12:15 09.08.2014 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Алег Трусаў: «Паспеў зрабіць болей, чым марыў»
7 жніўня споўнілася 60 гадоў выбітнаму дзеячу беларускага нацыянальнага адраджэння Алегу Трусаву.
Алег Трусаў на раскопках Рагачоўскага замчышча ў Гомельскай вобласці (лета 1973 г.).З яго іменем асацыююцца грунтоўныя даследаванні манументальнага дойлідства Беларусі XI—XVIII стагоддзяў, здабыццё краінай незалежнасці і 15-гадовае кіраўніцтва Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны. У інтэрв’ю НЧ Алег Трусаў распавёў пра свае карані і пра набалелыя праблемы сённяшняга нацыянальнага жыцця.
Узыходжанне
Нарадзіўся я ў старажытным беларускім горадзе Мсціславе і з ранніх гадоў палюбіў аўру і помнікі гэтага горада, а таксама гісторыю Мсціслаўскага княства. Тым больш, што мой родны прадзед кіраваў у Мсціславе будоўлямі і пакінуў пасля сябе выдатны помнік мадэрну — мужчынскую гімназію, якая да гэтай пары ўпрыгожвае горад.
Вось чаму я заўжды ганаруся сваім прадзедам, які паходзіў з мясцовай беларускай шляхты. А другая лінія родзічаў па маці была з мясцовых мяшчан. Бацька ж мой з Расіі і ўвогуле ў Мсціслаў трапіў выпадкова. Так сталася, што з чатырох з паловай гадоў я жыў без бацькоў, бо яны разышліся і раз’ехаліся.
Выхоўвалі мяне прабабка і бабка. Дарэчы, прабабка, якая выхавала дзевяць дзяцей і пражыла 100 гадоў, гадавала мяне ў дарэвалюцыйных хрысціянскіх традыцыях, таму і зараз я адчуваю сябе чалавекам XIX стагоддзя.
Прабабка верыла ў Бога, але малілася дома, у царкву не хадзіла і пры гэтым гаварыла: не вер папам, бо яны п’яніцы і жулікі. Мабыць, па гэтаму мне было даволі лёгка ў жыцці, бо бальшавіцкая прапаганда на мяне фактычна не ўздзейнічала. Хоць я і мусіў з ёй лічыцца і быў у камсамоле, а потым па просьбе Зянона Пазьняка ўступіў у КПСС, каб ратаваць помнікі даўніны. Але да ўсяго гэтага ставіўся скептычна.
Мне вельмі моцна пашанцавала, што нашая сям’я сябравала з сям’ёй Міхася Ткачова — ягоная маці і мая бабуля былі лепшымі сяброўкамі. Да маёй бабулі ў дзіцячы сад хадзіў малы Міхась Ткачоў, а ўжо я ў першы клас пайшоў да ягонай маці Дамінікі Сямёнаўны Казлоўскай. Яна была лепшай настаўніцай у раёне.
Менавіта яна дзесьці ў трэцім класе завяла нас на раскопкі Замкавай гары Мсціслава, якія праводзіў вядомы савецкі археолаг Леанід Васільевіч Аляксееў. І калі я ўбачыў гэты падземны горад, адразу вырашыў стаць археолагам.
На выбар будучай прафесіі паўплывалі і расповяды малодшага брата прабабкі Зміцера Палеўскага — патомнага піцерскага рабочага, які быў знаёмы з Уладзімірам Леніным, размаўляў з Львом Троцкім, пакутваў у ГУЛАГу і фашысцкіх канцлагерах. Так што Мсціслаў даў мне пуцёўку ў жыццё.
У 17 год, скончыўшы школу з залатым медалём, а паехаў з Мсціслава ў Мінск і адразу паступіў на гістфак Беларускага дзяржуніверсітэта. Так што з 1971 году маё жыццё звязанае з сталіцай. Жыў у інтэрнаце, потым на прыватнай кватэры, урэшце атрымаў кватэру сам.
Малодшы брат прабабкі Алега Трусава Зміцер Палеўскі з сям’ёй. Менавіта Палеўскі заахвоціў малога Алега Трусава да гісторыі
Адзінае, пра што шкадую, — пражыў большую частку жыцця. Аднак здзіўляюся, колькі многа паспеў зрабіць — нашмат болей, чым пра гэта марыў. І зоркі заўжды мне спрыялі. Калі зыходзіў з дому, на дзвярах хаты крэйдай напісаў сваё любімае лацінскае выслоўе “Per aspera ad astra” (“Праз церні да зорак”).
Я з задавальненнем вучыў латынь і ўсе астатнія дысцыпліны, быў ленінскім стыпендыятам, на “выдатна” скончыў БДУ, потым на “выдатна” паступіў у аспірантуру, упершыню ў СССР напісаў кандыдацкую дысертацыю па методыцы даследавання помнікаў архітэктуры, абараніў яе ў Ленінградзе, праз тры месяцы атрымаў паведамленне з Масквы, што стаў кандыдатам гістарычных навук, а затым выдаў першую сваю манаграфію.
Што тычыцца маёй палітычнай і грамадскай дзейнасці, дык спачатку яны былі выпадковымі, хоць у жыцці нічога выпадковага не бывае. Ёсць нейкія вышэйшыя законы, згодна якім наканаваны лёс кожнага чалавека на Зямлі.
Набалелае
Пра айчынную гісторыю
Самая вялікая праблема ў тым, што акадэмічная гісторыя Беларусі не даходзіць да большасці грамадзян краіны. Атрымліваецца, што гісторыя існуе сама па сабе, а грамадзяне Беларусі існуюць таксама самі па сабе, бо адасобленыя ад свайго мінулага. І нашая галоўная задача у тым, каб нацыянальную гісторыю як мага шчыльней наблізіць да простага народу.
У вырашэнні гэтага пытання для мяне заўжды ўзорам была Літва. Вось літоўцы здолелі яшчэ напрыканцы XIX стагоддзя сваю гісторыю, часта выдуманую, міфалагізаваную, так наблізіць да простага народа, што кожны літоўскі селянін добра ведаў пра Вітаўта і Альгерда, хоць чытаць-пісаць мог і не ўмець.
Пра гістарычную адукацыю
Нашая гістарычная адукацыя вельмі схаластычная і амаль не звязаная з простым жыццём і жывой чалавечай практыкай. А ўся сістэма адукацыі ўвогуле знаходзіцца ў глыбокім крызісе і катастрафічным стане.
Па-першае, гэтая сістэма адукацыі ненацыянальная, а па-другое, педагагічныя кадры нікуды не вартыя. Бо сённяшняя дзяржава паставіла настаўніка ў такі прыніжаны стан, у якім ён не быў за ўсю тысячагадовую гісторыю Беларусі. Горшай сітуацыі з настаўнікамі не было ніколі.
Нават сталінскі рэжым цаніў настаўніка і плаціў яму адносна добрыя грошы, не кажучы пра царскі рэжым. Тады на свой заробак настаўнік мог кватэру здымаць і вялікую сям’ю ўтрымліваць, як Якуб Колас. Вось чаму і падчас царызму і пры Сталіне настаўнік добра выконваў свае абавязкі.
Я памятаю, як мой любімы настаўнік гісторыі і класны кіраўнік, франтавік, кавалер некалькіх медалёў “За адвагу” Юрый Захаравіч Нікіцін дабіўся праз Магілёўскае аблана, каб мне ў выпускным класе замест незаконна пастаўленай чацвёркі паставілі пяцёрку і вярнулі залаты медаль. Гэты настаўнік быў сумленным чалавекам, хоць камуністам і сталіністам. І свой прадмет ён выкладаў сумленна. Таму мы і ведалі гісторыю, хоць яна выкладалася па сталінскіх падручніках.
Зараз выпускнікі школ — абітурыенты ВНУ, хоць маюць высокія адзнакі па прадмету — ад 7 да 10 балаў, але нічога не ведаюць па гісторыі. Пасля ж атрымання вышэйшай адукацыі гэтыя людзі будуць вучыць нашых дзяцей. І чаму яны могуць навучыць?
Пра палітыку
Трагедыя беларусаў — адсутнасць у краіне палітычнага лідара. Пакуль няма чалавека, які можа сказаць свае аўтарытэтнае слова, да якога прыслухаецца народ. У іншы свет адышлі Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін, а іхнія сябры Ніл Гілевіч і Радзім Гарэцкі знаходзяцца ў вельмі паважаным узросце.
Вось чаму наша галоўная задача, каб народ вылучыў новага палітычнага лідара. Не выключана, што такім лідарам можа быць і жанчына, бо жаночы фактар у свеце зараз вельмі моцны. Далёка хадзіць не трэба — паглядзім на Літву, дзе прэзідэнтам паўторна абраная Даля Грыбаўскайтэ, возьмем Украіну, дзе вялікім аўтарытэтам карыстаецца Юлія Цімашэнка, а мая равесніца 60-гадовая Ангела Меркель не першы год цудоўна кіруе Нямеччынай.
Вось чаму, на маё меркаванне, нацыянальным лідарам Беларусі неўзабаве можа стаць і жанчына, бо мужчыны аказаліся не зусім здатнымі да лідарства. Некаторыя загінулі, некаторыя ўцяклі за мяжу, а некаторыя схаваліся ў бульбу.
Да таго ж, ўсё нашае жыццё не вельмі спрыяе выхаванню ў мужчынаў якасцяў гаспадара, у тым ліку і лідарскіх якасцяў. І не трэба забывацца, што жаночы фактар быў заўсёды моцным ў айчыннай гісторыі, пачынаючы з Рагнеды і Ефрасінні Полацкай. На маё меркаванне, не менш за 10 сучасных беларусак могуць годна кіраваць краінай.
Пра грамадскае жыццё
Галоўная праблема грамадскага жыцця — яго адарванасць ад дзяржавы. А ўнутры грамадства кожны жыве сам па сабе па старому прынцыпу “Мая хата з краю”. Калісьці гэты прынцып дазволіў беларускай нацыі выжыць. Зараз упершыню за апошнія 500 гадоў мы 70 гадоў жывем без вайны. Такое было толькі пасля Грунвальдскай перамогі 1410 году.
Алег Трусаў з Уладзімірам Арловым на вечарыне, прысвечанай 160-годдзю Францішка Багушэвіча (24 сакавіка 2000 г.)
Таму я аптыміст. Гэтыя 70 год без вайны праз пэўны час дадуць краіне пад’ём і росквіт. Пры ўмове, што не будзе новай вайны. Пагроза анексіі з усходу над намі вісіць, як ніколі. Але ўкраінскія падзеі, хоць і трагічныя, усё ж такі даюць надзею на нейкі аптымізм. Бо агрэсія на Украіне забуксавала. А калі забуксавала там, дык наўрад ці агрэсар нападзе на Беларусь.
Прытым апошнія апытанні беларусаў сведчаць, што ёсць сотні тысяч суайчыннікаў, якія гатовыя бараніць сваю Бацькаўшчыну са зброяй у руках. А гэтая вялікая партызанская сіла зробіць Беларусь для агрэсара другой Чачнёй. Таму, верагодней за ўсё, агрэсар сюды не пойдзе, а захоча захапіць нашу краіну эканамічным шляхам і забраць нашу маёмасць, у тым ліку і зямлю. Вось чаму галоўная задача грамадства у тым, каб не аддаць гэтую маёмасць, у першую чаргу нашу зямлю, прыхадням з Усходу і Захаду.
Мары
Днямі я сам сабе зрабіў падарунак да 60-годдзя — скончыў працу над кнігай “Кароткая гісторыя архітэктуры Беларусі”, у якой упершыню зроблена спроба распавесці пра мінулае айчыннага дойлідства ад каменнага веку да 1991 года. Спадзяюся, што неўзабаве гэтая кніга будзе надрукаваная. Але самае галоўнае маё жаданне — дачакацца перамогі дэмакратычных сілаў у Беларусі. Бо я вельмі хачу, каб на маім жыцці ў краіну вярнулася наша старадаўняя нацыянальная сімволіка, родная беларуская мова зноў запанавала ў школах і ўніверсітэтах, а краінай урэшце кіраваў чалавек, які б 24 гадзіны ў суткі гаварыў па-беларуску.
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме