13:30 05.09.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Алег Трусаў: Пакуль улада ня зьменіцца, ніякіх перайменаваньняў вуліц у Беларусі ня будзе
Днямі Кіеўская гарадзкая рада перайменавала 11 вуліц, плошчу, праспэкт і завулак. Цяпер ва ўкраінскай сталіцы няма вуліц Леніна, Ленінскай, Горкага, Чапаева, Шчорса, Крупскай, плошчы Дзяржынскага ды іншых. Масква даўно ўжо пазбавілася многіх савецкіх сымбаляў. Толькі Менск застаецца бадай што адзінай са сталіц былых савецкіх рэспублік, дзе савецкая спадчына захавалася амаль у поўным аб’ёме. Ці ёсьць шанец у менскіх вуліц Леніна, Маркса, Энгельса, Кірава, Камуністычнай, Рэвалюцыйнай усё ж такі зьмяніць назвы?
У беларускай сталіцы першая хваля перайменаваньня вуліц пайшла яшчэ пры канцы 1980-х. Першымі перайменавалі вуліцу Жданава — у Жылуновіча і вуліцу Варашылава — у Арлоўскую.
На пачатку 1990-х фракцыя БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня пачала дамагацца працягу перайменаваньняў. У 1991 годзе перайменавалі плошчу Леніна ў плошчу Незалежнасьці, Ленінскі праспэкт — у праспэкт Скарыны і вуліцу Горкага — у вуліцу Багдановіча.
У студзені 1993 году камісія Менгарвыканкаму па найменаваньні і перайменаваньні вуліц і плошчаў «разгледзела пытаньне аб прысваеньні новых назваў шэрагу вуліц, што прылягаюць да плошчы Незалежнасьці. Абмеркаваўшы шэраг прапановаў, камісія прыйшла да рашэньня аб перайменаваньні вуліцы Сьвярдлова ў вуліцу Вацлава Ластоўскага, вуліцы Мясьнікова — у вуліцу Глеба Менскага, вуліцы Берсана — у вуліцу Адама Станкевіча. Адносна новых назваў вуліц Валадарскага і Ўрыцкага меркаваньні падзяліліся. Адны прапанавалі перайменаваць Валадарскага ў вуліцу князя Рагвалода, Урыцкага — у княгіні Рагнеды. Іншыя адпаведна ў Гарадзкі Вал і Раманаўскую Слабаду».
Меркавалася, што «ў будучым зьменяць назвы таксама вуліцы Савецкая, Камсамольская і Інтэрнацыянальная».
У выніку новыя назвы ў 1993 годзе атрымалі толькі Ўрыцкага, Рэспубліканская, Апанскага, Астроўскага — астатнія захавалі свае савецкія назвы.
Алег ТрусаўСтаршыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў наконт цяперашняга рашэньня Кіеўскай гарадзкой рады зьмяніць назвы вуліц выказаў такое меркаваньне:
«Гэта палітычнае рашэньне. Пакуль не было Майдану, усе Леніны стаялі, нягледзячы на кіеўскую дэмакратыю. А ў нас ня пахла той дэмакратыяй».
На пытаньне, ці магчыма перайменаваньне вуліц у Менску, спадар Трусаў перакананы:
«Я думаю, пакуль гэтая ўлада ня зьменіцца, нічога мы ня зьменім. Так што тут можна куды заўгодна пісаць, але перайменаваньне — гэта „дохлы нумар“. Адзінае, па лініі ТБМ мы дамагаемся прыстойнага найменьня новых вуліц. Дзякуючы нам зьявіліся ў Менску вуліцы Льва Сапегі, Янкі Брыля ды іншых, зьявілася плошча Францішка Багушэвіча, цяпер гэта і станцыя мэтро. То бок прыстойных вуліц дзякуючы нам зьявілася нямала. Часам з намі раяцца, захоўваюць назвы некаторых мясцовасьцяў, вёсак. Прынамсі, новыя бальшавіцкія назвы не даюць. То бок старыя бальшавіцкія назвы захоўваюцца, а новых рэвалюцыйных і падобных ужо ніхто не дае».
Наступная пасьля 1993 году хваля перайменаваньняў адбылася ў 2005 годзе, калі Лукашэнка сваім указам перайменаваў праспэкт Скарыны ў Незалежнасьці, а праспэкт Машэрава — у Пераможцаў. Імем Машэрава назвалі вуліцу на ўскрайку гораду.
Былі і кур’ёзныя перайменаваньні. У 1998 годзе вуліцу Танкавую, назву якой далі з нагоды пачатку выпуску першага сэрыйнага савецкага танка МС-1, перайменавалі ў гонар паэта Яўгена Скурко, які ўзяў сабе псэўданім Максім Танк якраз у гонар танка. Карацей, танк застаўся Танкам.
Дарэчы, кампанія «Гавары праўду» сабрала больш як 100 тысяч подпісаў за вуліцу Быкава, перадала іх у гарвыканкам. Была прапанова перайменаваць Ульянаўскую ў вуліцу Быкава. Улады на гэта не пайшлі. Што да вуліц Леніна, Маркса, Энгельса, Кірава, Сьвярдлова, Валадарскага ды іншых, экс-кіраўнік «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў кажа, што пры гэтай уладзе нічога ня зьменіцца:
Уладзімер Някляеў«Сьвядомасьць чалавека фармуецца вельмі складанымі шляхамі, і ў тым ліку вельмі нечаканымі. Калі малады чалавек ідзе па вуліцы, якая называецца Камуністычная, маладая дзяўчынка ідзе па вуліцы Леніна, то гэта ня можа ня ўзьдзейнічаць на ўсьведамленьне сьвету, у якім яны знаходзяцца. Гэта значыць, у краіне вызнаецца ідэя, якая называецца камуністычнай, гэта значыць, што тут валадар думак — Ленін. І тыя людзі, якія дагэтуль вызнаюць былую ідэалёгію, пакуль яны ня зьменяцца — будзе тое, што ёсьць. Таму як мага хутчэй трэба памяняць тых людзей, якія ва ўладзе і стаяць поперак нашага шляху».
Дарэчы, яшчэ ў 2012 годзе намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Ігар Карпенка, ён жа першы сакратар Камуністычнай партыі Беларусі, паставіў тлустую кропку ў пытаньні замены назваў вуліц: «Мы хочам сёньня сысьці ад перайменаваньня вуліц, гэты пэрыяд мы прайшлі ў пачатку 1990-х». Наконт захаваньня ў цэнтры такіх вуліц, як Рэвалюцыйная, Маркса, Леніна, спадар Карпенка сказаў, што «Рэвалюцыйная — самая бяскрыўдная назва з пункту гледжаньня ідэалёгіі», а што да вуліцы Карла Маркса, то «яна названая імем філёзафа, чые працы вывучаюцца ў многіх унівэрсытэтах сьвету».
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме