10:45 18.01.2013 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

АЛЕГ ТРУСАЎ: ЛУПІЦЕ НА ТРАСЯНЦЫ!

Алег Трусаў нястомна ўзначальвае Таварыства беларускай мовы ўжо 13 гадоў. У гэтым чалавеку спалучаецца цвёрды характар і вера ў тое, што немагчымага няма.
«Наша Ніва»: Што рабіць, каб упусціць мову ў сваё жыццё?

Алег Трусаў: Размаўляць 25 гадзін у суткі па-беларуску. Трэба спаць і бачыць беларускамоўныя сны. І ўсё будзе добра.

«НН»: А якім быў Ваш шлях да беларускай мовы?

АТ: Няпросты. Нарадзіўся я ў Амсціславе на мяжы з Расіяй, бацька ў мяне з Расіі, нацыянальнасць у мяне запісана рускі, бо маці мая, хоць і з беларускай шляхты, але нарадзілася ў Чалябінску.

Першым штуршком была мая настаўніца беларускай мовы.

Яна стварыла ў школе тэатр, дзе мы ставілі «Пінскую шляхту», чытаў я са сцэны вершы па-нямецку і па-беларуску, так паціху далучыўся да беларускай мовы.

Ну і, канечне, вялікі ўплыў на мяне зрабіў Якуб Колас, бо ў 8-м класе дзяўчаты на дзень чырвонага войска падарылі мне «Новую зямлю».

Я хварэў, не было чаго рабіць, і пасля таго, як я свядома прачытаў гэты твор, нешта змянілася.

«НН»: Цяжка было перайсці на беларускую мову ў савецкі час?

АТ: Вядома. Маглі «плюнуць у твар», маглі абразіць.

Мая бабуля, якая вучылася з Аркадзем Куляшовым, аднойчы заплакала і сказала: «Унучак, што ты робіш? Цябе за гэтую мову заб’юць!» Яны памяталі 1930-я гады. Большая частка людзей чаму не размаўляе? Бо ў іх сядзіць генетычны страх.

«НН»: У якіх традыцыях Вас выхоўвалі?

АТ: Калі мне было 4 гады, то бацькі развяліся, мяне пачала гадаваць бабуля, але яна заўсёды была на працы, таму гадавала мяне прабабуля, так што я чалавек ХІХ стагоддзя і вельмі рады,

што мяне выхавалі ў старых шляхецкіх традыцыях, як гараджаніна, навучылі паважаць сябе. Вучыўся на выдатна, школу скончыў з залатым медалём, універсітэт з ленінскай стыпендыяй, аспірантуру на выдатна, абараніў кандыдацкую дысертацыю ў найлепшай доктарскай радзе Савецкага Саюза «па блату».

Бо вельмі добрая дысертацыя была.

«НН»: Што б Вы параілі тым людзям, якія вырашылі пераходзіць на беларускую мову, але вагаюцца?

АТ: Па-першае, нельга вагацца.

Я ж выкладчык, дацэнт і сваім студэнтам кажу: «Лупіце на трасянцы!» Адразу немагчыма добра гаварыць. З цягам часу вы гэтыя словы заменіце на беларускія.

Па-другое, заўжды перад сном хвілін 40 чытайце на беларускай мове, слухайце беларускую музыку. І тады мозг будзе ўсю ноч думаць па-беларуску.

Беларуская мова робіць чалавека мацнейшым. Наша мова багацейшая за расейскую. Беларускі слоўнік Піскунова ў два разы большы, чым самы вялікі слоўнік расейскай мовы.

«НН»: А вось як паводзіць сябе, калі пачынаюць кпіць з беларускай мовы?

АТ: Трэба заўсёды адказваць жартам і ніколі не крыўдзіцца. На кожную кпіну ёсць вельмі добры жарт. Калі пытаюцца, ці з БНФа ты ці яшчэ адкуль, трэба адказаць: «Я з бронзавага веку». Хай гэты чалавек чэша патыліцу.

«НН»: З чаго звычайна складаецца Ваш дзень?

АТ: З працы. Але перыядычна мяняю від дзейнасці, бо мне неабходна папрацаваць фізічна. Ці дровы пасекчы, ці снег пачысціць. Я не люблю спорту, лепш 5-6 складаных калодак раскалю.

«НН»: Чым стала для Вас ТБМ за час яго існавання?

АТ:

ТБМ займае траціну майго дня, а тое і палову. Часта прыходзіцца працаваць у суботы, прыходзіць у нядзелю, калі тут нікога няма.

Гэтая праца цалкам бясплатная і валанцёрская, грошы, як і ўсе іншыя, зарабляю ў іншых месцах. Я зараблю грошы заўсёды тымі спосабамі, якія мне цікавыя. Калі нецікава і грошы вялікія, я працаваць не буду. Некалькі тысяч даляраў на чорны дзень я маю, а больш і не трэба. Нельга рабіць з грошай культу. Калі б я не займаўся навукай, то даўно б быў мільянерам. Я ўмею прыцягваць грошы, мяне прабабка навучыла.

«НН»: Вось Вы ўзначальваеце ТБМ 13 гадоў, не стаміліся?

АТ: Стомленасць, канечне ж, ёсць. Але самае галоўнае тое, што няма ахвотных забраць гэтую справу. Я б без пытанняў аддаў, але такіх няма. Я кажу звычайна,

калі вы хочаце заняць маё месца, то павінны кожны месяц знайсці 10 мільёнаў. Вось калі знойдзеце такую суму, я вам аддаю пячатку і ўсё.

Тут жадаючыя знікаюць. Мала быць проста валанцёрам, ты яшчэ павінен быць фінансавым менеджарам.

«НН»: Неаднаразова сутыкалася з меркаваннем, што ТБМ не паспявае за сучаснымі тэндэнцыямі і выклікамі сёняшняга часу.

АТ:

Яны проста брэшуць. Калі нехта так кажа, то хай яны прыйдуць і ўступяць у ТБМ і пакажуць, як трэба рабіць.

Прыходзяць такія, месяц папрацуюць і сыхо-дзяць. Усе могуць пацяўкаць і казаць, дзе і што кепска, а прыйсці і зрабіць — не кожны можа. Самому прыходзіцца пісаць на сайт, падпісваць «наш карэспандэнт», каб прозвішча шмат не мільгала.

«НН»: Шмат звяртаюцца з прапановамі ці па дапамогу?

АТ: Вельмі шмат. Але я кажу: ты гэта прапаноўваеш — ты гэта і зрабі, а я потым пагляджу на цябе ці сур’ёзны ты чалавек. З 10 чалавек другі раз прыходзіць толькі чалавекі 2-3. Па дапамогу звяртаюцца шмат. Пытаюць, як дабіцца садка беларускамоўнага, як вывучыць беларускую мову, пытаюць пра курсы і вельмі дзівяцца, што яны бясплатныя. Грошы мы не бяром, толькі ахвяраванні. Мы спіс ахвярадаўцаў друкуем у газеце «Наша слова», але толькі калі чалавек хоча, бо, напрыклад, прадпрымальнікі не хочуць, каб іх афішавалі. Яны нам моцна дапамагаюць.

«НН»: А ціск ёсць?

АТ:

Бывае ціск з боку вышэйшай улады, бывае — мясцовая перашкаджае. І агенты прыходзілі, і выбухоўку шукалі, рознае было. Але мы адзіная арганізацыя, якую ўлада ведае і з якой лічыцца.

Любіць — не любяць, а паважаць — паважаюць. Бо менавіта ТБМ перапісваецца з міністрамі. Мы гэтую перапіску не хаваем, а друкуем у «Нашым слове». І мы адзіныя, хто віншуе з прызначэннем усіх чыноўнікаў. Вось прызначылі Святлова, а на заўтра я яму ліст і цытату Лукашэнкі, як трэба беларускую мову любіць. Такіх цытат у мяне штук дзесяць.

Прызначылі новага кіраўніка КДБ, а я яму адразу — каляндарык з Каліноўскім і віншаванні.

Там таксама розныя людзі ёсць. Наша задача — не давесці нацыю да расколу, не давесці яе да грамадзянскай вайны. Таму я вельмі асуджаю нашых ультрадэмакратаў, якія тут з рэжымам ваююць.

Рэжым, дзякуй Богу, не расейскі, не кітайскі, не польскі, а свой, таму яго можна любіць, можна не любіць, але нельга давесці да нейкіх стрэлаў.

«НН»: Як не апусціць рукі ў нашых умовах?

АТ: Апускаюць рукі толькі гультаі. Пісаць, чытаць, раз-маўляць, маляваць, што Бог даў, тым і карыстацца. Для мяне самае вялікае шчасце — гэта быць здаровым і працаваць.

«НН»: Падзяліцеся, калі ласка, тымі правіламі і запаветамі, якімі карыстаецеся ў жыцці?

АТ:

Першае — вера ў Бога. Гэта самае галоўнае. Другое — павага да старэйшых. І трэцяе — павага ўвогуле да ўсіх людзей.

Лепш за 10 прыказанняў ніхто не прыдумаў. І яшчэ трэба любіць і паважаць сябе. Бо хто не любіць сябе, той ніколі не будзе паважаць іншых.

***

Алег Трусаў нарадзіўся ў 1954 у Амсціславе. Археолаг і грамадскі дзеяч. Кандыдат гістарычных навук (1981). Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны (ТБМ). Дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства Беларускага ўніверсітэта культуры. Жанаты, мае дачку.

Гутарыла Вольга Гарапучык

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме