23:00 15.08.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

Алег Трусаў: Трэба біць у званы!

Беларускамоўныя школы працягваюць закрывацца. Што неабходна, каб спыніць такую небяспечную для нацыі традыцыю? “Трэба пачынаць з сябе”, – лічыць старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

Сёлета ў Беларусі было закрыта 87 малакамплектных школ, у якіх вучыліся ад 10 да 30-40 вучняў. «Яны неэфектыўныя. Неабходна ствараць лепшыя ўмовы для навучання, і, безумоўна, лепшыя ўмовы будуць у новых школах, у якія пойдуць вучыцца дзеці з закрытых школ», – адзначыў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч. Пры гэтым ён канстатаваў, што ў большасці закрытых школ навучанне вялося на беларускай мове. Аднак, па словах Маскевіча, у ведамстве не бачаць праблемы ў выбары мовы навучання школьнікаў.

Алег Трусаў:З аднаго боку дзяржава, натуральна, прыклала руку, каб склалася такая сітуацыя, але з іншага – і простыя грамадзяне, якія жадаюць, каб іхнія дзеткі вучыліся на мове, не павінны стаяць у баку. Бо беларускамоўныя школы закрываюцца не таму, што ўлада кепская, а таму што дзяцей няма. Вёска вымірае. А ў горадзе бацькі сваіх нашчадкаў не вельмі жадаюць аддаваць у беларускамоўныя школы і заявы не пішуць. Напрыклад, у Менску, дзе інтылігенцыя больш актыўная, ёсць і беларускія школы, і гімназіі. І колькасць навучэнцаў там не змяншаецца. А ў Магілёве Ялінка Салаўёва як вучылася на мове адна ў класе, так і вучыцца адна да гэтага часу. Што атрымоўваецца? Тое, што спачатку наша дэмакратычная інтылігенцыя сваіх дзяцей не аддае ў беларускамоўныя школы, а затым плача, што гіне мова. Так што справа тут не толькі ва ўладзе, але і мы самі часам нічога не робім, каб паспрыяць беларускамоўнай адукацыі.

РР: Які, на ваш погляд, выхад з сітуацыі?

Алег Трусаў:Трэба біць у званы! Праз сродкі масавай інфармацыі падымаць праблемы, звяртацца да бацькоў, каб тыя якраз зараз, у жніўні, ішлі у школы і пісалі заявы: маўляў, хочам, каб наш сын ці дачка вучыліся ў беларускамоўным класе. І, калі ўлады будуць супраць, тады ўжо і нам варта падключацца і дапамагаць. Я добра ведаю – калі на іх трохі націснуць, то ўлады такі клас адчыняюць. Сталіца гэта паказвае. У Менску стабільная колькасць беларускамоўных школ, а класаў стала нават больш. Тут няма спаду, хоць беларускамоўных навучэнцаў і няшмат – усяго 2 працэнты. У межах горада – гэта некалькі тысяч чалавек.

РР: Міністр адукацыі не бачаць праблемы ў выбары мовы навучання школьнікаў. Згодны з ім?

Алег Трусаў:Не згодны. Калі ты вядзеш школьніка ў рускамоўны клас, то ніякай заявы пісаць не трэба. А, каб патрапіць у беларускамоўны, неабходна напісаць заяву, вас могуць адгаворваць… Праблема ёсць, так што міністр пакрывіў душой. Але з іншага боку – калі б былі масавыя заявы, то ніхто не круціўся б як вужака на патэльні. Таму, паўтаруся, вельмі шмат залежыць у першую чаргу ад нас.

РР: Беларускамоўныя школы працягваюць закрывацца. Увогуле, па краіне гэтая сітуацыя з кожным годам пагаршаецца?

Алег Трусаў:Па краіне – так. І пагаршаецца за кошт вёскі, дзе малыя беларускамоўныя школы зачыняюцца, а дзяцей пераводзяць у суседнія – рускамоўныя.


Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме