19:03 22.04.2010 | Все новости раздела "Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)"

АЛЕГ ТРУСАЎ: «ГВАЛТОЎНАЙ У НАС БЫЛА НЕ БЕЛАРУСІЗАЦЫЯ, А РУСІФІКАЦЫЯ…»

Падчас выступлення перад парламентам і беларускім народам Аляксандр Лукашэнку закрануў і тэму развіцця беларускай мовы. Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег ТРУСАЎ распавядае карэспандэнту Euramost.org, што “змены ў плане беларусізацыі грамадства і на самай справе апошнім часам назіраюцца, але працы яшчэ вельмі шмат”.

«У Беларусі не дапусцяць гвалтоўнай беларусізацыі. Гэта тупасць, глупства і ідыятызм», - лічыць прэзідэнт. Разам з тым, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што кіраўніцтва краіны «адчувае адказнасць за развіццё беларускай мовы». Па яго словах, у працэсе папулярызацыі беларускай мовы могуць прыняць удзел усе, «каго не на словах, а на справе клапоціць лёс матчынай мовы». І перасцярог ад палітычнага абвастрэння пытання беларускай мовы.

- Што тут можна сказаць? Напэўна, за гады кіравання прэзідэнт зразумеў, што беларуская мова павінна існаваць у дзяржаве пад назвай Беларусь, - кажа Алег Трусаў. – Гэта радуе. І было б добра, каб пажаданні Аляксандра Лукашэнкі пачалі рэалізоўвацца на практыцы. Але, што датычыцца так званай гвалтоўнай беларусізацыі, то яе ў Беларусі ніколі не было. Была ўвесь час гвалтоўная паланізацыя і русіфікацыя. А назавіце мне хоць адзін прыклад гвалтоўнай беларусізацыі? Калі яна была? Былі нейкія спробы бальшавікамі ў 20-х гадах, але гэта нельга прымаць у сур’ёз.

- Палітыка і моўнае пытанне – узаемазвязаныя?
- Справа ў тым, што тут усё залежыць ад улады. Калі ўлады будуць карыстацца двумя дзяржаўнымі мовамі, у роўных стасунках, то не будзе і ніякага абвастрэння. А, калі яны будуць ігнараваць дзяржаўную беларускую мову, не будуць карыстацца ёй, не будуць на ёй законы пісаць, то тады гэта пытанне становіцца ўжо палітычным. Так што ўсё залежыць ад самой улады.

- Ці змяняецца нешта ў лепшы бок ў плане развіцця беларускай мовы?
- Змяняецца і, я вам скажу, змяняецца можа і марудна, але паступова. Вось не так даўно ў нас быў дыялог па пытаннях мовы. Прыйшлі прадстаўнікі дзяржавы, дзяржаўных СМІ, была дыскусія. І не паспелі мы сказаць, што было б добра, каб па тэлебачанні паказалі тыя назвы на беларускай мове вуліц, якія напісаны з памылкамі, як назаўтра ж па аднаму з дзяржаўных каналаў паказваюць вуліцу Арды замест Орды, Кнорына з беларускім “і”. Альбо яшчэ адзін прыклад – фільм “Катынь” пераклалі на беларускую мову. Гэта ж вельмі станоўча, бо раней не існавала беларускай версіі “Катыні”. Была руская, англійская… І больш таго. Нават Міністэрства адукацыі распрацавала і зацвердзіла ў мінулым месяцы 44 пункты павелічэння беларускай мовы ў сферы адукацыі. Ёсць нават такі дакумент, я яго бачыў. Хай гэтыя пунты дробныя, але ж лепш, што яны ёсць, чым іх не было б наогул. Так што нейкія працэсы ідуць. Пад ціскам насельніцтва, па аб’ектыўных прычынах. І, відаць, прэзідэнт на гэта рэагуе.

- А што патрэбна ў гэтым плане зрабіць у першую чаргу?
- У першую чаргу трэба прэзідэнту самому выступаць па-беларуску. Калі ён за вынікі рэферэндума, якому сёлета будзе 15 гадоў, то павінен палову сваіх выступаў рабіць на беларускай мове, палову – на рускай. Няхай прыклад пакажа. Вось і ўсё. Нічога іншага не патрэбна. У нас жа дзве дзяржаўныя мовы. І гэта будзе значна лепш, чым розныя указы. Прыклад трэба браць з сябе. Вось прыйшоў у Міністэрства культуры новы міністр Павел Латушка і ўсё – міністэрства не пазнаць. А ён нічога не робіць, толькі гаворыць на мове. І зараз усе так гавораць у Мінкультуры. І нікому не патрэбен аніякі гвалт. Толькі сам пакажы прыклад. Таму, каб прамова была на беларускай мове, на мой погляд, эфект быў бы ў дзесяць разоў большы, чым усе загады і прапановы.

- Што мы маем на сёння з беларускамоўнымі школамі?
- Праблема застаецца. Міністэрства адукацыі напісала, што па гэтаму пытанню трэба працаваць з бацькамі, першы урок праводзіць у школах на беларускай мове… Гэтыя пункты запісаны. Іншая справа, як яны будуць працаваць.
Аляксандр САМУСЕВІЧ

Источник: Белорусская социал-демократическая партия (Грамада)

  Обсудить новость на Форуме