10:00 08.12.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Акудовіч: У БССР мы жылі у Беларусі, але беларусамі не былі
Філосаф Валянцін Акудовіч разважае пра плюсы і мінусы быць незалежнымі.
Еўрарадыё: Якія плюсы і мінусы ў незалежнасці Беларусі??
Валянцін Акудовіч: Ведаеце, набыццё незалежнасці – гэта самая вялікая гістарычная падзея ў лёсе беларусаў. І нішто з таго, што адбывалася ў мінулым, не можа з ёю параўнацца. З’яўленне кожнай новай дзяржавы – гэта падзея не толькі для народа, які яе набывае, але і для ўсяго свету. Гэта вельмі сур’ёзная з’ява, пачынаючы з таго, што тысячы мапаў ва ўсім свеце трэба перамаляваць, вылучыўшы адмысловымі рысамі межы гэтай дзяржавы і адмысловым колерам пазначыўшы яе.
А калі сур’ёзна, то кожнае павелічэнне колькасці дзяржаваў на зямной кулі – гэта падзея для ўсіх, нават калі ўсе гэтага і не заўважаюць. Атрыманне незалежнасці - гэта і мая асабістая падзея. Без Беларусі як незалежнай самадастатковай краіны я так і не знайшоў бы сваё сапраўднае значэнне і свой сэнс у гэтым жыцці. Гэта дакладна і шчыра як на споведзі, гэта не пафасная рыторыка. Вельмі істотна яшчэ і тое, што калі ў цябе ёсць свая краіна, яна атуляе цябе ад скразнякоў бязмежжа, гэта як набыць або пабудаваць уласны дом. Без сваёй краіны чалавек – бяздомак, пустадомак. Таму для мяне адназначна гэта вялікая падзея. Нават не вялікая, а проста – падзея, бо слова “вялікая” тут не падыходзіць. І таму пытанне пра плюсы і мінусы набыцця незалежнасці ўводзіць мяне ў неёкую роспач – у незалежнасці няма мінусаў. Іншая справа, што незалежнасць бывае цяжкай, бываюць і драмы і праблемы, але незалежнасць самакаштоўная.
Еўрарадыё: Як беларусы змяніліся пасля СССР? Якімі былі, якімі сталі? Можа сталі піць менш піва, бо мяркуючы па плакатах з інтэрнэту ў савецкія часы людзі вельмі любілі піва.
Валянцін Акудовіч: Гэта няпраўда, піва любілі, але піва было мала і на ўвесь СССР была практычна толькі адна марка піва – “Жыгулёўскае”. І піва тады пілі толькі з пахмелля зранку, культуры піцця піва абсалютна не было, ніхто не збіраўся для таго каб проста папіць піва. Акурат менавіта з незалежнасцю ў нас з’явілася піва і мы сталі піць яго шмат, можа нават часам зашмат.
А калі больш сур’ёзна, галоўнае што сталася за гэты час – беларусы сталіся беларусамі. У БССР мы толькі жылі у Беларусі, але мы беларусамі не былі. Кім мы былі – гэта цяжка зараз патлумачыць, нейкія савецкія рускія якія жывуць у Беларусі. Гэта акурат, мне падаецца, вельмі істотным. Хай мы, можа быць, яшчэ не зусім дарабілі сябе, але ўсё-такі мы ўжо беларусы.
Еўрарадыё: Чаму пасля развалу СССР Беларусь зусім па-іншаму развіваецца, чым тая ж Украіна, Літва або Латвія?
Валянцін Акудовіч: Сутнасць незалежнасці акурат у тым, што яна выяўляе свае адметнасці, як станоўчыя так і адмоўныя. І кожнай краіне, што набывае незалежнасць, яна прапаноўвае свой уласны шлях. Калі мы пытаемся, чаму ў нас не так як ва ўкраінцаў, то мы толькі канстатуем што і ва Ўкраіне, і ў Казахстане і ў Грузіі і ў прыбалтаў свой шлях.
Больш за тое, ў гэтым пытанні нават закладзеная супярэчнасць. Хіба ж мы хочам, каб у нас было так, як у Прыбалтыцы? Тыя, хто зрабіў еўравыбар, хацелі б, каб так і было. Але тыя, хто бачыць Беларусь іншай, напрыклад па-за межамі любых геапалітычных хаўрусаў, тыя зусім гэтаму не цешацца і не хочуць, каб у нас было, як у Прыбалтыцы і тым больш, каб у нас было, як у Грузіі.
У кожнай краіне ёсць свае праблемы, але на тое яна і незалежнасць. Калі наша незалежнасць выглядае у многіх сэнсах і ракурсах не надта прывабнай, а часам нават і цяжкай – што ж, гэта наш лёс. Нават у самыя цяжкія і жахлівыя хвіліны - а іх за гэтыя дваццаць год хапала – я ні разу нават на самае кароткае імгненне не падумаў, што калі б мы не былі самі сабой у сваёй краіне, то можа нам было б лепш. Я не веру ў гэтае “лепш”. Я веру ў тое, што кожны народ павінен прайсці свой шлях, якім бы цяжкім ён ні быў. І кожны народ, што прыдбаў сабе незалежную краіну – хай і будуе, як умее і можа. Гэта лепш чым, скажам так, здымаць чужую кватэру.
Ліза Кучаравая http://euroradio.fm
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме
25 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |