17:54 18.08.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Алег Волчак: З пашпартам на стадыён – гэта сярэднявечча

Праваабаронца і былы следчы пракуратуры Алег Волчак пракаментаваў новаўвядзенне, згодна з якім пры ўваходзе на стадыён заўзятарам неабходна мець пасведчанне асобы.

Сёння на «Барысаў-Арэне» пачнецца першы матч раўнда плэй-оф Лігі чэмпіёнаў-2015/16 паміж БАТЭ і сербскім «Партызанам» з Бялграда.

Як паведамляе афіцыйны сайт БАТЭ, у мэтах падвышэння бяспекі гледачоў на гэтым паядынку будуць дзейнічаць асаблівыя правілы допуску на трыбуны.

Тым, хто пастаянна пражывае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, неабходна, акрамя квітка, прад’явіць пасведчанне асобы (пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, пасведчанне бежанца, пасведчанне кіроўцы, ваенны білет, для асоб, якія не дасягнулі 16-годдзя, — пасведчанне аб нараджэнні).

Замежным грамадзянам трэба мець пры сабе пашпарт.

Алег Волчак: Я лічу, што антыканстытуцыйна патрабаваць ад заўзятараў мець пры сабе на стадыёне пасведчанні асобы. Можа давайце тады і ў крамы, на канцэрты хадзіць з пашпартамі? Там жа таксама збіраецца розны народ. Людзі ідуць на футбол, каб паглядзець на відовішча. Стадыён – рэжымны аб’ект? Дзяржаўная установа? Таму ўсё гэта – крок ад цывілізаванага футбола. Я быў у Штатах на футбольным матчы, там не патрэбна нійкіх пашпартоў. Больш таго – людзі свабодна п’юць піва, заўзеюць за любімую каманду. А ў нас паход на стадыён вырашылі пераўтварыць у наведванне рэжымнай установы. Застаецца толькі арэну калючым дротам абнесці. Праверка пашпартоў на стадыёне – гэта нейкае сярэднявечча.

РР: Але ж кажуць, што ўсё гэта робіцца менавіта ў мэтах падвышэння бяспекі гледачоў.

Алег Волчак: Я не магу знайсці лагічных паралеляў паміж праверкай дакументаў і бяспекай заўзятараў. Прафесійныя праваахоўнікі павінны радыкальных фанатаў не па пашпартах шукаць, а працаваць на прафілактыку, калі ў кагосьці і ёсць схільнасць не футбол паглядзець на стадыёне, а навесці шораху. Але пры гэтым справа павінна рабіцца ціха, каб гэта не закранала большасць нармальных заўзятараў, якія проста любяць футбол. Але ж грабуць усіх пад адзін грабянец. Можа быць, такім чынам вырашылі перастрахавацца, запалохаць людзей, каб на стадыёне сядзелі, як мышы пад венікам. Не прыносілі “няправільныя” сцягі, не спявалі “няправільныя” песні… Навошта заўзятарам такі футбол? Гэта, лічу, увогуле ганьба для міжнароднага футбола. Там жа ўбачаць, як у Беларусі адносяцца да заўзятараў.
football_is_not_for_cops

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота goals.by

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме