10:15 28.09.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Алесь Міхалевіч: Я чакаў, што прызнанне ў супрацоўніцтве з КДБ зробяць іншыя лідары апазіцыі

Такое прызнанне ў пэўным сэнсе з’яўляецца адпушчэннем грахоў і дае магчымасць гэтым людзям і надалей прэтэндаваць на палітычную ўладу.
Алесь Міхалевіч прыйшоў 10 верасня да ГУМа на пікет, арганізаваны Міколам Статкевічам, Беларуская праўда
Праз чатыры з паловай гады эміграцыі кандыдат на прэзідэнта ў 2010 годзе Алесь Міхалевіч вярнуўся ў Беларусь. Вярнуўся, рызыкуючы зноў апынуцца за кратамі – ягоная крымінальная справа дагэтуль не закрытая, а абвінавачанне ў “масавых беспарадках” пагражае яму 15-гадовым турэмным зняволеннем.
Пра абставіны вяртання ў Беларусь, пра прэзідэнцкую кампанію і апазіцыю, нашпігаваную агентамі КДБ, пагутарыла з Алесем Міхалевічам. Даўшы палітыку з месяц на адаптацыю.
“Я па-ранейшаму гатовы на любога сцэнару”
-Дамоклаў меч нада мной вісіць да гэтага часу, бо я з’яўляюся абвінавачаным па крымінальнай справе аб масавых беспарадках – мне пагражае ад 5 да 15 гадоў турэмнага зняволення. Небяспека застаецца, бо ніхто крымінальную справу не зачыніў і невядома, ці збіраюцца зачыняць.
А вярнуўся таму, што хачу жыць у сваёй краіне са сваёй сямёй. І люблю Беларусь: мне камфортна ў краіне, дзе я адчуваю сябе шчаслівым.
-Аднак палітэмігранты апошняй хвалі не спяшаюцца вяртацца дахаты. Відавочна, вас да такога рашэння падштрухнула нешта канкрэтнае.
-Гэтым штуршком сталася вызваленне Міколы Статкевіча. Я заўсёды казаў, што вярнуся дадому, калі на свабодзе апынуцца ключавыя палітвязні: Мікола Статкевіч і Алесь Бяляцкі. Алесь Бяляцкі, слава Богу, ужо досыць даўно на свабодзе, а пасля вызвалення Міколы Статкевіча я прыйшоў да свайго начальства і сказаў, што праз два тыдні вяртаюся ў Беларусь. І пачаў зачыняць свае справы ў Чэхіі і пакаваць валізы да вяртання.
-Як начальства ўспрыняло навіну?
-Як любое начальства, калі супрацоўнік за два тыдні папярэджвае пра звальненне: без асаблівай радасці, бо давядзецца шукаць новага работніка. Я адразу сказаў, што няма гарантый майго вяртання, і даваў больш шансаў за маё невяртанне. Зразумела, ніводная фірма не выкажа задавальнення, калі адносна добры супрацоўнік сыходзіць.
-На што вы разлічвалі, перасякаючы літоўска-беларускую мяжу? Зайцам не праскочыш…
-Разлічваў, што мяне бясплатна адвязуць з Гудагая ў Мінск, што бліжэйшую ноч сустрэну ў “амерыканцы” (СІЗА КГБ. – Рэд.). Калі ў Чэхіі праходзіў працэс па маёй экстрадыцыі ў Беларусь, я бачыў паперы, паводле якіх мне змянілі меру стрымання – з падпіскі аб нявыездзе на устрыманне пад вартай у Следчым ізалятары КДБ. У Следчым ізалятары №1 КДБ Рэспублікі Беларусь – так поўнасцю называецца гэтая ўстанова. Не сумняваўся, што мяне даставяць у Мінск, я пераначую ў СІЗА КДБ. А наконт будучыні ў мяне былі сумневы: як доўга я прабуду ў амерыканцы, ці перавядуць мяне ў іншы ізалятар, бо ў святле маіх прэс-канферэнцый пра катаванні ў СІЗА №1 КДБ было б дзіўным мяне там утрымліваць. За час маёй адсутнасці ў Беларусі ўжо стварылі Следчы камітэт, які цяпер і вядзе маю справу.
У любым выпадку я рыхтаваўся да доўгага знаходжання ў турме, і маральна падрыхтаваўся да найгоршага.
Чытайце па тэме:-Чаму ж сцэнар “амерыканкі” не паўтарыўся, і вас адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе?
-Думаю, па мне рашэнне прымалася на самым высокім узроўні. Мяркую, маё знаходжанне ў турме магло перашкодзіць дыялогу паміж беларускімі ўладамі і Еўрасаюзам і правядзенню прэзідэнцкіх выбараў. У дзень майго вяртання якраз нейкі высокі еўрапейскі функцыянер прыязджаў у Мінск і сустракаўся з беларускім кіраўніцтвам. Не выключаю, маглі падумаць, што я якраз прымеркаваў сваё вяртанне да гэтага візіту. Але я прымаў рашэнне вярнуцца 8 верасня, зыходзячы з сімвалічнасці гэтай даты.
-Якія судовыя перспектывы мае вашая крымінальная справа?
-Перспектывы надзвычай шырокія – ад поўнага закрыцця да 15 гадоў турэмнага зняволення. Рашэнне залежыць ад улады.
Зараз бачна, што ёсць рашэнне зацягнуць маю справу мінімальна да выбараў. Беларусь непрадказальная краіна, таму я па-ранейшаму гатовы на любога сцэнару.
“Сітуацыя ў беларускай апазіцыі не палепшылася ў параўнанні з 2010 годам”
-Вы вярнуліся ў Беларусь у разгар прэзідэнцкай кампаніі? Што ўбачылі?
-Я пабачыў нашмат больш беларускую краіну, чым яна была да майго ад’езду. Я маю на ўвазе не толькі беларускамоўную рэкламу на білбордах, але і больш прыязнае стаўленне людзей да беларускай мовы, і адкрытасць уладаў да беларускай мовы, да праяў незалежнасці. Улады Беларусі, прынамсі, вышэйшае кіраўніцтва, разумеюць, што нацыянальная свядомасць – гэта добра, а пагрозы зыходзяць больш ад усходняга суседа, чым ад апазіцыі.
-Як вы ацэньваеце дзеянні сваіх калег па апазіцыі ў часе прэзідэнцкай кампаніі?
-Ніяк. Я бачу, што сітуацыя ў беларускай апазіцыі не палепшылася ў параўнанні з 2010 годам.
-Значыць, вы не збіраецеся вяртацца ў апазіцыю?
-Я з’яўляюся актывістам Партыі БНФ, і пакуль што мой удзел у палітыцы абмяжоўваецца статусам шэраговага сябра БНФ.
-Якія перспектывы мае цяперашняя прэзідэнцкая кампанія?
-У Беларусі я ўжо некалькі тыдняў, агульнае меркаванне склалася. Грамадства не ўспрымае гэтую кампанію як нешта важнае; у адрозненне ад усіх папярэдніх прэзідэнцкіх кампаній асноўная задача ўлады – зацягнуць людзей на ўчасткі для галасавання. Калі раней грамадства праяўляла інтарэс, як у 2010 годзе (людзі адчулі, што іхні голас чагосьці варты, што голас з’яўляецца грашыма, якія можна неяк канвертаваць), то зараз людзі левым вокам ацанілі кандыдатаў, паглядзелі выступы кандыдатаў. З усяго, што прапануе прэзідэнцкая кампанія, для многіх самае смачнае – Таццяна Караткевіч.
Але няма цікавасці ані да кампаніі, ані да кандыдатаў, ані да самых выбараў.
“Некалькі пабітых шыбаў – не масавыя беспарадкі, а дробнае хуліганства”
-Апазіцыя пайшла на выбары, не сказаўшы ўсю праўду пра 2010 год. Давайце вернемся на пяць гадоў назад і паспрабуем разабрацца, што здарылася 19 снежня 2010 года. Чаму літаральна ў дзень галасавання апазіцыя змяніла план Плошчы?
-Я сапраўды не ўдзельнічаў ні ў адным паседжанні па планаванні Плошчы. Калі мяне дапытвалі ў КДБ па справе масавых беспарадкаў, я казаў стопрацэнтную праўду: не ведаў, не ўдзельнічаў. Я быў шэраговым удзельнікам Плошчы, і быў у натоўпе, сярод людзей. Таму я сапраўды не ведаю, што і чаму адбылося.
Чытайце па тэме:Адно магу сказаць упэўнена: улады вельмі моцна пераацанілі небяспеку той Плошчы, і ў нейкі момант, магчыма на эмоцыях, прынялі радыкальны сцэнар – і разгону Плошчы, і па ўзбуджэнні крымінальнай справы за так званыя “масавыя беспарадкі”, якіх не было. Мы не можам назваць некалькі пабітых шыбаў масавымі беспарадкамі – гэта хуліганства, нават дробнае хуліганства.
-Навошта ўладам спатрэбілася кідаць амаль усіх кандыдатаў на прэзідэнта за краты?
-Зарэгістраваўшы 10 кандыдатаў, улады ўсвядомілі, што заахвоцілі людзей да ўдзелу ў выбарах, падагрэлі цікаўнасць да палітыкі і стварылі сітуацыю, калі грамадства ведала мінімум 10 палітыкаў. Не лічачы Лукашэнкі. Да таго моманту галоўным аргументам уладаў была безальтэрнатыўнасць Лукашэнкі: калі не Лукашэнка, то хто? 2010 год якраз зруйнаваў гэты аргумент. 10-ы год паказаў, што ў Беларусі ёсць шмат цікавых людзей, частка з якіх мае праграму, як меў добра распрацаваную праграму я, частка людзей добра прамаўляе. Так ці інакш мы паказалі, што ёсць выбар, альтэрнатыва. Думаю, што псіхалагічна ўлада зразумела сваю памылку. Таму і прыйшло рашэнне знішчыць усю альтэрнатыву, напрацаваную ў 2010 годзе. Менавіта так я тлумачу сабе спробу прымусіць кожнага з нас схіліць або да супрацоўніцтва з КДБ, або да прамоваў на тэлебачанні з асуджэннем іншых кандыдатаў. Гэта была спроба фізічнаага, маральнага, палітычнага знішчэння ўсіх апанентаў, якія паўсталі ў 2010 годзе.
-Ці ўдалася задумка ўладаў?
-У значнай ступені ўдалася. Узгадаем Яраслава Раманчука, папулярнага сярод моладзі кандыдата, з добрай праграмай эканамічных зменаў, які здзейсніў крок, пасля якога немагчыма заставацца ў палітыцы. Я ведаю, пра што кажу, бо гэты тэкст рыхтавалі для мяне, яго прапаноўвалі зачытаць мне. Мне прапаноўвалі зачытаць па тэлебачанні, што Ірына Халіп маніпулюе Саннікавым; на той момант я не быў асабіста знаёмы з Халіп, але сказаць такія словы ў камеру беларускага тэлебачання азначала палітычнае самазабойства.
-Як атрымалася, што вы адмовіліся зачытаць зневажальны тэкст, а Раманчук пагадзіўся? Калі паглядзець аб’ектыўна, то ў вас больш балючых месцаў – тая ж сям’я, дзеці. Чым яго маглі ўзяць?
-Я зусім далёкі ад таго, каб зараз некага асуджаць. Я вельмі паважаю эканамічныя погляды Яраслава Раманчука, прыхільна да іх стаўлюся, таму не хачу нічога дрэнага казаць ні пра кога. Як нічога дрэннага не казаў і ў часе прэзідэнцкай кампаніі 2010 года пра Лукашэнку. Я не пагаджаюся з многімі рашэннямі беларускіх улад, але ніколі не буду пераходзіць на асобы.
-Беларускую апазіцыю даўно захліснула агентаманія: бадай, няма ніводнага вядомага апазіцыйнага дзеячы, якога не абвінавачвалі ў супрацоўніцтве з КДБ. Якія маштабы набыў працэс пранікнення спецслужбаў у апазіцыю?
-Уплыў беларускіх уладаў на апазіцыю вельмі вялікі. Іншае пытанне: ці варта цяпер з кожнага рабіць агента КДБ? Зразумела, не. Памятаеце старую савецкую песню: “на дурака не нужен нож, покажешь медный грош – и делай с ним что хошь». Камусьці нават не трэба паказваць грошы – дастаткова сыграць на амбіцыях. Упэўнены, што я далёка не адзіны, каму кадэбэшнікі расказвалі, што хочуць з нас зрабіць вялікага палітыка, хочуць дапамагчы кар’еры. Думаю, значная частка тых людзей, якія разам са мной знаходзіліся ў следчым ізалятары КДБ, паверыла ў гэта. Адзінае, што мяне стрымлівала ад веры ў гэтую брахню, – тыя людзі не могуць ніводнага слова звязаць па-беларуску. Калі ты патрэбны Беларусі, то напэўна, пару дзясяткаў беларускіх слоў здольны вывучыць.
Чытайце па тэме:Мне вельмі цяжка ацэньваць узровень пранікнення агентуры ў апазіцыю. Калі я сабраў прэс-канферэнцыю і распавёў, што ўмовай майго выхаду на свабоду была мая супраца з КДБ – як агента, як інфарматара, я спадзяваўся, што аналагічны крок зробяць іншыя статусныя апазіцыянеры. Бо я лічу, што такое прызнанне ў пэўным сэнсе з’яўляецца адпушчэннем грахоў, такое прызнанне дае магчымасць гэтым людзям і надалей прэтэндаваць на палітычную ўладу. Мы ўсе цудоўна разумеем, што хутчэй за ўсё няма ў беларускай апазіцыі людзей, якія самі прыйшлі ў КДБ і напрасіліся ў агенты; кожнага на нечым лавілі, чымсьці шантажавалі. Я лічу, што чым больш мы будзем пра гэта гаварыць, тым лепш.
-Ад каго персанальна вы чакалі аналагічных прызнанняў?
-Не ведаю. Не магу сказаць, хто з сённяшняй апазіцыі знаходзіцца ў супрацы з КДБ – адкрытай ці ўцёмную, а хто дзейнічае на негалоснай дамове. Бо ёсць і такая супраца: я не раблю канкрэтных рэчаў, спецслужбы – не чапаюць цябе. Існуе ўнутраная самацэнзура, якая дужа развітая і ў прэсе.
Не магу сказаць, ад каго канкрэтна чакаў прызнанняў. Але вельмі ўдзячны Уладу Кобецу за ягоны ўчынак. Удзячны маладым хлопцам з “Гавары праўду”, якія распавялі пра супрацу з КДБ.
-Ці маюць сённяшняя лідары беларускай апазіцыі палітычную будучыню?
-У часткі лідараў палітычнай апазіцыі палітычная будучыня ёсць. Пазней ці раней паўстане пытанне пра новыя палітычныя кадры, якія будуць кіраваць палітычным працэсам у краіне. Безумоўна, беларуская апазіцыя як кадравы рэзерв дэмакратычных ператварэнняў працуе на карысць Беларусь.
Наколькі рэальна апазіцыя змагаецца за ўладу – іншае пытанне. Тут дарэчы згадаць мой любімы чэшскі анекдот. Пытанне: ці была ў Чэхаславакіі апазіцыя да 1989 года? Адказ: не, таму што было забаронена.
Калі няма правілаў, рэальных спаборніцтваў, то дзе ўзяць моцных спартсменаў?
“Эміграцыя можа быць толькі эфектыўнай дабудовай да людзей, якія працуюць дзеля зменаў унутры краіны”
-Чаму беларуская палітычныя эміграцыя так бяззуба сябе паводзіць за мяжой? Здаецца, за апошнія гады ніхто не рабіў нават спробы аб’яднаць беларускую дыяспару.
-Спробы былі. Дый беларуская эміграцыя дастаткова аб’яднаная, ёсць шмат групаў, якія шчыльна супрацоўнічаюць паміж сабой. Нельга чакаць ад эміграцыі таго, што павінны рабіць беларусы ў Беларусі. Эміграцыя можа спрычыніцца, спрыяць беларускаму супраціву. Нашыя людзі за мяжой дастаткова эфектыўна і якасна пішуць тэксты пра Беларусь, даносяць іх да міністэрстваў замежных спраў. Вялікая колькасць беларусаў зрабіла добрую кар’еру за мяжой і з’яўляецца прызнанай часткай элітаў розных краінаў. І працуюць на карысць Беларусі.
Толькі трэба памятаць, што змены не прыходзяць звонку. Нельга чакаць ад эміграцыі таго, чаго яна ніколі ні ў адной краіне не выконвала. Калі параўнаць беларускую эміграцыю з яўрэямі, то дзяржава Ізраіль створаная людзьмі, якія кідалі ўсе свае пажыткі ў Еўропе, ЗША, ехалі ў Ізраіль, асядалі там і будавалі незалежную дзяржаву. А астатнія яўрэі, якія заставаліся ў іншых краінах, у лепшым выпадку перасылалі ім грошы.
Для мяне відавочна, што эміграцыя можа быць толькі эфектыўнай дабудовай да людзей, якія працуюць дзеля зменаў унутры краіны.
Глеб Хмяльніцкі,
Обсудить новость на Форуме
16 декабря 2025
| « | Декабрь 2025 |
| Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
| 1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 |
| 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 |
| 15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 |
| 22 | 23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 |
| 29 | 30 | 31 |