13:04 05.02.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
АРГАНІЗАЦЫЯ, ЯКАЯ НЕ БАРОНІЦЬ СВАЕ ІНТАРЭСЫ І ДАЗВАЛЯЕ ВОРАГАМ КАРЫСТАЦЦА СВАІМІ НАБЫТКАМІ, — ТРУП
Пасля пасяджэння Палітычнага Савета Аб'яднаных дэмакратычных сіл (АДС), якое адбылося 24 студзеня, у некаторых СМІ з'явілася памылковая інфармацыя пра маё выступленне. Я не сцвярджаў, што "АДС — труп". Паколькі лёс і перспектывы АДС Беларусі хвалююць многіх, мушу патлумачыць сваю пазіцыю.
Сапраўды, я крытыкаваў кіраўніцтва АДС за тое, што Палітычны Савет не збіраўся на пасяджэнні больш за год. І гэта ў сітуацыі, калі ў асяродку дэмакратычных сіл адбываюцца небяспечныя працэсы. Я адзначыў, што існаванне АДС з пункту гледжання ўнутранай палітыкі — адносна неістотная праблема. Бо для шырокага грамадства хто быў лібералам, той лібералам і застаўся. Хто быў сацыял-дэмакратам ці нацыяналістам, той такім і застаўся. Але ў вонкавай палітыцы існаванне АДС вельмі важнае. Усе невялічкія заваёвы на шляху дэмакратызацыі былі атрыманы дзякуючы ўзгодненаму ціску апазіцыі і краін дэмакратычнага свету.
Сёння гэтага няма. Нездарма Вінцук Вячорка паведаміў, што прадстаўнікі Еўрасаюза, апраўдваючы сваю новую палітыку саступак рэжыму А.Лукашэнкі, спасылаюцца на просьбы "вашых лідэраў". І ўсе ведаюць, што "лідэрам апазіцыі" за мяжой прадстаўляецца А.Мілінкевіч — дарэчы, без права на гэтае адказнае і пачэснае званне. У той час, калі яго рух "За Свабоду" і прыхільныя да яго структуры ў працы АДС не ўдзельнічаюць, а толькі замінаюць сабраць кворумнае пасяджэнне. І справа тут толькі ў тым, што быць прадстаўніком аб'яднанай апазіцыі выгадней, чым проста кіраўніком нейкага руху.
У сувязі з гэтым я і сказаў, што арганізацыя, якая не бароніць свае інтарэсы і дазваляе ворагам карыстацца сваімі набыткамі — труп. І патрабаваў як мага хутчэй праясніць сітуацыю ў АДС.
Відавочна, што гэта было папярэджаннем, а не канстатацыяй факта. Бо я лічыў і лічу сёння, што аб'яднанне ўсіх дэмакратычных сіл ёсць адзіны шлях да перамогі дэмакратыі ў Беларусі. Больш таго, я лічу, што людзі, якія расколваюць адзінства дэмакратычных сіл, наогул не дэмакраты. Бо сказана, "не па словах судзіце іх, а па справах".
Юры ХАДЫКА, прафесар
"Народная Воля" ()
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме