08:15 08.08.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Алегу Анатольевічу Трусаву ў дзень яго 60-годдзя (дапоўнена)

Дарагі Алег Анатольевіч,

мы, сацыял-дэмакраты горада Мінска, шчыра вітаем Вас у дзень Вашага 60-годдзя.

Мы добра памятаем, што Вы былі ў ліку тых людзей, якія ў канцы 1990 года вырашылі аднавіць сацыял-дэмакратычны рух у Беларусі, нанова стварыць Грамаду. З таго часу вы застаецеся ў шэрагах тых, хто хоча бачыць Беларусь незалежнай дэмакратычнай прававой сацыяльнай дзяржавай – членам сям’і еўрапейскіх краін. На Устаноўчым з’ездзе партыі (2–3 сакавіка 1991 года) Вас абралі намеснікам старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, а ў 1992–1995 гг. Вы ўзначальвалі нашу партыю. Шмат гадоў Вы дастойна прадстаўляеце Мінскую гарадскую партыйную арганізацыю ў Цэнтральным Камітэце Грамады.

Мы добра памятаем, што Вы, дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІ склікання, былі сярод тых, хто закладваў падмуркі незалежнага быту Беларусі, узаконьваў у якасці дзяржаўнай нашу нацыянальную сімволіку, змагаўся за дзяржаўны статус беларускай мовы, за стварэнне ў Беларусі свайго войска, сваёй фінансавай і банкаўскай сістэмы ды іншых атрыбутаў дзяржаўнай самастойнасці.

Сваю палітычную і дзяржаўніцкую дзейнасць Вы плённа спалучаеце з навуковай і культурна-асветніцкай працай. Гісторык, археолаг, кандыдат гістарычных навук, Вы з’яўляецеся аўтарам больш як 150 навуковых і навукова-папулярных публікацый. Самастойна або ў суаўтарстве з калегамі Вы напісалі больш за 10 кніг з гісторыі матэрыяльнай культуры Беларусі і этнаграфіі.

Сваімі ведамі Вы, дацэнт Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, шчодра дзеліцеся са студэнтамі, са слухачамі ў іншых аўдыторыях.

Працуючы амаль дваццаць гадоў ва ўніверсітэце, Вы вось ужо 15 год узначальваеце Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны – аўтарытэтнае аб’яднанне, якое абараняе правы беларускай мовы, вядзе асветніцкую і выдавецкую працу і карыстаецца шырокай падтрымкай грамадзян.

У дзень Вашага 60-годдзя мы, Вашы таварышы і аднадумцы, зычым Вам, дарагі Алег Анатольевіч, добрага здароўя, працоўнага настрою, здзяйснення Вашых задум. Няхай жыццё прыносіць Вам новыя радасці, новыя адкрыцці, а з-пад Вашага пяра няхай выходзяць новыя артыкулы і кнігі.


Мінскі гарадскі камітэт
Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады)
.

7 жніўня 2014 г.

***

Паважаны Алег Анатольевіч,

шчыра віншуем Вас з 60–годдзем!

Жадаем Вам моцнага здароўя, добрага настрою,

плённай працы, здзяйснення Вашых мар.

Мы маем за гонар быць разам з Вамі!

Сябры Прэзідыума Беларускай сацыял-дэмакратычнай

партыі (Грамады).
7 жніўня 2014 г.

***

Маё шанаванне Алегу Трусаву

Грамадскі і палітычны дзеяч, навуковец і асветнік, Старшыня Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны спадар Алег Трусаў адзначыў чарговы юбілей свайго жыцця.

Спадару Алегу зычу найперш., здароўя. І забыць пра лічбу пражытых гадоў, бо асабіста прытрымліваюся негалоснай балцкай традыцыі не адзначаць народзіны пасля 30-ці, а хіба што толькі імянны. Бо не бачу асаблівай радасці ў тым, што яшчэ на год стаў бліжэй да вечнасці. Прашу прабачыць мяне ўсіх, хто прытрымліваецца іншых традыцый, поглядаў і падыходаў да святкавання ўласных дзён народзінаў.

І яшчэ. Каб кожны год дрэва сяброў і паплечнікаў спадара Алега не губляла сваіх галінак, што, на жаль спрэс і ўсюды здараецца з кожным чалавекам. І каб яго жыццёвы аптымізм ніколі яго не пакідаў, нават у самыя цяжкія хвіліны. Спадар Алег ў 1995-м на апошніх адносна дэмакратычных выбарах у Вярхоўны Савет 13-га склікання настаяў на тым, што маю кандыдатуру партыя БСДГ, якую ён тады ўзначальваў, ні ў якім разе не здыме ні на карысць кандыдата ад партыі БНФ, ні ад Сялянскай партыі (яе ўзначальваў цяпер ужо нябожчык ЯўгенЛугін). І такім чынам для мяне адчыніўся шлях у вялікую палітыку.

На жаль, літаральна праз год у Беларусі адбыўся дзяржаўны пераварот пад выглядам сумнавядомага “рэферэндуму”. У краіне ўсталявалася дыктатура і культ асобы Аляксандра Лукашэнкі, які, манапалізаваўшы СМІ, зрабіў сябе Адзіным і нязменным палітыкам. Іншыя палітыкі, як і само палітычнае жыццё на Беларусі, былі, так бы мовіць, або знішчаныя, або загнаныя ў рэзервацыю, дзе і знаходзяцца дагэтуль.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці і складанасці жыцця, спадар Алег Трусаў працягнуў рабіць надзвычай важную справу ў імя Адраджэння Беларусі і МОВЫ яе народа. Спадар Алег ужо ўпісаў залатымі літарамі сваё імя ў старонкі найноўшай гісторыі Беларусі. І наша задача -- зберагчы Беларусь і яе галоўны скарб -- МОВУ. Бо гістарычныя нацыянальныя сімвалы Беларусі – бела-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня” вернуцца адразу пасля сыходу Лукашэнкію. А МОВУ, каб яна загучала паўсюль, як зараз гучыць расійская, прыйдзецца адраджаць доўгія гады, нават дзесяцігоддзі. І тое, што зрабіў і працягвае рабіць зараз сп.Алег Трусаў і ТБМ, па-сапраўднаму ацэняць толькі нашчадкі.

***

Алег Анатольевіч Трусаў нарадзіўся 7 жніўня 1954 г. у г. Мсціславе.

Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт. Гісторык, археолаг. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

У 1976–1992 гг. працаваў у Беларускім рэстаўрацыйна-праектным інстытуце; з 1995 у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў (у 1996–1998 гг. дэкан бібліятэчнага факультэта).

У БСДП уступіў 2 сакавіка 1991 г. на Устаноўчым з’ездзе партыі. У 1991–1992 гг. намеснік старшыні Цэнтральнай Рады, у 1992–1995 гг. – старшыня Цэнтральнай Рады партыі. Пазней неаднаразова выбіраўся ў склад Цэнтральнага Камітэта партыі.

У 1990–1995 гг. дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі ХІІ склікання, намеснік старшыні Камісіі па адукацыі, культуры і захаванню гістарычнай спадчыны.

З 1999 г. старшыня Таварыства беларускай мовы.

Аўтар больш як 150 навуковых і навукова-папулярных публікацый, у тым ліку кніг: “Памятники монументального зодчества Белоруссии XI–XVII вв.: Архитектурно-археологический анализ” (1988); “Старадаўніх муроў адраджэнне: Мінулае і сучаснасць Лідскага замка (1990; на беларускай і рускай мовах); “Старонкі мураванай кнігі: Манументальная архітэктура эпохі феадалізму і капіталізму” (1990); “Старажытны Мсціслаў” (1992; разам з М. Ткачовым); “Беларускае кафлярства” (1993); “Беларуская паліваная кераміка ХІ – XVIII стст.” (1993; разам з Н. Здановіч); “Стары замак у Гродне ХІ–XVIII стст.: Гісторыка-археалагічны нарыс” (1993; разам з В. Собалем і Н. Здановіч); “Матэрыяльная культура Міра і Мірскага замка” (1994; разам з Н. Здановіч і А. Краўцэвічам); “Манументальнае дойлідства Беларусі XI–XVIIІ стагоддзяў: Гісторыя будаўнічай тэхнікі” (2001); “Падсумаванне: Артыкулы. Спіс публікацый” (2004); “Невядомая нам краіна: Беларусь у яе этнаграфічных межах” (2009; 2013: 2-е выданне, выпраўленае і дапоўненае, на беларускай і англійскай мовах).

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме