17:30 31.05.2012 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
Адной крыві
Усе прызнаюць, што першы замежны візыт Пуціна ў статусе прэзыдэнта ў Беларусь — сымбалічны, знакавы, дэманстратыўны. Ён паказальны ня толькі з гледзішча замежнай палітыкі Расеі, геапалітыкі, але і псыхалягічнага ўспрыманьня сьвету цяперашнім кіраўніком РФ пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
Галоўная перамена, якая адбылася ў Расеі за час дзьвюх перадвыбарчых кампаній, — гэта дэсакралізацыя ўлады. Пуцін цяперашні і Пуцін чатырохгадовай даўніны — розныя палітыкі, зь іншай грамадзкай падтрымкай, палітычнай вагой, узроўнем легітымнасьці. Чатыры гады таму ён быў абвешчаны «нацыянальным лідэрам», апазыцыя яму не віднелася нават на гарызонце, грамадзтва спала. Пуцін прадстаўляў за мяжой Расею, якая «ўстала з кален», набірала міжнародную вагу, за ім стаяў кансалідаваны соцыюм.Паўгода даволі масавых пратэстаў раскалолі расейскае насельніцтва, паставілі пад сумнеў палітыку кіроўнага тандэма. Інаўгурацыя ў аблозе, у Крамлі, аточаным ваенізаванымі атрадамі, — карцінка вельмі яскравая, дакладная ілюстрацыя да перамен у Расеі. Яна сьведчыць пра тое, што цяпер Пуцін — прэзыдэнт з дэфіцытам унутранай і міжнароднай легітымнасьці.
Гледзячы па ўсім, гэтыя падзеі моцна траўмавалі Пуціна. Высьветлілася, што гэта чалавек зь вялікімі псыхалягічнымі комплексамі. У гэтым сэнсе вельмі паказальнай стала ягоная адмова ехаць у ЗША на саміт «Вялікай васьмёркі». Каб зразумець усю значнасьць такога кроку, трэба ўзгадаць, што Расея вельмі ганарыцца сваім сяброўствам у G-8. Гэта прызнаньне яе статусу як вялікай дзяржавы.
І вось цяпер адмова ўдзельнічаць у саміце. Здаецца, такога прэцэдэнту ў гісторыі гэтай структуры яшчэ не было. Трэба ўзгадаць, што заходнія краіны вельмі крытычна ацанілі дзьве выбарчыя кампаніі ў Расеі, папракалі недэмакратычнасьцю выбараў, спачувалі апазыцыйным акцыям, шырока іх асьвятлялі, крытыкавалі за рэпрэсіі супраць палітычных апанэнтаў. Падаецца, Пуцін проста спужаўся ляцець на сустрэчу зь лідэрамі вялікіх дзяржаў адразу пасьля ўсіх гэтых падзей. Бо палічыў, што на яго там будуць глядзець зьверху ўніз, са спачуваньнем, як на няўдачніка, які страціў увесь свой былы патэнцыял.
Цікава, што ў якасьці альтэрнатывы G-8 Пуцін сабраў у Маскве нефармальны саміт СНД і АДКБ. У гэтай кампаніі ён адчуваў сябе ўтульна, сярод сваіх. Тут ніхто не папракаў за ход выбарчай кампаніі, усе наперагонкі віншавалі. Прычым прыехалі ўсе прэзыдэнты краін СНД, хоць раней нефармальныя саміты шмат хто прапускаў. Дарэчы, існаваньне гэтай супольнасьці напаўняецца новым зьместам. Цяпер гэта інстытут, з дапамогай якога аўтарытарныя рэжымы і лідэры постсавецкай прасторы падтрымліваюць і легітымізуюць адзін аднаго.
У гэтым кантэксьце трэба разглядаць і той факт, што Пуцін выбраў Беларусь у якасьці першай краіны для свайго візыту. Выбар быў паміж Менскам і Астаной — найбліжэйшымі саюзьнікамі, партнэрамі па Мытным зьвязе. З Назарбаевым у Пуціна ніколі не было такіх канфліктаў з узаемнымі абразамі, як з Лукашэнкам. І сёньня праблем у дачыненьнях з Казахстанам у Расеі непараўнальна менш, чым зь Беларусьсю. Чаму ж Пуцін усё ж выбраў Менск?
На мой погляд, вырашальным чыньнікам стаў той антызаходні трэнд, які цяпер дамінуе ў Расеі і ня зьнік з заканчэньнем выбарчай кампаніі. Казахстан вялікіх праблемаў у дачыненьнях з Захадам ня мае. А Беларусь — у зацяжным супрацьстаяньні з ЭЗ. І першы візыт у Менск — гэта дэманстрацыя падтрымкі беларускага рэжыму ў гэтым канфлікце, у процідзеяньні эўрапейскаму ціску.
Акрамя геапалітычных чыньнікаў цяперашняга сяброўства Масквы і Менску, існуе і псыхалягічны чыньнік. Нягледзячы на ўсе асабістыя крыўды, Лукашэнка і Пуцін — палітыкі адной крыві. Гэта важна адзначыць у кантэксьце тых разваг, што, маўляў, цяпер, пасьля выбараў, расейскі прэзыдэнт пачне шчыльна разьбірацца з кіраўніком Беларусі.
Варта заўважыць, што якраз да візыту Пуціна Лукашэнка падрыхтаваў яму падарунак. Маю на ўвазе зьяўленьне новага палітвязьня — Васіля Парфянкова. Каб павязаць партнэра, павесіць і на расейскага лідэра адказнасьць за беларускія рэпрэсіі. Няхай расхлёбвае. Якраз дарэчы напярэдадні візыту прэзыдэнта Расеі ў Бэрлін і Парыж. Валер Карбалевіч
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме