11:15 13.02.2016 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Алексіевіч: Дыктатуры не могуць спыніць час (відэа)

Каб лепш зразумець, як бачыць свет Святлана Алексіевіч і пра што яна піша свае кнігі, „Адкрытая Расея” сабрала галоўныя цытаты з усіх яе інтэрв’ю за апошнія 15 гадоў. А беларускі пісьменнік і журналіст Саша Філіпенка пагутарыў з пісьменніцай і людзьмі, якія атачалі яе ўсе гэтыя гады.

Аб Нобелеўскай прэміі даведалася за прасаваннем бялізны.

Лукашэнка павіншаваў мяне да канца дня – ужо пасля Гарбачова, пасля прэзідэнтаў Германіі і Францыі. А праз пару дзён, сказаў, што я абліваю брудам свой народ.

Што я раблю? Мой жанр? Я збіраю час.

Дома мяне не выдаюць, не пускаюць да майго чытача. Выкінулі мае кнігі з школьных праграм. У Беларусі я не патрэбная.

Я была ў вёсках. Там, у віры народнага быцця, нічога не памянялася. Гарбачоў? Ельцын? Балотная плошча? Пакіньце, тут усё іншае. Тут барсуковы тлушч родным у турму шукаюць.

Аднойчы я ішла міма чаргі да цудатворнага абраза, прывезенага у Менск, – і мне здавалася, што я трапіла ў XV стагоддзе. Гэтыя белыя хустачкі, гэтыя згорбленыя плечы, гэтыя бароды …

У чым сіла цяперашняй беларускай улады? Яна захавала сацыялізм. Няма пераменаў, але няма і ўзрушэнняў. Беларусы гэта шануюць. Новы свет іх страшыць. Вакол усё знаёмае і звыклае, нават улада.

Эліта 90-х вінаватая ў тым, што не змагла сфармуляваць новую мэту жыцця. Усе гарэлі, насіліся, крычалі пра свабоду – а справа канчаецца зноў вялікай Расеяй. Імперыяй!

Гэта вечная праблема Расеі: ёй патрэбна звышідэя. Нешта вышэй чалавечага жыцця.

Нас навучылі добра паміраць. Значна лепш, чым жыць.

Грэбаванне жыццём – вельмі рускае паняцце. Тых жа салдат-хлапчукоў пасылалі ў Чарнобыль. Толькі літоўскі полк збунтаваўся: не паедзем! І іх тут жа адправілі назад.

Мне ўсё менш хочацца схіляцца перад пакутамі. Пакута нараджае ж боль – гэта замкнёнае кола. І таму я лічу, што нічога няма вышэй самога жыцця.

Забіваць – гэта ў нас усё яшчэ нармальна. І ненавідзець нармальна. Нянавісць нас не ўратуе. Толькі любоў ўратуе.

Я люблю рускі свет. Добры свет, гуманітарны рускі свет. Але я не люблю свет Берыі, Сталіна, Пуціна, Шойгу – гэта не мой свет.

Вайна ва Украіне была развязана. Я ж размаўляла з бежанцамі ў Кіеве. Без падлівання алею ў агонь, без Стралкова-Гіркіна яе б не было.

У 1990-х стала можна чытаць усё. Але апынулася важней не прачытаць – а паспрабаваць. Паездзіць. Купіць адзенне. Змяніць плітку. Гэта стала дамінантай.

Забілі Паліткоўскую, забілі Эстэміраву. Дзе мільёны на вуліцах, якія выйшлі б у любой краіне? Гэта ўсё пра адно і тое ж – што мы пераблыталі дабро са злом.

У дзяцінстве я захварэла і памірала. І тады мой тата, савецкі афіцэр, пайшоў у жаночы манастыр. Ён сказаў: «Так, вы лічыце мяне сваім ворагам. Але ж вы Божыя людзі … У мяне памірае дзіця». Ігумення сказала, памаўчаўшы: «Каб я цябе больш не бачыла. Але жонка з дзіцем хай прыходзіць. Будзе атрымліваць кожны дзень паўлітра казінага малака». Гэтыя паўлітра малака мяне і выратавалі. Я да чаго: усюды, усюды можна чалавекам застацца!

Я даследую ідэю, якая заліла краіну крывёю. Гэты вірус доўга жыве ў зямлі, накшталт сібірскай язвы. І я хачу распавесці, што гэта быў за эксперымент над велізарнай колькасцю людзей.

Пачытайце лісты маладога Дзяржынскага. Гэта ўзрушаюча! Як ён уяўляў, што будзе служыць людзям і свету, як сядзеў у турме, як аддаў швэдар таварышу, захварэўшы на сухоты. Гэта былі нармальныя людзі, але што ўлада з імі зрабіла … Яны зразумелі, што трымаць такую краіну можна толькі велізарнай крывёй. Вось і трымалі.

Я вельмі доўга верыла ў сацыялізм з чалавечым тварам. І да гэтага часу не магу бачыць, як настаўніца, якая жыве недалёка ад мяне, купляе два яйкі.

У мяне ёсць слабая надзея, што збудуцца словы Сталыпіна: «Дайце дзяржаве дваццаць гадоў спакою ўнутранага і вонкавага – і вы не пазнаеце Расею». Пра гэта цяпер трэба маліцца дзень і ноч …

Старасць – гэта наогул вельмі цікава. Думаючы пра смерць, інакш жывеш. Ва ўсякім выпадку, многія рэчы тады недарэчныя і смешныя. Напрыклад, марка машыны.

Расея – гэта занадта велізарная прастора, каб яе кантраляваць так, як можна кантраляваць Беларусь.

Зараз мы ў палоне, і, мяркуючы па ўсім, гэта мінімум гадоў на дзесяць. Галоўным дыктатарам постсавецкай прасторы каля 60. Яны ў самым росквіце гадоў. І проста так уладу нікому не аддадуць.

Японцы здымалі фільм па маіх кнігах, і мы паехалі ў Іркуцк. А ў гэты час былі прэзідэнцкія выбары 2000 года. Японскі рэжысёр спытаў: «За каго вы будзеце галасаваць?» Усе мясцовыя сказалі: «За Пуціна». Японец нічога не зразумеў, кажа: «Чаму? Ён жа з КДБ». Яны кажуць: «Гэта адзіны, хто можа навесці парадак». Ён тады сказаў мне: «Я не разумею, што гэта за краіна».

Патрэбен талент проста жыць. У нас жа толькі здарыцца нейкая радасць – і становіцца адразу страшна: а раптам будзе потым дрэнна?

Мяне ўзрушыла Надзея Саўчанка. З першых хвілін, як я яе ўбачыла. З якой годнасцю яна трымалася! У асяроддзі досыць нахабных, хамскіх мужчын. Яны думалі: ну падумаеш, баба нейкая. А напароліся на Жанну д’Арк.

Я шмат гадоў запісваю людзей. І ў мяне вельмі моцнае пачуццё: ні мы не ведаем, што такое Расея, – ні ўлада не ведае, што такое Расея.

Я раней тату казала: «Як ты мог? Як ты мог маўчаць? „Цяпер бы я гэтага ідыёцкага пытання не задала. Таму што мы ж маўчым. А як мы маўчым? Ды вось так.

Адзін тэатр нямецкі, які ставіць «У вайны не жаночы твар», хацеў, каб некалькі гераінь прыехалі ў Франкфурт. Я абтэлефанавала нумароў 50, і нікога няма ў жывых. Ні ў рускім, ні ў беларускім народзе няма нянавісці да Захаду, да Еўропы. Гэта ўсё пена, створаная палітыкамі.




Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме