09:30 13.06.2015 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Алег Трусаў: Яшчэ не позна аб'яднацца
9 чэрвеня 2015 года
У апошні час ідзе палеміка наконт сітуацыі, звязанай з будучымі выбарамі Прэзідэнта. Улічваючы сітуацыю, што склалася ў краіне і за яе межамі, гэтая выбарчая кампанія можа прайсці зусім не так, як плануе ўлада і апазіцыя. І першая ластаўка вылецела якраз сёння, бо ўлада агучыла новы тэрмін правядзення выбараў, што найперш звязана, магчыма, з эканамічным станам у краіне.
І сёння звычайны чалавек стаіць перад наступным выбарам: удзельнічаць у галасаванні ці не? Ужо зараз зразумела, што большасць выбаршчыкаў па розных прычынах прыме ўдзел у галасаванні. Таму салодкія казкі пра «байкот» можна забыць. І зараз перад людзьмі паўстала дылема: калі і хто зменіць сённяшняга нязменнага кіраўніка? Бо вопыт СССР і іншых краін паказвае, што чым больш гадоў нязменнаму кіраўніку, тым большы крызіс чакае народ. Дастаткова прыгадаць Леаніда Брэжнева і яго пераемнікаў. Нават у сярэднявеччы, у часы абсалютных манархій праблема захавання дынастыі цікавіла літаральна ўсіх. Суседняя Расія пасля згасання дынастыі Рурыкавічаў ледзь не знікла з мапы свету на мяжы 16-17 стст. Гэта можа чакаць і Беларусь…
Таму менавіта зараз усім будучым кандыдытам у Прэзідэнты трэба канчаткова зразумець, якую адказнасць яны ўскладаюць на свае плечы. І я прапаную, каб усе жадаючыя ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі сустрэліся вузкім колам без прэсы і выпрацавалі агульную тактыку паводзінаў на выбарах. Спачатку неабходна стварыць агульныя тэзісы будучай праграмы, пад якой усе яны павінны будуць падпісацца. Гэтыя тэзісы могуць складацца з трох частак: эканамічнай, мэтай якой будзе выхад краіны з той сітуацыі, што склалася за апошнія 20 гадоў; чарговае адраджэнне нашай культуры, гісторыі і мовы, бо толькі патрыёт сваёй краіны не бярэ хабару і гатовы ахвяраваць сваім жыццём, дзеля таго, каб Радзіма існавала. (Сітуацыя ва Ўкраіне добра гэта паказала). І трэцяя частка — гэта аналіз будучай знешняй палітыкі Беларусі пасля выбараў, накіраванай на аднолькава роўныя стасункі з усімі суседзямі без выключэння. Важна падкрэсліць і прававы аспект, які заключаецца ў вяртанні дзеяння Канстытуцыі 1994 г. і адмены так званых рэферэндумаў, якія насілі, дарэчы, кансультатыўны характар.
Пасля таго, як будуць падпісаныя тэзісы будучай праграмы, можна пакрокава рэалізаваць праймерыз, што неаднаразова прапаноўваў сп. А.Лябедзька. Першы крок — стварэнне каманды кожным кандыдатам у колькасці 2 тысячы чалавек для збору подпісаў грамадзян за вылучэнне кандыдата ў Прэзідэнты. Бо толькі 2 тысячы чалавек, а лепш 2,5 тысячы могуць сабраць рэальную колькасць подпісаў у нашых надзвычайных умовах.
Крок другі. Пасля збору подпісаў і іх рэгістрацыі на палітычнай сцэне застаецца той кандыдат, які сабраў найбольшую колькасць подпісаў. Астатнія ўдзельнікі ўваходзяць у яго каманду як давераныя асобы.
І няважна, колькі працэнтаў «намалюе» яму сённяшняя ЦВК. Важна тое, што людзі ўбачаць перспектыву сваёй краіны, нават калі яны і не пойдуць на ўчасткі для галасавання. Гэты чалавек можа стаць сапраўдным лідарам нацыі, які раней ці пазней дэмакратычным шляхам атрымае ўладу ў Рэспубліцы Беларусь.
Алег Трусаў, дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІ склікання Рэспублікі Беларусь
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме