23:17 12.02.2009 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"
АНАТОЛЬ ЛЯЎКОВІЧ: НАСКОКАМ НІЧОГА НЕ ЗРОБІШ…
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) робіць чарговую спробу аб’яднаць сацыял-дэмакратычныя структуры ў краіне. Такіх – многа.
Аднак усе цягнуць коўдру на сябе, пра што сведчыць гісторыя беларускай сацыял-дэмакратыі пасля адраджэння, якое адбылося ў 1991 годзе. Палітыкі жартуюць: калі аб’ядноўваюцца дзве сацыял-дэмакратычныя партыі – у выніку сацыял-дэмакратычных партыяў становіцца тры.
5 лютага Прэзідыум Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) агучыў ініцыятыву пра яднанне ўсіх сацыял-дэмакратычных сілаў Беларусі.
Прэзідыум Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі ўхваляе і падтрымоўвае адпаведную ініцыятыву Віцебскай абласной арганізацыі БСДП, прынятую ў снежні 2008 года, і прапаноўвае усім прыхільнікам сацыял-дэмакратыі ў Беларусі зрабіць канкрэтныя крокі да кансалідацыі і яднання. БСДП упэўнена, што гэта будзе падтрымана лідэрамі еўрапейскай сацыял-дэмакратыі, а таксама кіраўніцтвам Партыі Еўрапейскіх Сацыялістаў і Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу.
Сацыял-дэмакратычныя ідэі ў Беларусі, апрча самой БСДП (Грамада), падзяляюць Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, Беларуская партыя жанчын “Надзея”, арганізацыйныя камітэты па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) і Беларускай партыі працы. Разам з тым, у палітычных умовах Беларусі існуе вострая неабходнасць кансалідацыі і яднання беларускіх сацыял-дэмакратаў, аб чым паслядоўна і неаднаразова заяўляла наша партыя.
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) - адна з першых партый, створаных у навейшай гісторыі Беларусі. 2 сакавіка 2009 года спаўняецца 18 гадоў з дня яе заснавання. БСДП таксама старэйшая па вытоках свайго паходжання. Яна з’яўляецца спадкаемцам Беларускай Сацыялістычнай Грамады ( 1903 – 1918 гады) і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі ( 1918 – 1924 гады). Партыя працягвае традыцыі братоў Луцкевічаў, Алаізы Пашкевіч, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа і іншых слаўных папярэднікаў. БСДП адказная перад сучасным і будучым пакаленнямі беларусаў, а таксама і перад заснавальнікамі беларускай сацыял-дэмакратыі.
Заява ёсць – ці варта чакаць канкрэтных крокаў па ажыццяўленні гэтых дэкларацый? З такім пытаннем camarade.biz звярнуўся да старшыні БСДП (Грамада) Анатоля Ляўковіча:
-Яднанне ўсіх сацыял-дэмакратычных сілаў Беларусі – гэта паслядоўная стратэгічная палітыка нашай партыі. У 1903 годзе пачалася гісторыя беларускай сацыял-дэмакратыі, 2-3 сакавіка 1991 года мы адрадзілі сацыял-дэмакратыю пасля дзесяцігоддзяў панавання аднапартыйнай сістэмы. Мы, менавіта нашая партыя, была той, хто адрадзіў сацыял-дэмакратыю. Гэта – Міхась Чарняўскі, Міхась Ткачоў, Анатоль Сідарэвіч, Алег Трусаў. Сярод тых, першых адраджэнцаў, быў і я, Ляўковіч.
Пазней адбылося тое, што адбылося: спадар Шушкевіч стварыў сваю (менавіта сваю) партыю – Беларускую сацыял-дэмакратычную Грамаду. Была яшчэ і Беларуская партыя працы, якая ў прынцыпе прытрымлівалася сацыял-дэмакратычных каштоўнасцей.
Цяперашні віток яднання ініціыявала Віцебская абласная арганізацыя нашай партыі. Мы выступілі – іншая справа, як на гэта адрэагуюць сацыял-дэмакратычныя структуры.
-За дэкларацыямі ці варта чакаць канкрэтных захадаў па зборы сацыял-дэмакратаў пад адзін дах?
-Многае залежыць ад таго, як пойдуць аб’яднаўчыя працэсы ў рэгіёнах.
Апошняя спроба яднання дзвюх сацыял-дэмакратычных партый – БСДП (Грамада) і БСДГ Станіслава Шушкевіча - рабілася ў часе падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. Аляксандр Казулін браў на сябе пэўныя абавязацельствы па аб’яднанні.
Тады ішлі перамовы паміж спадарамі Казуліным і Шушкевічам; пазней да перамоў далучыўся і я, бо працэс ішоў вельмі хіла. Тады мы дамовіліся пра аб’яднанне. І нават праводзілі - у адзін дзень і ў адным месцы – паседжанні сваіх палітычных органаў па пытанні аб’яднання: БСДП (Грамада) праводзіла паседжанне Цэнтральнага Камітэта, БСДГ – паседжанне Цэнтральнай Рады. Фактычна мы рабілі першы канкрэтны крок да аб’яднання. Рэч у тым (цяпер я пра гэта магу гаварыць), што Станіслаў Шушкевіч выстаўляў шэраг умоў, але не ўсе з іх маглі быць выкананымі на той час. Таму працэс аб’яднання спыніўся.
Асноўная прычына,чаму аб’яднанне не адбылося тады, - працэс ішоў толькі зверху. І не было ніякіх зрухаў, ці рухаў у рэгіёнах.
Ёсць і яшчэ адзін момант: партыі – партыямі, аргкамітэты – аргкамітэтамі, іншая справа – ці стаяць за імі людзі, ці маюць яны рэальныя структуры.
І яшчэ адна акалічнасць. Мы ведаем некаторых лідэраў, якія называюць сябе сацыял-дэмакратамі. Яны бачаць сябе ў сацыял-дэмакратычным руху, але не бачаць рух без сябе. Маючы кантакты з еўрапейскімі сацыял-дэмакратыямі, карыстаючыся няпоўнай дасведчанасцю міжнароднага сацыял-дэмакратычнага руху па беларускай сітуацыі, яны карыстаюцца з гэтага, карыстаюцца з салідарнай падтрымкі міжнароднай сацыял-дэмакратыі.
І ўсё ж магу сказаць толькі адно: была б палітычная воля – гэты працэс адбыўся б.
-Але ж аргкамітэт Беларускай партыі працы рыхтуецца праводзіць уласны ўстаноўчы з’езд…
-Пра аб’яднанне можна казаць толькі тады, калі гаворка ідзе пра зарэгістраваныя, афіцыйныя палітычныя структуры, якой аргкамітэт па стварэнні Партыі працы не з’яўляецца. З’явіцца афіцыйная Партыі працы – тады мы зможам гаварыць пра аб’яднанне як палітычна-прававы працэс.
Зараз мы вядзём кансультацыі з актывістамі БСДГ; бо з спадаром Шушкевічам пасля спробы 2006 года мы прадметна не размаўлялі пра аб’яднанне. Прычым гаворка ідзе пра рэальныя рэгіянальныя структуры – у спадара Шушкевіча іх няшмат. Мяркую, следам за віцяблянамі такія ініцыятывы вылучаць і іншыя рэгіянальныя арганізацыі нашай партыі.
-Спадар Анатоль, колісь Вы расказалі цікавую показку: калі яднаюцца дзве сацыял-дэмакратычныя партыі – у выніку іх становіцца тры…
-У гэтым ёсць пэўны сэнс. Аб’яднанне наскокам не зробіш. І таму мы добра разумеем што ініцыятывы зверху недастаткова, найперш гэты працэсс павінен адбывацца на ўзроўні рэгіянальных структур: першасных, раённых і гарадскіх арганізацый.
09.02.2009 15:53
Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)
Обсудить новость на Форуме