09:46 02.06.2011 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

АТРЫМАНА ПАСВЕДЧАННЕ АБ СМЕРЦІ АНТОНА ЛУЦКЕВІЧА (ФОТА)

Гэтымі днямі Маргарыта Пярова, унучатая пляменніца Старшыні Рады Міністраў і міністра замежных спраў Беларускай Народнай Рэспублікі Антона Луцкевіча, атрымала з аддзела запісу актаў грамадзянскага стану па г. Аткарску і Аткарскім раёне Сартаўскай вобласці пасведчанне аб смерці свайго знакамітага родзіча.

У свой час у часопісе ARCHE былі надрукаваныя дакументы аб смерці Антона Луцкевіча на перасыльным пункце ў г. Аткарск, а ў кнізе яго твораў “Барацьба за вызваленне” (2009) – фотакопіі рапарту начальніка санітарнай часткі начальніку Аткарскага перасыльнага пункта аб смерці А. Луцкевіча і акту аб яго пахаванні. Аднак у некаторых даведніках да гэтага часу пішуць, што А. Луцкевіч памёр “каля 1946 г.”.

З дакумента, атрыманага Маргарытай Пяровай, вынікае, што запіс акту аб смерці Антона Луцкевіча за нумарам 390 ўчынены яшчэ 30 лістапада 1943 года. Гэты дакумент яшчэ раз сведчыць, што сынам Антона Луцкевіча (абодва ўжо не жывуць) у адпаведнасці з тагачаснымі інструкцыямі было выдадзена фальшывае пасведчанне аб смерці іх бацькі.

Трэба спадзявацца, што цяпер у даведачнай літаратуры і ў электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў прыватнасці будуць паведамляць праўдзівую дату смерці аўтара акту 25 Сакавіка.
Анатоль Сідарэвіч  
Luckievich smerc pasvedchannie 

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме