21:31 14.10.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
“ Аб палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сітуацыі і дзейнасці Прэзідыума БСДП пасля ХІІІ з’езда партыі”
Даклад старшыні БСДП А.Ляўковіча на паседжанні ЦК БСДП 11.10.2009 г.
Паважаныя сябры!
Восень мінулага года, бягучы год і наступны характэрызуюцца перш за ўсе тым, як краіна адказвае на выклікі фінансава- эканамічнага крызіса. Беларусь увайшла ў транзітную зону і шукае дадатковыя кропкі апоры. Яна трансфармуецца. Рэспубліка Беларусь пачала пазіцыяніраваць сябе як партнер Захаду. Адбылася карэктыроўка “дзяржаўнай ідэалогіі”. Замест апеляцыі да савецкага мінулага, акцэнты змесціліся на стабільнасць і ўмацаванне суверэнітэту. Адбываюцца змены ў беларускай эканоміцы. Улада пачала больш думаць, каб быць прагматычнай і рацыянальнай. Выспявае адказная за ўласны дабрабыт і за краіну эканамічная, культурная, навуковая і палітычная эліта. У сярэднетэрміновай перспектыве яна сфарміруецца у нацыянальную эліту і будзе вызначаць будучыню Беларусі. У дэмакратычным асяродку таксама адбываюцца змены. Перафармаціруюцца адносіны Захада да беларускіх уладаў і апазіцыі. Набліжаецца прэзідэнтская кампанія. Усе гэта непазбежна ўплывае на дзейнасць партыі, усіх дэмакратычных сіл, што патрабуе новых ацэнак, падыходаў і стратэгій. Экспертная супольнасць амаль аднагалосна сцвярджае, што апазіцыя апынулася перад выклікамі канцэптуальнага характару, ей патрэбна мяняць састарэлыя лозунгі. “Улада асядлала большасць яе традыцыйных лозунгаў, у тым ліку і еўрапейскі вектар развіцця Беларусі і аб лібералізацыі эканомікі, а апазіцыя дзейнічае па старому...” (А. Класкоўскі). Прэзідэнт адабраў у апазіцыі манаполію на “нацыянальную ідэю”. Ен узначаліў спачатку культурніцкую, а сення эканамічную і нават палітычную трансфармацыю, бо лозунгі “За Беларусь” і “За еўрапейскасць” гэта ужо новая палітыка. Не заўважаць новы палітычны вектар трансфармацыі Беларусі мы не маем права.
Метадалогія выкарыстання новай палітычнай рэальнасці вядомая: “апазіцыі патрэбна зразумець логіку тых перамен, якія адбываюцца і выкарыстаць інстынкт самазахавання ўлады, каб пашырыць ступень свабоды для самой сябе” (В.Сіліцкі). Канешне, змены ў грамадстве цяжка адразу заўважыць і таму многія нашы таварышы думаюць і дзейнічаюць па старому. Але калі глянуць, як кажуць з вышыні птушынага палета, параўнаць грамадства з тым, што было 10-15 гадоў таму, то нельга не заўважыць, што шмат што за гэты час змянілася і шмат што зроблена. Па вялікаму рахунку за гэты час паўстала краіна. “Дасягнуты першы нацыянальны кансэнсус – аб незалежнасці.” (П.Данэйка). І улада, і народ, і апазіцыя лічаць незалежнасць краіны найвышэйшай каштоўнасцю. А гэта ўжо прынцыпова новая палітычная рэальнасць.
Важная змена, якая неяўна прысутнічае ў грамадстве і таму яе, як ва ўладзе, так і ў апазіцыі, не ўсе яшчэ заўважылі -- гэта патрэбнасць да дэбатаў, ці як першы крок да дыялогу аб будучыні краіны. Яна абумоўлена ў першую чаргу сусветным крызісам і перафармаціраваннем адносін з Расіяй і Еўропай. Чыноўнікі і служачыя хочуць ведаць, што будзе з краінай і куды яна рухаецца. Улада імкнецца шукаць новыя алгарытмы захавання стабільнасці соцыума, у тым ліку і дзеля ўласнага самазахавання. Актыўная частка грамадства таксама імкнецца зразумець і гатова слухаць тых, хто дакладна скажа куды мы крочым і што з гэтага ўсяго атрымаецца. Гэта прынцыпова новая сітуацыя, якой раней ў краіне не было. Яна патрабуе шукаць адказы і фармуляваць ясныя перспектывы. Каб крочыць наперад і ўладзе, і апазіцыі, нельга заставацца ў мінулым, патрэбна глядзець у будучыню. Сітуацыя патрабуе ад кіраўніцтва краіны сфармуляваць песпектывы будучыні Беларусі. Апазіцыя таксама павінна вызначыцца: за што мы? Толькі за тое, каб зышла гэтая улада, ці за тое, каб ствараць будучыню Беларусі? У чым наш прыярытэт?
Я разумею, што для некаторых з нас гэта няпростае пытанне, таму што да гэтага мы змагаліся за незалежнасць і супраць А. Лукашэнкі. І нечаканна атрымалася, што праціўніка няма, што першы Прэзідэнт, нягледзячы на супярэчнасці і складанасці, выканаў гістарычную місію па станаўленню незалежнай і суверэннай Беларусі. Мы неяк гэта прапусцілі, а вось многія паслы ў гутарцы са мной аб гэтым гаварылі неаднойчы. Гаварылі пра тое, што мы, апазіцыя, павінны быць удзячны Прэзідэнту, бо ен здолеў гэта зрабіць. Я ўдакладню толькі адно: на самай справе дзеля незалежнасці краіны працавалі ўсе -- і апазіцыя і ўлада. Апазіцыя рабіла акцэнт на ідэі важнасці захавання незалежнасці. Улада прыкладала вялікія намаганні для захавання рэальнай незалежнасці Беларусі.
Гісторыя незалежнай Беларусі толькі пачалася. Яшчэ верагодны самыя розныя сцэнарыі яе будучыні. Яны ўжо агучваюцца. Таму беларускае грамадства чакае “дыялогу – дэбатаў” аб будучыні Беларусі. “Беларусь можа крочыць па усходняеўрапейскаму шляху (куды заве А.Мілінкевіч – А.І.) і аддаць сваю ўласнасць замежным кампаніям. Так званым “цывілізаваным”. Другі варыянт – ухнуць у Расію... Трэці варыянт самы складаны і моцны. Ен зыходзіць з таго, што краіна яшчэ здаровая ў сваей аснове. Беларусь здольная адказваць на выклікі сучаснасці. Мы здольны зрабіць самі сябе і краіну разумнай і эфектыўнай. Мы можам быць дэмакратычнымі і цывілізаванымі. Мы можам абганяць парадыгмальна састарэўшую Еўропу і будаваць уласную эканоміку ведаў. Аптымальную эканоміку 21 стагоддзя. І не патрэбна спрачацца, з кім усе гэта можна зрабіць. І частка наменклатуры, і частка бізнэса, і “праслойка” маюць у сваім багажы веды і кампетенцыі” (Л.Заіка).
У жыцці і гісторыі кожнай нацыі і дзяржавы бываюць моманты, калі неабходна зноў і зноў рабіць выбар. Такі выбар патрабуе мужнасці і шчырасці. Сення зноў настаў момант для вызначэння будучыні Беларусі. Мы, сацыл-дэмакраты, свой выбар зрабілі даўно, яго зрабілі яшчэ нашы папярэднікі, сярод якіх былі І.Луцкевіч, М.Багдановіч, А.Пашкевіч, Я.Купала. Мы, сацыял-дэмакраты -- прабеларуская сіла.Наша праграмная мэта – незалежная, суверэнная Беларусь.Беларусь у сучасным свеце павінна быць сама сабой, а не ўсходнім, ці заходнім рубяжом. Сення нарэшце наступіў час, калі наш лозун, “Каб ні Усходняй, ні Заходняй ты была сама сабой”, супаў з афіцыйным брэндам “За незалежную і квітнеючую Беларусь!”. Такому, без перабольшвання, гістарычнаму супадзенню нельга не парадавацца. Да яго нельга заставацца безуважным, бо гаворка ідзе не пра інтарэсы ўлады, ці партыі, а пра лес краіны і ўсяго беларускага народа.
Канешне, застаецца яшчэ шмат пытанняў. Сярод іх найважнейшае, абумоўленае ўсей гісторыяй нашага краю: а як у Беларусі -- без Расіі і без Еўропы? Адказ на гэтае пытанне выспяваў у нашай гісторыі вельмі доўга. Адказ на яго мы сфармулявалі ў Звароце Прэзідыума БСДП да сяброў партыі “Аб вылучэнні партыйнага кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і фарміраванні пазітыўнага іміджа Беларускай сацыя дэмакратычнай партыі”. У ім гаворыцца: “ тое, што Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, выгадна. Але на жаль, у гісторыі краіны геаграфічнае становішча прыводзіла да драматычных і нават да трагічных наступстваў. Любая радыкальная спроба вырашыць геапалітычныя праблемы на карысць Еўропы, ці Расіі аплочвалася вялікімі стратамі. На пачатку мінулага стагоддзя беларускі сацыяліст Ігнат Канчэўскі ў гэтай сувязі пісаў, што “лёс Беларусі не прытуляцца ні да таго, ні да другога, а ствараць свае формы...”.Беларусь ўсё настойлівей падцвярджае трываласць сваіх пазіцый як суверэнная і незалежная дзяржава... Мы, сацыл-дэмакраты, прапаноўваем усім палітычным суб’ектам і кіраўніцтву краіны паставіць у парадак дня амбіцыйную задачу: “Аб’яднаць Усход і Захад, каб квітнела Беларусь”.
Дзеля гэтага патрэбна інтэнсіўна развіваць супрацоўніцтва з Еўропай, мэтанакіравана і настойліва спрыяць Еўраатлантычнаму дыялогу Еўропы і ЗША з Расіяй. На шляху вырашэння супярэчнасцей паміж Захадам і Усходам і прыняцця стратэгіі супрацоўніцтва і добрасуседства можа быць знята шматвякавая праблема Беларусі: “Захад ці Усход”.
Нам не патрэбна крочыць ні на Захад, ні на Усход. Сення восемдзесят адсоткаў нашых грамадзян лічаць незалежнасць і суверэнітэт вышэйшай каштоўнасцю. Нарэшце мы дасягнулі нацыянальнага кансэнсусу аб незалежнасці. Пачаўся працэс самаідэнтэфікацыі Беларусі, як нацыянальнай дзяржавы. На мой погляд, наспеў час, каб дзяржаўныя інстытуты пачалі яшчэ больш мэтанакіравана выкарыстоўваць нашу гістарычную спадчыну на карысць краіны. Я, як старшыня партыі, якая прадоўжвае традыцыі Беларускай Сацыялістычнай Грамады (1903 – 1918 гг.), відныя дзеячы якой абвяшчалі БНР і былі першымі кіраўнікамі БССР, перакананы , што менавіта першаму Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, які здолеў, нягледзячы на складанасці, супярэчнасці і памылкі, здзейсніць запаветныя мары нашых папярэднікаў і сцвердзіў Беларусь як суверэнную і незалежную краіну, па праву можа належыць яшчэ адна ганаровая гістарычная місія -- надаць бел-чырвона-беламу сцягу статус афіцыйнага гістарычнага сімвала Беларусі. Гэта стане неўміручым помнікам тым, хто змагаўся пад гэтым сцягам і ахвяраваў свае жыцце за вольную і незалежную Беларусь. Адтуль, з вечнасці, яны бясконца будуць удзячны за выкананне і гэтай гістарычнай місіі. Выкананне гэтай, без перабольшвання, ганаровай гістарычнай місіі паслужыць крокам да кансалідацыі беларускай нацыі. Моцная кансалідаваная нацыянальная дзяржава непахісна зможа супрацьстаяць любым выклікам сучаснага глабальнага свету.
Чым абумоўлена трансфармацыя краіны і як будзем дзейнічаць?
Першым фактарам трансфармацыі, які вызначае і астатнія, з’яўляецца тое, што Беларусь не толькі назапасіла патэнцыял для эканамічных зменаў, але і вымушана яго рэалізоўваць на практыцы. Да гэтага падштурхнуў і сусветны крызіс. Толькі ў гэтым годзе на 50% паменшыліся аб’емы экспарта. Таму нават калі не хочаш, прыходзіцца шукаць і задзейнічаць не толькі адміністратыўныя, але і рынкавыя механізмы.Змены абумоўлены і тым, што Расія ўводзіць сусветныя кошты на энерганосьбіты і вымушана ў час крызісу значна змяншаць аб’емы закупак беларускіх тавараў.
Беларусь дасягнула 50% экспарту ў краіны Еўропы і разлічвае на заходнія тэхналогіі і інвестыцыі. Але дзеля гэтага неабходна лібералізацыя. Патрэбна ўсталяваць рынкавыя механізмы эканамічнай дзейнасці, без чаго сацыяльную сферу будзе складана ўтрымаць у стабільным стане. Улады вымушаны праводзіць змены і, найперш, у сферы эканомікі. Зразумела, мы, шмат у чым крытыкуем уладу. АДС прапанавала Антыкрызісную платформу. У той жа час мы мусім канстатаваць, што пэўныя захады па лібералізацыі эканомікі ўлада робіць, што падцвярджаюць нашы і замежныя эксперты. Змены ў эканоміцы пазітыўна ўспрымаюцца прагматычным Захадам, для якога геаграфічнае палажэнне нашай краіны вельмі важнае ў прасоўванні сваіх эканамічных і геапалітычных стратэгій. Гэта з’явілася другім важнейшым фактарам трансфармацыі. Еўропа адмовілася ад палітыкі ізаляцыі Беларусі і прапанавала ўвайсці ў праграму “Усходняе партнерства”, якая з’яўляецца пачаткам доўгатэрміновай стратэгіі Еўразвязу да нашай краіны, аб чым я дакладваў яшчэ на 13 з’ездзе партыі.
Першы фактар -- лібералізацыя эканомікі – адказвае на спадзяванні аб сацыяльна-эканамічным паляпшэнні і садзейнічае палітычнай стабільнасці у грамадстве. “Каляровыя ревалюцыі”, палітычныя дэ-фолты, аб чым мараць лідэры радыкальных стратэгій, у Беларуі не пройдуць.
Другі фактар – геапалітычная стратэгія – абумовіў наладжванне Захадам і ЗША непасрэдных адносінаў з беларускімі ўладамі. Адмова ад “каляровых рэвалюцый” у Беларусі, стаўка на доўгатэрміновыя эвалюцыйныя змены ў нашай краіне – сталі для Еўразвязу і ЗША прыярытэтнымі. Стасункі з апазіцыяй адсунуты на другі план. Узровень ранейшай падтрымкі з іх боку значна зменшыўся. Прадбачанне А. Г. Лукашэнкі, зробленае ў мінулым годзе, аб знікненні апазіцыі пачало ў пэўным сэнсе збывацца. Гэта таксама новая палітычная рэальнасць, з якою мы мусім лічыцца дзеля захавання і развіцця партыі
Існуе толькі адзін крытэрый ацэнкі апазіцыі -- падрымка выбаршчыкаў і аўтарытэт у грамадстве. Жаданне змяніць уладу – канечне, моцны матыў, але ен не кранае само грамадства, якое ў сваей большасці жыве іншымі матывамі. Прыход да улады залежыць не столькі ад ідэалаў, мэтаў і жаданняў, колькі ад жыццевых інтарэсаў людзей і той сістэмы грамадства, якая склалася. Ці жадае беларускае грамадства колапса ўлады і рэвалюцыйнага бунту? Не, не жадае! Таму непрадукцыйна займацца фетышызацыяй будучага эканамічнага абвалу, дэ-фолту і іншых прывідаў, якія вывядуць народ на плошчу і заваляць уладу. Герберт Маркузе, які вывучаў прыроду і псіхалогію людзей таталітарнага грамадства, сфармуляваў закон: “непадпарадкаванне сістэме, якая гарантуе мінімум дабрабыту, а тым больш паляпшае яго, грамадзянам здаецца сацыяльна бессэнсоўным”.
Грамадзяніна хвалюе паўсядзеннае жыцце і паляпшэнне свайго дабрабыту. Ен хоча чуць канкрэтныя прапановы і бачыць канкрэтныя справы, якія адпавядаюць яго жыццевым інтэнцыям. Разумеючы гэта, мы павінны шукаць адпаведныя падыходы і формы працы з выбаршчыкамі Таксама патрэбна наладжваць адносіны і шукаць кансэнсус з кіруючай элітай. Сення для гэтага ўжо саспелі неабходныя перадумовы: абарона і умацаванне беларускага северэнітэту, лібералізацыя і мадэрнізацыя нацыянальнай эканомікі, наладжванне узаемавыгаднага супрацоўніцтва з Еўрапейскім Саюзам (пры захоўванні сяброўскіх адносін з расіянамі), пераадоленне негатыва звязанага з сусветным крызісам, сацыльная абарона людзей наемнай працы і г.д. Калі браць за крытэрый ацэнкі палітычнага працэсу інтарэсы Беларусі, то наладжванне ўзаемадзеяння партыі з палітычнай сістэмай краіны па гэтых накірунках з’яўляецца натуральным і мэтазгодным. Сення мы маем новыя перадумовы, з якімі павінны лічыцца ўлады і іх апаненты. Аб гэтым зараз гаворыць большасць экспертнай супольнасці ў краіне і за мяжой. Мы станем больш пазітыўнымі, калі не будзем раздзьмухваць супярэчнасці, а будзем настойваць на іх вырашэнні.
Гэта есць пазітыўны шанс для кіруючай эліты. А беларуская і сусветная супольнасць няхай паглядзяць, ці здольная яна, атрымаўшы гэты шанс, кансалідаваць беларусаў перад вызавамі сучаснага глабальнага свету. З другога боку, калі сацыял-дэмакратычныя каштоўнасці – СВАБОДА, САЛІДАРНАСЦЬ, СПРАВЯДЛІВАСЦЬ -- падзяляе большасць грамадзян Беларусі, то нам патрэбна спрыяць таму, каб гэта разумела і ўлада. Каб яна разумела, што гістарычна Еўропа прыйшла да годнага жыцця праз сацыял-дэмакратыю. Каб улада разумела, што на гэтым шляху для краіны адкрываюцца магчымасці паспяховага супрацоўніцтва з еўрапейскай і сусветнай сацыял-дэмакратыяй.
Мы, сацыл-дэмакраты, не ідэалісты. Мы разумеем, што ва ўладзе, апазіцыі і нашых шэрагах яшчэ не ўсе “саспелі” да разумення важнасці грамадскага кансэнсуса і кансалідацыі дзеля будучыні Беларусі. Але мы ведаем, што лес краіны будуць вызначаць тыя, хто глядзіць у будучыню і аўтэнтычна ўспрымае логіку гістарычных падзей, якія адбываюцца ў краіне і свеце.
Сутнасць высокай палітыкі -- кампраміс. Калі Беларуская дзяржава дэманструе абарону суверэнітэта і незалежнасці краіны, шматвектарнасць знешняй палітыкі, курс на мадэрнізацыю, прыярытэт сацыяльнай абароны насельніцтва, то гэта з’яўляецца і мэтамі нашай партыі. Сацыял-дэмакраты заўжды выступалі за пошук кампраміса і дыялогу ў палітыцы, кіруючыся галоўным прыярытэтам: усе, што карысна грамадзянам і краіне неабходна рабіць, развіваць і падтрымліваць. Неабходна фарміраваць пазітыўны імідж партыі ў вачах выбаршчыкаў як канструктыўнай і стваральнай палітычнай сілы і кансалідаваць усіх прыхільнікаў сацыял-дэмакратычных ідэй.
Нам патрэбна неадступна імкнуцца ў сістэмны палітычны працэс, дамагацца выбрання нашых сяброў у прадстаўнічыя органы ўсіх узроўняў, станавіцца партыяй парламенцкага тыпу.Гэта будзе садзейнічаць умацаванню статусу БСДП у сацыялістычнай супольнасці Еўропы і свету, яе аўтарытэту ў вачах шырокіх колаў беларускага народа – ад людзей наёмнай працы да прадстаўнікоў адміністрацый, рэктараў, дырэктарскага корпусу, прадпрынімальнікаў, тэхнічнай і творчай інтэлігенцыі.
Нам патрэбна рабіцьмоцныя і ясныя пасылы ўсім слаям беларускага грамадства ад ўрадоўцаў да простых работнікаў – мы адзіны народ, мы не ворагі адзін аднаму, лёс Беларусі –першасны, усё астатняе – другаснае, мы разам нясем адказнасць за будучыню Беларусі.
Аб дзейнасці партыі пасля 13 Нечарговага з’езда
Сусветны крызіс, падзеі на Каўказе, перафармаціраванне адносін з Расіяй і Еўразвязам абвастрылі неабходнасць трансфармацыі беларускага грамадства. Гэта патрабуе ад партыі новых ідэй і ўзважаных рашэнняў. Неабходнасць прыняцця ўзважаных рашэнняў прадэманстравалі дэлегаты 13 Нечарговага з’езда, якія разумелі, што час “каляровых рэвалюцый” прайшоў і патрэбны іншыя формы і метады партыйнай працы. Прайшоў год і мы яшчэ больш у гэтым пераканаліся. Еўропа і ЗША усталеўваюць узаемавыгадныя адносіны з уладай. Улада вымушана дэманстраваць пэўныя змены. Яна стварае кансультатыўныя саветы і запрашае да ўдзелу ў іх бізнесменаў, журналістаў і прадстаўнікоў апазіцыі. Сябра ЦК БСДП, старшыня таварыства ТБМ Алег Трусаў таксама працуе ў такім савеце. Прэзідыум партыі, каб далей развіць гэту ініцыятыву, прапанаваў Адміністрацыі Прэзідэнта стварыць кансультатыўныя саветы на ўсіх узроўнях улады. Пэўная ніша адчыняецца ў межах “Усходняга пртнерства”. Таму не байкатаваць патрэбна гэту ініцыятыву, а рабіць усе, каб краіна набліжалася да еўрапейскіх стандартаў, шукаць свае месца ў гэтай праграме, спрабаваць інстытуцыянальна уключыцца ў яе. Гэту пазіцыю кіраўніцтва партыі я агучыў яшчэ напярэдадні ўступлення Беларусі ў праграму “Усходняе партнерства” у Празе, у сталіцы краіны, якая на той час старшынствавала ў Еўразвязе.
Па ініцыятыве Брэсцкага абласнога камітэта Прэзідыум партыі ўнес ў Адміністрацыю прэзідэнта прапанову, каб увесці ў краіне мажарытарна-прапарцыйную сістэму выбараў. Прапанова была прынята да разгляду. У бліжэйшы час, на думку некаторых экспертаў, магчымы выбары па мажарытарна-прапарцыйнай сістэме. Патрэбна рыхтавацца і быць гатовымі да такога развароту падзей.
Прэзідыум і абласныя Брэсцкі і Віцебскі камітэты (І.Маслоўскі, А.Гнеўка) звярнуліся з шэрагам канкрэтных ініцыятыў у мясцовыя і рэспубліканскія органы ўлады. Унес свае прапановы ў сферы прадпрынімальніцтва старшыня Гомельскай абласной арганізацыі, сябра Прэзідыума А.Шабетнік. Некаторыя з нашых прапаноў сталі для ўлады прадметам абмяркавання, некаторыя былі прыняты, значная частка пакуль адхілена. Мы, сацыл-дэмакраты, не ідэалісты і таму добра ведаем, што змены будуць адбывацца няпроста і за іх патрэбна змагацца кожны дзень. Кавалерыйскай атакай тут нічога не зробіш. Таму і партыйная Праграма называецца “Крок за крокам”. У гэтай справе нам патрэбна павучыцца ў Алега Трусава, які спакойна, але неадступна адраджае і ўмацоўвае беларушчыну. Я ўжо казаў, што наша прапанова аб увядзенні змешанай мажарытарна-прапарцыйнай сістэмы ўладамі прынята да абмяркавання. Па гэтай тэме створана ініцыятыўнавя група ў Кансультатыўным савеце пры Адміністрацыі прэзідэнта і яна будзе абмяркоўвацца. На прапановы Прэзідыума аб энергаэффектыўнасці мы адказу не дачакаліся. Але нас радуе тое, што нашы рэкамендацыі ў гэтай сферы пачалі рэалізоўвацца. Так адбылося і па прапановах Прэзідыума ў сферы жыллевага будаўніцтва і ЖКГ, многія з якіх ужо рэалізоўваюцца на практыцы. Гэта сведчыць аб тым, что нашы ініцыятывы прафесійныя і запатрабаваныя грамадствам, таму яны не могуць быць зусім безвыніковымі. Калі не сення, то заўтра яны будуць выкарыстаны і пачнуць працаваць на краіну і на пазітыўны імідж партыі. “Упорство и труд, все перетрут”, так гаворыць прымаўка. Нам, у нашых справах, часта бракуе вытрымкі. Вось Вам яскравы прыклад. Віцебскія таварышы настойліва звярталіся да мясцовых улад з просьбай прыняць удзел у святкаванні Дня Незалежнасці. Шмат што зрабілі і дамагліся. Ім выдалі дзесяць спецыяльных прапускоў. Але захацелася большага -- пайсці на масавае мерапрыемства з партыйнымі сцягамі. Як вы думаеце, мясцовыя ўлады ўжо гатовы да такога павароту падзей, калі центральная ўлада да гэтага яшчэ не саспела? Вядома, што не! Нашы таварышы апынуліся ў пастарунку разам са сцягамі. Замест таго, каб замацаваць першы крок і закласці аснову для дальнейшага наладжвання адносін атрымаўся канфлікт. Канешне, мы ўдзячны А. Гнеўку, А.Мішурнаму, А.Мікуліну за ініцыятыву, але патрэбна пралічваць наступствы і ставіць перад сабой рэальныя задачы. Гэта як на вайне: можна і пад куляметным агнем атакаваць вышыню і палажыць усе войска. Вопытны камандзір так рабіць не будзе. Ен разумее гераізм не ў тым, каб загінуць, а ў тым, каб захапіць вышыню з мінімальнымі затратамі. Дзеля дасягнення мэты ен можа адступіць, ці арганізаваць аблогу і г.д.
Асобна хочу падкрэсліць, што палітычны канструктывізм, узважаны падыход не адмаўляе крытыку ўладаў і не змяншае наш патэнцыял, як апазіцыйнай партыі. Спакойнае і цвердае адстойванне нашых прынцыпаў не есць адступленне, ці параза. Наадварот, цвердая перакананасць і воля ў палітыцы больш важныя, чым бурлівая крыклівасць і заліхвацкая крутызна. Палітычная воля выяўляецца ў рэальна магчымых формах. Напрыклад, Прэзідыум партыі10.01.2009 зрабіў вострую заяву па сацыяльна-эканамічных пытаннях: “Улада павінна быць адказнай перад грамадзянамі”. Прэзідыум таксама ўхваліў Антыкрызісную платформу АДС, альтэрнатыўную праграме лібералізацыі ўлады і г.д.
Партыя, як вядома, актыўны ўдзельнічала ў апошняй парламентскай кампаніі. Прэзідыум БСДП каардынаваў гэту працу як у межах партыі, так і ў межах АДС. Я, як сустаршыня АДС адказваў за адзіны спіс кандыдатаў ад кааліцыі і нам упершыню ўдалося яго сфарміраваць. У адзіным спісе АДС было 16 сябраў партыі, на этап рэгістрацыі вышла 13, зарэгістравалі 10. Прэзідыум распрацаваў перадвыбарчую платформу “За справядлівую і Салідарную Беларусь”. Дапамагаў метадычна, арганізацыйна нашым кандыдатам. Мы актыўна працавалі ў кампаніі “За справядлівыя выбары”, за змену заканадаўства і практыкі вядзення выбарчай кампаніі, стварэнне ўмоў для чэсных і транспарэнтных выбараў. Прэзідыум партыіі каардынаваў і арганізоўваў і гэту кампанію. Прэзідыум каардынаваў удзел у мерапрыемствах “Сацыяльнага марша” , у агульнарэспубліканскім пікеце і г.д. Многія нашы арганізацыі і сябры працуюць у рэгіянальных кааліцыях АДС і гэту працу каардынуюць сябры Прэзідыума, якія уваходзяць у кіруючыя органы АДС.
Як у партыі, так і ў грамадстве па рознаму было ўспрынята мае інтэрв‘ю ў “СБ”. У гэтым я бачу пазітыў і інтэлектуальны патэнцыял нашай партыі і маіх апанентаў, бо як казаў Д. Дзідро “калі мае словы спадабаліся ўсім, яны нічога не варты”. Мяне здзівіла толькі тое, што Прэзідыум АДС адмовіўся ад маей прапановы правесці дыскусію па ўзнятых у інтэрв’ю пытаннях. Напрыклад, галоўны рэдактар “Народнай Волі” І.Сярэдзіч ухваліў тое, што інтэрвью змясцілі ў амаль паўмільенным тыражным выданні. Ен выказаў шкадаванне, што не адбылося публічнай дыскусіі, дзеля якой ен быў гатовы прадаставіць старонкі сваей газеты.
Я ўдзячны Прэзідыуму партыі, за абмеркаванне майго інтэрв’ю, за крытычныя заўвагі, за разуменне таго, што плюралізм думак і магчымасць іх публічна агучыць кожным сябрам партыі, у тым ліку і яе старшыней, з’яўляюцца важнейшым прынцыпам дэмакратыі і безумоўнай нормай жыцця нашай партыі. Пазней экспертная супольнасць таксама ўключылася ў абмеркаванне пытанняў, узнятых у інтэрв’ю. Большасць экспертаў гаворыць пра тое, што з улікам падзей якія адываюцца у краіне і свеце, апазіцыя павінна шукаць новыя формы і стратэгіі свайго выжывання і дзейнасці. Гучаць думкі, што ўвогуле патрэбна новая апазіцыя. Дыскусія аб месцы і ролі тытульнай апазіцыі прадоўжваецца і сення. Яшчэ больш яна разгарэлася пасля праграмнага выступу Прэзідэнта ЗША Б.Абамы на сесіі Генеральнай Ансамблеі ААН, у якім ен адмовіўся ад палітыкі дэмакратызацыі ўсяго свету і выказаў неабходнасць паважаць варыянты дэмакратыі, якія склаліся ў аўтарытарных краінах.
Напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі як заўжды абвастраюцца працэсы палітычнага жыцця. Аб гэтым сведчыць сітуацыя ў некаторых апазіцыйных партыях Беларусі. Кіраўніцтва БСДП у гэтых умовах робіць усе, каб захаваць арганізацыйнае адзінства партыі. Я звяртаюся да тых таварышаў, якія наракаюць кіраўніцтву пра кепскае партыйнае будаўніцтва, вярнуцца і азнаеміцца з дакладам мінулага ЦК, у якім падрабязна сфармуляваны падыходы, формы і метады гэтай працы. Прэзідыум партыі на сваім узроўні займаецца партыйным будаўніцтвам і чакае канкрэтнай працы ў нізавых арганізацыях, дзе гэта не робіцца. Напрыклад, на апошнім Прызідыуме мы амаль тры гадзіны разглядалі пытанне аб сітуацыі ў Віцебскай абласной арганізацыі. Былі розныя ацэнкі і прапановы, ў тым ліку і ЦРК. Прэзідыум прыняў узважанае рашэнне, што дазволіла вярнуць сітуацыю ў межы статутных норм і стварыць умовы для вырашэння праблемы. Але вырашыць праблему могуць толькі сябры гэтай арганізацыі.
Ад імя Прэзідыума магу цверда заверыць Вас, сябраў ЦК, што кіраўніцтва партыі заўжды будзе рабіць усе для ўмацавання арганізацыйнага і ідэйнага адзінства партыі. Прэзідыум упэўнены, што такія дзеянні будуць падтрыманы ўсімі сябрамі ЦК, хто ў гэтых складаных умовах дбае пра інтарэсы краіны і партыі.
Набірае ход падрыхтоўка да прэзідэнтскай кампаніі. Сябры Прэзідыума бралі ўдзел у выпрацоўцы працэдуры вылучэння адзінага кандыдата ад усіх дэмакратычных сіл Беларусі. Згодна з працэдурай любы грамадзянін краіны можа ўдзельнічаць у спаборніцтве за статус “адзінага” . Роль партый у гэтым працэсе мінімальная, што, на нашу думку, можа прывесці да нечаканых сюжэтаў. У партыі есць час да сакавіка 2010 года, каб вызначыцца ў якой якасці браць удзел у гэтай кампаніі. На сенняшні дзень актуальным застаецца Зварот Прэзідыума БСДП да сяброў партыі “Аб вылучэнні партыйнага кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і фарміраванні пазітыўнага іміджу Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі”.
Як вядома, наша партыя стала суб’ектам АДС ў траўні 2007 г. і актыўна працуе на рэспубліканскім і рэгіянальным узроўнях. Але з цягам часу станавілася ўсе больш зразумелым, што стратэгія “Дыялогу”, якая грунтуецца на ідэі палітычнага канструктывізма і якая была зацверджана Кангрэсам, амаль не рэалізоўваецца. Канешне, гэта найперш абумоўлена пазіцыяй улады, часткова непаслядоўнымі дзеяннямі Еўразвязу і ЗША . Але патрэбна падкрэсліць і тое, што суб’екты АДС таксама не вельмі намагаліся шукаць новыя падыходы і формы дзейнасці, аб чым, напрыклад, сведчыць адмова сябраў Прэзідыума АДС правесці дыскусію па пытаннях, якія былі падняты ў маім інтэрв’ю. Больш за тое, ў жніўні бягучага года Прэзідыум БСДП вымушаны быў зрабіць адмысловы зварот да сябраў Прэзідыума АДС. Паплечнікі сітуацыю да такога стану не даводзяць, а калі так здарылася, то імкнуцца яе выправіць. Але гэтага зроблена не было. Зварот Прэзідыума партыі быў поўнасцю праігнараваны. Давер нашай партыі да некаторых калег па кааліцыі быў падарваны.
3 жніўня 2008 г. прайшоў Нечарговы з’езд і здарылася так, што амаль адначасова “грымнуў” сусветны крызіс. Ен “грымнуў” таксама і па партыях у тым ліку і па нашай. Нягледзячы на гэта партыя дзейнічае. Рэгіянальныя кіраўнікі партыйных арганізацый, сябры Прэзідыума, намеснікі старшыні, старшыня ЦРК і я, як старшыня БСДП, працуем на грамадскіх пачатках, ўносім свае веды, вопыт, час і асабістыя грошы на падтрымку дзейнасці партыі, у тым ліку і на аплату пяці-сямі офісаў. Я, як старшыня, выказваю шчырую падзяку гэтым людзям і тым, хто разумее цяжкае становішча і бескарысна дапамагае партыі. Асабіста – І.Барысаву, В.Аскірка, Л.Дзейка, А.Сідарэвічу, М.Лавіцкаму, В.Болбату, В.Цігрыцкай, А.Канюс, В.Лазарэнкаву, І.Маслоўскаму, А.Гнеўку, Ю.Грынявіцкаму, М.Грыбу, А.Анташкевічу, А.Шабетніку, А.Падойніцыну і іншым. Менавіта пра такіх партыйцаў кажуць, што яны шчыра пасвяцілі сябе справе служэння сацыял-дэмакратычным каштоўнасцям. Яны не на словах, а на справе сцвярджаюць прынцып салідарнасці з партыяй у няпросты для яе час.
Сітуацыя нялегкая. Зусім нядаўна прайшлі суды па офісных памяшканнях у Маладзечна і Мінску. Прыйшлося шукаць грошы на пакрыцце запазычанасці і судовыя расходы. Зараз падобная сітуацыя ўзнікла ў Віцебску. Есць запазычанасць па офісу ў Гародні. 15 кастрычніка мы павінны з’ехаць з цэнтральнага офіснага памяшкання, на якім размяшчаюцца партыйны, гарадскі і тры раенных юрыдычныя адрасы. Але нават у такой сітуацыі там, дзе есць кіраўнікі, якія займаюцца справай, пытанні вырашаюцца. Брэсцкая абласная арганізацыя самастойна ўтрымоўвае офіс. Гэта павінна стаць правілам для ўсіх кіраўнікоў рэгіянальных арганізацый, якія маюць офісы. Правілам павінна стаць і тое, што офісы для утрымання якіх кіраўніцтва партыі з вялікай цяжкасцю знеходзіць грошы, павінны працаваць. Мы будзем адмаўляцца ад ганебнай практыкі – аплочваць паветра ў пустых офісах. З 1 верасня свой офіс утрымоўваюць нашы сябры ў Бабруйску. З чэрвеня маюць адносна танны офіс магілеўскія таварышы, але ім яшчэ патрэбна шукаць рэсурсы для самастойнага пакрыцця расходаў за яго ўтрыманне. Партыя мае вялікую запазычанасць, якая адносіцца асабіста да мяне і я ўжо не магу яе павялічыць. Прэзідыум партыі чакае прапаноў ад сябраў ЦК, рэгіянальных кіраўнікоў, актывістаў па вырашэнню рэсурсных праблем партыі. Можа патрэбна павялічыць штогадовую складу, звярнуцца да сябраў партыі з просьбай ахвяраваць 5-10 тысяч рублеў, каб пакрыць запазычанасці хаця б за офісы ў Віцебску і Гародні, аплаціць судовыя расходы. Нельга дапусціць, каб пад ціскам часовых праблем партыя пачала здаваць свае пазіцыі. Я ўпэўнены, разам мы выстаім.
Згодна графіку праходзяць справаздачна-выбарчыя канферэнцыі. Актывізавалася партыйнае будаўніцтва ў Магілеўскай вобласці. У партыю прышлі маладыя і адукаваныя сябры. Рэгіструюцца раенныя арганізацыі ў Магілеве і Бабруйску. У хуткім часе будзе зарэгістравана абласная партыйная арганізацыя. За гэты поспех у першую чаргу мы павінны падзякаваць І. Барысава і Ю. Грынявіцкага.
Партыя традыцыйна працуе с незалежнымі прафсаюзамі. Кіраўніцтва БСДП неаднойчы выходзіла з прапановамі да БКДП аб заключэнні пагаднення аб супрацоўніцтве. У нас, як вядома, падпісана Дамова аб супрацоўніцтве з СПБ, але яна па віне кіраўніка гэтага прафсаюза не выконваецца Хаця, заўважу, многія сябры нашай партыі зяўляюцца актывістамі СПБ. Я сам з’яўляюся заснавальнікам СПБ і калісці ўзваходзіў у яго рэспубліканскі Савет. Нягледзячы ні нашто супрацоўніцтва з гэтым прафсаюзам і БКДП праз рэгіянальных кіраўнікоў прадоўжваецца. Нашы сябры разам з прафсаюзнікамі правялі шэраг семінараў па развіццю жаночай прафсаюзнай і сацыл-дэмакратычнай сеткі. У верасні гэтага года ўпершыню пры падтрымцы фонда У.Пальмэ і швецкага прафсаюза металістаў адбылася сустрэча кіраўнікоў левых партый і незалежных прафсаюзаў на якой мы дамовіліся ў наступным месяцы правесці сумесную канферэнцыю і абмяркаваць пытані магчымага супрацоўніцтва. Актыўна працуе старшыня прафсаюзнай камісіі партыі В.Лазарэнкаў. З незалежнымі прафсаюзамі актыўна супрацоўнічаюць І. Маслоўскі, С.Алесееюк, А.Канюс, Н.Галаніна, А. Габрыель і іншыя нашы таварышы. У РЭПАМ працуюць А. Дзвігун, С. Кавалеўскі і іншыя.
Многія нашы таварышы працуюць у шматлікіх ініцыятывах і грамадскіх арганізацыях: прававых, жаночых, сацыяльных, экалагічных і г.д. Яны наладжваюць адносіны з самымі рознымі слаямі насельніцтва, узаемадзейнічаюць пры вырашэнні жыццевых пытанняў людзей з мясцовымі ўладамі. Па сацыяльных праграмах узаемадзейнічае з мясцовымі ўладамі сябра ЦК, старшыня Верхнедзвінскай арганізацыі В.Кудлацкая. Сябра ЦК, дэпутат Бараньскага гарадскога Савета Віктар Міхасеў кожны дзень працуе з мясцовымі ўладамі, каб дапамагчы людзям вырашаць праблемы пітной вады, рамонту дамоў і г.д. Шмат робяць у гэтым накірунку брэсцкія таварышы. У Мінскай вобласць -- А. Падойніцын, А. Юрэвіч. На Гомельшчыне -- А.Шабетнік. Я ведаю, што такая праца праводзіцца у многіх рэгіенах нашай краіны. І калі гучаць папрокі аб тым, што партыя, яе кіраўніцтва і сябры нічога не робяць, то гэта ў першую чаргу сведчыць аб тым, што той, хто папракае, гаворыць менавіта пра сябе і пра адсутнасць працы ў яго арганізацыі. У любой сферы дзейнасці, у тым ліку грамадскай і партыйнай, папярэдне як наракаць іншым пакажы на што сам здольны, прадэманструй сваю працу і свае поспехі. Таму, я прапаноўваю кожнаму сябру ЦК пачынаць свой выступ з прэзентацыі асабістай працы і працы яго арганізацыі, потым пераходзіць да крытыкі сваіх таварышаў і ўносіць альтэрнатыўныя і добра сфармуляваныя прапановы, якія будуць перададзены ў адпаведныя камісіі. Я ўпэўнены, што такі падыход да справы будзе пленным. Гэта праверана практыкай.
Коратка астанаўлюся на пытаннях міжнароднай працы.
Кіраўніцтва партыі, старшыня міжнароднай камісіі і міжнародны сакратар імкнуцца найперш наладзіць стасункі з замежнымі партнерамі.
За гэты час мы наладзілі і ўмацавалі стасункі з кіраўніцтвам Сацыялістычнага Інтэрнацыянала. У мінулым і ў гэтым годзе мы правялі шэраг сустрэч з генеральным сакратаром Луісам Аялай і сустаршынямі камітэта па краінах СНД, Каўказу і Чорнага мора Аляксандрай Добалі і Марые Налпатянам. Наладжаны стасункі з Партыяй Ееўрапейскіх Сацыялістаў (ПЕС). Мы бралі ўдзел у працы Савета ПЕС. Нагадаю, што пад час гэтага мерапрыемства былі праведзены перамовы з Альфрэдам Гузенбаўрам, кіраўніцтвам літоўскіх, шведскіх, украінскіх і польскіх сацыялістаў і сацыл-дэмакратаў. У чэрвені і верасні бягучага года мы прадоўжылі перамовы з літоўскімі сацыл-дэмакратамі па пытаннях рэалізацыі заключанай паміж нашымі партыямі дамовы аб супрацоўніцтве. За час, які прайшоў пасля Нечарговага з’езда, мы ўсталявалі кантакты з сацыял-дэмакратамі Фінляндыі, Чэхіі, Украіны, Малдовы, Латвіі, Эстоніі, Арменіі, Азербайджана і нават Казахстана. На свае форумы нас запрашае партыя “Справядлівая Расія”. Мы неаднойчы сустракаліся з яе кіраўніцтвам. Ужо пасля з’езда мы падрыхтавалі і перадалі кіраўніцтву “Справядлівай Расіі” свае прапановы аб супрацоўніцтве. Зараз прапрацоўваецца праект аб стварэнні камітэта Сацыялістычнага Інтэрнацыянала краін СНД. Кіраўніцтва БСДП прымае самы актыўны ўдзел у гэтай працы. Мы ўжо правялі дзве сумесныя сустрэчы па гэтай тэме з кіраўніцтвам сацыл-дэмакратычных партый Расіі, Украіны, Казахстана, Азербайджана. У нас наладжаны самыя цесныя стасункі з сацыл-дэмакратычнай партыяй Швецыі і фондам Улафэ Пальма, што дазволіла прадоўжыць даўнія праекты аб супрацоўніцтве рэгіянальных арганізацый (Брэст, Бабруйск) і пашырыць магчымасці супрацоўніцтва для іншых нашых арганізацый у наступным годзе. Усе гэта стварае перадумовы для прамых міжпартыйных кантактаў і супрацоўніцтва на міжрэгіянальным узроўні. Як кажуць бярыце ініцыятыву ў свае рукі.
Паважаныя сябры! Прызываю Вас, насуперак усім цяжкасцям, яшчэ больш мацаваць арганізацыйнае і ідэйнае адзінства партыі, асабліва напярэдадні і пад час прэзідэнцкай кампаніі. Ад імя Прэзідыума, ад імя Вас, сябраў ЦК, хочу выказаць вялікую падзяку тым кіраўнікам і актывістам партыі, якія ў гэтых няпростых умовах вырашаюць паўсядзенныя пытанні дзейнасці сваіх арганізацый. Я ўдзячны ўсім Вам за непахіснасць і цвердую веру ў пабудову СПРАВЯДЛІВАЙ і САЛІДАРНАЙ БЕЛАРУСІ!
11 кастрычніка 2009г.
Г. Мінск
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме