на ім ляжыць цяжар адказнасці. І ён літаральна расквітнеў, калі яго адправілі ў адстаўку.
Давайце падвядзем вынік гэтаму блоку, “улада-народ”. Вы расказалі, чым небяспечная сітуацыя адсутнасці камунікацыі, якая склалася ў нас сёння. Для ўлады – таму што пасля з яе ж гэта цалкам і спытаюць. А чым небяспечная такая сітуацыя для народа?
У той момант, калі народ даспее да думкі пра неабходнасць змяніць уладу і выканае гэта сваё рашэнне, выявіцца, што няма другога эшалону. І да ўлады прыйдуць людзі, якія не маюць рэальнага досведу кіравання.
Калі б улада думала пра краіну, а не пра сябе, яна б прынамсі на мінулых парламенцкіх выбарах пусціла апазіцыю, таму што парламент – гэта каласальная школа. Але яна гэтага не зрабіла, і я вельмі асцерагаюся, што тыя перамены, якія ўсё роўна рана ці позна непазбежна адбудуцца, паставяць народ у такую сітуацыю, калі людзям давядзецца вырашаць свой лёс па прынцыпе “ратуйся, хто можа”.
Такі не вельмі аптымістычны прагноз…
Ну, чаму. Я ўсё яшчэ захоўваю надзею, што абыдзецца без страляніны. Гэта вельмі аптымістычны прагноз.
І нарэшце давайце пагаворым пра апошні блок. “Народ-апазіцыя”. Якім чынам адбываецца камунікацыя тут. І якія ёсць асаблівасці?
Звычайна ва ўсім свеце народ і апазіцыя камунікуюць альбо праз медыйныя сродкі, альбо падчас выбараў. І паколькі электаральны цыкл у кожнай цывілізаванай краіне перманентны – сітуацыя падзяляецца на перадвыбарную, выбарную кампанію і паслявыбарную… Фактычна няма стану, калі да выбараў ніхто не рыхтуецца. Увесь час адбываецца камунікацыя выбаршчыкаў з палітыкамі.
Доўгі час у беларускай апазіцыі панавала тэорыя ўстрымання. Вось мы такія ўсе чысценькія-беленькія, мы не будзем удзельнічаць у выбарах, народ схамянецца, зразумее жах сітуацыі, не пойдзе галасаваць і ўлада рухне…
Дзве ці тры электаральныя кампаніі былі кампаніямі байкоту. Сітуацыя была ідыёцкая, таму што палітык, які адмаўляецца ад удзелу ў выбарах асуджае сябе на палітычную смерць. Але паколькі ў нас адсутнічалі механізмы ратацыі ўнутры апазіцыі – гэта сітуацыя была закансерваваная. У выніку мы маем цэлае пакаленне палітыкаў, якія займаюць статусныя месцы ў апазіцыі, якія не толькі не мелі досведу перамогаў, але і падмянілі барацьбу бяздзеяннем. Таму яны і досведу рэальнай барацьбы не мелі.
Цяпер, дзякуй богу, гэта тэорыя панесла паражэнне, апазіцыя зразумела, што нават адначасовае зняцце ўсіх кандыдатаў ад апазіцыі павінна адбыцца пасля таго, калі легальны дыялог з выбаршчыкамі закончаны. Паход па кватэрах, лістоўкі, плакаты, выступы па радыё і тэлебачанні… Усё выкарысталі – цяпер здымайцеся. Дзякуй богу, гэта тэорыя пачала набываць папулярнасць. Але праблема ў тым, што народ у дадзенай сітуацыі адвык чуць голас апазіцыі.
Выбаршчык пытаецца, а што вы для нас зрабілі? Нібыта той самы парламент ці мінскі гарадскі савет – гэта ўзнагарода, якую павінны атрымаць дырэктар школы ці галоўны ўрач стаматалагічнай бальніцы за тое, што зрабіў. Апазіцыянеры кажуць – мы будзем адстойваць вашы інтарэсы. А ім кажуць – мне не трэба тое, што вы будзеце рабіць заўтра, мне трэба тое, што вы рабілі ўчора.
Для чаго патрэбная наладжаная камунікацыя паміж апазіцыяй і народам і чым пагражае яе адсутнасць?
Калі не было камунікацыі паміж апазіцыяй і народам у 1991 годзе, народ выйшаў на плошчу і да гэтага аказаліся непадрыхтаваныя ўсе – і ўлада, і апазіцыя, і сам народ. І тое, што тады не адбылося сапраўднай дэмакратызацыі Беларусі – гэта вынік таго, што апазіцыя і народ гаварылі на розных мовах. Прычым літаральна на розных мовах, на жаль.
Калі ты хочаш, каб цябе пачулі, вучы рыторыку свайго народа, вучы тыя словы, якія народ разумее. А разумее ён далёка не толькі нецэнзурную лаянку. Ён разумее і нармальную літаратурную мову, але з ім трэба размаўляць пра тое, што яго хвалюе.
Але апазіцыя прыходзіць да яго і першае слова, якое кажа – “Злачынны рэжым!” І далей я ўяўляю сабе токара мінскага трактарнага завода, які слупянее і разумее, што з імі насамрэч ніхто размаўляць не збіраецца. Яго ніхто не збіраецца чуць, а збіраюцца крычаць пра штосьці сваё, дзе слова “дэмакратыя” не будзе мець з рэальнай дэмакратыяй нічога агульнага.
Сярод сродкаў камунікацыі апазіцыі з народам вы назвалі два – медыя і выбары. Паколькі са свабодай СМІ ў нас узнікаюць пытанні, то ці магчыма гэтую камунікацыю выконваць нейкім іншым чынам?
Наўрад ці, таму што ўсё астатняе – гэта нелегітымныя пляцоўкі. Можна паставіць 25 пікетаў у нашым мінскім Гайд-парку на сабачай пляцоўцы ў раёне плошчы Бангалор. Але я баюся, што ніхто акрамя гаспадароў 30-ці сабачак не даведаецца пра меркаванне, якое выказалі пікетчыкі.
Таму, з майго пункту гледжання, тыя дзве пляцоўкі для камунікацыі, якія я назваў – галоўныя.
Падводзячы вынік гэтаму блоку, апішыце коратка эвалюцыю камунікацыі апазіцыя - народ. Калі яна была найлепшай? І наадварот?
Цяпер лепш, чым пяць гадоў таму, але горш, чым 20 гадоў таму. Таму што 20 гадоў таму ў апазіцыі была ў наяўнасці плошча. Быў мітынг, на які можна было прыйсці і выкрыкнуць. Была аўдыторыя, разагрэтая гарбачоўскімі рэформамі, якая памятала, што “мы людзі, маем права хацець і патрабаваць”. Цяпер, на жаль, гэтага няма. І паступовая страта гэтай адкрытай абсалютна легальнай пляцоўкі, ажыццяўлялася, паўтару, у многім дзякуючы самой апазіцыі.
Цяпер сітуацыя лепшая, апазіцыя рэальна пайшла ў народ, спрабуе штосьці гаварыць, з’явілася моладзь. Але адначасова гэта сітуацыя горшая, бо гэта моладзь не мае досведу кіравання, а ўся апазіцыя ў цэлым, на жаль, забыла сацыяльную рыторыку, тую, якой цудоўна валодае ўлада.
Наста Манцэвіч
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме