09:30 07.08.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Алегу Анатольевічу Трусаву ў дзень яго 60-годдзя
Дарагі Алег Анатольевіч,
мы, сацыял-дэмакраты горада Мінска, шчыра вітаем Вас у дзень Вашага 60-годдзя.
Мы добра памятаем, што Вы былі ў ліку тых людзей, якія ў канцы 1990 года вырашылі аднавіць сацыял-дэмакратычны рух у Беларусі, нанова стварыць Грамаду. З таго часу вы застаецеся ў шэрагах тых, хто хоча бачыць Беларусь незалежнай дэмакратычнай прававой сацыяльнай дзяржавай – членам сям’і еўрапейскіх краін. На Устаноўчым з’ездзе партыі (2–3 сакавіка 1991 года) Вас абралі намеснікам старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, а ў 1992–1995 гг. Вы ўзначальвалі нашу партыю. Шмат гадоў Вы дастойна прадстаўляеце Мінскую гарадскую партыйную арганізацыю ў Цэнтральным Камітэце Грамады.
Мы добра памятаем, што Вы, дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІ склікання, былі сярод тых, хто закладваў падмуркі незалежнага быту Беларусі, узаконьваў у якасці дзяржаўнай нашу нацыянальную сімволіку, змагаўся за дзяржаўны статус беларускай мовы, за стварэнне ў Беларусі свайго войска, сваёй фінансавай і банкаўскай сістэмы ды іншых атрыбутаў дзяржаўнай самастойнасці.
Сваю палітычную і дзяржаўніцкую дзейнасць Вы плённа спалучаеце з навуковай і культурна-асветніцкай працай. Гісторык, археолаг, кандыдат гістарычных навук, Вы з’яўляецеся аўтарам больш як 150 навуковых і навукова-папулярных публікацый. Самастойна або ў суаўтарстве з калегамі Вы напісалі больш за 10 кніг з гісторыі матэрыяльнай культуры Беларусі і этнаграфіі.
Сваімі ведамі Вы, дацэнт Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, шчодра дзеліцеся са студэнтамі, са слухачамі ў іншых аўдыторыях.
Працуючы амаль дваццаць гадоў ва ўніверсітэце, Вы вось ужо 15 год узначальваеце Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны – аўтарытэтнае аб’яднанне, якое абараняе правы беларускай мовы, вядзе асветніцкую і выдавецкую працу і карыстаецца шырокай падтрымкай грамадзян.
У дзень Вашага 60-годдзя мы, Вашы таварышы і аднадумцы, зычым Вам, дарагі Алег Анатольевіч, добрага здароўя, працоўнага настрою, здзяйснення Вашых задум. Няхай жыццё прыносіць Вам новыя радасці, новыя адкрыцці, а з-пад Вашага пяра няхай выходзяць новыя артыкулы і кнігі.
Мінскі гарадскі камітэт
Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады).
7 жніўня 2014 г.
***
Алег Анатольевіч Трусаў нарадзіўся 7 жніўня 1954 г. у г. Мсціславе.
Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт. Гісторык, археолаг. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт.
У 1976–1992 гг. працаваў у Беларускім рэстаўрацыйна-праектным інстытуце; з 1995 у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў (у 1996–1998 гг. дэкан бібліятэчнага факультэта).
У БСДП уступіў 2 сакавіка 1991 г. на Устаноўчым з’ездзе партыі. У 1991–1992 гг. намеснік старшыні Цэнтральнай Рады, у 1992–1995 гг. – старшыня Цэнтральнай Рады партыі. Пазней неаднаразова выбіраўся ў склад Цэнтральнага Камітэта партыі.
У 1990–1995 гг. дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі ХІІ склікання, намеснік старшыні Камісіі па адукацыі, культуры і захаванню гістарычнай спадчыны.
З 1999 г. старшыня Таварыства беларускай мовы.
Аўтар больш як 150 навуковых і навукова-папулярных публікацый, у тым ліку кніг: “Памятники монументального зодчества Белоруссии XI–XVII вв.: Архитектурно-археологический анализ” (1988); “Старадаўніх муроў адраджэнне: Мінулае і сучаснасць Лідскага замка (1990; на беларускай і рускай мовах); “Старонкі мураванай кнігі: Манументальная архітэктура эпохі феадалізму і капіталізму” (1990); “Старажытны Мсціслаў” (1992; разам з М. Ткачовым); “Беларускае кафлярства” (1993); “Беларуская паліваная кераміка ХІ – XVIII стст.” (1993; разам з Н. Здановіч); “Стары замак у Гродне ХІ–XVIII стст.: Гісторыка-археалагічны нарыс” (1993; разам з В. Собалем і Н. Здановіч); “Матэрыяльная культура Міра і Мірскага замка” (1994; разам з Н. Здановіч і А. Краўцэвічам); “Манументальнае дойлідства Беларусі XI–XVIIІ стагоддзяў: Гісторыя будаўнічай тэхнікі” (2001); “Падсумаванне: Артыкулы. Спіс публікацый” (2004); “Невядомая нам краіна: Беларусь у яе этнаграфічных межах” (2009; 2013: 2-е выданне, выпраўленае і дапоўненае, на беларускай і англійскай мовах).
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме