15:16 04.06.2018 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Алексіевіч для Беларусі — як вывад ядзернай зброі, толькі наадварот









Празь некалькі дзён Сьвятлана Алексіевіч спраўляе 70-гадовы юбілей. Што дала Беларусі Нобэлеўская прэмія Алексіевіч? Ці зьмянілася пісьменьніца? Ці зьмянілася стаўленьне да яе?

Абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Сяргей Дубавец, Аляксандар Лукашук і вядучая Ганна Соўсь.

Тры гады таму ў Стакгольме Сьвятлана Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію па літаратуры. Сваю нобэлеўскую лекцыю ляўрэатка прамаўляла па-расейску, але ў прамове на ўрачыстасьцях яна гаварыла і па-беларуску:

«Я хацела б, каб у гэтай цудоўнай залі прагучала беларускае слова, мова майго народу:

У адной беларускай вёсачцы старая жанчына праводзіла мяне са словамі: «Хутка мы разыдземся з табой у розныя бакі. Дзякуй табе, што ты слухала мяне і панясеш маю больку людзям. Прашу цябе, калі пойдзеш, агляніся на маю хатку. Агляніся не адзін, а два разы. Другі раз чалавек аглядваецца не па чужынцы, а ўжо з сэрцам...

Я хачу падзякаваць вам за ваша сэрца, за тое, што вы пачулі наш боль».

Ганна Соўсь: Прызнаюся, што слухаючы гэта ў жывой трансьляцыі, не стрымала сьлёз. Сяргей, вы тады напісалі ў блогу, Чаму?

Сяргей Дубавец: Мабыць, азірнуўся другі раз на Алексіевіч. Гэта жарт, вядома. Заплакаў ад пачуцьцяў, якія перапаўнялі мяне. Потым падумаўшы, я адчуў, што гэта былі, як мне падалося, сьлёзы Ларысы Геніюш, якая ўсё жыцьцё аддала Беларусі, Беларусі вечна паганянай, непрызнанай у сябе ж на радзіме, якая раптам апынаецца ў эліце сусьветных культураў. Гэта вельмі важнае прызнаньне, сымбалічнае, вельмі важнае на нейкім базавым узроўні чалавека. Таму што Нобэлеўская прэмія ў літаратуры — гэта не інтэрпрэтацыі, сярод якіх мы бясконца жывем, спрачаемся, сварымся, а гэта — дадзенасьць, якую нічога ня зьменіць.

Ганна Соўсь: Шмат гадоў у сьвеце Беларусь выклікала хіба не адну ўстойлівую асацыяцыю — Лукашэнка, часам Чарнобыль. І ўсё. Пасьля 2015 году ці зьявілася ў сьвеце станоўчая візытоўка краіны: Беларусь-Алексіевіч?

Аляксандар Лукашук: Любы сапраўдны пісьменьнік — грамадзянін свайго тэксту, прапіска ў яго пашпарце — назвы яго кніг. Але сам пашпарт усё ж выдадзены Беларусьсю. Менавіта — дзейсны пашпарт. Арыгінальны, савецкі, даўно скончыўся, ён быў, але сплыў. І Нобэлеўскую прэмію атрымала грамадзянка Беларусі Алексіевіч Сьвятлана Аляксандраўна, украінка па маці, беларуска па бацьку, якая піша па-расейску, а чытаюць яе па-беларуску і па-ангельску, па-швэдзку і па-нямецку, па- кітайску і па-японску — і на ўсіх вокладках напісана, што гэта пісьменьніца зь Беларусі ці беларуская пісьменьніца. Для Беларусі на міжнародным полі гэта зьява, думаю, раўназначная вываду ядзернай зброі. Зьяўленьне нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч — як вяртаньне самай магутнай зброі ў арсэнал Беларусі.

Ганна Соўсь: Падчас цырымоніі ўручэньня Нобэлеўскай прэміі Сьвятлану Алексіевіч прадстаўлялі, як беларускую пісьменьніцу. Але ўсе яе кнігі напісаныя па-расейску. Ці ўспрымаюць яе ў Расеі як сваю ляўрэатку ў шэрагу — Бунін, Пастарнак, Шолахаў, Салжаніцын, Бродзкі?

Юры Дракахруст: І так і не. З аднаго боку гэта аўтарка, якая піша на расейскай мове. Дарэчы, палітычныя расколы, якімі ў свой час суправаджаліся Нобэлеўскія прэміі Буніну, Пастэрнаку, Салжаніцыну, адбываюцца і зараз наконт Алексіевіч. Мы чулі галасы ў Расеі, што гэта, маўляў, Захад даў ёй прэмію, каб нагадзіць Расеі. І гэта гаварылі даволі вядомыя, аўтарытэтныя людзі, не адно штатныя прапагандысты. Так што расейская традыцыя і тут вытрымліваецца. Пасьля ўручэньня ёй прэміі гучалі ў Расеі галасы, а ці ня стане яна пасьля гэтага расейскай палітычнай фігурай. Але ў мяне адчуваньне, што ў расейцаў узьнікла пэўная дыстанцыя, адчуваньне, што Алексіевіч — не зусім іх. Яе прэмія абазначыла пэўную мяжу, культурную ў тым ліку.

Ганна Соўсь: Пасьля Нобэлеўскай прэміі Свабода выдала анталёгію выступаў, інтэрвію, дыскусіяў з удзелам Сьвятланы Алексіевіч на хвалях Радыё Свабода за шмат гадоў. Прэзэнтацыя кнігі адбылася Аляксандар, вы вялі гэтую прэзэнтацыю, пазьней рабілі зь ёй інтэрвію ў Празе. Ці зьмянілася Сьвятлана Алексіевіч пасьля атрыманьня прэміі, ці зьмяніўся яе погляд на жыцьцё, на сваю краіну, на свой народ?

Аляксандар Лукашук: Адназначна, ён паглыбіўся і пашырыўся. Але галоўнае нават ня гэта, а тое, як яна мяняе сьвет. Мы знаёмыя гадоў трыццаць, я быў галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларусь», дзе мы выдавалі яе «Цынкавых хлопчыкаў», хадзіў на яе суды з маці аўганцаў. Я размаўляў пра яе творчасьць з Быкавым, Адамовічам, са сваімі сябрамі—пісьменьнікамі, ведаў пра замежныя публікацыі, прэміі, пераклады на замежныя мовы. Але мушу сказаць, што не адчуваў, што мы маем справу з Гамэрам. У тым сэнсе, што пра старажытную Грэцыю мы ведаем таму, што Гамэр запісаў гэта, але Атлянтыда, мітычная ці сапраўдная, зьнікла, ніхто не запісаў. Разумееце, якая была б каштоўнасьць, калі б ад затанулай Атлянтыды захаваўся манускрыпт са споведзямі людзей, запісанымі атлянтычнай Алексіевіч? У нас няма атлянтычнага эпасу, а вось Атлянтыда Савецкага Саюзу... Такога свайго Гамэра маем. І канечне, сам факт ня можа не ўплываць.

Ганна Соўсь: А ці зьмянілася стаўленьне грамадзтва да Алексіевіч пасьля яе прэміі? Не сакрэт, што некаторыя раней адмаўлялі Алексіевіч нават у прыналежнасьці да беларускай культуры, літаратуры. Ці гэта зьмянілася?

Сяргей Дубавец: Зьмянілася, таму што тыя, хто адмаўляў, перасталі бачыць у гэтым сэнс. І потым гэта ўсяго толькі словы. Я прывяду прыклад беспрэцэдэнтнага грамадзкага чыну, грамадзкай справы, калі на плятформе «Вулей» абвясьцілі збор сродкаў на выданьне пяцітомніка Сьвятланы Алексіевіч па-беларуску. Я, шчыра кажучы, трошкі затаіў дыханьне, што ж гэта будзе і як яно пойдзе. Абсалютна беспрэцэдэнтны і на «Вулею» і . Калі зьяўляецца з такімі вынікам супольнае грамадзкае дзеяньне, побач з гэтым грамадзкае меркаваньне ня мае асабліва значэньня, асабліва ў нас у Беларусі, дзе грамадзкае меркаваньне вельмі адноснае.

Ганна Соўсь: Даводзілася чуць такую ацэнку: Алексіевіч — апошняя вялікая савецкая пісьменьніца ці вялікі савецкі пісьменьнік. Ці згодны вы з такой ацэнкай?

Юры Дракахруст: Калі кажуць савецкі пісьменьнік, то гэта не азначае, што ён ці яна апявалі Савецкі Саюз, што гэта прасавецкі пісьменьнік. Яна, як заўважыў Аляксандар, Гамэр сваёй эпохі, але менавіта сваёй, эпохі «чырвонага чалавека», як яна яе называе. Каго яна называе сваімі настаўнікамі? Васіля Быкава і Алеся Адамовіча. Яны былі ў пэўным сэнсе антысавецкімі савецкімі пісьменьнікамі. Гэта таксама былі людзі, дзеці той эпохі. Алексіевіч пасьля прэміі заснавала свой інтэлектуальны клюб. І тое, каго яна запрашае выступіць там, апісвае яе карціну сьвету. Але я б не сказаў, што гэта вычарпальна. У формуле «чырвоны чалавек» можна зьвяртаць увагу на прыметнік, а можна — на назоўнік. Чырвоны чалавек — гэта чалавек. І праблемы, выклікі, зь якімі сутыкаўся гэты чалавек — унікальныя ў межах сваёй эпохі, але яны і ўнівэрсальныя для чалавецтва як віду.

Ганна Соўсь: А ці назвалі бы вы яе савецкай антысавецкай пісьменьніцай?

Юры Дракахруст: У пэўным сэнсе так. І чым далей тым больш. Алексіевіч мяняецца. Яе палітычныя погляды сталі больш выразнымі і больш рэзкімі. Я думаю, што ёй закідалі і з афіцыйнага Менску, і з афіцыйнай Масквы ветлівыя прапановы, каб яна была ў палітычных выказваньнях мякчэйшай. А яна не захацела быць больш мяккай, а стала хіба ня больш жорсткай.

Аляксандар Лукашук: Выказваньні пра вайну ва Ўкраіне, пра Крым, пра Данбас, падтрымка палонных, зьняволеных. Па-мойму, адназначныя і ясныя палітычныя маркеры, якія паказваюць, што яна знаходзіцца па гэты бок — дэмакратыі, свабоды, каштоўнасьцяў і правоў чалавека.

Ганна Соўсь: Давайце ўявім, што Сьвятлана Алексіевіч — прэзыдэнтка Беларусі. Гэтую ідэю пасьля нобэлеўскай прэміі неаднойчы абмяркоўвалі беларускіх інтэлектуалы і грамадзкія дзеячы. А, можа, і без фармальных палітычных рэгаліяў і пасадаў Сьвятлана Алексіевіч — гэта ўлада ў Беларусі? Прынамсі духоўная.

Аляксандар Лукашук: Пісьменьнікаў называюць уладарамі — уладарамі думак. Але і трохі рэальнай улады не зашкодзіла б. Я шкадую, што Сьвятлана Алексіевіч адмовілася ад прапановы балятавацца на пасаду старшыні беларускага ПЭН-цэнтру. І шкадую, што беларускі ПЭН-цэнтар не знайшоў магчымасьці надаць ёй статус ганаровай старшыні.

У аўтарытарнай дзяржаве ўлада спрабуе не дапусьціць ніякіх альтэрнатыўных цэнтраў улады — парлямэнцкай, судовай, прэсы ці царквы. І на сваім адрэзку часу гэта ёй удаецца, бо сёньня гэта ўлада трансьлюецца не праз кнігі, а праз тэлевізар. Але калі мяняецца ўладар тэлевізара ці ён становіцца свабодным, тады раптам аказваецца, што рэальная духоўная ўлада належыць зусім іншым.
* * *

  • Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме